Уступ
Photo by Thought Catalog on Unsplash
Пачнем з таго, што наш кароль веганскіх боўлаў не такі й вострасучасны. На ягонай радзіме (а гэта Цэнтральная ды Паўднёвая Амерыка) зялёны плод вырошчваюць цягам 3 тысячаў гадоў. І мая, і ацтэкі заядаліся масляністым тлусцяём, верачы ў ягоныя магутныя афрадызійныя якасці.
І ўчора, і сёння абсалютны рэкардсмэн па вырошчванні зялёнага суперфуду — Мексіка. Яна на ім найбольш зарабляе, яна ж і найбольш цярпіць ад сусветнага попыту, узрошчанага хіпстарскай фанабэрыяй. Штогод у Мексіцы выспявае больш за 2 мільёны тонаў авакада, а гэта ⅓ ад агульнапланетнай вытворчасці карыснага плода.
Авакада і вада
Першая праблема — авакада любяць вельмі шмат вады. Паводле розных падлікаў, каб вырасціць адзін зялёны кругляш, трэба ад 227 да 320 літраў вады. Пры гэтым вырошчваюць суперфуд у мясцовасцях, традыцыйна схільных да засушлівых перыядаў, і вядома нямала выпадкаў, калі авакадавыя фермеры выкачваюць ваду з вадаёмаў, якія служаць рэзервуарам для мясцовага насельніцтва.
Пры гэтым большасць пладоў вывозіцца з краінаў вырошчвання і спажываецца за іх межамі, то бок, мясцовая супольнасць траціць ваду і не атрымлівае яе назад нават у форме вільготных авакадзінаў.
Photo by Mike Erskine on Unsplash
Высячэнне лясоў
Яшчэ адна праблема — шалёны рост попыту на авакада адбіўся на небывалым павелічэнні ягоных плантацыяў. У некаторых штатах Мексікі плантацыі авакада выраслі на тысячу адсоткаў. То бок, звычайныя для гэтых мясцінаў дрэвы замянілі дрэвы авакадавыя, што пладаносяць залатымі яйкамі з казкі пра фітнэс-каралеўства.
Аднак паміж дрэвамі, як і паміж людзьмі, ёсць розніца. Напрыклад, дрэвы авакада не асабліва дапамагаюць наваколлю. Традыцыйныя сосны, якія раслі на іх месцы спрадвек, і блізка не патрабуюць столькі вады, а паглынаюць у чатыры разы больш вуглякіслага газу.
Photo by roya ann miller on Unsplash
Сельская гаспадарка курыльшчыка
Што яшчэ вядома пра эка-бія-веганскія авакада? Яны руйнуюць экасістэму, спрычыняюцца да знішчэння біяразнастайнасці, вымірання насякомых.
Хаця даўно вядома, што пестыцыды не нясуць у сабе ніякага святла і дабрыні, а могуць нашкодзіць нават самім пладам, авакадавыя плантацыі працягваюць шчодра апрацоўваць і пестыцыдамі, і гербіцыдамі, і інсектыцыдамі. Карацей, хімічнымі прэпаратамі, якія да таго ж потым трапляюць у шматпакутную ваду.
Важна! Гэта пестыцыды адказваюць за масавую гібель пчолаў. Вам ужо хочацца паглядзець двубой авакада vs. мёд? Папярэджваем: у гэтай гульні пераможца толькі адзін!
Мафія і наркотыкі
Ці можна было чакаць, што ў аповедзе пра караля ЗЛЖ з’явіцца і такі раздзел? Вядома, авакада амаль не пахне — як і грошы, якія на ім зарабляюць.
Рост папулярнасці зялёнага плоду прывабіў да яго цікаўнасць уплывовых мексіканскіх наркакартэляў. Барацьба з наркотыкамі моцна аслабіла іх пазіцыі, цяпер жа ў гульні з’явіўся бяскрыўдны, але прыбытковы суперфуд.
Гэткім чынам, наркакартэлі займаюцца вымагальніцтвам авакада ў вытворцаў, здзіраюць падаткі з пакавальнікаў і транспартавальнікаў плода, ствараюць незаконныя плантацыі, пад якія высякаюць запаведныя лясы. Актывіст Гамэра Гомэз Гансалез, які спрабаваў змагацца са знішчэннем лясоў мафіяй, быў знойдзены нежывым у 2020-м годзе.
Транспарт
Photo by Venti Views on Unsplash
Ну і куды ж без глыбокага вугляроднага следу. Перш чым азеляніць вярхушку нашага тоста, авакада вырушаюць у сваю галоўную жыццёвую кругасветку. Як вядома, бяссмакавы герой нашага аповеду расце ў абмежаванай колькасці краінаў: Мексіка, Перу, Чылі, Калумбія, ПАР і амерыканскі штат Каліфорнія. Бачылі ў спісе Беларусь, ці хаця б Польшчу з Літвой? Карацей, ёсць імавернасць, што наш авакада налятаў больш кіламетраў за нас.
Тым часам транспартаванне харчоў адказвае за 6% выкідаў парніковых газаў у свеце. А паколькі садавіна і гародніна вымагаюць ахаладжэння падчас падарожжа, гэтыя харчы яшчэ й самыя энэргаёмістыя на сваім міжгалактычным шляху да нашага любімага хіпстарскага кафетэрыя.
Супраць караля ЗЛЖ
У 2018 годзе ўплывовы ірландскі шэф-кухар і носьбіт мішленаўскіх зорак Джэй Пі Макмэган упершыню здзівіў індустрыю, адмовіўшыя ад авакада ў меню сваіх рэстаранаў. Ён назваў наш фрукт «крывавым дыяментам Мексікі» — праз тое, што зялёны інгрэдыент спрычыняецца да знішчэння навакольнага асяроддзя. Пазней да Макмэгана далучыліся і некаторыя ўстановы ў Брытаніі, іх кіраўніцтва казала, што, можа, плод і не вінаваты, аднак этычныя прычыны не дазваляюць падаваць яго наведнікам.
У 2022 годзе брытанская выпускніца стварыла альтэрнатыву авакада — экавада. Выглядае гэтае дзіва як мексіканскі прататып, але з’яўляецца не фруктам, а, па сутнасці, стравай. Унутры экавада — крэм-паста з бобу, арэхаў, яблычнага воцату, рапсавага алею.
EcoWatch
Хто, калі не ён
Калі ж экавада вас не пераканаў, не здавайцеся. На шляху «думай глабальна — дзейнічай лакальна» чакае шмат адкрыццяў. Замест авакада можна жаваць зялёны гарошак, фасолю, смакаваць агуркі і гарбузовыя семкі. Вядома, пералічаныя ласункі не падобныя да авакада, але і яны не апошнія па карыснасці, а растуць на нашых градах і агародах.
Ну і, у якасці бонусу, адказ на пытанне, якое вы не задавалі. Ці прадукцыя авакада такая шкодная, што нават больш шкодная за вытворчаць ялавічыны? Адказ: не, з ялавічынай па-ранейшаму горш.