Гiды

Як гэта працуе: татка ў дэкрэце

Як гэта працуе: татка ў дэкрэце

Догляд за дзіцём — кароль побытавых мемаў і бруістая крыніца іранічных сюжэтаў. Вось у ціктоку мужык вяртаецца з працы і дзівіцца, чаго там жонка ў хаце стомленая — сядзела ж з дзіцём. А вось маладая маці паказвае свой «адпачынак па доглядзе» ў прыспешаным рэжыме: так рэлаксавала, што й не прысела за дзень. Так ці іначай, хоць сёння мы нашмат бліжэй да гендарнай роўнасці, чым у іншыя эпохі, дзяржавы, як жырафы, часта не ў курсе гарызантальных зменаў, і «адпачываць дома з дзіцем» па-ранейшаму дазваляюць толькі жанчынам.

А як жа таты? Разбіраемся разам з Сойкай.

Навошта гэта ўвогуле?

На гэтае пытанне таксама дапамагаюць адказаць мемы: пачынаючы ад тых, як бацька прыходзіць забіраць дзіця з садку і не ўпэўнены, каторы з малых ягоны, — і да адзінай гульні «ціхая гадзіна», на якую здатны татка, застаўшыся сам-насам са сваім нашчадкам. Між тым, калі дзіцю пашанцавала мець дваіх бацькоў, гэта няблага, калі кожны з іх у любым жыццёвым выпадку можа замяніць другога. А для гэтага трэба ведаць не толькі ўзрост і імя свайго дзіцяці, але і што яно любіць і не любіць есці і апранаць, на што мае алергію, што рабіць, калі ў яго баліць жывот або высокая тэмпература, урэшце, якія ў яго ўлюбёныя цацкі і самыя страшныя страхі, — усё тое, што яшчэ нядаўна лічылася таемнай мамчынай ведай.

Што з гэтым у Беларусі?

Узяць «дэкрэтны адпачынак» можа любы член сям’і, калі іншы мае афіцыйнае месца працы. Спачатку «родавы бальнічны» даюць маці (гэта ад 126 да 146 дзён), а далей, пакуль дзіцяці не споўніцца тры гады, у «адпачынку» з ім можа заставацца тата — а мама выходзіць на працу, і ёй перастаюць выплочваць дапамогу па доглядзе за дзіцем. То бок тэарэтычна такая магчымасць існуе, але карыстаюцца ёю каля 1% мужчын. (Сярод іншага і таму, што традыцыйна мужчыны маюць вышэйшы заробак і лічаць фінансава немэтазгодным заставацца дома). Яшчэ для мужчын ёсць опцыя, на працягу першых 6 месяцаў пасля нараджэння дзіця, узяць адпачынак на два тыдні — аднак ён не аплочваецца, таму не дзіўна, што гэтая магчымасць таксама не надта папулярная.

А як там у суседзяў?

Ва Украіне тата можа ісці ў дэкрэтны да трох гадоў або падзяліць яго на палову з жонкай; пры гэтым перыяд «адпачынку» залічваецца ў працоўны стаж. Акрамя гэтага, на працягу трох месяцаў пасля нараджэння дзіця тата можа сысці ў двухтыднёвы аплатны (у адрозненне ад Беларусі) адпачынак.

У Польшчы, акрамя традыцыйнага «мамінага адпачынку», адрозніваюць «таткаў адпачынак» і «адпачынак бацькоў». «Таткаў адпачынак» складае два тыдні, пры гэтым, як і ў нас і ва Украіне, не з’яўляецца абавязковым, а «бацькоўскі» доўжыцца да 32 тыдняў. Цалкам яго можа выкарыстаць толькі адзін з бацькоў, або чаргаваць апеку. За першыя 6 тыдняў бацькі атрымліваюць дапамогу ў памеры 100% ад памеру заробку, а за наступныя — 60%.

У Літве таты маюць магчымасць сысці ў 30-дзённы аплатны адпачынак на працягу года пасля нараджэння дзіця (памер дапамогі складае 77,58% заробку да дэкрэту); пры гэтым стаж сацыяльнага страхавання павінен складаць не менш за 12 месяцаў. З цікавага: не патрабуецца быць у шлюбе — дастаткова даказаць біялагічную сувязь з дзіцем.

У Латвіі кожны з бацькоў мусіць узяць дэкрэтны адпачынак як мінімум на два месяцы. Для жанчын гэта таксама мінімальны тэрмін, і ні мужчына, ні жанчына не маюць права перадаць яго другому з бацькоў. Пры гэтым існуе і аплатны адпачынак у 10 працоўных дзён для мужчын — ім карыстаюцца больш за палову латвійскіх татаў.

Хто наперадзе планеты?

Тут хіба кожны ведае адказ: гэта краіна з сацыялізмам здаровага чалавека, Швецыя. Там упершыню ў свеце (у 1974 годзе) з’явілася такая магчымасць для мужчын, і на сёння адпачынак па доглядзе за дзіцем складае 18 месяцаў, з якіх 3 месяцы абавязаны ўзяць мужчына і 3 месяцы — жанчына, і адзін месяц можна ўзяць ўдваіх. Пры гэтым у першыя 390 дзён сям’я атрымлівае суму, роўную 80% даходу аднаго з бацькоў (таго, хто даглядае дзіця). Пасля ўвядзення ініцыятывы колькасць мужчын, якія ўзялі дэкрэт у першыя два гады жыцця дзіцяці, вырасла да 80%.

Як яшчэ бывае?

Упершыню ў свеце «бацькава квота» была ўведзена ў Нарвегіі (у 1993 годзе), то бок абавязковы адпачынак па доглядзе за дзіцем для таты. Выплаты для іх складаюць 100% заробку за 49-тыднёвы адпачынак па догляду за дзіцем або 80% звычайнай аплаты за 59-тыднёвы адпачынак.

У Фінляндыі тата пасля нараджэння дзіцяці можа ўзяць адпачынак працягласцю не больш за 54 працоўныя дні. З іх бацька можа знаходзіцца дома адначасова з маці максімум 18 працоўных дзён, гэта значыць прыкладна тры тыдні.

У Партугаліі абодва з бацькоў абавязкова павінны пабываць у дэкрэтным адпачынку — мінімум 42 дні для мамы, і 5 дзён для таты (кажуць, за адмову ад 5-дзённага «адпачынку» на татку могуць накласці штраф). Пры гэтым заканадаўства заахвочвае адначасовае знаходжанне ў дэкрэце абоіх бацькоў. Калі яны прымаюць такое рашэнне, што могуць разлічваць на 150-дзённы адпачынак з захаваннем 100% заробку для кожнага або на 180 дзён з выплатай 83%. А вось калі ў адпачынак сыходзіць адзін з бацькоў, то на дапамогу ў памеры 100% ад заробку ён можа разлічваць толькі 120 дзён, а пры адпачынку на 150 дзён атрымлівае 80% ад заробку.

Японія, вядомая сваімі спецыфічнымі словамі-паняццямі тыпу каросі (смерць працаголікаў ад перапрацоўкі) і сінрын-ёку (купанне ў лесе), дадала ў спіс ikumen — гэты тэрмін аб’ядноўвае японскія словы ikuji (клопат пра дзяцей), і ikemen (мужчына, які крута выглядае). З дапамогай прапаганды гэтага канцэпту японскія ўлады хочуць змагацца з самай нізкай у свеце нараджальнасцю і спрыяць таму, каб таты праводзілі болей часу ў сям’і — для гэтага плануюць павялічыць колькасць мужчын, якія бяруць адпачынак па доглядзе за дзіцем, з цяперашніх 14% да 50% да 2025 года і 85% да 2030 года. На сёння японскія мужчыны маюць права на чатырохтыднёвы гнуткі адпачынак з захаваннем да 80% іх заробку.

 

Матэрыял падрыхтаваны пры дапамозе Free Belarus Center