Гiды

Што паслухаць: 8 падкастаў па-беларуску

Што паслухаць: 8 падкастаў па-беларуску

Малюнак Ave

Нашы б вушы такога не чулі. Паводле свежай брытанскай статыстыкі, сабранай кампаніямі Ofcom і Rajar, палова дарослага насельніцтва краіны хаця б раз слухала падкасты, а амаль траціна робіць гэта рэгулярна. Леташняя апытанка Share of Ear паказала, што ў ЗША падкасты штодня ўключаюць каля 18% слухачоў. Падчас гэтага найчасцей яны прыбіраюцца ў хаце, едуць на працу або займаюцца ў спартзале.

У нас жа падкаст як від усё яшчэ экзатычны. Хаця ягоныя аматары стварылі Belarus Podcast Hub у інстаграме і «Беларускія падкасты» ў тэлеграме, дзе пішуць, як слухаць і як ствараць падкасты. Надзяваем навушнікі і вылятаем у аўдыясвет.

Бонус: адмыслова для тых, хто сумняецца, Сойка прымусіла аўтараў падкастаў растлумачыць, навошта ім усё гэта.

Як я без цябе тут

Падкаст пра жыццё ў эміграцыі вядзе з Вільні Яўген Ігнацьеў. Ён запрашае на гутарку беларусаў замежжа і абмяркоўвае з імі самыя розныя аспекты жыцця на чужыне: як будаваць рамантычныя стасункі з замежнікамі, сацыялізавацца ў маленькіх супольнасцях у межах дыяспары, легалізавацца і інтэгравацца ў мясцовае грамадства і пры гэтым выхаваць дзетак беларусамі.

Каму будзе цікава:

Найперш беларусам Замежжа, асабліва свежай хвалі эміграцыі і тым, хто рыхтуецца да пераезду, а таксам беларусам у Беларусі, каму цікава ведаць пра ўсе мітрэнгі тых, хто з’ехаў.

Яўген Ігнацьеў:

Я люблю даволі доўгі і падрабязны кантэнт, нават з вялікімі аб’ёмамі вады, таму ў мяне нават у парадах у ютубе шмат відэа па 40-90 хвілін даўжынёй. Аднак іх прагляд займае шмат часу, а я не магу не глядзець відэа, калі там ёсць карцінка. А вось падкасты цудоўна спалучаюцца з іншымі справамі, асабліва штодзённымі, дзе не трэба надта шмат думаць. Вельмі зручна!

Большасць людзей аддае перавагу візуальнаму кантэнту, нават пры наяўнасці аўдыядарожкі. А падкасты — гэта, па сутнасці, радыё цяперашняга часу, як і ютуб — цяперашняе тэлебачанне. Падкасты — гэта нішавы жанр не толькі для Беларусі, але і для заходніх медыяў. Проста там падкасты ўжо знайшлі сваю аўдыторыю, а ў нас яшчэ іх не настолькі шмат. Трэба, каб прайшоў час. Я ўпэўнены, што яны знойдуць сваё месца пад сонцам, як гэта адбылося ў Расеі і ва Украіне. У Літве шмат папулярных падкастаў не толькі ад незалежных стваральнікаў, але і ад дзяржаўных медыяў. Гэта проста новы фармат для Беларусі, якому трэба пазмагацца за сябе ў беларускай рэчаіснасці.

Гісторыя беларускага сэксу

Вядзе падкаст пра беларускі сэкс і фальклор Даша Гардзейчык, якая запрашае да сябе сувядоўцаў з гістарычнай і фалькларыстычнай адукацыяй. У трэцім сезоне падкаст перайшоў на беларускую мову і прывабіў новых слухачоў. Тут можна даведацца, навошта было захоўваць цнатлівасць да вяселля, ці была прастытуцыя ў ВКЛ і што не так з лебедзямі на караваі.

Каму будзе цікава:

Усім, хто цікавіцца беларускімі традыцыямі, у прыватнасці, тымі, што тычацца сэксуальнасці.

Даша Гардзейчык:

Я вельмі люблю падкасты, бо для мяне гэта выдатны спосаб атрымліваць інфармацыю, калі занятыя рукі ці вочы: калі ідзеш на шпацыр ці мыеш посуд, напрыклад. Мозг вольны для ўспрыняцця інфармацыі (ці навуковай, ці забаўляльнай — не так важна), але глядзець ці чытаць нешта не атрымліваецца.

Няма адназначнага адказу, чаму ў Беларусі падкасты не настолькі папулярныя, як у ЗША, напрыклад. Магчыма, таму, што ў нас не асабліва развітая традыцыя забаўляльнага радыё, дзе былі б не навіны, музыка і прывітанні ад слухочоў, а менавіта доўгія аўдыяпраграммы. У ЗША, напрыклад, падкасты нарадзіліся пераважна з такога радыёфармату. Аднак, гэта не прысуд: мы можам паказваць беларус_кам, што падкасты — файны спосаб спажывання кантэнту.

Забі зяпу

Жывыя гутаркі пра тэмы, якія хвалююць моладзь: анлайн-знаёмствы і спатканні, сепарацыя і асабістыя межы, сузалежнасць і адзінота, пошукі псіхолага і пошукі працы. Сябры Даша і Уладзь разважаюць пра талент і наколькі ідэя таленту перашкаджае знайсці сябе, што такое вера і дзе яе шукаць цяпер, як не асуджаць сябе за думкі пра эміграцыю і як жыць з пачуццём сораму.

Каму будзе цікава:

Усім, хто гатовы слухаць шчырыя размовы пра сур’ёзныя пытанні з ужываннем сучаснага слэнгу.

Даша і Уладзь:

Падкасты — гэта нашая самая велізарная любоў, таму што яны адкрываюць магчымасць шчыра ды незалежна расказваць крутыя гісторыі тысячам людзей.

Чаму падкасты не так папулярныя ў Беларусі? Гэта вялікая таямніца, таму што па ўсім свеце іх слухаюць усё больш людзей, у Еўропе гэта ўжо амаль кожны другі, асабліва сярод моладзі. Магчыма, таму што беларусам не хапае крутога кантэнту пра іх саміх. Мы спрабуем акурат вырашыць гэтую праблему.

Белліт

«Белліт» — першы беларускі падкаст пра літаратуру, які вядзе Наста Карнацкая — філолаг і актыўная папулярызатарка кніжнай культуры Беларусі. Пасля перапынку Наста аднавіла свой падкаст і праз паўгода маўчання зноў разважае пра літаратуру з гасцямі і без. Чыстае беларускае вымаўленне, разуменне, як слушна ставіць націск у прозвішчах пісьменнікаў і назвах іх кніг (напрыклад, ФіцджЭралд і КрАбат) і, вядома, цікавыя факты з літаратуры, гісторыі перакладаў і выдання кніг. Наста запісвае выпускі на актуальныя тэмы: пра радыяцыю, скрадзены помнік Ларысы Геніюш, кнігі Стывена Кінга, якія неўзабаве з’явяцца ў перакладзе на беларускую мову, і нейрасеткі.

Каму будзе цікава:

Усім, хто цікавіцца літаратурай, прычым не толькі беларускай, і любіць якасныя падкасты з цудоўнай беларускай мовай.

Наста Карнацкая:

У падкастах мяне вабіць тое, што я магу слухаць іх практычна ў любой сітуацыі: калі проста гуляю па вуліцы, мыю посуд ці займаюся спортам. Да таго ж, амаль кожны можа знайсці сабе падкаст па душы, бо іх існуе мноства, нават на самыя экзатычныя тэмы. Я бачу, як за апошнія гады ўзрасла цікавасць да падкастаў і ў Беларусі, бо з’яўляецца ўсё больш цікавага беларускамоўнага кантэнту. І прыемна мець да гэтага дачыненне.

Студэнцкі падкаст САМі

Студэнты розных творчых ВНУ Менску дзеляцца сваімі ўражаннямі ад вучобы, асяродзя і студэнцкага жыцця. Мэта гэтага падкасту — паказаць, як развіваецца беларуская адукацыя і куды ісці творчай моладзі, каб рэалізаваць свой патэнцыял. За два сезоны ў студыі пабывалі студэнты самых розных факультэтаў і аддзяленняў: керамісты, рэжысёры, дызайнеры, культуролагі, журналісты, фатографы, філосафы, архітэктары, бубначы і нават стэндаперы.

Каму будзе цікава:

Абітурыентам, студэнтам і тым, хто ўжо выпусціўся, але хоча акунуцца ў настальгію па студэнцкіх часах.

Каця:

Падкасты — гэта як слухаць гутарку сяброў, але без патрэбы ўдзельнічаць у размове. Падабаецца, што ў падкастах прысутнічае жывасць і экспромт: у тэкставых матэрыялах такога не знойдзеш. Пад падкасты можна паралельна рабіць розныя справы: і працаваць, і займацца актыўным спортам, і проста адпачываць на канапе.

Белліт пад піва

Падкаст вядуць тры дзяўчыны — Тоня, Соня і Наста, а часам яшчэ запрашаюць на запіс гасцей: напрыклад, Анхелу Эспіносу Руіс — і гэта чыстае задавальненне слухаць іспанку, якая гутарыць па-беларуску. Дзяўчаты ўжо распачалі чацвёрты сезон, і пад піва абмяркоўваюць унукатэрапію паводле рамана Касцюкевіча, гвалт і наркотыкі паводле твораў Станкевіча, ваўкалакаў і крутых жанчынаў паводле творчасці Людмілы Рублеўскай. Гэта шматгалоссе, якое вельмі нагадвае шумную гутарку ў бары.

Каму будзе цікава:

Усім, хто любіць піва і літаратуру, а таксама слухаць разумных дзяўчат нападпітку.

Тоня, Соня і Наста:

Падкасты ідэальна пасуюць, каб слухаць іх падчас паўсядзённых заняткаў, асабліва калі гэта жанр жывой размовы, з жартамі й на цікавую тэму. Таксама нам здаецца, што падкасты ў Беларусі не менш папулярныя, чым у іншых краінах, і нават набіраюць вядомасць, асабліва на беларускай мове.

Цёмны лёс

Гэта беларускамоўны праект АйЦіБарады, у якім праграміст Аляксей Картыннік размаўляе з беларусамі пра іх зацікаўленні: пра музыку з Артурам Дзівія, пра фізіку са Святланай Волчак, пра распрацоўку мабільных праграм з Надзеяй Савіцкай, пра стэндап з Дзімам Нарышкіным, пра хімію з Янай Карслян.

Каму будзе цікава:

Усім, хто любіць паслухаць жывыя інтэрв’ю з вядомымі і самымі звычайнымі людзьмі, у кожным з якіх хаваецца нейкая адметнасць.

Аляксей Картыннік:

Падкасты набываюць папулярнасць сярод масавага карыстальніка апошнія некалькі гадоў, і вось нарэшце і ў беларусаў, таму ўсё яшчэ наперадзе!

Сам я раблю інтэрв’ю ужо больш за пяць гадоў, таму пачатак вытворчасці падобнага кантэнту на роднай мове быў вельмі натуральны ў маім выпадку. Люблю слухаць меркаванні іншых, менавіта таму мой улюблёны жанр — гэта размоўныя падкасты ды інтэрв’ю.

Вандра

Падкаст пра вандроўкі, экспедыцыі і любоў да нашай спадчыны і прыроды. Падчас пандэміі беларусы сталі больш цікавіцца лакальным турызмам, а цяпер вандроўкі па нашай краіне сталі формай унутранай эміграцыі для беларусаў у Беларусі. На думку аўтара Рамана Клеўжыца, турызм — гэта не толькі сядзібы і палацы, гэта яшчэ і людзі, якія дачынены да іх (не)развіцця, гэта традыцыі ў вёсках і разнастайнасць моўных культур рэгіёнаў, гісторыя мясцін і вартасцяў вакол нас. З падкасту Рамана Клеўжыца можна даведацца пра тое, у чым ёсць каштоўнасць беларускай вёскі, якой так не стае аўтару цяпер у эміграцыі, як даследаванне свайго роду прыводзіць да краязнаўства і чаму беларускія замкі і сядзібы стаяць у руінах.

Каму будзе цікава:
Усім, хто цікавіцца лакальным турызмам, беларускай гістарычнай спадчынай, вёскамі і расповедамі мясцовых жыхароў.

Раман Клеўжыц:

Падкасты мяне вабяць тым, што гэта больш лёгкая форма атрымаць інфармацыю, чым чытанне. Гэтая добрая альтэрнатыва музыцы, калі хочацца насыціцца нечым карысным.

Чаму гэта не вельмі папулярна ў Беларусі? Добрае пытанне, і пэўнага адказа не маю. На маю думку, ёсць праблема з развіццём культуры спажывання і развітасці грамадства. Мы да гэтай пары больш кансерватыўнае грамадства, людзі яшчэ не адышлі ад савецкасці. А чаму яно такое? Тут ужо праблемы выхавання гэтага грамадства, праблемы таго кірунку, у які нас паступова заводзілі і вядуць дагэтуль з 94 года. У краінах Заходняй і Цэнтральнай Еўропы бізнэсы запускаюць падкасты, а гэта ўжо наступная ступень культуры спажывання. Мы яшчэ на першай ступені адной нагою стаім. Аднак ёсць пэўная станоўчая дынаміка і ў аўдыяпадкастах, і ў відэападкастах, таму ўпэўнены, што культура спажывання сфармуецца.