Што гэта ўвогуле такое
Калі каротка, гэта шэраг сустрэч і пагадненняў паміж еўрапейскімі краінамі, скіраваных на збліжэнне і гарманізацыю сістэм адукацыі ў розных дзяржавах дзеля стварэння адзінай Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (EHEA). Упершыню такая сустрэча адбылася ў 1999 годзе ў Балонскім універсітэце, і тады ў ёй удзельнічала 29 краін. Сёння такіх краін 49, але ёсць нюанс*. Першапачаткова амбіцыі Балонскіх рэформаў зводзіліся да разбудовы магутнай агульнаеўрапейскай эканомікі ведаў, бо навука і інавацыі — гэта крыніца эканамічнага росту.
* На паседжанні ў Страсбургу ў красавіку 2022-га было прынята рашэнне прыпыніць правы прадстаўніцтва Беларусі і РФ у EHEA. (То бок Беларусь не «выключылі» з працэсу, а менавіта «прыпынілі» яе паўнамоцтвы).
У чым сутнасць Балонскай сістэмы
- Балонская архітэктура вышэйшай адукацыі — увядзенне двухцыклавога навучання: бакалаўрыяту (undergraduate) і магістратуры (graduate). Першы доўжыцца не менш за 6 семестраў, а другі (3-4 семестры) павінен весці да атрымання ступені магістра або доктара.
- Акадэмічная мабільнасць і свабода: то бок вы можаце павучыцца/папрацаваць у іншым універсітэце ў сваёй ці несваёй краіне, пры гэтым пройдзеныя курсы па сістэму «крэдытаў» будуць залічвацца па вашым асноўным месцы навучання.
- Студэнцкае самакіраванне — права саміх студэнтаў фармаваць выбарныя органы і рэальна ўплываць на жыццё і адукацыйны працэс свайго ўніверсітэта.
- Выбарнасць курсаў — не стандартызаваны «вучэбны план», а выбраныя студэнтамі дысцыпліны, кожная з якіх мае пэўную колькасць «крэдытаў», заснаваных на ECTS (European Credit Transfer System) — назапашвальнай сістэме, здольнай працаваць у рамках канцэпцыі «навучанне на працягу ўсяго жыцця».
- Партнёрства студэнтаў і адміністрацыі — рэальная свабода і забеспячэнне права як студэнтаў так і выкладчыкаў на стварэнне грамадскіх аб’яднанняў (і як вынік, адмена артыкула 193.1 КК РБ — незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці).
- Забеспячэнне паспяховага працаўладкавання выпускнікоў універсітэтаў за кошт таго, што ўсе акадэмічныя ступені і іншыя кваліфікацыі павінны быць арыентаваныя на рынак працы.
Што (было) не так з Балонскім працэсам у Беларусі
Беларусь далучылася да Балонскага працэсу толькі ў 2015 годзе, падпісаўшы Дарожную мапу, абавязаўшыся гэтым рэфармаваць сістэму вышэйшай адукацыі, набліжаючы яе да еўрапейскай. І толькі пасля выканання Дарожнай мапы наша краіна мусіла стаць паўнавартасным удзельнікам Балонскага працэсу (спойлер: так і не стала).
Ёсць падазрэнне, што беларускія афіцыйныя ўлады і чыноўнікі ад універсітэтаў імкнуліся далучыцца да Балонскага працэсу не таму, што надта клапоцяцца пра самакіраванне студэнтаў, аўтаномію ўніверсітэтаў або акадэмічныя абмены — галоўнай прычынай была магчымасць прадаваць замежным студэнтам (з іх каля 55% складалі навучэнцы з Туркменістану) той факт, што нібыта іх дыплом — дыплом краіны з Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, адпаведна, галоўнай (і ці не адзінай) задачай было прыцягваць грошы ў бюджэт.
Выязная мабільнасць працавала вельмі слаба: за 4-6 гадоў вучобы толькі лічаныя студэнты мелі магчымасць павучыцца за мяжой, пры гэтым яны часта сутыкаліся з перашкодамі: ад не надта прыемных чаяванняў у кабінеце ідэолага да незалічэння пройдзеных у замежных універсітэтах курсаў і неабходнасці здаваць усё наноў. Таму часцей студэнты знаходзілі нейкія праграмы самастойна і бралі акадэмічны адпачынак, каб падчас яго павучыцца ва ўніверсітэце. А выкладчыкі бралі дні «за свой кошт», каб паўдзельнічаць у навуковай канферэнцыі за мяжой — цалкам за ўласныя грошы і з абавязкам адпрацаваць прапушчаныя дні, за якія ім не плацілі заробак.
Сярод абавязальніцтваў Беларусі ў Балонскім працэсе значылася стварэнне незалежнага агенцтва кантролю якасці. У Беларусі гэтую функцыю выконвае дэпартамент Міністэрства адукацыі. Але — фокус-покус! — гэтая структура не можа выносіць прадпісанні ведамству, у склад якога ўваходзіць.
Паводле Грамадскага Балонскага камітэту, з усёй Дарожнай мапы Беларусь выканала толькі пару пунктаў, і гэта былі збольшага касметычныя змены, а ў прынцыповых момантах (як акадэмічныя свабоды і аўтаномія, выбары рэктара, рэформа размеркавання) не адбылося ніякіх зменаў.
У чым слабыя бакі Балонскага працэсу ўвогуле?
- Балонскі працэс мае каштоўнасці, але не мае прапісаных механізмаў, як іх абараняць; у ім няма інструментаў наўпроставага дзеяння, якія б дазвалялі вырашаць праблемы ў краінах-удзельніцах.
- Засяроджанне на бакалаўрыяце і малая ўвага да graduate studies. Але менавіта постбакалаўрыят судакранаецца з навукай і інавацыямі, так неабходнымі для эканамічнага росту.
- Часта абавязальніцтвы прапануюцца са значнымі агаворкамі, якія па сутнасці абнуляюць саму рэкамендацыю. Напрыклад, у Стратэгічным плане было сказана: «У выпадку, калі вышэйшыя заканадаўчыя і выканаўчыя органы РБ пачнуць уносіць змены ў праграмную палітыку развіцця сацыяльнага сектара, Міністэрства адукацыі РБ можа змяніць умовы імплементацыі мер, пазначаных у дадзеным Стратэгічным плане дзеянняў». Іншымі словамі, калі беларускія ўлады вырашалі, што няма сэнсу выконваць заяўленыя абавязальніцтвы, то гэта было дастатковай падставай для таго, каб гэтага не рабіць.
Дык можа, ён і не патрэбны Беларусі?
Калі мы збіраемся жыць сярод еўрапейскіх народаў, то было б няблага гаварыць з імі на адной мове: каб у нас была магчымасць узяць, напрыклад, курс урбаністыкі замест «ідэалогіі беларускай дзяржавы» або «гісторыі ВАВ»; дзяліцца ўражаннямі, як прайшоў Erasmus і колькі сяброў з розных краін мы прыдбалі падчас гэтага абмену; займець кваліфікацыю, арыентаваную на еўрапейскі рынак працы; і ўрэшце, каб не пужаць людзей гісторыямі пра тое, што рэктараў універсітэтаў прызначае прызідэнт, а за ўдзел у студэнцкай арганізацыі можна трапіць за краты.
Як казаў класік, можа, Балонскі працэс — гэта не ідэальная сістэма, але лепшай свет яшчэ не прыдумаў.
Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы Free Belarus Center.