Хлопчык Томчык. Сяргей Календа, Марыя Шэндзель
Новая кніжка Сяргея Календы пра штодзённае жыццё малога Томчыка і яго сям’і ў духу Мантэсоры: перадусім павага і ўвага да патрэбаў і стану дзіцяці. Томчык гуляе, выбірае цацкі, плача ад стомы, гуляе ў хованкі і шукае мора — у кожным моманце свайго жыцця ён сустракае спрыянне і падтрымку з боку дарослых.
Адметнасць кнігі ў тым, што яна выдадзеная на дзвюх мовах (беларускай і ангельскай), якія ідуць паралельна, таму кніга будзе карысная і зусім маленькім дзеткам, і тым, хто ўжо вучыцца чытаць па-ангельску.
Рэкамендаваны ўзрост: 0+
Выдавецтва: «Гутэнберг»
Джа: Легенда аб забраным сэрцы. Эліяш Барт, Багдан Даўгяла
Гісторыя пра дыназаўра Джа, які збіраў дзівосныя рэчы: пёркі, ракавінкі, камяні. Яго родны востраў захапілі жорсткія монстры, якія забаранілі памятаць пра мінулае. Аднак жа Джа паміж спакоем і змаганнем выбраў барацьбу, і ўрэшце, нягледзячы на смяротнае выпрабаванне, менавіта захопнікам давялося хавацца па слізкіх норах.
Казка перамагла ў конкурсе «Шуфлядка» і выйшла з друку з чорна-белымі ілюстрацыямі Багдана Даўгялы. Спадабаецца дзецям і падлеткам, зацікаўленым археалогіяй і палеанталогіяй.
Рэкамендаваны ўзрост: 6+
Выдавецтва: «Гутэнберг»
Маё шчаслівае жыццё, Маё сэрца скача і смяецца, Апошні раз, калі я была шчаслівая. Роўз Лагеркранц, Эва Эрыксан
Дзюнэ — самая шчаслівая дзяўчынка на свеце. Асабліва калі яна ідзе ў школу. Як цудоўна ўсё пачынаецца! У Дзюнэ з’яўляецца сяброўка! Але здараецца нешта, чаго Дзюнэ не чакае. А пасля яшчэ і яшчэ…
Серыя кніг пра Дзюнэ — гэта шчырыя думкі дзяўчынкі ў стылі дзённікавых запісаў. Першыя змяшаныя пачуцці, супярэчлівыя эмоцыі і перажыванні знаходзяць адлюстраванне на старонках кніг шведскай аўтаркі Роўз Лагеркранц і мастачкі Эвы Эрыксан у перакладзе са шведскай мовы Надзеі Кандрусевіч.
Рэкамендаваны ўзрост: 6+
Выдавецтва: «Коска»
Каток-пестунок. Васіль Дранько-Майсюк, Надзя Бука
«Больш за ўсё, апроч смятанкі, люблю спяваць я калыханкі, чытаць вершы, забаўлянкі!» — так кажа Каток-Пестунок, герой зборніка дзіцячых вершыкаў, забаўлянак і калыханак.
Чытанка для маленькіх беларусаў створаная шыкоўнай камандай — укладальнікам Васілём Дранько-Майсюком, мастачкай Надзяй Букай, дызайнерам Анатолем Лазарам і стваральніцай выдавецтва «Славянка» Вольгай Татарчык.
Рэкамендаваны ўзрост: 0+
Выдавецтва: «Słowianka»
Ева намалявала коніка, Ева намалявала цмока. Света Тата
Ева малюе свой чароўны свет і не баіцца выправіцца насустрач прыгодам. То з пад яе пэндзля выходзіць сапраўдны цмок, то маленькі конь. І яна разам з плёнам сваёй фантазіі вандруе і праходзіць праз выпрабаванні.
Новыя цудоўныя гісторыі Святланы Татарнікавай паказваюць, якой можа быць сіла творчай думкі, калі яе не спыняць рознымі «Не выдумляй!».
Рэкамендаваны ўзрост: 0+
Выдавецтва: «Папуры»
Маленькія гісторыі з жыцця цудоўнай Фані. Святлана Уласава
Чытанка-маляванка пра котку Фаню для маленькіх і дарослых беларусаў. Гэта яшчэ адно двухмоўнае выданне, гэтым разам беларуска-расейскае. У кнізе няшмат тэксту, і ўвесь ён прысвечаны котцы.
Алоўкавыя ілюстрацыі, беларуска-расейскі слоўнік, намаляваны звычайнай асадкай, — усё гэта стварае ўражанне, што кніга зробленая ўручную. Такое адчуванне крафтавасці можа натхніць дзіця ўласнаруч стварыць сваю кнігу.
Рэкамендаваны ўзрост: 0+
Выдавец: «Цымбераў»
Мой рыжы Бім. Эдзі Агняцвет, Лілія Бусарава
Апошнім часам у выдавецтве «Мастацкая літаратура» практычна не выходзяць дзіцячых кніг сучасных аўтараў, але класіка выдаецца ў добрым афармленні сучасных мастакоў і дызайнераў. Напрыклад, вось гэтае выданне найлепшых вершаў савецкай паэткі Эдзі Агняцвет (1913-2000) выйшла з цудоўнымі ілюстрацыямі мастачкі Лідзіі Бусаравай.
Рэкамендаваны ўзрост: 3+
Выдавецтва: «Мастацкая літаратура»
Скарына дзеткам. Тацяна Сапега, Марыя Каралёва
У выдавецтве «Тэхналогія» выйшла пазнавальнае выданне пра Францыска Скарыну для самых маленькіх. Кніга пазнаёміць малых чытачоў з гісторыяй асобы выбітнага беларускага дзеяча — сам першадрукар у ёй раскажа, дзе ён нарадзіўся, навучаўся, як зацікавіўся кнігадрукам і пачаў друкаваць кнігі сам. Заданні пасля кожнай часткі дапамогуць дзеткам замацаваць набытыя веды, а таксама весела прабавіць час.
Рэкамендаваны ўзрост: 3+
Выдавецтва: «Тэхналогія»
Вялікая кніга прыгод Пэтсана і Фіндуса. Свэн Нурдквіст
Кнігі Свэна Нурдквіста ўжо сталі класікай дзіцячай літаратуры, а яго гісторыі пра старога Пэтсана і коціка Фіндуса перакладзеныя на больш як 30 моваў свету. У вялікую кнігу-зборнік увайшло шмат гісторый пра коціка і ягонага гаспадара, а таксама рэцэпты, заданні і гісторыі пра стварэнне ілюстрацый да гэтага кніжнага серыялу. Калі вы не збіралі ўсю калекцыю кніг пра Пэтсана і Фіндуса з моманту выхаду першае кнігі, то гэты зборнік — сапраўдная знаходка!
Рэкамендаваны ўзрост: 3+
Выдавецтва: «Коска»
Казік з Каменнай горкі. Алесь Кудрыцкі
Захапляльнае фэнтэзі, якое з першых старонак зацягвае ў казачны свет неймаверных падзей. У Казіка, звычайнага хлопчыка з Каменнай Горкі, збег з клеткі трусік. Пошукі гадаванца прыводзяць хлопца ў вагон метро, які прывозіць яго ў падземны горад звяроў, збеглых са свету людзей. Спакваля Казік разумее, што над Схаваным Горадам навісла смяротная небяспека — і вінаваты ў гэтым ён сам…
Рэкамендаваны ўзрост: 8+
Выдавецтва: «Янушкевіч»