Гiды

Яйка: ці то гісторыя, ці то байка

Яйка: ці то гісторыя, ці то байка

Азірніцеся: яны паўсюль. Ад святых кніг да мужчынскіх нагавіцаў, ад найвыкшталцонейшых страваў да астраноміі — усё звязана з адным з самых дасканалых прыродных твораў. Сойка запрашае вас зірнуць на знаёмыя рэчы па-новаму і адкрыць для сябе неверагодную гісторыю яйка.

Легендарка на ўсе часы

Ці задумваліся вы калі-небудзь, што яйка — адзін з нешматлікіх сімвалаў, які не мае негатыўнай афарбоўкі? Калі спрашчаць, то: можаце ўявіць сабе злое яйка? Тысячагоддзямі людзі бачылі ў птушыных яйках сімвалічны вобраз Сусвету, дзе з хаоса нараджаецца парадак. Жыхары Старажытнага Егіпту лічылі, што яйка сімвалізуе адраджэнне ў самым шырокім сэнсе. Напрыклад, унутраная труна ў саркафагах была выкананая ў форме яйка. Навукоўцы мяркуюць, што такім чынам нябожчык меў большыя шанцы перанарадзіцца ў замагільным свеце. Яйка было настолькі важным, што імі не маглі ласавацца жрацы — занадта вітальны сімвал.

Яйкі хвалявалі ўяўленне і паўночных народаў. У фіна-ўгорскім эпасе нараджэнне прабацькі ўсіх людзей Вяйнямёйнена было звязанае з легендай пра яйкі. Яны раскалоліся і ўтварылі сусвет. Па ўсім свеце, ад старажытнасці і да нашых часоў, яйка мае сакральнае значэнне.

Беларуская традыцыйная культура моцна сплеценая каранямі з дахрысціянскай традыцыяй, таму яйкі займаюць у нашай культуры пачэснае месца. Крашанкі і пісанкі ёсць ключавым элементам Вялікадня — свята адраджэння, надзеі, новага жыцця. Дарэчы, крашанкі — гэта проста каляровыя яйкі, а пісанкі — яйкі расфарбаваныя, аздобленыя.

А яшчэ яйкі выкарыстоўвалі і дагэтуль выкарыстоўваюць у магічных рытуалах і традыцыйных формах лячэння, зашэптвання. Загаворы на яйка лічыліся эфектыўнымі і абарончымі, бо яйка прымала на сябе негатыўную энергію.

ДАРЭЧЫ

Існуе легенда, чаму на Вялікдзень прынята фарбаваць яйкі (бо прызнавацца, што і гэтую дахрысціянскую традыцыю абсарбавалі, неяк няёмка). Лічыцца, што Марыя Магдаліна разносіла навіну аб тым, што Хрыстос Уваскрос, і гэтак дабралася да Рыму і нават пабачыла імператара Тыберыя, дзе ўручыла яму курынае яйка. Імператар жанчыне не паверыў, бо «хутчэй яйка стане чырвоным, чым чалавек уваскрэсне з мёртвых». Далейшы ход гісторыі лёгка ўявіць — яйка ў руках кесара робіцца чырвоным, а Вялікдзень становіцца галоўным хрысціянскім святам.

 

Проста, як яйка

Куды б ні імкнулася чалавечая думка, птушыныя яйкі заўжды былі недзе побач. Хрыстафор Калумб — знакаміты падарожнік, які адкрыў Амерыку (хоць сам ён думаў, што адкрыў Індыю), і той звяртаўся па яечную дапамогу! Гістарычны анекдот распавядае: Калумб спрачаўся аб тым, як яму ўдалося знайсці Новы Свет, і казаў, што гэта было проста. «Наколькі проста?!» — абураліся суразмоўцы. «Як паставіць варанае яйка на вострым канцы». Суразмоўцы пыхцелі, злаваліся, але яечка падала і ўпарта не жадала станавіцца. Пакуль Калумб не адрэзаў вострую палову яйка і не паставіў яго на стол. «Чытарства!» — скажаш ты, наш чытач, а мы разам з Калумбам скажам: адкрытае мысленне і нестандартны падыход.

Ювелір Карл Фабержэ зрабіў сабе імя на яйках, Сальвадор Далі стварыў «яечны» шэдэўр «Геапалітычнае дзіця, якое назірае за нараджэннем новага чалавека», нехта з паслядоўнікаў Іераніма Босха напісаў «Канцэрт у яйку»… Сотні працаў мастакоў, скульптараў, архітэктараў натхнёныя такім простым і ў той жа час такім дасканалым вобразам яйка.

А проста паесці?

Пасля папярэдняй інфармацыі ніякае яйка ў горла не палезе? Не зразумела, ці ты ясі сусвет, ці твор мастацтва. І дарэмна, бо прыгажосць птушыных яек не толькі ў іх метафізічным значэнні і ідэальнай форме, а найперш у вялікай колькасці карысных харчовых кампанентаў. Паводле звестак, якія ў сваёй кнізе «Самая дасканалая рэч на свеце: унутры і звонку птушынага яйка» прыводзіць арнітолаг Цім Бёркхэд, поруч з намі жыве каля пяці мільярдаў кур-нясушак, толькі Кітай штогод спажывае каля 490 мільярдаў яек. Не дзіўна: халін добра ўплывае на працу нервовай сістэмы, лютэін і селен маюць антыаксідантныя ўласцівасці, каратыноіды карысныя для зроку. Калі падсумаваць — яйкі танныя, смачныя, маюць багата карысных элементаў і дасяжныя круглы год. Некаторыя навукоўцы падазраюць, што менавіта з птушыных яек нашыя далёкія малпападобныя продкі пачалі свой гастранамічны шлях да ўсяяднасці, а заадно і да развіцця інтэлекту.

Але не ўсё так бясхмарна ў гісторыі яйка. Яшчэ некалькі дзясяцігоддзяў таму дыетолагі намагаліся зганьбіць добрую славу яек, перакрэсліўшы ўсё дыягназам «зашмат халестырыну». Няшчасныя яйкі знікалі з меню, фітнэс-трэнеры раілі есці толькі белую частку, а бацькоў, якія працягвалі карміць дзяцей «забойцамі печані», пужалі жахлівымі наступствамі на форумах у сеціве. Скончылася ўсё тым, што навукоўцы правялі дадатковыя даследаваніі, падчас якіх высветлілася, што не надта карысна есці шмат яек (больш за дзве штукі на дзень), а ў астатнім — гэта цудоўная крыніца мікраэлементаў і вітамінаў. Яйкі былі рэабілітаваныя.

Яйка сораму

Каб раскрыць тэму яек канчаткова, трэба паглядзець на самую саромную частку яйкавай міфалогіі — мужчынскую фізіялогію. Дарэчы, слова «тэстыкулы» мае вельмі прыгожы, нават трохі рамантычны пераклад — «сведкі савакуплення». З гэтымі залозамі звязана шмат забабонаў і міфаў. Напэўна, самы пашыраны ў тым, што нібыта тое, што мы бачым пад пенісам, і ёсць «яйкі». Не, бачым мы скураны «мех» — машонку, у якой тэстыкулы і жывуць.

Орган гэта вельмі важны і адчувальны. У старажытнасці ў еўрапейцаў нават існаваў звычай класці руку сабе на машонку — як сімвал таго, што мужчына кажа праўду. Біблію пры сабе, відаць, мелі не ўсе, таму і ўскладалі рукі на даступныя, кхм, каштоўнасці. Ды і Стары Запавет абяцае адсячэнне рукі тым, хто наважыцца раздавіць «шархуны». А вось яшчэ адзін цікавы факт — з IX стагоддзя немагчыма стаць Папам Рымскім без праверкі машонкі. Кажуць, адзін раз недагледзелі, і Папам стала жанчына. Хоць Ватыкан гэты факт і адмаўляе. У адрозненне ад абавязковага пераліку яек.

Часам самыя звычайныя і звыклыя рэчы хаваюць мноства гісторыяў і фактаў. Нешта простае, як яйка, можа быць адначасова нечым складаным, як Сусвет.