Уводзіны
Сусветны дзень біяразнастайнасці адзначаецца 22 траўня. Хутчэй за ўсё вы нічога пра яго не чулі, бо людзям няёмка прызнаваць, што самы злосны вораг усіх біялагічных відаў на Зямлі — чалавек. Больш шкоды, чым наносіць планеце наш з вамі від, падобна, нанёс каля 60 мільярдаў год таму толькі метэарыт, які знішчыў дыназаўраў. Больш канкурэнтаў у нас няма.
Пры чым жа тут коцікі? Пры тым, што гэты прыгожы і цікавы біялагічны від паводзіць сябе дакладна як мы — забівае выключна таму, што можа. Што праз гэта адбываецца, чытайце ў нашым артыкуле і рабіце высновы.
Ты нам не родны. Чаму каты так і не сталі сябрам чалавеку
Каты жывуць побач з намі каля 10 тысячаў год. За гэты час чалавеча-каціныя стасункі мяняліся ад любві да нянавісці: катоў абагаўлялі ў старажытным Егіпце і забівалі ў сярэднявечнай Еўропе. Чалавецтва любіць не толькі пухнацікаў — нас таксама вабяць нездаровыя стасункі, таму сёння мы захраслі недзе паміж гэтымі скрайнасцямі. Як і раней, мы дрэнна клапоцімся пра тых, каго прыручылі. Ды мы нават з гэтай задачай не да канца справіліся!
Не так даўно навукоўцы прызналі цікавы факт: каты толькі напаўпрыручаны від. Гэтыя жывёлы лёгка адаптуюцца ў дзікім свеце і добра выжываюць і без чалавека. Падчас даследванняў чарнобыльскай зоны адчужэння біёлагі заўважылі, што хатнія каты куды хутчэй і прасцей прыстасаваліся да адзінокага жыцця, чым сабакі. Каты нават амаль выціснулі з харчовага ланцужка дробных мясцовых драпежнікаў — ліс.
Таксама навукоўцы даказалі, што каты не могуць падавіць свой інстынкт паляўнічага і будуць забіваць нават калі ім не хочацца есці. Лісічкі і ваўчкі таксама забіваюць, але на іх ніхто не глядзіць коса. Аднак ёсць нюанс: каты не жывуць выключна паляваннем. Нават дзікія каты-драпежнікі, якія ніколі і не жылі з чалавекам, могуць падсілкавацца з рук чулай бабулі ля пад’езда. Заўважце, мы нідзе не пісалі, што каты дурныя — гэтыя ідэальныя драпежнікі напоўніцу карыстаюцца магчымасцю ўзаемадзеяння з людзьмі. А значыць, не залежаць на 100% ад вынікаў свайго палявання, папуляцыя расце бескантрольна і не рэгулюецца так, як мусіла б рэгулявацца ў дзікай прыродзе. Даходзіць да праблем нацыянальнага масштабу.
Аўстралійскае змаганне
Ізаляваная экасістэма Аўстраліі церпіць ад кацінага свавольства сур’ёзныя страты. Каты з’явіліся на кантыненце не больш за 200 гадоў таму разам з еўрапейцамі і захапілі гэты сонечны кантынент. Сёння колькасць адзічэлых звярэй перавышае некалькі мільёнаў — куды больш, чым кенгуру, каалаў і іншых вамбатаў, якім наўпрост і пагражаюць пушысцікі са Старога Свету. Кожную хвіліну ў Аўстраліі ад кіпцюроў і зубоў катоў гіне каля 2 тысячаў птушак, дробных сысуноў, рэптылій. Урад вельмі сур’ёзна змагаецца з праблемай бадзяжных катоў: будуе платы вакол месцаў, дзе жывуць дзікія звяры, штрафуе тых, хто выпускае сваіх катоў на вуліцу, плаціць паляўнічым, што адстрэльваюць катоў, якія з’яўляюцца ў забароненых месцах.
Каралеўскае таварыства па прадухіленні жорсткага абыходжання з жывёламі (RSPCA), вядучая аўстралійская арганізацыя па абароне жывёл, падтрымлівае гэтыя захады і канстатуе: каля 40% адзічэлых катоў, што трапляюць у прытулкі, сканчваюць там свае дні. Проста не знаходзіцца адказных гаспадароў, якія згодныя клапаціцца пра гадаванцаў і іх бяспечнасць для навакольных. Большасць аддае перавагу спачуванню на адлегласці.
Катавірус крочыць па планеце
«У 1894 годзе наглядчык маяка Дэвід Лаял прыбыў на востраў Стывенс каля Новай Зеландыі з катом па мянушцы Ціблс. Крыху больш чым праз год на востраве Стывенс вымерла рэдкая эндэмічная птушка». Так пачынаецца кніжка амерыканскіх аўтараў навукоўца Пітара Р. Мара і пісьменніка Крыса Сентэла «Каціныя войны». Аўтары падкрэсліваюць: безадказнае стаўленне людзей да хатніх гадаванцаў прывяло да вялікіх праблемаў і дакладна прывядзе да яшчэ большых у будучыні. Ужо сёння амерыканскія гарады церпяць ад празмернага росту папуляцыі адзічэлых катоў. І справа не толькі ў тым, што ніводная сойка не можа падаць голас, калі на яе з драпежным апетытам паглядвае кацейка. Увесь свет для бескантрольных коцікаў — гэта не толькі шведскі стол, а яшчэ і вялікая прыбіральня. Праз экскрэменты васек і мусек пашыраюцца захворванні, небяспечныя ў тым ліку для людзей — таксаплазмоз і іншыя.
Натуральна, праблема не абмінае і беларусаў. На тое, што ў Беларусі няма гор, могуць наракаць толькі тыя, хто ігнаруе гару праблемаў, што расце ў нашай краіне. Пытанні, звязаныя з праблемамі гарадскіх жывёлаў, — адзін з камянёў у аснове гэтай гары.
Дык што рабіць? Паўстанне катоў не за гарамі?!
Дык якім чынам мы праміргалі гэтую каціную пагрозу? Няўжо сапраўды пухнатыя забойцы ўплываюць на разумовыя здольнасці людзей? Напраўду, нашы кагнітыўныя здольнасці істотна церпяць і без знешнега ўплыву. Асноўная прычына пашырэння «кацінай пагрозы» — безадказнае стаўленне да сваіх гадаванцаў.
Ветэрынары, абаронцы жывёлаў, навукоўцы раяць:
- Не выпускаць хатніх катоў на вуліцу. Гэта небяспечна, пагрозу ствараюць машыны, бадзяжныя сабакі, чужыя людзі.
- Прадухіліць магчымасць паляваць. Калі вы не можаце гарантаваць герметычнасць уласнага жылля і баіцеся, што ваш кот прасочыцца на вуліцу, набудзьце для яго ашыйнік са званочкам. Ён забяспечыць меншым жывёлам магчымасць схавацца і дасць ім шанц на жыццё. Калі не давяраеце званочкам, можа пашукаць адмысловыя антыпаляўнічыя накладкі.
- Не карміце дзікіх катоў. А калі вы ўжо ўзяліся за іх апеку (каты, якія выжываюць больш за некалькі месяцаў у гарадскіх умовах, менавіта дзікія, хатнія не могуць пратрымацца так доўга), то пачніце са стэрылізацыі. Хоць і стэрылізаваны кот можа паляваць, але прынамсі ён не павялічыць папуляцыю. Так, гэта дорага і больш складана, чым насыпаць на кардонку самы танны корм. Але так выглядае сапраўдная дапамога.
Коцікі робяцца гарадскімі паляўнічымі не таму, што яны злыя ці благія. А вось людзі пазбаўляюцца ад сваіх гадаванцаў менавіта з гэтай прычыны. Проста кінутыя хатнія каты не назавуць людзей жорсткімі забойцамі.