Страшныя казкі для дарослых
За тысячы гадоў да кавіда, рэцэсіі і кроп-топаў чалавецтва ўглядалася ў цемру і не бачыла там нічога добрага. Уяўленне дамалёўвала трывожныя і страшныя карціны, нараджала народныя вераванні, міфы, легенды і казкі. Прыпудраныя хрысціянствам, народныя казкі не перасталі пужаць і выхоўваць, застаючыся крыніцай начных кашмараў і натхнення для будучых пакаленняў.
Дык што чытаць: Казкі братоў Грым НЕ ў рэдакцыі для дзяцей.
Эдгар Алан По. Змрочны цень
Уплыў на індустрыю жахаў гэтага амерыканскага аўтара немагчыма пераацаніць. Ягоныя творы і сама біяграфія натхняюць музыкаў, паэтаў, пісьменнікаў і, безумоўна, кінаробаў. Пералічыць усе экранізацыі ягоных твораў проста немагчыма, хоць зусім нядаўна на экраны выйшаў новы серыял «Падзенне дома Ашэраў». Дэкаданс, карункі, смерць і тлен — гатычнае хараство твораў По нельга абмінуць тым, хто хоча стаць знаўцай жахаў.
Як пазнаёміцца: не палянуйцеся прагартаць анталогію творчасці Эдгара Алана По. Дарэчы, можаце паслухаць Клода Дебюсі ці Марыса Равеля — яны абодва натхняліся творчасцю По.
Говард Філіпс Лаўкрафат. Татка Ктулху
Яшчэ адзін амерыканскі аўтар, які стаў легендарным пасля смерці. Сучаснікі цёпла прымалі некаторыя творы Лаўкрафта, які стварыў міфалогію Ктулху — гісторыі пра звышнатуральную, паўбоскую марскую істоту. Творы Лаўкрафта змрочныя, трывожныя, прасякнутыя прагай таемных і забароненых ведаў. «Лаўкрафтавыя жахі» сталі асобным напрамкам жанру.
Што знайсці: творы Г. Ф. Лаўкрафта. Дарэчы, Рыдлі Скот сцвярджае, што ягоны легендарны фільм «Чужы» (1979) быў менавіта «лаўкрафтаўскім». «Злавесныя мерцвякі» (1981) Сэма Рэймі таксама лаўкрафтавага кораня.
Пачвара Франкенштэйна: не той, хто вы думалі
Вельмі іранічна, што публіка па ўсім свеце называе Франкенштэйнам не тую істоту. Пісьменніца Мэры Шэлі стварыла страшную гісторыю, у якой навуковец перакрочыў мяжу дазволенага і стварыў монстра-кадаўра. Дык хто тут сапраўдны монстар — істота, якую ажывілі супраць яе волі, ці чалавек, які вырашыў, што ён можа цягацца з богам?
Дзе знайсці: Мэры Шэлі «Франкенштэйн, ці сучасны Праметэй», фільмы «Франкенштэйн» (1931) і «Нявеста Франкенштэйна» (1935) — тут упершыню монстр стаў такім, як мы яго ведаем!
Граф Дракула. Той яшчэ драконаў сын
Магчыма, вы не ведалі, але Дракула (Драконаў нашчадак) — сапраўдная мянушка сапраўднага гістарычнага персанажа Улада Цэпеша. Ангельскі тэатрал Брэм Стокер злучыў гістарычны факт, народныя легенды пра істот, што харчуюцца крывёю, дадаў інтрыгі і кахання і… стварыў самы знакаміты «вампірскі міф», які толькі набірае абароты ў сучаснай культуры.
Крывавая крыніца: Брэм Стокер «Дракула» (1897), найлегендарнейшы фільм рэжысёра Фрэнсіса Форда Копалы «Дракула Брэма Стокера» (1992).
Насферату. Лепшы за арыгінал?
Але першым у кіно быў не Дракула! У 1922 годзе на экраны выйшаў нямецкі фільм «Насферату, сімфонія жаху». Стваральнікі карціны вельмі баяліся, што праваўласнікі «Дракулы» забароняць Насферату, таму замест графа Цэпеша на прыгажунь тачыў зуб граф Орлак — лысы, лапавухі і двухзубы. Не герой рамана. Баяліся не дарма — карціну павінны былі знішчыць, бо правоў на экранізацыю не было. Між тым, кіно стала мегапапулярным, раз і назаўжды заклаўшы стылістыку вялікіх вампірскіх сагаў.
Як пабачыць: копіі, што захаваліся, зрабілі «Насферату, сімфонія жаху» (1922) класікай кінематографа.
Зомбі: куды ідуць мерцвякі
Жывых мерцвякоў, якія нам добра знаёмыя, свет упершыню пабачыў у 1968 годзе. Незалежны рэжысёр Джордж Рамэра стварыў першы ў гісторыі зомбі-апакаліпсіс «Ноч жывых мерцвякоў». Тэма не была новая, пра жывыя трупы здымалі і еўрапейцы, і азіяты, але ў Рамэра атрымаліся эталонныя зомбі з памятымі тварамі, у бруднай вопратцы і з характэрнай хадою. Дарэчы, фільм стаў народным набыткам ЗША. З тых часоў усё бягуць і бягуць тыя зомбі…
Дык што глядзець: «Ноч жывых мерцвякоў» (1968).
Падыміце нарэшце павекі!
Магчыма, нехта здзівіцца, калі пабачыць у гэтым пераліку просты савецкі фільм «Вій» па матывах твору Мікалая Гогаля. Карціна выйшла ў 1967 годзе і фактычна стала адзіным значным хорарам за ўсю гісторыю савецкага пракату. Фільм атрымаўся аўтэнтычным, прыгожым і страшным. Хоць па сённяшніх мерках эфекты просценькія, але, пагадзіцеся, халадок па спіне бяжаў пры поглядзе на Панначку.
Не прапусціце: фільм «Вій» (1967).
Кінг — кароль жахаў
Стывен Кінг — сапраўдны кароль жахаў. Столькі сюжэтаў і рэферэнсаў індустрыі не дарыў ніводзін іншы аўтар. Кінг напісаў процьму кнігаў і піша яшчэ. Па іх знятыя тысячы гадзінаў фільмаў, пра іх напісаныя песні, малююцца карціны і гэтак далей. Агромністы пласт сучаснай культуры завязаны на адным чалавеку, і проста злачынствам будзе не пазнаёміцца з ягонымі творамі.
Якія творы абраць: найстрашнейшым лічыцца раман Pet Sematary («Могілкі хатніх жывёл»). Яго шмат разоў экранізавалі, і кожная варыяцыя атрымлівалася досыць страшнай. На другім месцы — Shining («Ззянне»), але можна пазнаёміцца і з кароткімі аповедамі аўтара (дарэчы, існуе нават некалькі відэаанталогій паводле матываў кароткіх твораў Кінга). А ў Сойкі ёсць цэлая падборка твораў Кінга, на якую варта звярнуць увагу.