Ад прадзедаў спакон вякоў
Уяўляць людзі пачалі тысячагоддзі таму, а вось эфектыўную анэстэзію вынайшлі трохі больш за два стагоддзі назад. Таму тэхналогія ператварэння сябе і навакольных у прадмет мараў буксавала некалькі тысячагоддзяў. Бескампрамісны боль не дазваляў нашым далёкім продкам ляпіць з сябе ідэал у літаральным сэнсе. Старажытныя грэкі, напрыклад, займаліся толькі самай неабходнай пластыкай — рабілі абразанні і маглі скарэктаваць форму малочнай залозы. А вось у калысцы сусветнай медыцыны Індыі нават спрабавалі рабіць аперацыі на носе. Колькі пацыентаў перажывала гэты досвед, мы не ведаем. Падобныя эксперыменты ладзілі і ў эпоху Рэнесансу, але ў асноўным мадыфікацыі цела і знешняга выгляду тычыліся вагі, макіяжу і час ад часу змянення натуральнай формы канцавінаў (падаўжалі галовы, памяншалі ступакі, заціскалі таліі і г.д.). Усё змянілася, калі на сцэне хірургічных баталій з’явіліся тры рэчы на «А».
Лялька Генры
Агулам у хірургіі два рухавікі — вайна і цікаўнасць. Але стаіць гэты хуткасны цягнік на рэйках:
- антысэптыкаў,
- антыбіётыкаў і
- анэстэзіі.
На жаль, з’явіліся яны не адначасова. На пачатку XIX стагоддўзя навука зрабіла вялікі крок наперад. Лекары цяпер не толькі маглі як след пакапацца ў целе чалавека так, каб ён не памер ад болю, а яшчэ пры гэтым не занесці інфекцыю падчас аперацыі ці вылекаваць яе пасля.
Першая сусветная вайна падштурхнула пластычную хірургію наперад. Ніколі раней сусветная бойня не мела такога масштабу і ніколі раней так шмат параненых не вярталіся дадому з апёкамі, са скалечанымі абліччамі. Зусім не такімі, як хацела бачыць герояў вайны грамадства.
Паводле сучасных падлікаў, на 1918 год сур’ёзныя траўмы, звязаныя з абліччам, атрымалі каля 400 тысячаў вайскоўцаў. Знявечаных салдатаў спрабавалі падтрымаць, у Брытаніі нават выпусцілі ляльку ў выглядзе лётчыка з апаленым тварам. Але не гэта было патрэбна пацярпелым. Выратаваць іх мог цуд. Які і з’явіўся ў Старым Свеце, у выглядзе хірурга Гаральда Гіліса, які прыбыў з Новай Зеландыі.
Праз смерць, опіум і боль
Прататыпам для лялькі, якую мы згадалі вышэй, стаў лётчык Генры Ральф Ламлі. У 1916 годзе ён здаваў экзамен па лётнай падрыхтоўцы, але здарылася трагедыя — самалёт упаў. Лётчык атрымаў страшныя апёкі: ягоны твар фактычна нагадваў чэрап, засталося адно амаль сляпое вока. Як і тысячы іншых маладых людзей, скалечаных падчас вайны, Генры быў гатовы на любую рызыку, каб толькі мець надзею на вяртанне чалавечага аблічча. На жаль, спроба перасадкі скуры для яго скончылася сэпсісам, малады чалавек памёр.
Але хірург Гаральд Гіліс зрабіў высновы, і іншыя пацыенты здолелі атрымаць дапамогу. Размова не ідзе пра ідэальны выгляд, аднак салдатам, напрыклад, вярталі страчаныя сківіцы. Хоць як, але лепей, чым было.
На жаль, і паспяховыя аперацыі не гарантавалі доўгага і шчаслівага жыцця. Працэсы падрыхтоўкі, аперацый, лекавання, узнаўлення былі такімі доўгімі і балючымі, што шмат хто з пацыентаў рабіўся залежным ад апіятаў — адзіных на той момант абязбольвальных. Між тым, прынцыпы, закладзеныя Гілісам і іншымі хірургамі таго часу (Філатавым, Газандзянам і іншымі), сталі падмуркам для сучаснай пластычнай хірургіі.
Замацаванне вынікаў
Другая сусветная вайна цалкам змяніла свет — медыцыны ў тым ліку. Дзякуючы распаўсюду тэхналогіяў, больш бяспечнаму і таннаму наркозу, пластычная хірургія перайшла з разраду чырвонакніжных медыцынскіх маніпуляцый у паўсядзённасць. Сёння самыя папулярныя аперацыі — карэкцыя носа, вушэй, падцяжка скуры на твары і шыі, блефарапластыка, ці змяненне формы павека. Насуперак стэрэатыпам, якія выпрацаваліся за апошнія дзясяцігоддзі, усе гэтыя працэдуры ажыццяўляюцца не толькі ў эстэтычных, але таксама ў медыцынскіх мэтах. Усе яны накіраваныя на паляпшэнне якасці жыцця пацыентаў.
Дарэчы, пластыку гатовыя зрабіць не кожнаму ці кожнай. Могуць адмовіць у працэдуры, калі пацыент мае дэпрэсію, нерэалістычныя чаканні. Згодна са статыстыкай, большасць пацыентаў пластычных хірургаў — жанчыны, якія хочуць удасканаліць свой вобраз. Шмат і тых, хто, як і ветэраны Першай сусветнай, вымушаны ўзнаўляць сваё цела — рабіць мамапластыку пасля выдалення грудзей, карэктаваць нос, вушы, прыбіраць шрамы ці змагацца з прыроджанымі праблемамі (кшталту «воўчай пашчы» ці «заечай губы»).
ЗАМЕСТ ЭПІЛОГУ
Каб атрымаць кваліфікацыю пластычнага хірурга (не будзем удакладняць магчымыя спецыялізацыі — іх вельмі шмат), трэба вучыцца каля 11 гадоў. Кожнае ўмяшальніцтва мае сваю спецыфіку і ніколі не бывае на 100% бяспечным, і адказнасць за гэта нясуць лекары. Пластычныя хірургі з розных краінаў свету аб’ядноўваюцца ў гуманітарныя місіі, каб праводзіць бясплатныя аперацыі ў бедных краінах.
Таму калі наступным разам вы захочаце пажартаваць з «несапраўдных хірургаў», узгадайце, што да распаўсюду пластычнай хірургіі салдаты Першай сусветнай вымушаны былі насіць жалезныя маскі, каб іх не пужаліся людзі на вуліцы.