Гiды

Канцэрафобія: як трывога за здароўе можа яго падрываць

Канцэрафобія: як трывога за здароўе можа яго падрываць

Тэкст Марыя Хвайніцкая
Малюнак Ave

Марыя Хвайніцкая — беларуская лекарка-ЛОР. Скончыла ўніверсітэт у 2015, працавала ў дзіцячай паліклініцы і лор-аддзяленні 4 лякарні ў Менску. Стаж 7 гадоў. Валанцёрка-куратарка цэнтра рэабілітацыі ЛАНКА, Украіна.

«Мне здаецца, цяпер у кожнага рак». «Я наогул планаваў памерці, займаючыся экстрэмальным спортам, а не ад раку, калі ласка». Такія паведамленні я ўжо двойчы ў гэтым месяцы атрымала ад сяброў, якія раней не выказвалі заклапочанасці сваім фізічным здароўем. Гэта лагічна: рак — хвароба сур’ёзная, лячэнне доўгае, а прагноз не заўсёды добры. Усе гэтыя фактары правакуюць значны эмацыйны водгук, што прыводзіць да ўзнікнення фобіі.

Што такое канцэрафобія?

Гэта дакучлівы страх захварэць на рак. Галоўнае слова — дакучлівы. Безумоўна, у той ці іншай меры ўсе людзі жадаюць пазбегнуць хваробы, але пра канцэрафобію варта думаць, калі страх стае настолькі моцным, што папросту замінае нам жыць. Існуе шмат «чырвоных сцяжкоў», але на што трэба сапраўды звярнуць увагу?

  • Вы старанна пазбягаеце мікрахвалёвак, хаваеце тэлефон у іншы пакой, кладучыся спаць, а перад тым як арандаваць кватэру, старанна правяраеце мясцовасць у радыусе 30 км на наяўнасць ЛЭП. Вы здаяце аналіз крыві кожны тыдзень, а сіняк пасля падзення з ровара выклікае непераадольнае жаданне зрабіць МРТ, бо выглядае ён сумнеўна (з вашага боку);
  • Вы пазбягаеце любога згадвання хваробы, робячы выгляд, што такой праблемы ў свеце не існуе, але пры гэтым адмаўляецеся ісці да лекара/здаваць аналізы, нават калі нешта турбуе, таму што «а калі знянацку яно?».

Што рабіць?

Пачынаем з шакавальнай інфармацыі. Бясконца абследавацца з меркаванняў «рак не пройдзе» — не найлепшая ідэя. Пухліны кожнага асобнага органа адрозніваюцца адна ад іншай, і каб выключыць усе, давядзецца здаваць аналізы і праходзіць абследаванні практычна пастаянна, у тым ліку шмат разоў рабіць КТ, атрымліваючы рэнтген-апраменьванне (а мы ведаем, чаму гэта небяспечна, іранічна, ці не так?).

  • Варта набрацца мужнасці і прызнаць той факт, што рак — гэта па сутнасці мутацыя клетак. І яна ўвесь час адбываецца, заўсёды, проста цела паспявае з гэтымі працэсамі своечасова разбірацца, таму што мае рэсурс. Калі рэсурсу няма (у сілу розных працэсаў: натуральнага старэння, працяглага ўздзеяння шкодных фактараў), мутацыя становіцца некантраляванай, развіваецца анкалагічнае захворванне.
  • Вядома, мы не рэкамендуем ігнараваць відавочныя праблемы, але ў якасці прафілактыкі выдатна пасуе штогадовы мінімальны чэк-ап і ўважлівае да сябе стаўленне (не трэба па-філасофску меркаваць «само пройдзе», калі нешта баліць/цісне/з’явілася там, дзе быць не павінна, і працягваецца два тыдні і больш). І калі падчас чэк-апу змен не знайшлося, то варта сказаць мутацыям «не сёння» і падзякаваць свайму целу за стойкасць, узнагародзіўшы яго паходам у лес, напрыклад (або што яму больш падабаецца).
  • Калі трывога за ўласнае здароўе не знікае і праяўляе надзвычайную ўстойлівасць, то прыйшоў час здабыць над ёй кантроль. Важна зразумець, што чым больш мы чакаем, што наш эмацыйны стан самастойна прыйдзе ў норму, тым больш мы занураемся ў канцэрафабічную дрыгву, і тым складаней з яе выкарасквацца. Безумоўна, можна пачаць аднаўленне самастойна: трэніраваць усвядомленасць, мысліць пазітыўна і вучыцца практыкам рэлаксацыі. Нашай мэтай стае паступовае зніжэнне градуса трывогі.
  • Пры гэтым выключна важна заставацца сумленным з сабой: у выпадку, калі наша фобія не паддаецца ніякім нашым самастойным процідзеянням, своечасова звярнуцца па дапамогу. Канцэрафобія падлягае псіхатэрапеўтычнаму лячэнню гэтаксама паспяхова, як і ўсе іншыя фабічныя разлады. Часам псіхатэрапія спалучаецца з фармакалагічнай падтрымкай, але не трэба гэтага пужацца, таму што значна небяспечней дазваляць канцэрафобіі дыктаваць свае правілы і браць кантроль над жыццём.