Гiды

Як абараніць гаджэты ад непажаданых гасцей

Як абараніць гаджэты ад непажаданых гасцей

ДРУГАЯ, ПРАКТЫЧНАЯ ЧАСТКА ВЯЛІКАГА ГАЙДУ ПА ІНФАРМАЦЫЙНАЙ БЯСПЕЦЫ

Самы надзейны спосаб абараніць нашыя гаджэты (і інфармацыю, якую мы на іх захоўваем) ад непажаданых візітаў – не карыстацца гаджэтамі. Выкінуць тэлефон, закапаць кампутар на бязлюднай выспе. Але паколькі працаваць і адпачываць без гаджэтаў цяпер могуць толькі адзінкі, Sojka распрацавала падрабязную інструкцыю для вашага тэлефона ды кампутара, а таксама – правілы карыстання рознымі аплікацыямі. Гэтыя парады актуальныя для нас усіх – у Беларусі, і за яе межамі.

малюнкі cactuss.art

ГАДЖЭТЫ

Камп’ютар/лаптоп Windows

  • Пароль на ўваход

Як усталяваць: Значок Windows → Наладкі – Уліковыя запісы → Параметры ўваходу → Пароль → Дадаць

Каб праверыць, ці ўдалося вам дадаць пароль, заблакуйце камп’ютар, націснуўшы камбінацыю клавіш Windows + L. Цяпер пры кожным уваходзе ў сістэму Windows будзе запытваць у вас пароль.

 

  • Блакаванне экрана

Калі вам трэба ненадоўга адысці (асабліва гэта датычыцца працоўнага камп’ютара, калі вы працуеце не з дома), лепей блакаваць экран. Лаптоп для гэтага дастаткова проста закрыць, і тады пасля таго, як адкрыеце яго, ён запатрабуе пароль. Калі ў вас стацыянарны камп’ютар, то заблакаваць яго можна, націснуўшы камбінацыю клавіш Windows + L або клікнуўшы на знак Windows → імя карыстальніка → заблакаваць. Каб не рабіць гэта ўручную, можна наладзіць аўтаматычнае блакаванне.

Як усталяваць: Значок Windows → Наладкі → Персаналізацыя → Экран блакавання → Параметры застаўкі → паставіць галачку насупраць «Пачынаць з экрана ўваходу ў сістэму» і выбраць, праз які час бяздзейнасці будзе адбывацца блакаванне.

 

  • Паўнадыскавае шыфраванне

У Windows 10 убудаваная тэхналогія Bitlocker, якая дазваляе цалкам зашыфраваць накапляльнікі інфармацыі на вашым камп’ютары. Перад уключэннем шыфравання зрабіце рэзервовую копію дадзеных і падключыце прыладу да сілкавання. Увесь працэс можа заняць ад 30 хвілін да 18 гадзін. Працэс будзе адрознівацца ў залежнасці ад таго, ці ёсць у вашым камп’ютары ўбудаваны мікракантролер зберагання ключоў шыфравання TPM (Trusted Platform Module).

Як праверыць, ці мае ваш камп’ютар TPM? Значок Windows → Дыспетчар прылад → пашукайце, ці ёсць у спісе «Прылады бяспекі → Trusted Platform Module».

Калі TPM ёсць, то: Windows → Гэты ПК → Дыск С націснуць правай кнопкай і з меню выбраць «Уключыць Bitlocker» → у новым дыялогавым акне выбраць «Увядзіце пароль» → двойчы ўвядзіце пароль → выберыце «Шыфраваць толькі прастору, якая выкарыстоўваецца» (калі гэта новы камп’ютар) або «Шыфраваць увесь дыск» (калі камп’ютар ужо выкарыстоўваецца) → выберыце «Новы рэжым шыфравання» → запусціце праверку сумяшчальнасці сістэмы з Bitlocker (адбудзецца перазагрузка камп’ютара, падчас якога Bitlocker праверыць сістэму перад шыфраваннем) → пасля перазагрузкі ўвядзіце пароль для разблакавання дыска → пасля загрузкі сістэмы знайдзіце значок побач з гадзіннікам і запусціце яго. Калі ў вас больш за адзін дыск, гэтаксама зашыфруйце і астатнія.

Калі TPM няма, то перад крокамі, апісанымі ў папярэднім абзацы, зрабіце наступнае: Windows → увядзіце «gpedit.msc» → Enter (УВАГА: для запуску gpedit.msc неабходныя правы і пароль адміністратара) → адкрыйце дрэва каталогаў «Канфігурацыя камп’ютара → Administrative Templates → Windows Components → Bitlocker Drive Encryption → Operating System Drives» → знайдзіце і адкрыйце канфігурацыю з назвай Require additional authentication at startup → пастаўце галачку Enabled → OK. (Цяпер пераходзьце да дзеянняў, апісаных вышэй).

ВАЖНА: Абавязкова захавайце у файле або раздрукуйце ключ аднаўлення Bitlocker за межамі камп’ютара. Ён спатрэбіцца ў выпадку абнаўлення драйвераў ці калі вы забудзецеся пароль да Bitlocker. Ключ аднаўлення па ўзроўні сакрэтнасці раўназначны паролю – захавайце яго ў надзейным месцы і нікому не паведамляйце.

Камп’ютар/лаптоп MacOS

  • Пароль на ўваход

Як усталяваць: Значок яблыка → Сістэмныя параметры (System Preferences) → Бяспека і прыватнасць (Security and Privacy) → укладка Агульныя (General) → націсніце на замочак унізе → увядзіце пароль → выберыце чэкбокс “Запытваць пароль” (Require password) → выстаўце значэнне «Адразу» (immediately) або іншае, камфортнае для вас.

 

  • Паўнадыскавае шыфраванне

Камп’ютары з macOS маюць убудаваную ў аперацыйную сістэму тэхналогію шыфравання FileVault.

Як наладзіць: Значок яблыка → Сістэмныя параметры (System Preferences) → Бяспека і прыватнасць (Security and Privacy) → укладка FileVault → націсніце на замочак → увядзіце пароль → націсніце Turn on FileVault → выберыце, дзе захоўваць ключ аднаўлення FileVault (iCloud або іншае сховішча) → захавайце ключ аднаўлення FileVault.

ВАЖНА: Калі вы забудзецеся пароль або ваш дыск фізічна пашкоджаны, аднавіць дадзеныя можна будзе толькі з дапамогай ключа аднаўлення, таму захоўваеце яго ў бяспечным месцы. Калі вы захоўваеце ключ у iCloud, пераканайцеся, што воблачнае сховішча добра абароненае, а лепш не карыстайцеся ім для захавання важнай інфармацыі.

 

  • Сінхранізацыя ў iCloud

Разам з прыладамі Apple мы атрымліваем воблачнае сховішча iCloud, з якім прылада па змоўчанні сінхранізуецца. Таму, калі мы хочам быць упэўненыя ў абароненасці дадзеных на нашай прыладзе, варта таксама наладзіць абарону iCloud. Калі вы баіцеся разам з вашым лаптопам страціць фота, відэа, дакументы, кантакты і захаваныя паролі, варта выкарыстоўваць сінхранізацыю гэтых дадзеных у iCloud. Калі ж вы не хочаце, каб ваша інфармацыя з прылады трапляла ў воблачнае сховішча, сінхранізацыю варта адключыць. Але пераканацца, што менавіта сінхранізуецца, адназначна трэба.

Як праверыць, якія менавіта дадзеныя з вашага Macbook сінхранізуюцца ў iCloud? Значок яблыка → Сістэмныя параметры (System Preferences) → iCloud → праверце па паказчыку ўнізе панэлі, ці ёсць у вас у iCloud вольнае месца і якімі тыпамі дадзеных занятае сховішча → праверце, якія менавіта аплікацыі і файлы сінхранізуюцца з iCloud (фота, гісторыя прагляду і закладкі Safari, паролі, праграма Find My Mac), і адключыце тыя, якія вы не хочаце сінхранізаваць.

 

  • Find My Mac

Find My Mac – гэта дастасаванне Apple, якое дазваляе вам знайсці страчаную або скрадзеную прыладу або аддалена заблакаваць ці выдаліць усе вашыя дадзеныя. Для таго каб скарыстацца Find My Mac у патрэбны момант, спачатку трэба карэктна яго наладзіць, а сам камп’ютар павінен быць падключаны да інтэрнэту.

Як наладзіць: Значок яблыка → Сістэмныя параметры (System Preferences) → Бяспека і прыватнасць (Security and Privacy) → праверце, ці пазначаны чэкбокс «Enable Location Services» (калі не, то націсніце на замочак унізе, каб унесці змены, пасля чаго увядзіце ваш пароль да Mac і адзначце чэкбокс) → Значок яблыка → Сістэмныя параметры (System Preferences) → iCloud → знайдзіце іконку праграмы Find My Mac → адзначце чэкбокс і дазвольце праграме Find My Mac выкарыстоўваць ваша месцазнаходжанне.

Смартфон Android

  • Пароль на ўваход

Android дазваляе наладзіць розныя спосабы разблакавання экрана: «Правесці па экране», «Ключ», PIN і «Пароль».

«Правесці па экране» не дае ніякай абароны, любы чалавек зможа разблакаваць ваш тэлефон.

«Ключ» – гэта графічны малюнак, які з’яўляецца ненадзейным спосабам абароны (лёгка падгледзець, падабраць, адгадаць па слядах на экране і г. д.).
PIN – менш надзейны за пароль, паколькі дазваляе выкарыстоўваць толькі лічбы, але ўсё ж надзейнейшы за графічны ключ.

«Пароль» – самы бяспечны спосаб – вядома, калі вы выкарыстоўваеце надзейны пароль.

Як усталяваць або змяніць пароль на Android?

Наладкі → «Бяспека і месцазнаходжанне» (можа таксама называцца «Бяспека і канфідэнцыйнасць» або проста «Бяспека»), а ў ім пункт «Блакаванне экрана» (таксама ў меню «Наладкі» звычайна даступны пошук па ўсіх наладках тэлефона, паспрабуйце ўвесці туды слова «пароль») → сярод опцый «Правесці па экране», «Ключ», PIN і «Пароль» выберыце «Пароль» → увядзіце і пацвердзіце пароль → выберыце, як будуць паказвацца абвесткі на заблакаваным экране (рэкамендуем выбраць опцыю «Хаваць канфідэнцыйны змест»).

 

  • Адбітак пальца

Перш за ўсё, ацаніце, наколькі рэальнай з’яўляецца пагроза, што ваш апанент можа сілай прыкласці заблакаваны тэлефон да вашага пальца (спойлер: у беларускай сітуацыі гэта цалкам рэальна, таму мы рэкамендуем прыбраць гэтую опцыю).

Як наладзіць: Наладкі → «Бяспека і месцазнаходжанне» → «Лічбавы адбітак» → «Разблакаванне адбіткам» → «Скасаваць»

 

  • Апавяшчэнні на заблакаваным экране

На заблакаваным экране тэлефона могуць выводзіцца натыфікацыі аб новых лістах, паведамленнях у мэсэнджарах і г. д. Пры гэтым прынамсі часткова можа паказвацца тэкст самога паведамлення, і любы, да каго трапіць ваш тэлефон, можа чытаць гэтыя паведамленні, нават не ведаючы пароля. Таму дарэчы наладзіць апавяшчэнні так, каб на заблакаваным экране не паказваўся іх змест.

Як наладзіць: Наладкі → «Бяспека і месцазнаходжанне» → «Наладкі заблакаванага экрана» → выберыце пункт «На заблакаваным экране», а ў акне, якое адкрыецца, → «Хаваць канфідэнцыйны змест».

 

  • Паўнадыскавае шыфраванне

Як наладзіць: Наладкі → «Бяспека і месцазнаходжанне» → «Шыфраванне і ўліковыя дадзеныя» → «Зашыфраваць тэлефон» (або ў меню «Наладкі» звычайна даступны пошук па ўсіх наладках тэлефона, паспрабуйце ўвесці туды слова «шыфраванне»).

ВАЖНА: Паколькі шыфраванне – складаная працэдура, ёсць нязначная, але адрозная ад нуля рызыка, што ў працэсе згубяцца важныя дадзеныя. Таму перад пачаткам шыфравання варта абавязкова зрабіць рэзервовую копію ўсіх важных дадзеных.

 

  • Рэзервовая копія Android

Android дае магчымасць наладзіць рэзервовую копію вашага тэлефона, якая будзе ўтрымліваць дадзеныя аплікацый, гісторыю званкоў, кантакты, наладкі прылады і SMS. У выпадку неабходнасці вы зможаце аднавіць гэтыя дадзеныя, напрыклад, на новым тэлефоне. Пры гэтым трэба разумець: паколькі рэзервовая копія захоўваецца ў вашым уліковым запісе Google, вам варта належным чынам яго абараніць.

Як наладзіць: Наладкі → Сістэма → Рэзервовае капіраванне → уключыце опцыю «Запампоўваць на Google дыск».

 

  • Знайсці прыладу

У выпадку, калі ваша прылада страчаная або скрадзеная, то функцыя «Знайсці прыладу» можа дапамагчы вам высветліць месцазнаходжанне прылады, дыстанцыйна заблакаваць тэлефон і размясціць на заблакаваным экране паведамленні адвольнага зместу, выйсці з уліковага запісу і нават сцерці ўсе дадзеныя з прылады.

Як наладзіць: Наладкі → «Бяспека і месцазнаходжанне» → «Знайсці прыладу» → уключыць.

iPhone

  • Пароль на ўваход

Новыя версіі мабільных прылад Apple дазваляюць задаць 4-значны пін-код, 6-значны пін-код або кодавую фразу адвольнай даўжыні, Touch ID або Face ID для разблакавання экрана.

Як наладзіць: Параметры → Touch ID/Face ID і код допуску → Усталяваць код допуску (або Змяніць код допуску, калі ён ужо быў усталяваны раней) → увесці і пацвердзіць новы код допуску.

ВАЖНА: Пасля ўсталявання коду пракруціце ніжэй і знайдзіце пункт меню «Сцерці дадзеныя» – гэтая функцыя абараняе смартфон ад спробаў падабраць пароль. Калі 10 раз няправільна ўвесці пароль, усе дадзеныя надзейна выдаляцца. Гэта немагчыма зрабіць выпадкова, гуляючы з мабільнай прыладай ці ў кішэні. Пасля пэўнай колькасці няўдалых спробаў увесці пароль мабільная прылада заблакуе магчымасць уводзіць паролі на пэўны час. З кожнай памылковай спробай час блакавання будзе павялічвацца. Увогуле, для ўводу няправільнага пароля 10 раз запар патрабуецца каля 36 гадзін.

 

  • Touch ID/Face ID

Перш за ўсё, ацаніце, наколькі рэальнай з’яўляецца пагроза, што ваш апанент можа сілай прыкласці заблакаваны тэлефон да вашага пальца (спойлер: у беларускай сітуацыі гэта цалкам рэальна, таму мы рэкамендуем прыбраць гэтую опцыю).

Як наладзіць: Параметры → Touch ID/Face ID і код допуску → прыбраць усе пункты ў «Выкарыстоўваць Touch ID/Face ID для».

 

  • Апавяшчэнні на заблакаваным экране

На заблакаваным экране тэлефона могуць выводзіцца натыфікацыі аб новых лістах, паведамленнях у мэсэнджарах і г. д. Пры гэтым прынамсі часткова можа паказвацца тэкст самога паведамлення, і любы, да каго трапіць ваш тэлефон, можа чытаць гэтыя паведамленні, нават не ведаючы пароля. Таму дарэчы наладзіць апавяшчэнні так, каб на заблакаваным экране не паказваўся іх змест.

Як наладзіць: Параметры → Апавяшчэнні → у пункце «Паказваць перадпрагляд» выберыце «Калі разблакавана» (або зрабіце гэта ў меню кожнага асобнага дастасавання, змест паведамленняў з якога вы хацелі б схаваць).

 

  • Паўнадыскавае шыфраванне

Калі на вашай прыладзе (пачынаючы ад iPhone 4s) усталяваны надзейны пароль, які вядомы толькі вам, то ў выпадку крадзяжу або канфіскацыі зламыснікі не змогуць атрымаць доступ да інфармацыі на прыладзе. На практыцы лепш выкарыстоўваць апошнія мадэлі і прылад, якія маюць лепшае апаратнае забеспячэнне.

 

  • Сінхранізацыя ў iCloud

Разам з прыладамі Apple мы атрымліваем воблачнае сховішча iCloud, з якім прылада па змоўчанні сінхранізуецца. Таму, калі мы хочам быць упэўненыя ў абароненасці дадзеных на нашай прыладзе, варта таксама наладзіць абарону iCloud. Калі вы баіцеся разам з вашым лаптопам страціць фота, відэа, дакументы, кантакты і захаваныя паролі, варта выкарыстоўваць сінхранізацыю гэтых дадзеных у iCloud. Калі ж вы не хочаце, каб ваша інфармацыя з прылады трапляла ў хмарнае сховішча, сінхранізацыю варта адключыць. Але пераканацца, што менавіта сінхранізуецца, адназначна трэба.

Як праверыць, якія менавіта дадзеныя з вашага Macbook сінхранізуюцца ў iCloud?

Параметры → Apple ID (тут унізе экрана вы ўбачыце свае зарэгістраваныя прылады; калі там ёсць нейкая лішняя, выдаліце яе са свайго акаўнта) → iCloud → праверце па паказчыку ўнізе панэлі, ці ёсць у вас у iCloud вольнае месца і якімі тыпамі дадзеных занятае сховішча → праверце, якія менавіта аплікацыі і файлы сінхранізуюцца з iCloud (фота, гісторыя прагляду і закладкі Safari, паролі, Знайсці iPhone і ці поўная Архівацыя ў iCloud).

Як абараніць гаджэты ад непажаданых гасцей

АБАРОНА АПЛІКАЦЫЙ ДЛЯ ПЕРАПІСКІ

Цягам апошняга года ці не самым папулярным мэсэнджарам у Беларусі стаў Telegram. Па-ранейшаму народ карыстаецца таксама Viber i Facebook Messenger. Нехта ўжывае WhatsApp, хоць у нас гэта далёка не самы папулярны варыянт. Ну і тыя, каму вельмі залежыць на абароне звестак, маюць Signal. Ніжэй мы раскажам, што лепей выбіраць, калі клапоціцеся пра бяспеку, і як абараніць інфармацыю ў асноўных мэсэнджарах.

TELEGRAM

Лічыцца даволі бяспечным мэсэнджарам з мноствам функцый, недаступных у іншых, таму не дзіва, што ён хутка стаў вельмі папулярным. Аднак мы рэкамендуем лішні раз перастрахавацца і ўсталяваць дадатковую абарону.

  • Двухфактарная аўтэнтыфікацыя

Для таго каб пачаць выкарыстоўваць Telegram на новай прыладзе, вам трэба ўвесці код з SMS, які вы атрымаеце на свой тэлефонны нумар. Калі зламыснік можа зрабіць копію вашай SIM-карты ці перахопліваць вашы SMS, ён зможа зайсці ў ваш акаўнт Telegram, прачытаць гісторыю перапіскі і пісаць ад вашага імя.

Каб абараніцца ад падобнай атакі, трэба наладзіць двухфактарную аўтэнтыфікацыю. Гэта азначае, што для ўваходу на новай прыладзе вам трэба будзе ўвесці не толькі код з SMS, але і пароль, які прыдумалі і ведаеце толькі вы. І наадварот, калі зламыснік даведаўся ваш пароль, але не мае магчымасці атрымаць код уваходу з SMS, ён таксама не зможа ўвайсці ў ваш уліковы запіс.

Як наладзіць на Android?

  1. Націсніце тры вертыкальныя рыскі ў левым верхнім куце і выберыце пункт «Налады».
  2. У «Наладах» выберыце пункт «Канфідэнцыйнасць і бяспека».
  3. Знайдзіце пункт «Двухэтапная праверка» і выберыце «Усталяваць дадатковы пароль».
  4. Пасля гэтага Telegram прапануе вам ўвесці і паўтарыць пароль. Па жаданні можаце дадаць падказку (але не занадта відавочную для зламысніка).
  5. Па жаданні ўвядзіце email для скіду пароля. Варта выкарыстоўваць толькі абароненую пошту, на якой таксама наладзілі двухфактарную аўтэнтыфікацыю. Вы можаце прапусціць дадаванне пошты, але тады не зможаце аднавіць доступ да ўліковага запісу, калі забудзецеся пароль.

Як наладзіць на iPhone?

  1. Выберыце «Налады» (малюнак зубчастага колца) у ніжнім правым куце.
  2. У «Наладах» выберыце ўкладку «Канфідэнцыйнасць і бяспека».
  3. Выберыце пункт «Двухэтапная праверка» і ў наступным акне націсніце «Усталяваць дадатковы пароль».
  4. Пасля гэтага Telegram прапануе вам увесці і паўтарыць пароль. Па жаданні можаце дадаць падказку (але не занадта відавочную для зламысніка).
  5. Па жаданні ўвядзіце email для скіду пароля. Варта выкарыстоўваць толькі абароненую пошту, на якой таксама наладзілі двухфактарную аўтэнтыфікацыю. Вы можаце прапусціць даданне пошты, але тады не зможаце аднавіць доступ да свайго ўліковага запісу ў выпадку, калі забудзецеся пароль.

 

  • Сакрэтныя чаты

Па змоўчанні ўсе чаты ў Telegram не выкарыстоўваюць скразнога шыфравання. Гэта значыць, што сам Telegram бачыць змест вашай гутаркі з суразмоўцам, а гісторыя чатаў захоўваецца на серверах Telegram. Разам з тым Telegram дазваляе выкарыстоўваць «сакрэтныя чаты» – размовы са скразным шыфраваннем. У выпадку іх выкарыстання гутарка шыфруецца паміж вамі і суразмоўцам, Telegram не бачыць яе зместу, а гісторыя такіх чатаў не захоўваецца на серверах. Акрамя таго, пры выкарыстанні сакрэтных чатаў можна ўсталяваць таймер самазнішчэння паведамленняў. Зрабіць усе чаты ў Telegram «сакрэтнымі» па змоўчанні немагчыма. Іх кожны раз трэба ўключаць ўручную.

Як наладзіць на Android?

  1. Націсніце тры вертыкальныя рысы ў левым верхнім куце і выберыце пункт «Новы сакрэтны чат», пасля чаго выберыце кантакт, з якім хочаце пачаць гутарку.
  2. Пры выкарыстанні сакрэтных чатаў на Android блакуецца магчымасць зрабіць скрыншот акна чата (хоць нішто не перашкаджае, напрыклад, сфатаграфаваць экран мабільнага іншым тэлефонам).
  3. У сакрэтным чаце вы можаце наладзіць аўтазнішчэнне паведамленняў: усталяваць час, пасля якога ўсе паведамленні ў чаце будуць выдаленыя – як у вас, так і ў вашага суразмоўцы. Час аўтазнішчэння можна ўсталяваць ад 1 секунды да 1 тыдня.
    Для таго, каб уключыць аўтазнішчэнне паведамленняў, варта ў акне сакрэтнага чата націснуць на тры вертыкальныя кропкі, пасля чаго выбраць «Усталяваць таймер самазнішчэння».
  4. У акне, якое з’явіцца, выберыце жаданы перыяд самазнішчэння і націсніце «Гатова».

Як наладзіць на iPhone?

  1. У акне чатаў націсніце на значок пачатку новага чата ў верхнім правым куце, выберыце пункт «Новы сакрэтны чат», пасля чаго выберыце кантакт, з якім хочаце пачаць гутарку.
  2. Пры выкарыстанні сакрэтных чатаў на iPhone ёсць магчымасць зрабіць скрыншот акна чата, але аб зробленым скрыншоце будзе паведамлена суразмоўцу.
  3. У сакрэтным чаце вы можаце наладзіць аўтазнішчэнне паведамленняў: усталяваць час, пасля якога ўсе паведамленні ў чаце будуць выдаленыя – як у вас, так і ў вашага суразмоўцы. Час аўтазнішчэння можна ўсталяваць ад 1 секунды да 1 тыдня.
  4. Для таго каб уключыць аўтазнішчэнне паведамленняў, варта ў акне сакрэтнага чата націснуць на тры вертыкальныя кропкі, пасля чаго выбраць «Усталяваць таймер самазнішчэння».
  5. У акне, якое з’явіцца, выберыце жаданы перыяд самазнішчэння і націсніце «Гатова».

 

  • Ручное выдаленне перапіскі

Як наладзіць на Android?

  1. У акне чатаў зацісніце тую гутарку, якую хочаце выдаліць.
  2. У новым акне выберыце «Выдаліць».
  3. У наступным акне выберыце «Выдаліць чат».

Як наладзіць на iPhone?

  1. У акне чата націсніце на «Змяніць» у левым верхнім куце.
  2. Адзначце птушачкамі тыя чаты, якія вы хочаце выдаліць, і націсніце «Выдаліць» у правым ніжнім куце.
  3. У новым акне выберыце «Выдаліць».

VIBER

Viber – далёка не самы надзейны ў плане бяспекі спосаб камунікацыі (напрыклад, там няма двухфактарнай аўтэнтыфікацыі), таму калі карыстаецеся ім, рэкамендуем не весці ў ім перапісак, якія маглі б вам нашкодзіць, калі ваш тэлефон/камп’ютар трапіць у чужыя рукі. Калі з нейкіх прычын Viber вам патрэбны, то раім карыстацца наступнымі магчымасцямі.

 

  • Прыхаваныя чаты

Viber дазваляе схаваць асобныя чаты з агульнага спісу. Для гэтага ў акне агульнага спісу чатаў трэба заціснуць выбраную гутарку, а затым у новым акне выбраць «Схаваць чат». Пасля гэтага трэба прыдумаць 4-значны PIN-код, з дапамогай якога можна будзе адкрыць схаваны чат. Для гэтага ў полі для пошуку агульнага акна чатаў трэба ўвесці выбраны PIN-код.

 

  • Аўтазнішчэнне паведамленняў

Viber дае магчымасць усталяваць час, па заканчэнні якога ўсе паведамленні ў чаце будуць выдаленыя – як у вас, так і ў вашага суразмоўцы. Час аўтазнішчэння можна ўсталяваць ад 1 секунды да 1 тыдня. Такая функцыя існуе толькі ў «сакрэтных чатах».

Для таго каб пачаць сакрэтны чат, трэба ў акне звычайнага чата з суразмоўцам націснуць на тры вертыкальныя кропкі ў правым верхнім куце, а затым выбраць опцыю «Адкрыць сакрэтны чат». Пры стварэнні новага сакрэтнага чата, таймер аўтазнішчэння аўтаматычна ўсталёўваецца на 1 хвіліну, вы можаце змяніць гэтае значэнне, націснуўшы на значок з выявай гадзінніка.

 

  • Адмова ад рэзервовага капіявання размоў

Для таго каб у пачатку працы на новай прыладзе вы маглі аднавіць сваю гісторыю гутарак з кантактамі, Viber прапануе вам захоўваць гісторыю гутарак у воблачным сховішчы на Google-дыску, калі ў вас Android, або ў iCloud, калі ў вас iPhone. Важна разумець, што там гэтыя гутаркі захоўваюцца ў незашыфраваным выглядзе, і той, хто мае магчымасць адначасова зайсці ў ваш рахунак Viber і Google/iCloud, зможа аднавіць гісторыю вашых гутарак. Паглядзець наладкі рэзервовага капіявання гутарак можна ў мабільным дастасаванні. Спачатку трэба націснуць на тры вертыкальныя лініі ў куце, а затым выбраць пункт «Параметры → Уліковы запіс → Рэзервовая копія Viber». Калі вы хочаце адключыць захаванне рэзервовых копій, варта выбраць пункт «Рэзерваваць на Google Дыск/iCloud» і выбраць опцыю «Ніколі».

 

  • Адмова ад аўтазахавання медыя

Выявы, відэа і дакументы, якія вы атрымліваеце ад суразмоўцаў, па змоўчанні могуць загружацца на ваш тэлефон. Гэта можа быць небяспечна, калі гаворка ідзе пра пэўныя фота і відэа, а ваш тэлефон можа трапіць у рукі зламыснікам. Мы раім адключыць аўтазахаванне медыя. Спачатку трэба націснуць на тры вертыкальныя палоскі ў куце, а затым выбраць пункт «Параметры → Медыя». Кнопкі ў пунктах «Аўтаматычна запампоўваць дадзеныя ў сетках мабільнай сувязі» і «Аўтаматычна запампоўваць дадзеныя пры наяўнасці падлучэння да сеткі Wi-Fi» павінны быць неактыўнымі.

FACEBOOK MESSENGER

Разам з абаронай прыватных гутарак, карысна будзе абараніць і сам акаўнт у Facebook.

 

  • Двухфактарная аўтэнтыфікацыя

Як наладзіць?

  1. У акне Facebook націсніце чорную стрэлку ў правым верхнім куце, а ў меню, якое з’явілася, выберыце «Налады і канфідэнцыйнасць» – «Налады».
  2. На новай старонцы выберыце ўкладку «Бяспека і аўтарызацыя». Прагартайце ўніз, пакуль не ўбачыце надпіс «Выкарыстанне двухэтапнай праверкі». Націсніце на кнопку «Рэдагаваць». Таксама гэта можна зрабіць па спасылцы.
  3. Вы ўбачыце акно з тлумачэннем, што такое двухфактарная аўтэнтыфікацыя, а ніжэй Facebook прапануе спосабы абароны: sms-паведамленне або аплікацыя. Калі вы выбіраеце адзін са спосабаў аўтэнтыфікацыі, часам Facebook можа папрасіць увесці пароль, каб пераканацца, што гэта сапраўды вы, а не зламыснік.
  4. Для таго каб атрымліваць другі фактар з дапамогай sms-паведамлення, выбірыце опцыю «SMS» і націсніце «Далей». Калі ў вас прымацаваны нумар тэлефона – выберыце яго ці іншы нумар. У наступным акне ўвядзіце свой нумар тэлефона, на які прыйдзе код пацверджання. Увядзіце гэты код у наступным акне.

Двухфактарная аўтэнтыфікацыя ўключаная! Цяпер кожны раз пры ўваходзе з новага браўзэра вам трэба будзе ўводзіць і пароль, і код з sms. Зрэшты, sms не з’яўляецца ні зручным, ні бяспечным спосабам атрымліваць другі фактар. Вось чаму цяпер мы разгледзім альтэрнатыўныя спосабы.

Генератар кодаў Google – гэта аплікацыя для смартфона (Android або iOS), якое будзе генераваць коды другога фактару проста на вашым тэлефоне, не маючы патрэбы ў злучэнні з мабільным аператарам.

  1. Каб атрымліваць коды з дапамогай дастасавання на тэлефоне, спачатку трэба ўсталяваць Google authenticator – з Google Play або App Store.
  2. Пасля гэтага ў акне наладкі двухфактарнай аўтэнтыфікацыі знаходзім опцыю «Аплікацыя для праверкі сапраўднасці» і націскаем «Наладзіць». На экране з’явіцца QR-код. Адкрыйце аплікацыю Google Authenticator на сваім смартфоне і адскануйце QR-код. У дастасаванні з’явіцца радок з назвай вашага ўліковага запісу і кодам з шасці лічбаў, які будзе абнаўляцца кожныя 30 секунд. На экране камп’ютара націсніце «Далей», а ў новым акне ўвядзіце шасцізначны код з аплікацыі і націсніце «Далей».

Пасля гэтага варта абавязкова згенераваць рэзервовыя коды аднаўлення.

ВАЖНА: Калі вы страціце тэлефон, на якім настроены другі фактар (sms, google authenticator і да т. п.), і не маеце давераных прылад, рэзервовыя коды – гэта адзіны спосаб увайсці ў свой акаўнт.

Каб атрымаць рэзервовыя коды, у акне наладкі двухфактарнай аўтэнтыфікацыі знайдзіце опцыю «Коды абнаўлення» і націсніце «Наладзіць». Facebook папросіць вас увесці пароль. Пасля гэтага на экране з’явяцца 10 васьмізначных кодаў. Кожны з іх можна выкарыстоўваць адзін раз у якасці другога фактару для ўваходу ў свой уліковы запіс. Пасля таго, як вы выкарысталі код, ён становіцца неактыўным. У любы момант вы можаце згенераваць новы набор з 10 кодаў, але тады ўсе нявыкарыстаныя коды са старога набору становяцца неактыўнымі. Коды можна раздрукаваць, загрузіць як файл або перапісаць і захоўваць у надзейным месцы.

Таксама гэта можна зрабіць па спасылцы.

 

  • Апавяшчэнні пра ўваход

Кожны раз, калі нехта ўваходзіць у ваш уліковы запіс з незвычайнага месца (іншы браўзэр, іншы камп’ютар, іншае геаграфічнае месцазнаходжанне і г. д.), Facebook можа адпраўляць вам паведамленні. Калі вы атрымалі такое апавяшчэнне, але не лагініліся ў свой акаўнт з новага месца, значыць, нехта мае доступ да вашага акаўнту.

Як наладзіць?

  1. У акне Facebook націсніце чорную стрэлку ў правым верхнім куце, а ў меню, якое з’явілася, выберыце «Налады і канфідэнцыйнасць» → «Налады».
  2. На старонцы, якая адкрылася, выберыце ўкладку «Бяспека і аўтарызацыя».
  3. Прагартайце ўніз, пакуль не ўбачыце надпіс «Атрымліваць папярэджанні аб невядомых уваходах у акаўнт».
  4. Націсніце на кнопку «Рэдагаваць». У новым меню выберыце пажаданы спосаб атрымання апавяшчэнняў і націсніце «Захаваць змены».

 

  • Адкрытыя сесіі

Калі ваш камп’ютар ці тэлефон можа трапіць у чужыя рукі, лепей выходзіць са свайго ўліковага запісу пасля заканчэння працы.

Як выйсці з ўліковага запісу?

  1. Для гэтага ў акне Facebook націсніце на чорную стрэлку ў верхнім правым куце і ў меню, якое з’явілася, выберыце «Выйсці».
  2. Таксама Facebook дазваляе дыстанцыйна выйсці з іншых прылад, на якіх вы зайшлі ў свой уліковы запіс.
  3. У акне Facebook націсніце чорную стрэлку ў правым верхнім куце, а ў меню, якое з’явілася, выберыце «Налады і канфідэнцыйнасць» → «Налады».
  4. На новай старонцы выберыце ўкладку «Бяспека і аўтарызацыя». У ёй знайдзіце раздзел «Where You’re Logged In» → там можна ўбачыць ўсе прылады, на якіх вы залагіненыя, а націснуўшы на тры вертыкальныя кропкі → дыстанцыйна выйсці з уліковага запісу на той прыладзе.

WHATSAPP

Мэсэнджар WhatsApp сутнасна блізкі да Telegram, але мае менш функцый і ніжэйшую ступень абароненасці.

  • Двухфактарная аўтэнтыфікацыя

Як наладзіць на Android?

  1. Націсніце тры вертыкальныя кропкі ў правым верхнім куце і выберыце пункт «Налады».
  2. У «Наладах» выберыце пункт «Уліковы запіс».
  3. Знайдзіце пункт «Двухэтапная праверка» і націсніце кнопку «Уключыць».
  4. Пасля гэтага WhatsApp прапануе вам увесці і паўтарыць 6-значны PIN-код.
  5. Па жаданні ўвядзіце email для скіду PIN-кода. Варта выкарыстоўваць толькі абароненую пошту, на якой таксама наладзілі двухфактарную аўтэнтыфікацыю. Вы можаце прапусціць дадаванне пошты, але тады не зможаце аднавіць доступ да ўліковага запісу ў выпадку, калі забудзеце PIN-код.

 

Як наладзіць на iPhone?

  1. Выберыце «Параметры» (выява зубчастага колца) у ніжнім правым куце.
  2. У «Параметрах» выберыце ўкладку «Акаўнт».
  3. Выберыце пункт «Двухэтапная праверка», і ў наступным акне націсніце «Уключыць».
  4. Пасля гэтага WhatsApp прапануе вам ўвесці і паўтарыць 6-значны PIN-код.

 

  • Рэзервовыя копіі размоў

WhatsApp – мэсэнджар са скразным шыфраваннем. Гэта азначае, што сам WhatsApp не бачыць зместу вашай гутаркі з суразмоўцам, таму гісторыя гутарак таксама не захоўваецца на серверах WhatsApp.

Але калі вы наладжваеце свой уліковы запіс WhatsApp на новай мабільнай прыладзе, то верагодна, захочаце аднавіць гісторыю вашых перапісак. Для гэтага WhatsApp прапануе вам захоўваць гісторыю гутарак у воблачным сховішчы на Google-дыску або ў iCloud, адкуль іх можна лёгка аднавіць на новай прыладзе. Важна разумець, што там гэтыя гутаркі захоўваюцца ў незашыфраваным выглядзе, і калі зламыснік мае магчымасць адначасова зайсці ва ўліковы запіс WhatsApp і Google/iCloud, ён зможа аднавіць гісторыю вашых гутарак. Вам варта ацаніць, што для вас важней: зручнасць (мець магчымасць аднавіць гісторыю перапісак) ці канфідэнцыйнасць (ніхто не можа атрымаць доступ да вашай гісторыі перапіскі, калі не мае фізічнага доступу да тэлефона).

Як убачыць наладкі рэзервовага капіявання на Android?

  1. Націсніце тры вертыкальныя кропкі ў правым верхнім куце і выберыце пункт «Налады».
  2. У «Наладах» знайдзіце ўкладку «Гутаркі».
  3. Выберыце пункт «Рэзервовая копія гутарак».
  4. У раздзеле «Налады Google Дыска» вы можаце ўбачыць, як часта робяцца копіі на Google Drive, і адрас адпаведнага ўліковага запісу Google. Калі вы выбралі рабіць рэзервовыя копіі, варта абараніць гэты ўліковы запіс Google з дапамогай двухфактарнай аўтэнтыфікацыі.
  5. Калі вы хочаце адключыць захаванне рэзервовых копій, націсніце на надпіс «Стварэнне копіі на Google дыск», а ў новым акне выберыце «Ніколі».

 

Як убачыць наладкі рэзервовага капіявання на iPhone?

  1. Выберыце «Параметры» (выява зубчастага колца) у ніжнім правым куце.
  2. У «Параметрах» выберыце пункт «Гутаркі».
  3. Націсніце «Рэзервовае капіяванне».
  4. У новым акне вы можаце зрабіць рэзервовую копію гутарак ўручную або наладзіць іх аўтаматычна. Для гэтага націсніце «Аўтаматычна» і выберыце жаданую перыядычнасць. Калі хочаце адключыць рэзервовае капіяванне, выберыце «Адключыць».
  5. Для таго каб выдаліць раней захаваныя копіі гутарак WhatsApp, трэба зайсці ў «Налады iCloud» і адключыць захаванне рэзервовых копій.

 

  • Аўтазахаванне інфармацыі

Выявы, відэа і дакументы, якія вы атрымліваеце ад суразмоўцаў, па змоўчанні могуць загружацца на ваш тэлефон. Гэта можа быць небяспечна, калі гаворка ідзе пра пэўныя фота і відэа, а ваш тэлефон можа трапіць у рукі зламыснікам. Мы раім адключыць аўтазахаванне медыя.

Як наладзіць на Android?

  1. Націсніце тры вертыкальныя кропкі ў правым верхнім куце і выберыце пункт «Налады».
  2. У «Наладах» выберыце «Гутаркі».
  3. У новым акне усталюйце пераключальнік «Бачнасць медыя» ў неактыўнае становішча.

Як наладзіць на iPhone?

  1. Выберыце «Параметры» (выява зубчастага колца) у ніжнім правым куце.
  2. У «Параметрах» выберыце «Гутаркі».
  3. У новым акне усталюйце пераключальнік «Захаваць у фотагалерэю» ў неактыўнае становішча.

 

Ручное выдаленне перапіскі

Часам узнікае патрэба выдаліць усю гісторыю перапіскі з кім-небудзь з вашых кантактаў WhatsApp. Пры гэтым трэба разумець: калі вы адключылі захаванне рэзервовай копіі гутарак у воблачным сховішчы, вы больш не зможаце аднавіць гісторыю гэтай канкрэтнай гутаркі.

 

Як наладзіць на Android?

Для таго каб уручную выдаліць гісторыю гутаркі з пэўным суразмоўцам, трэба ў акне размовы націснуць на тры вертыкальныя кропкі ў верхнім правым куце, выбраць пункт «Больш» і «Ачысціць гутарку». WhatsApp перапытае, ці сапраўды вы хочаце выдаліць гэтую перапіску. Калі так, націсніце кнопку «Ачысціць». Калі вы адключылі захаванне рэзервовай копіі гутарак у воблачным сховішчы, вы больш не зможаце аднавіць гісторыю гэтай канкрэтнай гутаркі.

Выдаліць усе гутаркі можна так:

Націсніце тры вертыкальныя кропкі ў куце і выберыце пункт «Налады». Выберыце пункт «Гутаркі». Далей выберыце пункт «Гісторыя гутарак» і выберыце патрэбную вам опцыю. Функцыя «Ачысціць ўсе гутаркі» выдаліць усе паведамленні з чатаў, але захавае самі чаты: калі хтосьці атрымае фізічны доступ да вашага тэлефона, ён зможа зразумець, з кім вы перапісваліся. Функцыя «Выдаліць усе гутаркі» выдаліць усе паведамленні і гісторыю перапісак.

 

Як наладзіць на iPhone?

Для таго каб уручную выдаліць гісторыю гутаркі з асобным суразмоўцам, трэба ў акне гэтай размовы націснуць на імя кантакта зверху. Адкрыецца акно «Дадзеныя кантакта». Прагартайце яго ўніз і знайдзіце пункт «Ачысціць гутарку». Націсніце на яго і выберыце «Выдаліць паведамленні». Калі вы адключылі захаванне рэзервовай копіі гутарак у воблачным сховішчы, вы больш не зможаце аднавіць гісторыю гэтай канкрэтнай гутаркі.

Выдаліць усе гутаркі можна так:

  1. Выберыце «Параметры» (выява зубчастага колца) у ніжнім правым куце.
  2. У «Параметрах» націсніце на раздзел «Гутаркі» і выберыце патрэбную вам опцыю.
  3. Функцыя «Ачысціць ўсе гутаркі» выдаліць усе паведамленні з чатаў, але захавае самі чаты: калі хтосьці атрымае фізічны доступ да вашага тэлефона, ён зможа зразумець, з кім вы перапісваліся.
  4. Функцыя «Выдаліць усе гутаркі» выдаліць усе паведамленні і гісторыю перапісак.

SIGNAL

Хіба што самы абаронены на сёння мэсэнджар.

  • Двухфактарная аўтэнтыфікацыя
  1. Каб зайсці ў Налады, націскаем фота профілю.
  2. Уліковы запіс → Усталяваць PIN-код → Блакаванне рэгістрацыі.

 

ВАЖНА: Вы можаце стварыць лічбавы PIN (не менш за 6 знакаў) або пароль (калі ў Signal у вас важная перапіска, рэкамендуем усталяваць менавіта пароль).

 

  • Аўтавыдаленне паведамленняў

Калі вы выкарыстоўваеце Signal для перадачы важнай інфармацыі (персанальныя дадзеныя, паролі, фінансавыя звесткі і інш.) → гэтая функцыя можа вам спатрэбіцца. Часовыя паведамленні дазваляюць аўтаматызаваць рэгулярную ачыстку з адчувальным зместам.

Функцыю можна ўключыць у абраных чатах. Пасля ўключэння допісы будуць выдаляцца праз выбраны перыяд часу. Таксама з’явіцца таймер, а ў чат прыйдзе апавяшчэнне, што функцыя актываваная.

 

ВАЖНА: Аўтавыдаленне не тычыцца паведамленняў, якія былі адпраўленыя да ўключэння функцыі.

 

Як ўключыць аўтавыдаленне?

  1. Заходзіце ў патрэбны вам чат (можна як з асобным карыстальнікам, так і з групай).
  2. Націскаеце фота карыстальніка/групы → Знікаючыя паведамленні → выбіраеце аптымальны час выдалення → Задаць.

 

  • Ручное выдаленне перапіскі

Часам узнікае патрэба выдаліць усю гісторыю перапіскі з кім-небудзь з вашых кантактаў. Пры гэтым трэба разумець: вы больш не зможаце аднавіць гісторыю гэтай канкрэтнай гутаркі.

 

Як выдаліць гісторыю канкрэтнай размовы?

Выбіраеце патрэбны чат → свайп налева → Выдаліць.

Як выдаліць усю перапіску?

Заходзіце ў «Налады» (фота профілю) → Чаты → Выдаліць усё.

Як абараніць гаджэты ад непажаданых гасцей

VPN І ПРОКСІ: ШТО ГЭТА І ЧЫМ ДАПАМОЖА

У сітуацыі зачысткі незалежнай медыяпрасторы, калі ўсё больш вэб-сайтаў, у тым ліку навіновых парталаў, прызнаюцца «экстрэмісцкімі» і блакуюцца ў Беларусі, часцей за ўсё застаецца магчымасць чытаць іх праз VPN.

VPN (Virtual Private Network – віртуальная прыватная сетка) – гэта бяспечнае, зашыфраванае злучэнне паміж дзвюма сеткамі або паміж асобным карыстальнікам і сеткай. Сеткі VPN дазваляюць карыстацца інтэрнэтам, захоўваючы канфідэнцыйнасць. Мы рэкамендуем усталяваць на свой смартфон або камп’ютар адзін з VPN-кліентаў: Nord VPN, OpenVPN , TunnelBear ці іншы. Яны сумяшчальныя з усімі папулярнымі платформамі, уключаючы Windows, macOS, Linux, Android і iOS. Тут вы знойдзеце апісанне 6 бясплатных VPN-дастасаванняў (не раім выкарыстоўваць бясплатныя VPN, бо яны могуць збіраць і перадаваць вашыя персанальныя дадзеныя).

Адным з самых папулярных сэрвісаў, якія абыходзяць цэнзуру, у Беларусі стаў праграмны кліент Psiphon.

СІГНАЛ ЭКСТРАНАГА ВЫКЛІКУ НА СМАРТФОНАХ

Калі ёсць небяспека, што вас могуць затрымаць, лепей загадзя паклапаціцца пра тое, каб вашыя блізкія як мага раней пра гэта дазналіся. Для гэтага рэкамендуем вам усталяваць на смартфоне сігнал экстранага выкліку – вядома, гэта не гарантуе, што вы паспееце ім скарыстацца, але гэта, хіба, найхутчэйшы і найбольш імаверны спосаб паведаміць, што з вамі здарылася нешта непрыемнае.

Як наладзіць на Android?

1. Уключыце функцыю «Экстранныя выклікі»:

  • Адкрыйце наладкі на тэлефоне.
  • Націсніце «Бяспека і экстранныя выпадкі», затым «Экстраныя выклікі».
  • Задайце патрэбныя наладкі.
  • Выберыце дзеянні для экстраных выклікаў.

2. Калі апынецеся ў экстранай сітуацыі, хутка націсніце кнопку сілкавання не менш за пяць разоў.

 

Як наладзіць на iPhone?

1. Дадайце кантакт для экстранага паведамлення:

  • Адкрыйце праграму «Здароўе» і дакраніцеся да выявы свайго профілю.
  • Адкрыйце раздзел «Медкарта».
  • Націсніце «Правіць» і пракруціце да пункту «Кантакты на выпадак надзвычайнага здарэння».
  • Націсніце кнопку дадавання (+).
  • Выберыце кантакт і ўкажыце, кім ён вам даводзіцца.
  • Націсніце кнопку «Гатова», каб захаваць змены.

2. Калі апынецеся ў экстранай сітуацыі, хутка націсніце кнопку сілкавання не менш за пяць разоў (для iPhone 7 і ранейшых версій) або націсніце і ўтрымлівайце бакавую кнопку і адну з кнопак рэгулявання гучнасці да таго часу, пакуль не з’явіцца паўзунок «Экстраны выклік – SOS» (для iPhone 8 і пазнейшых версій).

3. Перацягніце паўзунок «Экстраны выклік – SOS», каб выклікаць службы экстранай дапамогі (пасля гэтага ваш кантакт атрымае паведамленне).

 

ВАЖНА: Папярэдзьце таго чалавека, на чый нумар прыйдзе паведамленне аб тым, што вы ў небяспецы, і загадзя, таксама папярэдзіўшы чалавека і/або ў яго прысутнасці зрабіце тэставы званок.

ЯК ПАВЕДАМІЦЬ ПРА НЕБЯСПЕКУ ПРАЗ СМАРТ-ГАДЗІННІК

Некаторыя смарт-гадзіннікі (напрыклад, Samsung Galaxy або Apple Watch) маюць функцыю адпраўкі сігнала SOS. Гэта можа быць карысным, калі ў вас забралі тэлефон, але яшчэ не паспелі забраць гадзіннік.

Для пачатку наладзьце функцыю адпраўкі экстранага паведамлення на смартфоне, з якім звязаны смарт-гадзіннік (гл. «Сігнал экстранага выкліку на смартфонах»).

Як наладзіць на Samsung Galaxy?

На тэлефоне адкрыйце аплікацыю Galaxy Wearable, знайдзіце і націсніце «Адпраўка сігналу SOS» і актывуйце (пераключальнік размешчаны уверсе экрана).

Паглядзіце і пагадзіцеся з умовамі выкарыстання.

Каб дадаць экстраны кантакт, націсніце на значок «+» або кнопку «Дадаць». Пры гэтым вы можаце выбраць чалавека са свайго спісу кантактаў альбо ўнесці новыя дадзеныя.

Каб паслаць сігнал SOS у надзвычайнай сітуацыі, хутка націсніце на смарт-гадзінніку кнопку «Дадому» тры разы (ніжняя кнопка справа).

Выбраныя вамі кантакты атрымаюць паведамленне з запытам аб дапамозе і вашым актуальным месцазнаходжаннем (каардынаты будуць абнаўляцца, ваша месцазнаходжанне будзе мяняцца).

 

Як наладзіць на Apple Watch?

  1. Каб выкарыстоўваць функцыю «Экстраны выклік – SOS» на гадзінніках Apple Watch без падтрымкі сотавай сеткі, прылада iPhone павінна знаходзіцца паблізу. Калі прылады няма побач, Apple Watch павінны быць падлучаныя да Wi-Fi і функцыя выклікаў па сетцы Wi-Fi павінна быць наладжаная.
  2. Націсніце і ўтрымлівайце бакавую кнопку гадзінніка (кнопка пад колцам Digital Crown), пакуль не з’явіцца паўзунок «Экстраны выклік – SOS».
  3. Перацягніце паўзунок «Экстраны выклік – SOS», каб неадкладна пачаць выклік. Ці працягвайце ўтрымліваць бакавую кнопку. Па завяршэнні зваротнага адліку гадзіннік аўтаматычна выкліча службу экстранай дапамогі.
  4. Па заканчэнні выкліку Apple Watch адправіць кантактам на выпадак надзвычайнага здарэння тэкставае паведамленне з вашай актуальнай геапазіцыяй. Калі службы геалакацыі адключаныя, яны будуць часова ўключаныя. На працягу пэўнага часу пасля пераходу ў рэжым «Экстраны выклік – SOS» гадзіннік будзе адпраўляць дадатковыя паведамленні акрэсленым кантактам пры змене вашага месцазнаходжання.

Гайд будзе дапрацоўвавацца і ўдасканальвацца, каб дзякуючы парадам адмыслоўцаў вы маглі бяспечна і надзейна карыстацца сваімі гаджэтамі.

На жаль, у сучаснай Беларусі «інфармацыйны след» кожнага чалавека можа прывесці да сур’ёзных непрыемнасцяў. Варта ўзяць за аксіёму: у Беларусі немагчыма быць залішне ўважлівым ці дасканалым у пытаннях інфармацыйнай бяспекі. І хоць няма нічога заганнага ў тым, каб карыстацца гаджэтамі ва ўсіх сферах жыцця, Sojka і адмыслоўцы, што дапамагалі нам ствараць гайд, заклікаюць вас быць пільнымі і ўважлівымі.