Гiды

Belarusian Horror Show. Страхі ў нацыянальным стылі

Belarusian Horror Show. Страхі ў нацыянальным стылі

Малюнак Ave

«Хто ты, гадкі?!» — выгукне грамада ў чорную ноч, якая мусіць быць цёмнай і поўніцца жахамі. «Свой, тутэйшы!» — адгукнецца сублімацыя спракаветных страхаў і асцярогаў, містычных забабонаў і аскепкаў паганскіх вераванняў. І вылезе ў белы дзень у выглядзе міфаў і легендаў наўпрост у гайд Сойкі пра самыя беларускія жахі і жахлівыя беларускасці.

Прывід нявернай дамы

Кажуць, што ўвечары ў менскім Лошыцкім парку можна сустрэць цьмяны вобраз былой гаспадыні сядзібы Ядзвігі Любанскай. Легенда апавядае, што прывабная жонка апошняга гаспадара маёнтка Яўстафія Любанскага наважылася на адзюльтэр з графам Эмірыкам Чапскім. Гісторыя ўсплыла на свет у дзень народзінаў красуні; не вытрымаўшы ганьбы, спадарыня Ядзвіга знікла. Нехта кажа, што ўтапілася, нехта — што выпадкова загінула, калі намагалася схавацца ў чоўне пасярэдзіне ракі. З тых часоў (а гэта пачатак ХХ стагоддзя) сумную Лошыцкую даму можна сустрэць у адным з самых зацішных і прыгожых куточкаў Менску.

Чорнае возера для чорных душаў

Ці то падчас паўстання Касцюшкі, ці то ў іншыя неспакойныя гады, якіх багата выпала ў гісторыі Беларусі, здарылася гэтая гісторыя. Дамініканскі манах з Берасця адвярнуўся ад бога і людзей, задумаў нядобрае — зачараваць дачку бурмістра і разам з ёю выкрасці гарадскія скарбы. І задума ўдалася! Засталіся ззаду палаючыя муры Берасця, пара схавалася ў лесе на беразе Чорнага возера. Але нядоўгім быў спакой — уначы з вады выйшлі дзяўчаты ў багатых уборах, сталі спяваць песні, танчыць і клікаць мужчыну да сябе. Не вытрымаў манах і разам з золатам кінуўся да прыгажунь. Дачка бурмістра спрабавала яго стрымаць, але і яе ўцягнулі азярніцы. Прапала і гарадская казна, а мясцовыя моцна не раяць закаханым злаваць азярніц і начаваць на беразе Чорнага возера.

Прыкутая да Беларусі і пасля смерці

Хоць і мінула шмат стагоддзяў, але жыхары Смалянаў памятаюць, што некалі ў іх землях валадарыла легендарная каралева Бона Сфорца. І хоць памерла яна ў Італіі, а самі Смаляны перайшлі пад уладу роду Сангушак, і да сёння падступную і ўладалюбную жанчыну можна сустрэць у руінах замку Белы Ковель. Пабудаваны ён быў пасля ад’езду Сфорцы, але тутэйшыя жыхары бачаць яе у вокнах вежы, што захавалася да гэтай пары, чуюць музыку і танцы. Хіба цягне і пасля смерці каралеву ў мясціны, якія былі звязаныя з памяццю ейнага мужа караля Жыгімонта І.

27 загубленых душаў

Багата на Беларусі такіх месцаў, якія са стагоддзя ў стагоддзе назіраюць чалавечыя драмы. Так сталася з Брэсцкай крэпасцю. Трагедыі адбываліся тут і да пачатку Другой сусветнай. Так легенда кажа, што і сёння можна пачуць дзіцячы плач і стогны сярод разбураных муроў. Падчас асады крэпасці Суворавым у сутарэннях бернардынскага манастыра хаваліся маленькія выхаванцы манахіняў. Асада была жорсткай, і ўсе выхады з сутарэнняў заваліла, 27 дзіцячых душаў назаўжды засталіся замураваныя ў змрочных каменных пераходах.

Палескія вупыры

Можа, і не дайшла б да нас гэтая гісторыя, калі б не справаздачы паліцыі. У пачатку ХІХ стагоддзя ў мястэчку Дзівін Кобрынскага раёну зніклі два этнографы з Пецярбургу. Скандал! Але мясцовыя ведалі, каго вінаваціць. Яшчэ ў ХVІІ стагоддзі ў Дзівін прыехала заможная ды вялікая сям’я Дрык з Балканаў. З іх з’яўленнем пачалі знікаць маладыя дзяўчаты, дзеці ды цяляты. Адмыслововая камісія, у складзе якой быў і пракурор, і ксёндз-экзарцыст, прызналі новых жыхароў мястэчка за вупыроў. Кажуць, што вінаватых спрабавалі спаліць, але пайшоў дождж і затушыў полымя, ад дыму задыхнуліся ўсе шасцёра падсудных. Пахавалі іх за тэрыторыяй могілак, а каб не паўсталі, прывалілі камянямі. Ды толькі за часамі Расейскай імперыі мясцовых ксяндзоў прагналі, а на іх месца прыйшлі праваслаўныя бацюшкі. Адзін асабліва ахвочы да пераменаў поп загадаў адкаціць валуны ды перапахаваць нябожчыкаў. З тых часоў змрочныя навіны вярнуліся ў Дзівін, смерць этнографаў стала адной са шматлікіх. Апошні выпадак зафіксавалі за часамі Другой сусветнай. Некалькіх маладых нямецкіх афіцэраў знайшлі абяскроўленымі — гэта спісалі на дзейнасць партызанаў. Што стала з палескімі вупырамі, дакладна ніхто не ведае, як і не можа дакладна сказаць, ці не вернуцца яны па новыя ахвяры.

Ваўкалак — сябра чалавека

Пераваратняў баяліся па ўсім свеце, але не ў Беларусі. З даўніх часоў лічыцца, што ваўкі не былі ворагамі мясцовых людзей, а наадварот — іхнымі продкамі. І што нібыта старадаўнія плямёны ўмелі ператварацца ў ваўкоў. Не было гэта нечым паганым ці небяспечным. Вось і князь Усяслаў з Полацку быў празваны Чарадзеем у тым ліку за нібыта здольнасць ператварацца ў ваўка. З пашырэннем хрысціянства людзі забыліся, як чараваць. Некаторыя так і засталіся ваўкамі. Часта бывала, што драпежнік выходзіў на ўскраек вёскі і пазіраў на жыццё людзей, але не нападаў. Пра такіх ваўкоў і казалі, што гэта вядзьмар, які забыўся, як перакінуцца ў чалавека.

Вяртанне цмока

Пачалося ўсё з таго, што Ян Кішка — магнат і шляхціц — далучыў у ХVІ стагоддзі новыя землі. Прыгожыя мясціны сталі новым домам для арыянаў — хрысцінскай плыні тых часоў. Кішка загадаў збудаваць малельны дом, школу, друкарню. Пры ім Любча атрымала замак, герб, магдэбурскае права і свайго цмока-абаронцу. Кажуць, што прывід самога Яна Кішкі можна сёння сустрэць у Любчанскім замку, а цмок вернецца неўзабаве, каб мясціны атрымалі новую славу, а ворагі згінулі назаўжды.

Сцеражыся мёртвага возера

У Мядзельскім раёне турысты могуць нечакана напаткаць дзіўныя месціны — круглае возера, вакол якога не чуваць спеву птушак, а ў чорнай вадзе не блісне рыбіна. Шмат стагоддзяў таму гэтыя мясціны мелі добрую славу: тут жылі азярніцы, якія лекавалі людзей, дапамагалі мясцовым. Падчас паўстання Багдана Хмяльніцкага на бераг возера прыйшлі казакі і сталі здзеквацца, кпіць з азярніц. Раззлавалася азёрная царэўна і загадала бруістым хвалям змыць з берагоў лагер казакоў, а саміх воінаў патапіць у сваіх водах. З тых часоў азярніцы не выходзяць да людзей, а тыя, хто захочуць паплаваць у вадзе ці нават пакатацца на чоўне ў цёмных азёрных хвалях, адчуюць сябе блага і хто ведае, ці здолеюць пакінуць межы заклятага возера.

Акно ў пекла

Беларускія азёры заўжды — не тое, чым падаюцца. У сваіх глыбінях яны хаваюць вялікія таямніцы. Азярніц і цмокаў, зніклыя паселішчы і скарбы. А вось Святое возера ў Гарадоцкім лесе на дне мае прамую дарогу да пекла. Паводле легенды, сам чорт раззлаваўся на мясцовы храм ці то за тое, што надта святыя людзі жылі ў ваколіцах, ці то наадварот, за тое, што не было святасці ў храмавых служках. Спрэчка з чортам да дабра не даводзіць — на дно возера, наўпрост у пекла, правалілася і царква, і навакольныя паселішчы. І дагэтуль нават самыя адчайныя зухі не наважваюцца ныраць на дно Святога возера, каб выпадкова не трапіць у пекла.

Пракляцце налібоцкага капішча

Даўно гэта было, калі чарговы граф Тышкевіч вырашыў адбудаваць сабе новую сядзібу. Ды так, каб краявіды радавалі вока, а суседзі і госці здзіўляліся багаццю земляў. Выбраў граф для гэтага дуброву ў сучаснай Налібоцкай пушчы. Не паслухаў тых, хто папярэджваў: нельга кранаць святую дуброву, бо некалі ў ёй пакланяліся паганскім багам. Не было добрага жыцця ў маёнтку. Пабудовы разбураліся, людзі мерлі ад хваробаў ды няшчасных выпадкаў. Так і давялося пакінуць гэтыя мясціны, як напамін пра тое, што не паўсюль на беларускай зямлі можа ўладарыць чалавек.