Гiды

Як святкаваць беларускія Каляды?

Як святкаваць беларускія Каляды?

Мы чакалі цуду, і мы яго чакаем. Нават калі нам здаецца, што цудаў не бывае, а навокал непраглядная цемра. Пакінем цуды ў спакоі і на сумленні тых, у чыёй юрысдыкцыі ўсялякія незямныя рэчы. А самі разбярэмся са святамі па-людску і па-беларуску.

Sojka праляцелася па этнографах, гісторыках ды заўзятарах-аніматарах і назбірала адказаў на асноўныя пытанні. Як і навошта святкаваць, калі не хочацца? Чаму Дзед Мароз – кволая пародыя на сапраўднага казачнага дзеда? Калі лагічна атрымліваць падарункі і як наогул зладзіць сапраўднае беларускае свята – калі не для сябе, то прынамсі для дзяцей.

Як святкаваць беларускія Каляды?

Асноўныя пытанні

Навошта святкаваць, калі ў душы несвяточна?

Бо Каляды – не толькі карнавал і забава. На Каляды нашыя продкі варажылі на ўраджай. Па колькасці зорак на небе і снегу на зямлі спрабавалі вызначыць, ці будзе жыта, ці будуць грыбы ды ягады. На святочны стол пад абрус клалі сена і выцягвалі травінкі па чарзе – па іх даўжыні прадказвалі, у каго ўродзіць лён ды збожжа. Калі перакласці варажбу на ўраджай на нашыя сённяшнія рэаліі, Каляды – гэта спроба зазірнуць у будучыню, дадаць сабе і блізкім надзею. Дарэчы, прагнозы нашых продкаў рэдка былі сумнымі і песімістычнымі.

Чым Каляды адрозніваюцца ад Новага года?

Каляды – гэта не адна ноч і нават не адно свята, гэта цэлая працяглая з’ява. У народным календары гэта цэлы цыкл святаў. Калядныя, або Святыя (або яшчэ – Крывыя) вечары пачыналіся перад Раством і працягваліся ажно да Вадохрышча.

Па новым стылі гэта перыяд з 24 снежня па 6 студзеня, па старым – з 6 да 19 студзеня. Калі ў сям’і ёсць і праваслаўныя (у нашай краіне святкуюць па старым календары), і каталікі (па новым), або наогул няма акрэсленай традыцыі святкавання, свята цалкам можа расцягнуцца на месяц. Калядамі нашыя продкі распачыналі ўсё новае і рыхтаваліся да іх грунтоўна (спойлер: мы можам так не рабіць, або зрабіць толькі тое, што нам падабаецца).

Да таго ж у Калядаў адразу некалькі сэнсаў:

  • Гэта і зімовае свята ўшанавання продкаў («зімовыя дзяды»).
  • А яшчэ касмаганічнае свята – свята ў гонар стварэння Сусвету (новы год), якое сімвалізуе абнаўленне і аднаўленне прасторы і часу.
  • І, безумоўна, свята ў гонар нараджэння Хрыста (самы позні пласт, які з’явіўся праз хрысціянізацыю).

Як падрыхтавацца да Калядаў?

  • Прыбраць кватэру і несвяточныя рэчы. Нашыя продкі хавалі далей ад вачэй прылады працы, якія маглі нагадваць пра цяжкія будні. Другая назва Калядных вечароў – Крывыя – таксама пра гэта. Маўляў, за працу лепш не брацца, бо атрымаецца крыва, а то яшчэ і шкоды наробіш. Мы таксама можам на момант схаваць тое, што сігналіць нам пра блізкія дэдлайны, або прынамсі нейкі час не зазіраць у інтэрнэт.
  • Прыдумаць і прыгатаваць/замовіць святочнае меню.
  • Пагартаць наш гайд і выбраць хаця б некалькі рэчаў, якія здольныя вярнуць адчуванне радасці.
Як святкаваць беларускія Каляды?

Чаму Каляды важнейшыя за Новы год

Каляды былі з намі заўжды, а Новы год з’явіўся адносна нядаўна. За савецкім часам, калі панавала татальная атэізацыя, рэлігійныя святы выкараняліся на карысць новых, сацыялістычных, або пазбаўленых рэлігійнай афарбоўкі, якія мусілі аб’яднаць ды ўніфікаваць ўсю прастору.

Новы год – гэта савецкая спадчына ў спалучэнні з заходнімі ўплывамі. У той жа час, само савецкае свята Новы год несвядома захавала некаторыя элементы каляднага цыклу (Новы год – Шчодры вечар): багаты стол, гулянні, госці, калядоўшчыкі (карнавальныя элементы), забаўкі і жарты, падарункі (праўда, на Каляды адорвалі калядоўшчыкаў, а не адно аднаго). Такія супадзенні зусім невыпадковыя, бо савецкія рытуалы рабіліся ў супрацьвагу рэлігійным, але асобныя элементы захоўваліся, хоць і са змененымі сэнсамі.

Між тым, Каляды былі і застаюцца нашымі, калі хочаце – роднымі. Яны аб’ядноўваюць нас з продкамі і з Еўропай, чые калядныя традыцыі многім гэтак падабаюцца. А ў нас яны таксама ёсць, і нічым не горшыя.

Ці была ў нас ялінка?

Ялінка ў нашай традыцыі была. Напрыклад, на Палессі ў большасці вёсак гэтае дрэва ўпрыгожвалі асвечанай у царкве свечкай і неслі яго праз усю вёску са спевамі да крыжа, які стаяў на самым высокім месцы. Праўда, рабілі гэтак на гуканне вясны, Стрэчанне, Грамніцы. Таксама елачку ўпрыгожвалі на вяселле.

Аднак на Каляды і Вялікдзень ў нас было штосьці іншае – хату аздаблялі саламяным павуком, які сімвалізаваў калаўрот часу. Што гэта за дзіва, распавядзем ніжэй.

Так ці інакш, ялінка на Каляды ў нас ужо прыжылася і ваяваць з ёй нікому не хочацца (да таго ж яна вечназялёная, то бок, як мінімум, няпростая). А вось як слушна называць каляднае дрэва, і чаму наша дзетсадаўская «ёлка» – гэта не слушна, можна пачытаць тут.

Ці наш герой Дзед Мароз?

Адказ лаканічны: не наш. Да пасляваенных часоў у нас ніхто і блізка не чуў ні пра якога Дзеда Мароза і тым больш – ягоную ўнучку Снягурачку. Абодва яны прыйшлі ў дамы беларусаў адносна нядаўна, разам з іншымі атрыбутамі савецкасці.

Да гэтага падарункі нашым суайчыннікам (праўда, у заходняй частцы Беларусі) прыносіў той самы Святы Мікалай (або проста Мікола), што з года ў год робіць гэта ў розных краінах хрысціянскага свету. Санта Клаўс, Сінтэр Клос, Папа Ноэль – назвы і абраднасць розніцца ў залежнасці ад краіны, адное застаецца нязменным: Святы Мікалай – самы ўлюбёны святы, да таго ж неверагодна калядны.

Мяркуйце самі: Мікалая лічаць апекуном дзяцей, падарожнікаў, маракоў, гандляроў, вязняў і нават пекараў. Да таго ж святы – цудатворац (а цудаў на Каляды мы часам чакаем нават больш, чым падарункаў).

Як святкаваць беларускія Каляды?

Абрады, гульні і ежа

Абыходны абрад (калядаванне)

Архаічны звычай, які, як і само свята, адлюстроўвае розныя пласты культуры і ўяўленні. Калядоўшчыкі сімвалізуюць памерлых дзядоў, якія прыходзяць да сваіх нашчадкаў на вячэру, то бок увасабляюць прадстаўнікоў іншасвету, якія вандруюць па зямлі, нясуць людзям ад Бога долю і размяркоўваюць яе. Каб атрымаць сваю долю, ты мусіш адарыць калядоўшчыкаў. Дзед, які ўзначальвае гурт, можа ўспрымацца як увасабленне бога, які ў выглядзе старца падарожнічае па зямлі.

Калядоўшчыкі не толькі нясуць долю, але і могуць сімвалічна караць парушальнікаў традыцыйных нормаў і правіл паводзін: дробна псаваць маёмасць, напрыклад, закрываць комін, зносіць вароты ці публічна абражаць парушальніка. Таксама калядаванне – гэта форма карнавалу, культуры жартаў і смеху, і хоць гэта не самае сутнаснае ўспрыманне, але менавіта яно пераважае сёння. Важна, што праз калядаванне адбываўся сімвалічны кантакт з іншасветам, вышэйшымі сіламі, але таксама ўмацоўваліся грамадскія сувязі.

Батлейка

Звычай, які з’явіўся ў сярэднявеччы і з цягам стагоддзяў стаў часткай беларускай культуры. П’есы батлейкі паўплывалі на персанажаў калядных абыходаў, якія ўвасаблялі герояў батлейкі і нават выконвалі асобныя тэксты. Напрыклад, абрад «Калядныя Цары» ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна, які ўнесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА, часткова адлюстроўвае п’есу «Цар Максіміліян».

Калядная зорка

Хаджэнне з зоркай – гэта хрысціянізаваны элемент, які ўвасабляе «Віфлеемскую зорку» і звязаны з гісторыяй нараджэння Хрыста. Аднак у народнай культуры вобраз таксама міфалагізаваўся.

Саламяны павук

Галоўны тутэйшы старажытны калядны атрыбут, які звязаны з касмалагічнымі і касмаганічнымі ўяўленнямі. Сімвалізуе вобраз ідэальнага свету, увасабляе лад. Таму «павук» у доме ў калядны час – гэта яшчэ і абярэг, што прыцягвае шчасце і дабрабыт.

Ежа

Што б мы тут ні распавядалі пра цуды, Каляды – гэта таксама вельмі моцна пра ежу. Напярэдадні Калядаў была посная, або галодная куцця – стол зусім без мяса і жывёльных тлушчоў. Зараз можна часта прачытаць, што гаспадары мусілі паставіць на стол 12 розных страваў. Насамрэч гэтая колькасць наўпрост залежала ад магчымасцяў канкрэтнай сям’і. Перакладаючы на сучаснасць, часам страваў можна зрабіць столькі, на колькі стае фантазіі. Сама Куцця – гэта ячменная каша з раслінным алеем. Перад тым як сесці за посны стол, нашыя продкі клікалі Мароза (але, заўважце, не Дзеда Мароза): «Мароз, мароз, хадзі куццю есці. А летам не бывай, не маражы пшаніцу, бо мы будзем біць цябе драцянымі пугамі». Калі такое сказаць тройчы – гэта ўжо заклён.

А вось ужо назаўтра, на самыя Каляды, есці трэба шмат, мяснога і тлустага. Хаця і гэта неабавязкова.

Як святкаваць беларускія Каляды?

Як Майстроўня вярнула беларускія Каляды

У самым канцы 70-х гадоў у зусім савецкім горадзе Менску, дзе нікому і блізка не магло прыйсці ў галаву святкаваць Каляды, група маладых людзей вырашыла паспрабаваць вярнуць ды ажывіць старыя святы. Яны стварылі сваю суполку – «Майстроўню», якая пачала імкліва абрастаць удзельнікамі.

У 1980-м «майстроўцы» правялі першыя Каляды ў горадзе, пасля якіх пачалося бурлівае жыццё, узнаўленне старых песень і звычаяў.

Як гэта было, узгадвае адзін з удзельнікаў «Майстроўні»:

«Майстроўскія Каляды былі ад пачатку спробаю сінтэзаваць народную традыцыю і гарадскі кантэкст. Галоўны персанаж — Каза, бо яна і візуальна, і сцэнарна прыцягвае ўвагу, ідэнтыфікуе гурт як калядны. Галоўны атрыбут — Звязда. То бок, Калядная зорка, якая можа круціцца, мець вакенца для свечкі/ліхтарыка, мець бел-чырвона-белы прамень (які мы мелі ажно ў 1981 годзе).

Склад іншых персанажаў, акрамя Механошы (і функцыянальнага Заклікальніка), — даволі гнуткі. Баба, Жораў, Мядзведзь, Цыган, часам нават Дзед (але ён можа навяваць нехарошыя алюзіі да Дзеда Мароза, таму асцярожна). Галоўнае — песні, якія пажадана размеркаваць паміж вуліцай (каб гучна і прывабна) і кватэрамі/хатамі (каб адрасна выпрошваць гасцінца), і мікрасцэнка з Казой, якая пАдае мёртвая і толькі гаспадары яе могуць ажывіць пачастункам і чаркай. Усё мы бралі пераважна з фальклорных зборнікаў, але калі ведалі з сваіх падарожжаў адпаведныя песні, то іх уключалі.

Скажам, я запісваў валачобныя песні, але яны часта супадаюць з каляднымі, розніцца толькі рэфрэн. Выдатна, калі ёсць добрыя інструменталісты, каб падтрымаць аматарскі хор. Пасля абыходу кватэр адбываецца інтэграцыйная частка — супольнае спажыванне накалядаванага».

Як святкаваць беларускія Каляды?

Каляды і Christmas

Час ідзе, усё змяняецца, мы перабраліся ў гарады і паступова рухаемся на захад — з Савецкага саюза ў Еўропу. На гэтым шляху многія ўжо аддаюць перавагу «Любові насамрэч» ці «Аднаму дома» перад «Іроніяй лёсу» — як і штолену і каляднай гусі ці індычцы (нават калі іх ролю будзе выконваць стомленая жыццём курыца, але ж мы ведаем, што яна ўвасабляю тую самую дыкенсаўскую гусь ;) перад бутэрбродамі са шпротамі і аліўе. Некаторыя з нас сталі (або становяцца) першым пакаленнем у сваёй сям’і, дзе раней не было традыцыі святкаваць Каляды — нехта па волі лёсу, перабраўшыся куды-небудзь на захад ад Берасця, нехта — па модзе, нехта па поклічу душы — у любой кропцы свету. Калі вы акурат задумаліся, чым бы разнастаіць звыклае нам святкаванне і, магчыма, запачаткаваць нейкую новую традыцыю ў сваёй сям’і, Sojka сабрала для вас некалькі атрыбутаў Калядаў, якіх яшчэ не было ў нашым дзяцінстве ў Беларусі.

Адвент-каляндар

Адвент — назва перыяду перад Раством, прынятая ў асяроддзі каталікоў і некаторых пратэстантаў, аналагічная перыяду каляднага посту ў праваслаўных. Адвент — час чакання, які папярэднічае Раству, падчас якога хрысціяне рыхтуюцца да свята.

Каб зрабіць гэтае чаканне саладзейшым, нейкі добры чалавек у Нямеччыне ў першай палове 19 ст. прыдумаў адвент-каляндар. Традыцыйна гэта кардонны домік або каробка з 24 акенцамі, у якіх схаваныя невялічкія ласункі, звычайна шакаладкі або цукеркі. Паводле задумкі, дзіця адкрывала па адным акенцы пачынаючы з 1 снежня. З пачатку 20 ст. традыцыя адвент-календароў пашырылася па ўсёй Еўропе. У той час адвент-календары яшчэ мелі выхаваўчы момант: дзіця, перш чым адкрыць чарговае акенца, мусіла ўспомніць, што добрага і дрэннага яно зрабіла за дзень. У рэлігійных сем’ях гэты абрад звязаны са штодзённай малітвай.

Аднак усё змяняецца і ў заходнім свеце. Адвент-каляндар па сутнасці згубіў сваю рэлігійную аснову, і цяпер гэта звычайная свецкая забава для дзяцей і дарослых. Сёння хіба кожны вядомы вытворца ласункаў выпускае восенню свой адвент-каляндар. Больш за тое, тое самае адносіцца і да касметычных брэндаў, вытворцаў гарбаты і ўсяго іншага, што тэарэтычна можна засунуць у невялічкае вакенца.

У той жа час, калі столькі ўсяго даступанага ў крамах, вашы блізкія ацэняць адвент-каляндар, зроблены сваімі рукамі і напоўнены з улікам густу таго, каму ён прызначаны.

Свечнік-арка

Распаўсюджаны ў Паўночнай Еўропе традыцыйны калядны свечнік (часцей за ўсё на 11 свечак) у выглядзе зводу аркі, які звычайна ставіцца на акно ў дні адвента. Гэта яшчэ адна нямецкая прыдумка (у арыгінале называецца Schwibbogen), якая першапачаткова прызначалася для вялікай колькасці свечак і ўяўляла сабой кандэлябр — упрыгожанне ў дамах гарнякоў у перыяд зімовага сонцастаяння, калі дзённага святла ім амаль не ўдавалася ўбачыць. Не блытаць з менорай і ханукіяй (нерэлігійныя людзі з нашых краёў сапраўды часта іх блытаюць).

Калядны вянок

Тыповае ўпрыгожванне ў дамах у перадкалядны час — вянок з яловых галінак з чатырма свечкамі, які звычайна ставяць на стол. У першую з чатырох нядзель адвенту запальваецца першая свечка, на наступным тыдні — другая і г. д.

Калядны вянок увёў гамбургскі лютэранскі багаслоў Іяган Віхерн, які ўзяў на выхаванне некалькіх дзяцей з бедных сем’яў. Увесь адвент дзеці пыталіся, калі ж наступяць Каляды. Каб дзеці маглі адлічваць дні да Каляд, у 1839 годзе Віхерн змайстраваў са старога драўлянага кола вянок, упрыгожаны дваццаццю чатырма малымі чырвонымі і чатырма вялікімі белымі свечкамі. Кожную раніцу ў гэтым вянку запальвалася па адной маленькай свечцы, да якіх па нядзелях дадавалася вялікая. Першапачаткова дадаванне святла ў вянку сімвалізавала ўсё мацнейшае чаканне нараджэння Хрыста, «святла свету».

Вось тут дызайнерка расказвае, як зрабіць такі вянок сваімі рукамі.

Штолен

І зноў дзякуй немцам. Stollen — гэта традыцыйны нямецкі калядны пірог з сакавітага, цяжкага дражджавога здобнага тэсту, у класічным рэцэпце гэта багата пасыпаны цукровай пудрай кекс з вялікай колькасцю спецый, разынак, арэхаў і цукатаў. Ён вядомы яшчэ з 14 ст. (праўда тады ён быў даволі бедным і больш нагадваў звычайны хлеб), і традыцыйна яго авальная форма сімвалізавала спавітага немаўля Хрыста.

Сёння існуе некалькі рэгіянальных варыянтаў штоленаў (самы знакаміты — родам з Дрэздэна, і штогод праводзіцца цэлы фестываль дрэздэнскага штолена), аднак тыя, хто не шукае лёгкіх шляхоў (ну, калі пакупка штолена ў Нямеччыне — гэта лёгкі шлях) або проста атрымлівае асалоду ад выпрабоўвання новых рэцэптаў, могуць прыгатаваць штолен самастойна — у прынцыпе, сапсаваць яго не так і проста.

Імбірныя пернікі

Можна зноў пачаць падазраваць немцаў, але тут гісторыя кажа, што гэта не яны. Лічыцца, што імбірны пернік (больш вядомы сёння пад іменем gingerbread) завёз у Еўропу ў 10 ст. армянскі манах Грыгорый Макар — менавіта ён навучыў французаў мастацтву выпякання імбірных пернікаў. У 13 ст. пернікі пашырыліся ў Швецыі, і там манахіні выкарыстоўвалі іх для барацьбы з нястраўнасцю. У 17 ст. іх прадавалі ў кляштарах, аптэках і на фермерскіх кірмашах. У сярэднявечнай Англіі імбірныя пернікі лічылі медыцынскім сродкам.

Нашыя продкі ласаваліся імбірнымі пернікамі яшчэ за часамі Рэчы Паспалітай — у Торуні іх выраблялі пачынаючы з 13 ст. Торуньскія пернікі больш падобныя да таго, што традыцыйна лічыцца пернікам у нас (праўда нашыя імберцам і не пахнуць), у форме кружкоў і сардэчак. У той час як сёння набылі папулярнасць тонкія, якія хутчэй можна назваць печывам, чым уласна пернікамі, і яны часцей маюць якія-небудзь антрапаморфныя абрысы («імбірныя чалавечкі») або форму чагосьці, звязанага з каляднай атрыбутыкай (ялінка, шкарпэтка, зорка, алень).

Традыцыйна можна або купіць напярэдадні Калядаў у любой краме еўрапейскіх прадуктаў (хоць у ІКЕІ), або прыгатаваць самім — гэта проста і яно можа быць даволі вясёлым працэсам, калі займацца гэтым у кампаніі сяброў ці родных.

Лісты Святому Мікалаю

Канцэптуальна гэта нагадвае лісты Дзеду Марозу, адно што, як вынікае з імені, гэтая традыцыя мае рэлігійную аснову. Ясна, што за савецкім часам дзеці не маглі прасіць падарункаў ні ў якога святога, але сярод нашых суседзяў такая карэспандэнцыя здаўна пашырана ў Польшчы і ў Заходняй Украіне. Асноўнае адрозненне ад лістоў Дзеду Марозу ў тым, што — паколькі тут неяк прадугледжваецца мінімальная рэлігійная традыцыя — дзеці расказваюць не толькі пра тое, якія яны былі добрыя ў гэтым годзе, але і згадваюць свае правіны, пра якія шкадуюць.

Калядныя падарункі

Вырасшы на амерыканскіх і еўрапейскіх фільмах, мы збольшага ўяўляем, што дораць на Каляды ў гэтых іхніх Еўропах: швэдры з аленямі, шкарпэткі са сняжынкамі, шалікі з елкамі і ўсё іншае, у чым сорамна паказацца на людзях. Аднак у межах Калядаў гэта выглядае нават міла — асабліва калі вы звязалі гэта самі (ну бывае ж і такое) або купілі ў якой-небудзь бабулі ў пераходзе ля Камароўкі. Так што калі раптам вас адарылі швэдрам дзіўнага колеру з дзіўным малюнкам, рабіце выгляд, што так і трэба і проста адразу ж надзявайце яго — калядны настрой сам сябе не зробіць, а так хоць некаму будзе весела на вас глядзець.

ТОП-10 калядных кніг для дзяцей і дарослых

Калядны харал

Калядны харал

Чарлз Дыкенс

Першая ў свеце гатычная калядная аповесць, якая запачаткавала цэлы жанр. Адна з самых дасціпных у ангельскай літаратуры кніг для чытачоў усіх узростаў, якая ўжо стала сімвалам зімовых святаў.

Гары Потэр і філасофскі камень

Гары Потэр і філасофскі камень

Джаан Роўлінг

Строга кажучы, тут можна змясціць усе асноўныя сем кніг пра Гары Потэра — але хіба не праз нейкі зімовы настрой, а праз веру ў перамогу святла. І хоць шлях гэты будзе высцелены пакутамі і ахвярамі, усё адно ведаеш, што ўрэшце ўсё будзе добра.

Марта і яе мара пра снег

Марта і яе мара пра снег

Ганна Янкута

Гісторыя пра чаканне снегу, які прыйдзе на змену лужынам і гразюцы, а таксама пра наступствы здзейсненага жадання, і пра прыгоды дзяўчынкі ў вазку. Гэта аповед пра магчымасць дзейнічаць у любых умовах, а таксама трошкі пра магію і пра адзіноту.

Снежная сястра

Снежная сястра

Мая Лундэ

Кранальная гісторыя пра чаканне каляднага цуду, які заўсёды спраўджваецца — дзякуючы любові і сяброўству. А яшчэ гэта проста прыгожая кніга, з якой можна добра адпачыць зімовым вечарам, разглядаючы ілюстрацыі.

Вядзьмар, які рабіўся ваўком

Вядзьмар, які рабіўся ваўком: Беларускія чарадзейныя казкі

Для стварэння таямнічай каляднай атмасферы або калі хочацца дадаткова паказытаць сабе нервы, існуюць народныя казкі. Цешыць тое, што звычайна яны заканчваюцца добра. А яшчэ — што там чароўныя ілюстрацыі Валерыя Славука.

Каляды ў Булербю

Каляды ў Булербю

Астрыд Ліндгрэн

Апавяданне з цыклу «Дзеці ў Булербю» — вясёлая і цудоўна ілюстраваная кніга для стварэння святочнага настрою. Выдатны падарунак пад елачку.

Калядная каша

Калядная каша

Свэн Нурдквіст

Казка пра Каляды ў сямействе гномаў, дзе пануюць свае традыцыі. Але раптам людзі забыліся пра старажытны звычай паднесці гномам талерку кашы, і цяпер самі гномы мусяць ратаваць становішча.

Мама Му, Крумкач і Каляды

Мама Му, Крумкач і Каляды

Юя Вісландэр

Увогуле, любая кніга пра Маму Му і Крумкача зараджае аптымізмам і надае жаданне жыць. А калі раптам надарацца бясснежныя Каляды — то заўжды можна пацешыць сябе вясёлымі зімовымі ілюстрацыямі.

Тайны Дзед Мароз

Тайны Дзед Мароз

Маша Чаракова,
Джордж Таннер

Двухмоўная (па-беларуску і па-ангельску) гісторыя пра маленькую вёсачку, якая знаходзіцца так далёка, што не можа знайсці нават Дзед Мароз, і пра кемлівасць і салідарнасць людзей у гэтай вёсцы. Ну, і вядома, пра тое, што мы самі можам рабіць цуды.

Успамін пра Каляды

Успамін пра Каляды

(анлайн-часопіс «ПрайдзіСвет», № 15)

Падборка апавяданняў, вершаў і казак, насычаных духам Калядаў. Тут дакладна кожны знойдзе сабе нешта адпаведнае пад настрой і густ — ад шведскіх народных казак і казак братоў Грым да апавяданняў О’Генры і Борхеса.

Каляды прыходзяць, незалежна ад таго, гатовыя мы іх святкаваць ці не. Незалежна ад таго, які ў нас настрой і ці яскрава мы бачым будучыню перад сабой. Каляды – гэта непазбежнасць, першая і апошняя кропка гадавога цыклу. Не важна, будуць у нас калядоўшчыкі з казой і хатняя мануфактура пернікаў, або проста ціхі вечар з думкамі пра будучыню, няхай гэтае свята яднае ўсіх нас, беларусаў. І нікому не дасць раз’яднаць.

Вясёлых святаў!

Як святкаваць беларускія Каляды?