Гiды

«Мёртвыя будуць ісці». Што насамрэч адбываецца на Дзяды

«Мёртвыя будуць ісці». Што насамрэч адбываецца на Дзяды

Малюнкі Дар’і Бурвель

Пачнем катэгарычна: не, Дзяды — гэта не «беларускі Хэлаўін». Калі ўжо моцна хочацца аналогіяў, Дзяды — гэта, хутчэй, беларускі Día de los Muertos. Хоць без каляровых чарапоў, капелюшоў з пер’ем ды тэкілы, у астатнім мы з мексіканцамі ў лістападзе робім тое ж самае: адчыняем дзверы нашых дамоў для нашых памерлых.

На Дзяды да нас прыходзяць дзяды.

100 Дзядоў, адны твае

Памінанне продкаў у нашай культуры такое важнае, што падобных святаў у розных рэгіёнах Беларусі цягам года як мінімум дзесяць (тут вам і Дзяды Стрэчаньскія, і Вербныя, і Траецкія, і Радунічныя, і Спасаўскія, і ўсялякія іншыя, у залежнасці ад мясцовасці). Аднак восеньскія, Змітраўскія Дзяды (або Вялікія Асяніны) лічыліся і лічацца самымі важнымі.

Да прыкладу, на Радуніцу беларусы памінаюць толькі асобных блізкіх продкаў, якія, да таго ж, пахаваныя побач. На Дзяды ж мы памінаем усіх без выключэння нашых памерлых. Хто хоча, той і завітае паглядзець на нас сваім клапатлівым тагасветным вокам.

Традыцыйна гэтаму святу спрыяе і сама прырода: восенькае завяданне і змарненне ўсяго жывога наладжвае на думкі пра сканчальнасць быцця, а нядаўна сабраны ўраджай дазваляе гатаваць са шчодрым сэрцам.

А гатаваць трэба

Бо Дзяды перадусім — гэта не хаджэнне па могілках з хрызантэмамі (хаця і гэтага ніхто не забараняе), а менавіта вячэра для нашых рэальных і замагільных сваякоў. Нарэшце ўся сям’я ў зборы!

У новай хаце, дзе ніхто не паміраў, Дзяды не спраўляюць — для гэтага абраду найлепш пасуюць бацькоўскія ці дзядоўскія хаты. На Асяніны вароты могілак пакідаюць адчыненымі, як і двары, хаты ды коміны (у печы паліць нельга). Калі ў рэгіёне пашыраныя лазні, папярэдне прапальваюць там і кладуць ручнікі ды мыйныя сродкі для таго, каб адмысловыя госці маглі пакупацца перад вячэрай. Перад тым як сесці за стол, гаспадар абыходзіць хату тры разы, склікаючы продкаў далучыцца. У адных рэгіёнах клічуць «святых Дзядоў», у іншых памерлых запрашаюць пайменна.

Без нажа і сэксу

Дзяды — свята надзвычай строгае. Продкаў лёгка пакрыўдзіць: няправільна выкананы абрад, рэзкае ці загучнае слова, забароненыя ў гэты дзень заняткі — усё гэта ў стане наслаць на чалавека гнеў і кару. Дзяды будуць грукаць у вокны, прыходзіць у сне, тузаць ды біць, выклічуць неўраджай або нават смерць. Мы ж памятаем, адкуль яны прыходзяць?

Каб не сутыкнуцца з замагільным гневам, варта адкласці на потым сельскагаспадарчыя клопаты ды ўсе справы, звязаныя са стварэннем тканіны: прадзенне, снаванне кросен. Падчас вячэры нельга карыстацца нажом, ды нават лыжку задоўга трымаць у руках не пажадана, размаўляць можна толькі пасля першага кілішка, дый тое ў тэмах не адбівацца ад курсу — гаворым толькі пра іх, нашых нябачных гасцей.

І вядома ж, на Дзяды ніякага сэксу!

Хтосьці ёсць, няма кагосьці

За стол на Дзяды, апроч памерлых сваякоў, можна запрасіць жабракоў, вандроўнікаў ды іншых людзей, якім патрэбная ежа і цяпло. Асяніны — найлепшы час, каб зладзіць дабрачынны абед, пакарміць нямоглых, хворых ды старых. Гэта ўсё нашы продкі ўхваляюць, а ў некаторых мясцінах яны нічога не маюць супраць забаўляльнай праграмы, таму пасля вячэры дазваляецца крыху спеваў і лёгкая дыскатэка.

Стравы на Дзяды ў розных рэгіёнах адрозніваюцца, але формула паўсюль тая ж: крупяная каша, кіслая страва, салодкая страва, мучная страва (хлеб, бліны, аладкі), яечня, свежына, напоі. Важна, каб нейкая ежа была гарачай, бо Дзяды харчуюцца парай.

Вось стравы, якія абавязкова мусяць стаяць на памінальным стале:

  • Сыта — гатаваная вада з разведзеным мёдам.
  • Канун (у трох значэннях): 1) напой з мукі з соладам, але без хмелю; 2) сыта з пакрышаным хлебам; 3) мучныя каржы з сытой.
  • Куцця — каша з цэльнай пшаніцы; часам з бабоў, гароху або проса ці грэчкі, можа ўжывацца з мядовай сытой.
  • Курчык (курчак, курачок, корчык) — рытуальны хлеб, праснак (або сітны авальнай формы ці жытні ў форме рагаліка). Вячэра пачынаецца з дзялення курчыкам.
  • Саламатка — салодкая страва, сушаныя яблыкі, грушы, ягады, вараныя на мёдзе.

Убачыць Дзядоў

Вячэра на Дзяды — нешта сярэдняе паміж памінкамі і спірытычным сеансам. Запрасіўшы гасцей да агульнага стала, жывыя пачынаюць шукаць знакі прысутнасці мёртвых. Полымя свечкі міргае, лісцік здрыгануўся на дрэве? Гэта ўсё невідавочныя сведчанні таго, што адрасат атрымаў запрашэнне.

Менавіта ўбачыць дзядоў, паводле павер’яў, мог той, хто не пайшоў спаць пасля дзедавай вячэры, або той, хто цэлы дзень пасціўся і маўчаў, а падчас вячэры схаваўся на печы. У іншых мясцінах лічыцца, што сустрэцца лоб у лоб з продкам здольныя толькі тыя, хто не ўдзельнічаў у гатаванні вячэры, або толькі дзеці. Або той, хто і сам хутка вырушыць на той свет. На Палессі зафіксаваны выпадак, калі людзі бачылі цэлае шэсце дзядоў, што ішлі з могілак наведаць сваіх жывых сваякоў.

Адзінае, што можна сказаць дакладна: калі вам пашчасціць (ці не пашчасціць — тут розначытанні) убачыць памерлага, не пачынайце з ім размаўляць!

Светлыя-светлыя нашы памерлыя

У 1987-ым святкаванне Дзядоў набыло яшчэ адно адценне — грамадскія аб’яднанні «Тутэйшыя» і «Талака» ўпершыню правялі Дзяды інакш, публічна, у парку Янкі Купалы, узгадваючы тых нашых продкаў, якіх забілі ці закатавалі ў сталінскія часы. З таго часу ў Дзядоў з’явілася грамадскае значэнне і яшчэ адзін сімвал — шэсце жывых праз горад Менск у бок Курапатаў ці Лошыцкага яру. Нават калі сёння такое шэсце немагчымае, Дзяды — найлепшы дзень, каб узгадаць усіх памерлых ды забітых, дарагіх нашым сем’ям і народу.

Нягледзячы на ўсё тое, што вы можаце пачуць, беларускія Дзяды — гэта не «чыстае паганства» і не «чыстая палітыка». Прынамсі не больш, чым усё астатняе ў нашым жыцці. Дзедава вячэра, Асяніны, Змітраўскія — усё гэта доўгая гісторыя, даўжынёй з цэлую гісторыю цэлага народу. Мы змяняліся і змяняемся — змяняюцца і нашыя Дзяды.

Вывешвайце ж ручнікі, адчыняйце дзверы. Бо мёртвыя будуць ісці. Толькі нічога не бойцеся. Бо гэта свае.