Гiды

Самая шчаслівая ноч: Купалле як яно ёсць

Самая шчаслівая ноч: Купалле як яно ёсць

Малюнкі Constance Herms

На Івана Купалу баба з печы ўпала. Можа быць, якраз у гэты час гарачыня рабілася зусім невыноснай, і працягваць спаць было магчыма толькі на падлозе. Але таксама верагодна, што вядзьмарскі шабаш, папараць-кветка Шродынгера ды неўтаймаваная сэксуальная энэргія лета не давалі бабе ўлежаць і літаральна выштурхоўвалі яе ў таямнічы, але адначасова гучны і радасны сусвет Купалля.

Знаўцы кажуць, што ад сапраўднага Купалля сёння засталіся рожкі ды ножкі: знікла не толькі магія начной небяспекі, але і дзелавіта-гаспадарскі бок купальскага пытання. Калісьці Купалле прыносіла нашмат больш разнастайных эмоцыяў. Сойка занурылася ва ўспаміны, каб наш купальскі вянок зайграў новымі краскамі.

Уводзіны — sugar free

Будзем шчырыя: зіхоткія вяночкі ў люстэрку возера ды дзяўчаты ў белых сарочках — гэта да болю міла, але і крыху як з кліпу Аляксандра Саладухі. Наўрад ці такія матывы ўсплывалі ва ўяве нашых прашчураў пры ўзгадцы пра гэтую шалёную, свавольную, самую страшную, самую вясёлую і самую кароткую ноч у годзе. Таму салодкае, тэлегенічнае, адмытае ад нячысцікаў Купалле пакінем разам з Саладухам, што ніяк не нацалуе дочкі тваёй глаза, а самі рушым у самыя нетры купальскіх лясоў на пошукі Купалінкі. Дарэчы, Купалінка, ночка цёмная, а дочка твая дзе?

Купалінка

Самая вядомая купальская песня, а заадно і, хутчэй за ўсё, самая вядомая беларуская песня ever, наогул ніякая не народная. Безумоўна, «Купалінку» спявалі на Купалле, і словы там былі падобныя (выкананне яе ў розных вёсках зафіксавана этнографамі), аднак у той версіі, якую мы ведаем, у тым спалучэнні словы+мелодыя, «Купалінку» стварылі ў 1920-я паэт Міхась Чарот і кампазітар Уладзімір Тэраўскі. Чарот напісаў п’есу «На Купалле» для сваёй неўзаемнай каханай (якая выканала галоўную ролю, але ўзаемнасцю гэтак і не запалала), дадаўшы туды багата фальклору ва ўласных апрацоўках. А Тэраўскі напісаў музыку для «Купалінкі». П’есу паставілі больш за 400 разоў, і яна пайшла ў народ разам са сваімі рыфмамі ды мелодыямі.

І Міхась Чарот, і Уладзімір Тэраўскі ўсіх сваіх Купалляў так і не адгулялі — савецкія ўлады забілі Чарота ў тую самую ноч расстраляных паэтаў у 1937-м, у той самай «амерыканцы», а праз год расстралялі Тэраўскага. Дарэчы, Тэраўскі таксама аўтар музыкі да гімну Беларускай Народнай Рэспублікі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

Але пакуль што…

… усё яшчэ толькі пачынаецца, да савецкіх часоў далёка, а ў беларускіх хатах ёсць чаго баяцца больш за нейкіх няўцямных і нікому пакуль не вядомых савецкіх катаў. Напрыклад, можна баяцца ведзьмаў.

Вядзьмарскі рэйв

У Купальскую ноч, калі на зямлі сустракаюцца адразу ўсе наяўныя стыхіі, на паверхню выходзіць уся нячыстая сіла. Паводле аднаго з купальскіх сюжэтаў, стомлены жаўнер, вяртаючыся са службы, набрыдае на хату самотнай жанчыны. Яна корміць ваяку і кладзе спаць. Уначы жаўнер нечакана прачынаецца і бачыць, што ў хаце поўна жанчын, якія нечым мажуць твары і знікаюць у коміне. Жаўнер паўтарае рытуальнае дзейства і апынаецца на Лысай гары, дзе сотні ўзбуджаных паненак танчаць рэйв, а граюць для іх дыджэі-чэрці. (Дыскатэка, вядома, тут метафара, але, калі б шабаш адбываўся ў нашыя часы, з чаго б яму нагадваць дударскі фэст).

Ясная рэч, асобу мужыка раскрываюць, і яму не пазайздросціш, а разагрэтыя ўласнымі чарамі чарадзейкі кіруюцца ў вёскі, каб рабіць усялякае паскудства.

Сродкі супраць ведзьмаў

Аднак у вёсках да сустрэчы вядзьмарак падрыхтаваныя — напярэдадні бяссоннага Купалля (у гэтую ноч і праўда было неяк не прынята чыліць з Нэтфліксам і драмаць у адзіноце) руплівыя гаспадыні аглядалі ўсю сваю гаспадарку і паўсюль пакідалі «сакрэцікі» для ведзьмаў — у залежнасці ад рэгіёну, гэта былі лапкі крапівы, лісты лопуху або ліпавыя галіны.

Ліпу, напрыклад, утырквалі ў барозны з ільном. Гэта мусіла пазбавіць чараў вузлы і заломы, якія на ім рабілі вядзьмаркі. Такія ж галіны раскідвалі па кароўніку, ліпавым лыкам абвязвалі каровам рогі і хвасты. Лічылася, што на Купалле ведзьмам мала сваіх уласных гулянак, і яны кідаюцца на буйную рагатую скаціну, а ў кароваў тых гаспадароў, з якімі ў чараўніц не склаліся стасункі, вядзьмаркі маглі адабраць малако. Магчыма, сёння мы маем бесперабойны доступ да малака, бо ведзьмы, як і сучасныя дзеці, не ў курсе, што яно не расце на паліцах супермаркетаў.

Шчасця, здароўя

Падляскі паэт і этнограф Міхал Шаховіч узгадваў, як напярэдадні Яна, у дзень Купалы, бабуля зрывала на мяжы невялікія, яшчэ закрытыя дзьмухаўцы і ўтырквала іх у сенцах у дзіры паміж бярвёнамі, даючы кожнаму імя кагосьці з хатніх. Нараніцу, толькі ўстаўшы, пераглядала іх і, у залежнасці ад таго, як каторы з дзьмухаўцоў развіўся, рабіла высновы пра будучае здароўе сямейнікаў. Мама паэта ў гэты ж час ішла ў агарод і акопвала матыкай капусту, каб у той завязваліся галоўкі, завязвала вузлы на цыбулі і часныку, каб цыбуля ўрадзіла, а часнык і пайшоў у зямлю. Словам, магію Купалля людзі імкнуліся накіраваць на самае дарагое, што ў іх было — здароўе ды ўраджай. Зрэшты, і сёння рана казаць пра дэвальвацыю гэтых каштоўнасцяў.

The Little Mermaid

Але самыя злавесныя, падступныя і таямнічыя гераіні Купалля, напэўна, нават не ведзьмы. Гэта русалак баяліся напаткаць у лесе падчас пошуку Папараць-кветкі, якая квітнее адну хвіліну. Русалкі ў ноч нячысцікаў пачуваюцца проста як рыбы ў вадзе, няхай даруюць гэтую фразу іхнія хвасты. Зрэшты, ці ўсе русалкі хвастатыя, няясна: у адных крыніцах іх апісваюць як неверагодна прыгожых напаўрыбаў з халоднымі вачамі, іншыя пішуць пра русалчыны крылы, у трэціх больш увагі надаецца пышным грудзям ды даўжэзным зеленаватым валасам, якія русалкі чэшуць, гойдаючыся на галінах бярозы або вярбы.

Ясна адно — русалкі страшныя халерыкі: яны то рагочуць да ікаўкі, пакуль казычуць сваю ахвяру да смерці (або топяць у балоце), то плачуць наўзрыд і моцна стогнуць. Ад русалак у лесе гармідар ды ўлюлюканне, а яшчэ асаблівы магнетызм, які яны ўжываюць, каб прыцягваць да сябе людзей.

Абараніцца ад русалкі

Ёсць 1000 і 1 адказ на пытанне «адкуль бяруцца русалкі». Пашыранае меркаванне, што гэта дзяўчаты, якія патанулі. У некаторых вёсках лічаць, што русалкамі робяцца дзяўчаты, якіх пракляне маці. Паводле іншай версіі — дзяўчаты, якія страцілі цнатлівасць да шлюбу (гэтая, на думку Сойкі, — найменш працоўная).

Вядома, найлепшы спосаб абараніцца ад русалак — заставацца дома, але калі вы ўжо выбраліся на пошук папараць-кветкі, трымайце лайфхакі з Рагачоўскага раёна: пры сустрэчы з русалкамі (яны могуць быць разам з дзецьмі) трэба абавязкова накінуць на іх хустку ці якую-небудзь анучку. Калі ж нічога з сабой няма, то трэба адарваць рукаво ад сукенкі і кінуць на русалак, бо ў адваротным выпадку пагражае непазбежная смерць. Калі ж так выйшла, што вы самі падаліся ў лес без сукенкі, дапаможа заклён: «Вадзяніца, лесавіца, шалёная дзявіца! Адвяжысь, адкацісь, у маём дварэ не кажысь; табе тут ня век жыць, а нядзелю быць. Ступай у рэчку глыбокую, на бярозу высокую. Бяроза, трасісь, вадзяніца ўймісь. Амінь».

Калі ж вам не ўдалося перамагчы магнетызм русалак і яны завабілі вас у свой танец, застаецца спадзявацца, што яны проста затанчаць вас да непрытомнасці і напіхаюць поўныя кішэні гною.

Пахмелле з чужога вяселля

Адзін з важных элементаў Купалля, паводле нашых назіранняў, гэта раніца — пасля ўсяго. Час, калі магія, небяспека і п’янкая ўседазволенасць ночы развейваецца, русалкі адплываюць адсыпацца ў абдымках вадзянікоў, а купальшчыкі, якія фестывалілі ўсю ноч, паціху сцягваюцца з лесу ў бок ранішняга вогнішча. Тут іх і чакае з любоўю апісаная этнографамі, самая сонечная летняя страва — яечня.

Сонечныя промні праразаюць туман, сінія кругі недасыпу на тварах купальцаў ярчэюць, а нечысць знікае назаўжды — да наступнага фальклорнага эпізоду. У фальклоры, як у жыцці — святло перамагае цемру, праўда няпраўду, а на Лысай гары замест пустазелля й палыну ўзыходзяць белыя і чырвоныя кветкі.