Гiды

Як падрыхтавацца перасякаць беларускую мяжу

Як падрыхтавацца перасякаць беларускую мяжу

Вандроўкі робяць наша жыццё непаўторным, а вяртанне дае магчымасць нанова палюбіць знаёмыя мясціны. Для тых, хто перасякае беларускую мяжу ў любым напрамку, уся гэтая сентыментальна-прыгодніцкая гісторыя можа мець куды больш адценняў шэрага, чым хацелася б. Як падрыхтавацца да дыялогу з беларускімі афіцыйнымі службамі падчас пераходу межаў, чытайце ў гайдзе Сойкі.

Усе парады, якія дае Сойка і ейныя сябры-праваабаронцы, грунтуюцца больш не на прававых момантах, а на ўражаннях і словах тых, хто перажыў падобны досвед. На жаль, юрыдычныя падыходы больш не працуюць у зносінах з беларускай дзяржавай. Таксама мы заклікаем тых, хто ўжо быў асуджаны, мог трапіць на пратэснае фота, пакінуць непажаданы каментар, данаціў у BYSOL праз Facebook, і іншых асобаў, якія нават тэарэтычна могуць выклікаць цікавасць з боку сілавікоў, устрымацца ад вяртання ў Беларусь. А пры неабходнасці пакінуць межы краіны, кансультавацца са службамі эвакуацыі.

Што можна везці

Існуе спіс рэчаў, якія нельга правозіць ні праз адну мяжу любой дзяржавы. Гэта незарэгістраваная зброя, наркотыкі, вялікія суммы наяўных грошаў і гэтак далей. Але ў Беларусь і з Беларусі лепш НЕ ВАЗІЦЬ з сабой і наступныя, на першы погляд, нявінныя рэчы:

  • любую «экстрэмісцкую» прадукцыю: кнігі, часопісы, газеты, налепкі, сцяжкі, сімволіку і г.д.
  • фота- і відэатэхніку ў вялікім аб’ёме (дзве камеры, тры аб’ектывы і г.д.)
  • хімічныя рэчывы
  • вопратку і прадметы белага і чырвонага колеру
  • цацкі для дарослых

Калі існуе імавернасць, што вы можаце выклікаць цікавасць сілавікоў, лепш задэкларуйце дарагую тэхніку, якую вы перавозіце праз мяжу. Нават калі яна вашая і была ў выкарыстанні. Захоўвайце дэкларацыю падчас усёй паездкі!

Як быць з гаджэтамі

Гаджэты — самае ўразлівае месца сучаснага чалавека, асабліва, калі даводзіцца сутыкацца з тымі, хто ведае, што і дзе яны хочуць знайсці. Памятайце, што на мяжы ў вас могуць:

  • праверыць падпіскі ў Telegram, YouTube, Facebook, Instagram
  • прагледзець гісторыю паведамленняў у мэсэнджарах
  • праверыць фотаздымкі ў тэлефоне
  • прагартаць пошту (і нават інфармацыю на гугл-дыску)
  • праверыць асабістыя дадзеныя на старонках у сацыяльных сетках
  • часам нават наяўнасць аплікацыі VPN на смартфоне можа выклікаць пытанні

Як абараніць свае гаджэты ад непажаданай увагі, вы можаце прачытаць у нашым гайдзе. І памятайце, што цікавіцца сілавікі могуць не толькі смартфонамі, а лаптопамі, планшэтамі і нават смарт-гадзіннікамі.

Калі запрашаюць на гутарку

Сёння на гутарку могуць выклікаць любога чалавека незалежна ад палітычнага бэкграўнду. Таму варта быць маральна падрыхтаванымі да таго, што менавіта вашая асоба будзе абраная для размовы з сілавікамі тэт-а-тэт.

У такой сітуацыі памятайце:

  • Не хвалюйцеся, наколькі гэта магчыма. Размова не роўная затрыманню.
  • Не хаміце, гэта само па сабе можа стаць нагодай для адміністрацыйнага працэсу.
  • На жаль, не спрабуйце апеляваць да закона, высвятляць імёны, пасады і падставы для гутаркі. Як бы дзіка гэта ні гучала, але гэта можа нашкодзіць.
  • Вядома, кожны вырашае сам, аднак лепей не згадваць пра свой грамадзянскі або палітычны досвед. Хадзілі на маршы? Данацілі на полк Каліноўскага ці на патрэбы ЗСУ? Лепей адказваць «не» без падрабязнасцяў.
  • Будзьце акуратныя з хлуснёй. Калі вас пытаюць, напрыклад, ці знаёмыя вы з тым ці іншым чалавекам, і ваш адказ па праўдзе мусіць быць станоўчым, лепш адказаць, што не памятаеце, чым адмаўляцца ад фактаў.
  • Не кажыце, што візу вам рабілі пры дапамозе міжнародных праваабарончых арганізацый.
  • Майце гатовыя нейтральныя адказы на верагодныя пытанні: «Што рабілі ў 2020 годзе? Ці падтрымліваеце вайну?»

Замежнікам бяспечна?

Памятайце: нават калі вы маеце грамадзянства іншай краіны, акрамя беларускага, яно можа не абараніць вас ад рэпрэсіяў. Узгадайце кейс палітзняволенай Наталлі Хершэ, якая мела беларускае і швейцарскае грамадзянства і ўсё роўна атрымала тэрмін у калоніі.

Замежны від на жыхарства не толькі не дае дадатковай абароны, а наадварот, можа нашкодзіць. Лепш увогуле не вазіць у Беларусь такія дакументы, як, напрыклад, студенцкі білет ЕГУ.

Людзі, якія ніколі не мелі беларускага грамадзянства, таксама не ў стоадсоткавай бяспецы. У апошнія месяцы СМІ паведамлялі пра спробы беларускіх спецслужбаў завербаваць замежнікаў. Таксама з імі праводзяць гутаркі і часам ім адмаўляюць ва ўездзе ў краіну.