Гiды

Дзе шукаць сваіх: Польшча

Дзе шукаць сваіх: Польшча

Няважна, выехалі вы на выходныя ці на неакрэслены час. Беларуса ў кожным куточку свету чакае не толькі невядомасць, але і іншы беларус. А таму адказ на пытанне: «Хто дапаможа нам?» — не толькі «сонца» і «рок-н-рол», але і цэлы спіс суполак ды арганізацый, якія працуюць, каб падтрымаць сваіх удалечыні ад дому. Сойка разам з Free Belarus Center збірае асноўныя ініцыятывы. Трымайце нашу шпаргалку па Польшчы.

Арганізацыі

Цэнтр беларускай салідарнасці

Інстаграм
Тэлеграм

Арганізацыя, якая падтрымлівае беларусаў, што вымушаны былі з’ехаць, і дапамагае адаптавацца ў новай краіне (а пасля пачатку поўнамаштабнай вайны — яшчэ і ўкраінцам; дарэчы, старонка мае і ўкраінамоўную версію). Тут шмат юрыдычных парадаў на розныя тэмы: як процідзейнічаць дыскрымінацыі з боку польскіх працадаўцаў, як атрымаць міжнародную абарону і польскія дакументы і інш. ЦБС ладзіць мноства афлайн- і анлайн-сустрэч, на якіх беларусаў і ўкраінцаў вучаць асаблівасцям фінансава-бізнэсовай і юрыдычна-справаводчай граматы Польшчы. У арганізацыі ёсць інфалінія, куды можна задаць свае пытанні.

Free Belarus Center

Інстаграм
Тэлеграм
Фэйсбук

Незалежная грамадская ініцыятыва, якая аказвае юрыдычную, псіхалагічную і гуманітарную дапамогу, а таксама дапамогу з жыллём беларусам ва Украіне і Варшаве. У арганізацыі ёсць каворкінг у цэнтры Варшавы, дзе, зарэгістраўшыся, можна папрацаваць.

Беларускі дом у Варшаве

Інстаграм

Установа выступае ў якасці беларускага інфармацыйнага цэнтра ў Польшчы і з’яўляецца важнай няўрадавай арганізацыяй у асяроддзі беларускай грамадзянскай супольнасці. Беларускі дом аказвае дапамогу беларусам, пацярпелым ад дзеянняў рэпрэсіўных органаў на радзіме. Тут пракансультуюць па пытаннях падачы заявы на міжнародную абарону ці статус уцекача, акажуць дапамогу ў атрыманні гуманітарнай візы ў Польшчы, а пры задакументаваным пацверджанні рэпрэсій — дапамогуць знайсці лекараў і аплаціць медыцынскую дапамогу, акажуць матэрыяльную і бясплатныя кансультацыі псіхолага. Вось тут — кантакты інфалініі Беларускага дому.

Беларускі моладзевы хаб

Інстаграм
Тэлеграм

Першапачаткова Беларускі моладзевы хаб заявіў пра сябе як пра студэнцкую арганізацыю, якая аказвае дапамогу і падтрымку ў рэалізацыі культурніцкіх і адукацыйных праектаў, але сёння Хаб, па сутнасці, арганізацыя і пляцоўка для ўсіх узростаў, а ад студэнцтва ў ёй — магчымасць прыдбаць новыя навыкі: пры Хабе праводзяць моўныя курсы і лекцыі па гісторыі, працуюць музычная школа, кінашкола, танцы, школа «Інклюзіўны барыста» і многае-многае іншае. А яшчэ арганізацыя падтрымлівае беларускіх уцекачоў з Украіны (вось тут можна на гэта заданаціць).

Чаты і суполкі

«Беларусы в Польше»

Тэлеграм-канал
Тэлеграм-чат

Суполка ў ТГ, якая мае 30 тысяч падпісантаў. Збольшага датычыцца практычных пытанняў — заканадаўства, звязанага з працай, вучобай, легалізацыяй беларусаў у Польшчы, перасячэння мяжы і г. д. Чат гэтай суполкі мае прыблізна 35 тысяч удзельнікаў. «Мы не адносімся да фондаў або дыяспар. Мы — каманда беларусаў, якія даўно пражываюць у Польшчы, якая жадае спрасціць жыццё тым, хто толькі пачынае свой шлях у Польшчы». Апошнім часам там усё больш абмеркаванняў працоўнага заканадаўства і штрафаў і ўсё менш — грамадска-палітычных тэмаў.

«Родительский чат Беларусы в Польше»

Чат у ТГ з больш за 7 тысяч удзельнікаў. Як заяўлена ў апісанні, тэма чата ясная з назвы — усё, што тычыцца дзяцей і бацькоў на тэрыторыі Польшчы і пераезд з Беларусі. Адміністратары папярэджваюць, што чат ніякім чынам не датычыцца да абмеркавання палітыкі Беларусі, Украіны, Расіі, і г.д. Невялікае выключэнне можна зрабіць для палітыкі Польшчы, «і тое злёгку». «Адміністрацыя чата супраць вайны ва Украіне, не падтрымлівае палітыку ўрада Рэспублікі Беларусь», — заяўлена ў правілах суполкі.

«Беларусы ў Варшаве»

Вельмі актыўная суполка ў ФБ (дзясяткі допісаў у дзень; каля 30 тысяч удзельнікаў), якая існуе з 2012 года. «Суполка для беларусаў, якія часова альбо стала жывуць у Варшаве. Тут можна запрасіць на гарбатку, перадаць нешта ў альбо з Беларусі, папросту паразмаўляць». Насамрэч, сюды пішуць далёка не толькі тыя беларусы, што аселі ў Варшаве, але і з усёй Польшчы, ды і непасрэдна з Беларусі.

«Беларусы ў Кракаве / Białorusini w Krakowie»

Фэйсбук
Інстаграм
Тэлеграм

Суполка беларусаў у Кракаве, якія, акрамя групы ў ФБ, маюць асобны сайт, на якім заяўлена: «Мы беларусы, якія не ведалі адно аднаго да лета 2020. Мы сустрэліся і з таго моманту працуем разам, ствараючы беларускую супольнасць у Кракаве. Лёс Беларусі для нас важны, і сваімі дзеяннямі мы хочам на яго ўплываць». У суполкі ёсць старонка ў інстаграме, дзе анансуюцца шматлікія беларускія мерапрыемствы, запланаваныя ў гэтым горадзе, чат у ТГ «Беларусы Кракава (Białorusini.Krakow_chat)».

«Беларусы ў Лодзі»

Інстаграм
Тэлеграм

Дыяспара беларусаў у Лодзі, якая сярод іншага займаецца падтрымкай беларускіх студэнтаў, што мусілі выехаць на вучобу за мяжу праз рэпрэсіі.
У суполцы ў ТГ, у якой каля 2500 удзельнікаў, часцей за ўсё абмяркоўваюцца пытанні, звязаныя з дакументамі, сітуацыяй на мяжы і г. д.
Група ў ФБ «Беларусы в Лодзи / Białorusini w Łódzkim» аб’ядноўвае каля 1200 удзельнікаў. На старонцы заяўлена: «Мы Беларусы в Лодзи. Давайте дружить, помогать друг другу, а также вместе проводить свободное время!» Збольшага публікацыі датычацца культурнага жыцця.
На сайце змяшчаюцца дакументы, інфармацыйныя паведамленні і справаздачы, датычныя дзейнасці фонду «Беларусы ў Лодзкім», а таксама разнастайныя навіны.

«Беласток | Білосток | Белосток»

«Чат беларусаў і ўкраінцаў Беластока» ў ТГ з амаль 6 тысячамі ўдзельнікаў. Тут размяшчаюць як паведамленні аб пошуку і прапанове працы ці пытанні, датычныя жыцця ў Польшчы, так і арганізацыя культурных імпрэз і разнастайных мерапрыемстваў.

«Беларусы Уроцлава»

Старонка ў інстарграме з каля 2200 падпісчыкаў. Збольшага асвятляецца інфармацыя пра акцыі салідарнасці з Беларуссю, а таксама пра беларускае жыццё ў Польшчы, канцэрты беларускіх музыкаў і інш. Таксама ёсць група ў ФБ «Суполка Беларусаў Уроцлава. Stowarzyszenie Białoruski Związek Solidarności» з тысячай падпісчыкаў.

«Беларусы ў Познані»

Група ў ФБ, у якой больш за 6 тысяч удзельнікаў. Адміністратары паведамляюць: «Сумеснымі намаганнямі спрабуем будаваць і падтрымліваць сувязь паміж Беларусамі ў Познані, а таксама дапамагаем знайсці тут сваіх землякоў. Мы адкрытыя для кантакту з людзьмі, якіх цікавіць гісторыя, культура, палітычная і эканамічная сітуацыя Беларусі. Будзем рады ўсім, хто хоча адкрыць для сябе нашу цудоўную краіну. Тут будзем інфармаваць вас аб правядзенні беларускіх тэматычных сустрэч і мерапрыемстваў: канцэртаў, выставаў, канферэнцый etc.»

«Беларускае зямляцтва — Гданьск, Сопат і Гдыня»

Група ў ФБ з больш за 3 тысячамі ўдзельнікаў. Збольшага публікацыі датычацца пошуку і прапановы працы, аднак таксама сустракаюцца абвесткі пра культурныя і інш. падзеі.

«Беларусы Торуня і Быдгашчы»

Чат у ТГ, каля 700 удзельнікаў. Як сведчаць адміністратары, «чат прызначаны для абмеркавання акцый, прыватных парадаў і ўзаемадапамогі». Таксама ёсць канал з аднайменнай назвай на 200 падпісчыкаў.