Гiды

Калі дзіця цкуюць. Гайд па тым, як змагацца з булінгам

Калі дзіця цкуюць. Гайд па тым, як змагацца з булінгам

Вучыцца трымаць удар з дзяцінства — добрая ідэя на словах. На практыцы ж усё, што не забівае нас, не робіць нас мацнейшымі, а ператварае ў баязлівых, надламаных і траўмаваных асобаў. Як абараніць дзяцей ад цкавання: адных ахаваць ад агрэсіі, а іншых утрымаць ад жорсткасці? Разам з праваабаронцамі Беларускага Хельсінскага камітэту, настаўнікамі ды псіхолагамі Sojka раскладвае па паліцах усё, што нам трэба ведаць пра булінг і супрацьстаянне яму.

Малюнкі Дзіна Леонава

Калі дзіця цкуюць. Гайд па тым, як змагацца з булінгам

ШТО ТАКОЕ БУЛІНГ, І ЧАМУ ЁН НЕБЯСПЕЧНЫ ДЛЯ ЎСІХ

Цкаванне, ці булінг, — сітуацыя, калі група пераследуе адну ці некалькіх асобаў. Гэта заўжды гісторыя пра дыспрапорцыю: ахвяра заўжды ў меншасці, а агрэсары заўжды нападаюць групай. Часцей за ўсё, пад ціск патрапляюць «адрозныя», тыя, хто нечым вылучаецца з агульнага шэрагу ў негатыўным ці пазітыўным кірунку. Прасторай для развіцця булінгу можа быць любая замкнёная сістэма (школьны клас, калектыў на працы, казарма ў войску і гэтак далей). Цкаванне заўжды нараджаецца з негалоснага дазволу «дарослага» — чалавека, які мае ўплыў і вагу ў калектыве.

Як выяўляецца булінг:

Фізічная агрэсія:

  • бойкі
  • знішчэнне рэчаў
  • прыніжэнні

Псіхалагічны ціск:

  • абразы, кпіны, непрыемныя каментары, абразлівыя мянушкі
  • плёткі і чуткі
  • ізаляцыя і байкот (найбольш небяспечная форма гвалту, якая часцей за ўсё прыводзіць да суіцыду)

Агрэсія і «дзеці проста так гуляюць», «трэба вучыцца адказваць» — у свеце дарослых існуе мноства апраўданняў жорсткім паводзінам. Булінг дзейнічае разбуральна на ўсіх удзельнікаў працэсу. Ахвяра, непасрэдныя агрэсары і тыя, хто толькі назіралі за працэсам, атрымліваюць значную псіхалагічную траўму.

Траўма назіральніка (эфект сведкі) — псіхалагічны эфект, які ўзнікае ў траўматычнай сітуацыі праз немагчымасць дапамагчы ахвярам. Людзі ў гэтым стане могуць дэманстраваць апатыю ці надзвычайную ўзрушанасць, раздражняцца, мець праблемы з канцэнтрацыяй і памяццю і іншыя прыкметы.

Перажыты досвед можа перашкодзіць усталяванню нармальных, устойлівых стасункаў, даверу. Людзі, якія сутыкнуліся з булінгам па любы бок канфлікту, схільныя да дэпрэсіі і суіцыду.

Што можа засцерагчы ад цяжкіх наступстваў цкавання

  1. Добрыя стасункі са значным дарослым. Калі дзіця мае трывалы кантакт з бацькамі ці сваякамі, будзе куды прасцей даведацца пра сітуацыю гвалту і ціску.
  2. Трывалая самаацэнка. Трэба даць дзіцяці магчымасць для самарэалізацыі, ствараць сітуацыі поспеху, дзе можна праявіць сябе найлепшым чынам.
  3. Маральныя арыенціры. Бацькі могуць перадаць сваім дзецям ветлівае, роўнае і паважлівае стаўленне да іншых. Калі ў сям’і гэта лічыцца нормай, дзіця не будзе маўчаць пра булінг і не будзе яго падтрымліваць.
  4. Своечасовая магчымасць звярнуцца да псіхолага.

ЯК РАСПАЗНАЦЬ БУЛІНГ

Большасць ахвяраў булінгу, асабліва сярод дзяцей, баяцца распавядаць блізкім пра свае праблемы. На жаль, ахвяры часцяком сутыкаюцца з дысфункцыянальнай падтрымкай, калі замест дапамогі чалавек атрымлівае каментары пра тое, што трэба сабрацца, даць здачы, не быць мямляй. Пры гэтым варта памятаць, што ахвярай цкавання можа стаць любы чалавек. Для гэтага не трэба нейкіх асаблівых рысаў ці праблемаў, бо булінг — праблема не ахвяры, а калектыву.

Прыкметамі булінгу могуць быць:

  • болі ў жываце і грудзях без падставаў, так праяўляецца стрэс і нервовае напружанненежаданне ісці на вучобу, пагаршэнне акадэмічных поспехаў
  • нервовы цік, энурэз — вельмі трывожныя сведчанні стрэсу
  • трывожнасць, парушэнне сну, кашмары
  • працяглы прыгнечаны стан, нежаданне размаўляць, асабліва калі раней такія паводзіны былі нехарактэрнымі
  • праблемы з апетытам — пераяданне ці адмова ад ежы
  • залішняя саступлівасць і асцярожнасць
  • знікненне асабістых рэчаў, вопраткі, грошай
  • драпіны, сінякі, парванае адзенне
  • выдаленне акаўнту ў сацсетках (гэта можа быць спробай абараніцца ад пераследу анлайн)

Падобна да паводзінаў любога падлетка? На жаль, менавіта праз гэта большасць бацькоў заўважае няладнае запозна.

Асабісты досвед

Галіна
былая дырэктарка школы
Вільня

За шматгадовую працу, вядома, я з булінгам сустракалася. Бываюць злыя дзецi, бываюць, наадварот, дзеці, не ўпэўненыя ў тым, што нечым вылучаюцца з асноўнай масы. I калi у класе не створана здаровая атмасфера, можа пачацца цкаванне. Радзей у пачатковай школе, часцей у сярэднiм звяне.

Настаўнiki таксама людзi, са сваiмi недахопамi. Бывае, некага не ўзлюбяць. Распазнаць булінг можа найлепш класны кipaўнik і бацькi, калi добрыя стасункі з дзiцем. Вырашаецца ўсё па сітуацыі – гэта можа быць размова школьнага псіхолага з ахвярай і з класам. Але да канца не вырашыць гэтага пытання без бацькоў. Хаця і самі бацькі могуць быць агрэсарамі – і таты, і мамы.

Але ўсё вырашальна, толькі працаваць трэба доўга. Самае складанае – стварэнне здаровай каманды праз агульнае жыццё класа: экскурсіі, паездкі, сустрэчы, супольныя праекты. Вельмі шмат залежыць ад класнага кіраўніка. Адное з найважнейшых правілаў – умець шукаць талковых лідараў у класе, разам са зменамі ў моладзевых паводзінах мяняцца і самім настаўнікам. Бо школьныя настаўніцкія калектывы часта старэюць, але не мудрэюць. Цяпер у горадзе, на шчасце, шмат праектаў, мерапрыемстваў, каб звярнуць увагу на праблему булінгу.

Што мусяць памятаць настаўнікі? Што самае важнае – любоў да дзяцей. Бо яны малыя і моцна залежаць ад нас. Калі не можаш гэтай любові трымацца – мяняй працу. І так не толькі з настаўніцтвам, так з усім.

Калі дзіця цкуюць. Гайд па тым, як змагацца з булінгам

ДЗІЦЯ-АХВЯРА. ШТО РАБІЦЬ ДАРОСЛЫМ

Адчуванні бацькоў, чыё дзіця сутыкнулася з булінгам, складана апісаць: гнеў, сорам, боль, бяссіле. І жаданне дамагчыся справядлівасці. Вельмі важна дзейнічаць, не адпускаць сітуацыю ў спадзеве, што ўсё выправіцца.

ВАЖНА! Бацькам пацярпелага ад гвалту дзіцяці трэба ўстрымлівацца ад расправы над вінаватым. З абвінаваўцы вельмі лёгка ператварыцца ў абвінавачанага.

Асабісты досвед

Святлана (імя змененае)
настаўніца вясковай школы
Мінская вобласць

Калі мая дачка была ў класе 6-8 (не памятаю дакладна), аднакласніца стала яе цкаваць, чапляцца: што не ходзіць на працу ў калгас (дачка была вызваленая ад гэтай працы па стане здароўя), што адзнакі добрыя – нібыта завышаюць праз тое, што я працую ў школе. І ўвесь клас агрэсарка настройвала супраць дачкі. Дачка пераказвала гэта мне, і я звярнулася да класнай, да намесніка па выхаваўчай працы. Сама з дзяўчынай не размаўляла, каб не зрабіць горш. Але размовы настаўнікаў з вучнямі не дапамаглі, і дайшло да таго, што мы хацелі мяняць школу.

Аднойчы дзеці аднакласніка дачкі ўпікалі, што ягоны бацька п’е. Мая дачка за гэтага хлопчыка заступілася, а агрэсарка падгаварыла свайго меншага брата і аднакласніка, каб тыя пабілі маю дачку. У двары школы на яе напаў той брацік, парваў замок у паліто. Дачка плакала ад крыўды. Назаўтра я прыйшла ў клас і «ўтапіла» агрэсарку – моцна на яе накрычала, казала ёй пра тое, што дзеці не мусяць адно аднога папікаць бацькамі. Як яна крычала, як псіхавала! Паступіла я, вядома, непедагагічна. Пасля таго выпадку дзяўчына пацішэла, а на наступны год так склалася, што ейная сям’я пераехала ў іншую вёску.

Але засталася «ціхая», хітрая зайздросніца, якая і муціла ваду ў класе. Дачка мая падрасла, у яе «выраслі зубы», і яна навучылася даваць адпор. Хоць ёй было цяжка, я радавалася, што яна спраўляецца. Гэта быў вельмі складаны клас.
Такога яўнага агрэсіўнага цкавання ў маёй практыцы не было. Але маю 7 клас, у якім з першых гадоў навучання «дзяўбуць» хлопца. Ён і сапраўды сам выклікае агонь на сябе, бо няспрытны, развіты ў меншай ступені, непанятлівы, сам чапляўся да дзяцей. Бацькі не скардзіліся мне, але я ж бачыла і чула: як што не так, дык усё ён вінаваты. Не так павярнуўся, не так паглядзеў, не так сказаў.
Першае, з чаго я пачала, – паказала, што хлопчык гэты сімпатычны, напрыклад, мне. Даручэнні давала, каб бачылі, што спраўляецца. Клас маленькі, робім усё разам. І бачна добра, хто чаго варты.

Калі ёсць дзіця-агрэсар, то трэба разабрацца, у чым яго комплексы. Калі булілі маю дачку, я разумела, чаму гэтыя дзеці так рабілі. Але я, настаўнік, напрыклад, не маю досведу, алгарытму дзеянняў, калі булінг агрэсіўны. Па ідэі, трэба да псіхолага. Добрага. І агрэсару, і ахвяры, і бацькам. Але ў нас не ходзяць да псіхолагаў.

Ананімная анкета

Калі ласка, дапамажыце зразумець, што адбываецца з нашымі дзецьмі.
Ананімная анкета

Крок 1. Першая дапамога

  1. Паразмаўляць з дзіцём і давесці, што ў сітуацыі вінаваты толькі агрэсар. Не існуе нагоды, каб цкаваць іншага.
  2. Давесці, што вы на баку дзіцяці і разам будзеце змагацца за справядлівасць.
  3. Заставацца спакойным. Гэта надзвычай складана, але чым больш эмоцыяў, тым большая імавернасць, што больш вам дзіця нічога не распавядзе.
  4. Звярнуцца да псіхолага. Для дапамогі дзіцяці ці сабе. Дарослы мусіць паклапаціцца пра свой душэўны стан, каб быць здольным падтрымліваць дзіця.
  5. Калі патрэбна, дайце дзіцяці магчымасць не хадзіць у школу ці перавядзіце ў іншую навучальную ўстанову. Сам перавод не можа быць прычынай не пакараць адказных за булінг.

Крок 2. Ісці ў школу

  1. Даведайцеся пра ўсе абставіны да паходу ў навучальную ўстанову. Можна зафіксаваць асобныя моманты, сфатаграфаваць пашкоджаныя рэчы.
  2. Паразмаўляйце з настаўнікам, класным кіраўніком, дырэктарам ці іншымі асобамі, якія дапамогуць разабрацца ў сітуацыі. Калі бачна, што школа зацікаўленая ў вырашэнні крызіснай сітуацыі, разам распрацуйце план дзеянняў.
  3. Калі ўсё атрымалася, то на гэтым можна ставіць кропку. Калі не, то пераходзьце да наступнага кроку.

Крок 3. Ісці ў адміністрацыю і праваахоўчыя органы

Змагацца з цкаваннем можна на розных узроўнях, і калі школа не ідзе насустрач, варта падымацца па адміністрацыйных прыступках вышэй. Пачаць лепш з нізавых структур. Таксама варта памятаць, што тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ў Беларусі складае 2 месяцы.

  1. Звяртайцеся па дапамогу ва ўпраўленне (аддзел) адукацыі мясцовага выканкама або адміністрацыі раёна ў горадзе, у якім знаходзіцца ўстанова адукацыі.
  2. Ідзіце ў міліцыю. Якімі б складанымі не былі стасункі з праваахоўнікамі, трэба памятаць, што калі ў дачыненні да дзіцяці здзейснена адміністрацыйнае правапарушэнне, можна прыцягнуць крыўдзіцеля да адміністрацыйнай ці нават крымінальнай адказнасці. Звярнуцца да ўчастковага можа пацярпелы падлетак ці яго законны прадстаўнік (нехта з бацькоў ці апекуноў). У міліцыі павінны скласці пратакол і апытаць удзельнікаў канфлікту, потым справу накіруюць у камісію па справах непаўналетніх.
  3. Таксама можна звярнуцца ў Следчы камітэт, калі гаворка ідзе аб магчымым здзяйсненні крымінальнага злачынства, напрыклад калі дзіця атрымала фізічныя пашкоджанні
  4. Звяртайцеся ў пракуратуру. У гэтую ўстанову звяртаюцца, калі дзіця сутыкнулася з фізічнымі пашкоджаннямі. У шэрагу абставінаў могуць узбудзіць не адміністрацыйны, а крымінальны працэс.
  5. Можна звязацца з Нацыянальнай камісіяй па правах дзіцяці. Яна кантралюе і аналізуе дзейнасць дзяржслужбаў у пытаннях абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей. Камісія разглядае звароты непаўналетніх, іх законных прадстаўнікоў, грамадскіх аб’яднанняў.
  6. Звяртайцеся ў іншыя дзяржорганы.

Могуць дапамагчы:

  • органы апекі і апякунства (мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы);
  • міністэрствы: адукацыі, аховы здароўя, працы і сацыяльнай
    абароны і іх структурныя падраздзяленні.

Крок 4. Крымінальная справа

На жаль, булінг можа стаць першым крокам да сур’ёзных злачынстваў. Калі скрадзеныя ці пашкоджаныя важныя і каштоўныя рэчы, нанесеная сур’ёзная шкода здароўю і рэпутацыі, будзе заведзеная крымінальная справа.

Паклёп і наўмыснае прычыненне лёгкай шкоды здароўю (лёгкіх цялесных пашкоджанняў) — дзве сітуацыі, калі для разгляду справы ў судзе патрэбна заява пацярпелага.

Што павінна быць у такой заяве:

  • назва суда, у які заява падаецца;
  • апісанне злачынства, звесткі аб правапарушальніках і доказы віны. Доказы ў такіх выпадках трэба збіраць і прадастаўляць самастойна. Доказамі могуць быць любыя сведчанні і аб’екты, якія дапамогуць даказаць вінаватасць;
  • пералік сведкаў, якіх мусіць выклікаць суд;
  • звесткі пра эксперта, спецыяліста і іншых асоб, якіх неабходна выклікаць у суд. Напрыклад, гэта можа быць абазнаны псіхолаг, які падцвердзіць, што распаўсюд прыватных фота ад імя дзіцяці можа нанесці сур’ёзную псіхалагічную траўму.
  • канкрэтная просьба аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці асобы.

Узоры заяваў і больш падрабязную інфармацыю можна знайсці па спасылцы.

Калі дзіця цкуюць. Гайд па тым, як змагацца з булінгам

ДЗІЦЯ-АГРЭСАР. ШТО РАБІЦЬ ДАРОСЛЫМ

Навіна пра тое, што дзіця ініцыявала ці падтрымала цкаванне, можа параніць бацькоў не менш, чым звесткі пра агрэсію ў бок свайго дзіцяці. Як працаваць з ахвярай, ведаюць і псіхолагі, і настаўнікі, а на агрэсараў навешваюць цэтлік «хуліган».
І гэта зусім не адлюстроўвае рэальнасці.

Асабісты досвед

Ганна
настаўніца
Смалявічы

З булінгам я сутыкалася наўпрост: калі я вучылася ў трэцім класе, мы зацкавалі маю аднакласніцу. Ні за што, пераважна за прозвішча. Я зразумела, што робіцца нешта жудаснае, у самы апошні момант, і гэтая віна перад ёй са мой засталася назаўсёды. Потым, праз дваццаць пяць год, я выпадкова сустрэла яе – і выбачылася. Але яна мне не даравала. Вось такі досвед, прышчэпка ад булінгу на ўсё астатняе жыццё.

У мяне датычна булінгу гіперкарэкцыя: я пачынаю бачыць яго і там, дзе яго яшчэ няма. Таму насцярожваюся імгненна, калі заўважаю раптам, што некалькі людзей аб’ядноўваюцца супраць аднаго. Не заўсёды гэта булінг, але я на ўсялякі выпадак кваліфікую яго адразу менавіта так.

Не думаю, што існуе адзіны рэцэпт для ўсіх. Усё залежыць ад бацькоў, ад сям’і, ад самой сітуацыі ў класе, ад канкрэтных учынкаў. Калісьці булінг пачынаўся ў класе, дзе вучылася мая дачка. Як толькі я адчула там нешта благое, я пагутарыла з дачкой і папрасіла яе сесці з той дзяўчынкай за адну парту. Растлумачыла, наколькі гэта важна для таго, каго цкуюць. Яны доўга сябравалі потым, і булінгу, здаецца, там пазбеглі. Другі раз булінг пачынаўся ў класе, дзе я выкладала сама, і давесці сітуацыю да нармальнай я не паспела, бо мяне звольнілі. Але ад адкрытых праяваў клас мне ўдавалася ўтрымаць, прынамсі, на сваіх уроках: гутаркамі, заўвагамі, жорсткімі рэакцыямі, па-рознаму, але гэта было паўсядзённае змаганне.

Думаю, тут абавязкова трэба звяртацца да добрага псіхолага, усім разам, і бацькам, і вучню. Я не вазьмуся абагульняць. Бываюць дзеці, якія ўвесь час трапляюць у сітуацыю булінгу на пазіцыі ахвяры, і трэба вельмі сур’ёзна і акуратна разбірацца. Што тычыцца настаўнікаў – таксама не маю аднаго на ўсіх рэцэпта, але ведаю, што булінг – ганебная з’ява, і настаўнік мусіць яе пільнаваць. Лепей, каб увесь клас не ведаў, як пішацца слова «мышаня», чым яны будуць буліць кагосьці на вашых вачах.

Крок 1. Разабрацца ў сітуацыі

  • НЕЛЬГА сварыцца і караць агрэсара да таго, як высветліліся ўсе абставіны. Не таму, што ён можа мець рацыю (агрэсія не можа быць рацыянальнай), а таму, што без высвятлення прычынаў не ўдасца перадухіліць падобныя сітуацыі. Размова павінна быць спакойнай і ўзважанай.
  • Кансультацыя з адмыслоўцам. Візіт да кваліфікаванага псіхолага дапаможа зразумець, што хвалюе дзіця. Вельмі часта дзеці-агрэсары маюць праблемы з эмпатыяй праз парушаныя стасункі з бацькамі. У такіх выпадках працаваць над сабой даводзіцца ўсёй сям’і.
  • Аргументацыя. Замест абвінавачванняў і банальнага пакарання лепш прывесці сур’ёзныя і дарослыя аргументы супраць пазіцыі булера. Калі каштоўнасці сям’і асуджаюць гвалт і дыскрымінацыю, размова будзе больш простай. Праўда, уласны прыклад бацькі павінны паказваць цягам жыцця, а не выключна ў размове.

Крок 2. Ісці да бацькоў ахвяры

Калі сітуацыя высветлілася, варта звязацца з бацькамі пацярпелага дзіцяці. Імаверна, размова будзе няпростай, але варта выбачыцца і прапанаваць сваю дапамогу. Асабліва гэта важна ў тых выпадках, калі цкаванне мела сур’ёзныя наступствы.

  • Пакрыйце матэрыяльную і, калі трэба, маральную шкоду пацярпелым;
  • Прапануйце ўрэгуляваць канфлікт адразу ж, пакуль справа не дайшла да розных інстанцый, у тым ліку суду, міліцыі ці пракуратуры.

Крок 3. Падрыхтавацца да ўвагі з боку школы

Калі супраць дзіцяці-агрэсара будзе складзены адміністрацыйны пратакол, справу аб адміністрацыйным правапарушэнні будзе разглядаць камісія па справах непаўналетніх пры мясцовым выканкаме. Не трэба баяцца камісіі, гэта можа толькі нашкодзіць і дзіцю, і сям’і. На паседжанні камісіі заслухоўваюцца прадстаўнікі дзяржорганаў, устаноў і іншых арганізацый, якія павінны былі прадухіліць булінг. Магчымасць выказацца будзе ў самога непаўналетняга і яго законных прадстаўнікоў.

УВАГА! Рашэнне (пастанова) камісіі абскарджваецца ў адміністрацыі (выканкаме) раёна, якімі яна створана, альбо ў раённай пракуратуры. Далей — у судзе. Рашэнне абскарджваецца на працягу месяца з дня атрымання адказу з адміністрацыі раёна ці пракуратуры.

Імаверна, на гэтым дзяржорганы не спыняцца, і бацькам дзіцяці-агрэсара давядзецца яшчэ доўга стасавацца з чыноўнікамі. Між тым, самы рацыянальны падыход у гэтым выпадку — наладжваць прыязныя сувязі і ўзаемапавагу. Прынамсі, усе гэтыя ўстановы павінны дзейнічаць у інтарэсах людзей. З гэтага лепш і зыходзіць.

Калі дзіця цкуюць. Гайд па тым, як змагацца з булінгам