Гiды

ТОП-6 летніх трэндаў для беларусаў

ТОП-6 летніх трэндаў для беларусаў

Малюнак Ave

Тут будзе не пра порткі з нізкай пасадкай і не пра стыль фармкор — гэта вы і без Сойкі ведаеце. Апошнія гады прывучылі многіх з нас па-мінімуму ўкладацца ў матэрыяльныя рэчы, а калі ўжо надта хочацца — дык у нешта сапраўды больш унікальнае або неабходнае, што значна паляпшае ўзровень жыцця і радасць ад яго. Сойка сабрала шасцёрку невідавочных тэндэнцый гэтага лета і пашукала, чым нам тут дапамогуць беларускія вытворцы і прадукты.

Насіць на сабе беларускае мастацтва

Глабальна трэнд гэты не новы: памятаеце, як у 2020-м уся Беларусь хадзіла ў цішотках з суцінаўскай Евай, як калісьці ў 90-я з Дыкапрыё? Нічога нікуды не знікла, і нават болей: адзення з творамі нашага мастацтва становіцца ўсё болей. Гэта як адсылкі да вядомых твораў і аўтараў (з такім любіць гуляцца брэнд LSTR, які нядаўна выпусціў хітовую цішотку «Dabranač» з алюзіяй на маляваныя дываны, або байка-бэстсэлер «Коткі над горадам» з прыветам Марку Шагалу), так і непасрэдна выявы карцін беларускіх мастакоў, якія выкарыстаў «Марк Фармэль», зрабіўшы лімітаваную калекцыю ў калабарацыі з Нацыянальным мастацкім музеем.

Насіць ката ў мяшку (жартуем — у заплечніку)

Многім беларускім катам давялося апошнім часам пападарожнічаць, і магчыма, супраць іх волі. Аднак ёсць такія цікаўныя да свету асобіны, які зусім і не супраць вандровак. Бачылі відэа ў ціктоках з інстаграмамі, дзе кот падарожнічае з гаспадаром на мапедзе? Калі ваш яшчэ не настолькі бясстрашны, але ў цэлым не супраць убачыць свет, можна паспрабаваць вандроўку з адмысловым каціным заплечнікам. Крутыя варыянты з ілюмінатарам або з цэлым «акном у падлогу» можна знайсці ў Catsy.by.

Насіць на сабе абрысы Беларусі

Незалежна ад таго, унутры вы ці не, для многіх прыемна мець на целе непасрэдны напамін пра радзіму. Але калі татуіроўкі — не ваша тэма, аднак вы сябруеце з упрыгожаннямі — то гэта выйсце. Яшчэ ў 2020-м брэнд Belaruskicry выстраліў сваім кулонам, цяпер там шмат усяго: і пярсцёнкі, і завушніцы, і ўсялякія розныя падвескі — і з «Ў», і з «BY». У брэнда Volny_kraj можна прыдбаць эмаліяваны кулон «Малая Радзіма» або абрысы Беларусі з назвай сваёй мясцовасці.

Наносіць на сябе крэм з SPF правільна

Летам асабліва варта памятаць пра абарону ад сонца — і не толькі на пляжы. І на твар крэм з SPF трэба наносіць кожны дзень, калі праводзім час па-за домам. Тут не будзе дастаткова SPF у складзе вашага танальнага або ВВ-крэма: паводле апошняй тэндэнцыі, крэм з прыстойнай абаронай (SPF ад 30) варта ўжываць паводле «правіла двух пальцаў», гэта значыць: наносіць на твар столькі крэму, колькі змяшчаецца на вашых указальным і сярэднім паліцы (цэлых пальцах, а не іх падушачках!). Прыстойныя крэмы з SPF робіць беларускі брэнд Sativa.

Насіць натуральную сівізну

Гэта калісьці гугл завальвалі запытамі «як замаскаваць сівізну» — сёння ж модныя цікток-каларысты прапануюць неверагодныя тэхнікі па «інтэграцыі сівізны» ў складана асветленыя шавялюры, блогеркі хваляцца, што перасталі зафарбоўваць сваё «срэбра» — і ўрэшце пабачылі сябе сапраўдных, а касметычныя карпарацыі, у тым ліку Belita, апроч фарбаў для замалёўвання сівізны, прапануюць прадукты па доглядзе за ёй. Карацей, silver is the new black.

Рабіць бульбако

Ажно дзіўна, што мы не дадумаліся да гэтага раней. Пошук раслінных альтэрнатываў малака пакуль што быў дастаткова дарагім. Соевае, міндальнае, рысавае ці какосавае — не ў кожнай краме і не на кожны гаманец. Ніхто не чакаў, але на сцэну раптоўна выкацілася нашая старая каляжанка. У бульбяным малаку няма халестэрыну, лактозы і ёду, мала цукру і тлушчу. У Швецыі, Ірландыі і Вялікабрытаніі бульбяны напой прадаецца ў крамах пад брэндам DUG, у нас жа давядзецца рабіць яго самастойна, пакуль адзін з лікёра-гарэлачных заводаў не пераабсталююць пад бульбако.

Як яго прыгатаваць?

  • Зміксуйце блэндарам 200 гр варанай бульбы разам з 4 шклянкамі адвару
  • Дадайце 4 лыжачкі меленага міндалю, крыху кляновага сіропу або стэвіі, для смаку — ваніліну.
  • Калі састыне — працадзіце і піце як звычайнае малако.