Гiды

Як пачаць размаўляць па-беларуску

Як пачаць  размаўляць  па-беларуску

Ці памятаеце вы часы, калі за беларускую мову ў горадзе маглі абазваць калгаснікамі? А гісторыі пра «гарбату с цитрамоном» чулі? Здаецца, гэта ўсё ўжо канчаткова ў мінулым і гэтак жа далёка ад мэйнстрыму, як мы ад Марса. Сёння наша мова — не проста сімвал і палітычны стэйтмент, гэта маркер для сваіх і чужых, зброя і сіла. На беларускую пераходзяць блогеры, актывісты, публічныя і непублічныя асобы, а любыя заявы пра негатыўнае стаўленне да яе робяцца маветонам. Sojka сабрала карысныя матэрыялы, рэсурсы, паролі і яўкі для тых, хто хоча загаварыць па-беларуску, калі яшчэ не пачаў.

Як пачаць  размаўляць  па-беларуску

Асноўныя пытанні

Навошта вучыць беларускую мову?

  • МАРКЕР

Вучыцца размаўляць на роднай мове і раней было не лішнім для кожнага, хто лічыць сябе беларусам, а сваёй сталіцай — Менск. Цяпер жа мова стала пэўным маркерам для беларусаў унутры і па-за межамі Бацькаўшчыны.

  1. Гэтак нас складаней пераблытаць з нашымі суседзямі
  2. Гэтак нас складаней зразумець (часам гэта вялікі плюс)
  3. Гэтак прасцей шукаць і пазнаваць сваіх

 

  • ГОНАР

«Быць беларусам — людзьмі звацца!» Уся вялікая* беларуская культура — ад Янкі Купалы да Аляксандра Памідорава — спадчына беларускамоўнага чалавека. Размаўляючы па-беларуску, мы становімся на шлях спазнання не толькі лінгвістычных асаблівасцей, але і ўсяго культурнага здабытку беларусаў — кніг, музыкі, гульняў, тэатру і кіно. Наша культура дакладна не абмяжоўваецца школьнай праграмай, тут ёсць месца і для кантэнту 18+, і для моднай сучаснай паэзіі, і для моладзевага слэнгу.

Тут мы іранізуем, усе культуры аднолькава вялікія і важныя. 

 

  • ДЗЕЦІ

Вось каму давядзецца хутчэй, чым іхным бацькам, вызначацца з уласнай ідэнтычнасцю. Больш няма месца для постсавецкай настальгічнай інэрцыі і песень пра славянскае братэрства (у кагосьці яшчэ засталіся сумневы?), мы — асобны народ, а дзеці — ягоны лагічны працяг. Вось тут падрабязна пра выхаванне дзяцей беларусамі.

Як не саромецца памылак?

Моўная актывістка Аліна Нагорная раіць проста размаўляць — на тым узроўні, які зараз вам дасяжны.

  • ПАЧНІЦЕ ВІТАЦЦА, РАЗВІТВАЦЦА, ДЗЯКАВАЦЬ ПА-БЕЛАРУСКУ
  • ЗАМАЎЛЯЙЦЕ ПАСЛУГІ ПА-БЕЛАРУСКУ
  • ЗВЯРТАЙЦЕСЯ НА БЕЛАРУСКАЙ ДА НЕЗНАЁМЦАЎ
  • ВЯДЗІЦЕ САЦСЕТКІ ПА-БЕЛАРУСКУ. ПЕРАД ПУБЛІКАЦЫЯЙ ЗАЎЖДЫ МОЖНА ПРАГНАЦЬ НАПІСАНАЕ ПРАЗ СЭРВІС “ДОБРАПІС”
  • ВЫБЕРЫЦЕ БЕЛАРУСКУЮ АСНОЎНАЙ У НАЛАДКАХ ГАДЖЭТАЎ І ПРАГРАМ
  • ЧЫТАЙЦЕ ПА-БЕЛАРУСКУ — НЕЗАЛЕЖНЫЯ МЕДЫІ, КЛАСІЧНУЮ І СУЧАСНУЮ ЛІТАРАТУРУ

Ці не перашкодзіць беларуская іншым мовам?

А вы задаваліся такім пытаннем, калі пачыналі вывучаць замежную мову? Прынцып нязменны: немагчыма нашкодзіць сабе ведамі, сапсаваць адныя веды іншымі або перагрузіць уласныя мазгі занадта вялікім аб’ёмам інфармацыі. Затое пастаянная навука робіць нашыя мазгі (адпаведна, і нас саміх) маладзейшымі. Гэтак і родная мова можа стаць пігулкай ад заўчаснай старасці.

Курсы беларускай мовы

У мірныя часы ў Беларусі самымі папулярнымі былі бясплатныя афлайн курсы «Мова нанова», арганізаваныя ў 2014 годзе Глебам Лабадзенкам. З Менску яны паступова пашырыліся на іншыя беларускія гарады — яны праводзіліся ў Баранавічах, Берасці, Ваўкавыску, Віцебску, Гомелі, Горадні, Маладэчне, Магілёве і ў іншых гарадах. На заняткі ў якасці запрошаных гасцей прыходзілі розныя людзі: беларускамоўныя лекары, праграмісты, архітэктары, спевакі, пісьменнікі, акторы.

Аднак у 2021 годзе курсы «Мова нанова» напаткаў той самы лёс, што і большасць іншых сацыяльных праектаў і НДА — арганізацыя была ліквідаваная. Аднак вялізны збор карысных матэрыялаў па вывучэнні беларускай мовы можна па-ранейшаму знайсці на сайце. Многія вядоўцы і арганізатары курсаў выехалі за мяжу, дзе далей працягваюць сваю дзейнасць — на карысць іншых беларусаў, якім таксама давялося з’ехаць, а таксама для тых замежнікаў, якія цікавяцца беларускай мовай і культурай.

АНЛАЙН

  • Трохмесячны анлайн-курс беларускай мовы з Аляксеем Шэіным (у Zoom)

Курс гутарковай беларускай мовы, які дапаможа пачаць актыўна і свабодна карыстацца ёй. Аўтар і вядоўца курсу — выкладчык і пісьменнік Аляксей Шэін, стваральнік курсаў беларускай мовы «Моваведа», якія ён праводзіў у 2008—2017 гадах. Сувядоўца відэапраекта «Гоман», прысвечанага беларускай мове.

Мэта курса — дапамагчы беларусам за 3 месяцы пачаць свабодна карыстацца беларускай мовай. Курс разлічаны найперш на дарослых. У курсе плануецца 12 заняткаў, якія будуць праходзіць у фармаце групавога коўчынгу, пачынаючы з 16 сакавіка (можна заскочыць у апошні вагон!). У выніку курсу ўдзельнікі атрымаюць лексічную базу, неабходную для камунікацыі па-беларуску на побытавыя тэмы, а таксама досвед актыўнага беларускага маўлення.

Рэгістрацыя тут

 

Сэрвіс для анлайн-гутарак на розныя тэмы ў камерных групах. Тут можна пазбавіцца ад комплексаў і разгаварыцца пра ўсё на свеце. У сувязі з вайной ва Украіне сэрвіс часова прыпыніў планаванне новых размоў, але, мы спадзяемся, «Вольная мова» вернецца ў сеціва, у тым ліку для сур’ёзных размоваў на роднай мове.

 

  • Умовы для мовы

Фэйсбук-старонка і тэлеграм-бот моўных актывістаў Ігара Случака і Аліны Нагорнай. Тут можна пачытаць цікавае і пракансультавацца пра абарону сваіх моўных правоў у Беларусі. Тут можна прачытаць інтэрв’ю з Алінай Нагорнай пра тое, як і навошта бараніць беларускую мову.

 

Тэлеграм-канал для бясплатнага анлайн-вывучэння беларускай мовы. Пасты на розныя тэмы — пра граматыку і арфаграфію, цікавыя факты пра мову, прыказкі і прымаўкі, цытаты вядомых беларусаў, вершы, а таксама анлайн-заняткі.

 

  • Ініцыятыва Суполкі беларусаў Чыкага

Суполка жадае запусціць курс беларускай мовы на платформе Duolingo. І просіць усіх аказаць падтрымку і напісаць у водгуках на апсторы і плэйсторы, што вы б жадалі бачыць беларускую мову ў спісе моваў для вывучэння.

Прыклад водгуку: I really enjoy using the app. I would love to see Belarusian language added, so I could practice speaking it with my Belarusian friends.

АФЛАЙН

  • ПОЛЬШЧА

Варшава

«Мова нанова з Варшавы»

Прысутнічаць, хай нават віртуальна, выконваць практыкаванні і ўдзельнічаць у дыскусіі тут будзе магчымасць для ўсіх. Бо асноўную стаўку арганізатары робяць не на саму сустрэчу (спатканні праходзяць у Варшаве, у Цэнтры беларускай салідарнасці штопанядзелак а 18.30), а на яе анлайн-трансляцыю.

Як кажа адзін з арганізатараў, Антось: «Мы адмыслова робім акцэнт на тых, хто жыве ў Беларусі. З Варшавы сёння прасцей і бяспечней зладзіць імпрэзу беларускай скіраванасці, таму яшчэ раз акцэнтую важнасць прыназоўніка ў назве нашых сустрэч. Мы менавіта «Мова нанова З Варшавы», бо спадзяемся трансляваць відэа адсюль у вялікі беларускі свет».

У камандзе сёння каля 10 чалавек, усе раней былі задзейнічаныя ў арганізацыі курсаў «Мова нанова» ў Беларусі. Мяркуючы па водгуках, курсы слухаюць з гарадоў і мястэчак Беларусі, а таксама з Польшчы, Расеі, Турцыі, Японіі.

  1. Telegram
  2. Facebook
  3. Instagram
  4. TikTok

 

Гданьск

Актывістка Надзея Маляўка з Горадні, пераехаўшы ў Гданьск, арганізавала тут курсы. Яна напісала ў групу курсаў у Варшаве папрасіць, каб дапамаглі арганізаваць заняткі. Ёй пайшлі насустрач — дапамагаюць з пошукам гасцей, а матэрыялы Надзея бярэ з афіцыйнай старонкі курсаў.

 

Уроцлаў

«Мова нанова Уроцлаў»

Праводзяць анлайн і афлайн-заняткі на беларускай мове па розных тэмах (гісторыя Беларусі, прыклады русіфікацыі беларускай мовы, рэгіянальныя адрозненні ў культуры і мове).

Дзіцячыя моўныя курсы

Пры ўроцлаўскай суполцы Беларускага саюза салідарнасці з’явіліся дзіцячыя моўныя курсы. Больш падрабязная інфармацыя — у ФБ-суполцы арганізацыі.

 

  • ЛІТВА

Вільня

«Мова нанова Вільня»

Бясплатныя курсы беларускай мовы ў Вільні. Арганізатары рэгулярна праводзяць сустрэчы афлайн, квізы, а ў інстаграме публікуюць цікавыя пасты пра вядомых беларусаў і #слоўніктыдня

Арганізатары — спікеры, якія праводзілі заняткі ў Беларусі. Адзін з іх, Глеб Сандрас, выступаў раней у Салігорску. Цяпер жа ён дамовіўся з Беларускім домам у Вільні, каб заняткі працягнуліся ў новай краіне.

Сустрэчы віленскай «Мовы нанова» запланаваныя шточацвер а 18.00
(Беларускі дом, Vilniaus gatve, 20).

 

Суботняя школка ў Беларускім доме

Спатканні дзяцей-беларусаў адбываюцца штосуботу а 10.40. Заняткі праводзяцца на розныя тэмы, па-беларуску.

 

  • ГРУЗІЯ

Батумі

«Беларускі клуб у Батумі»

Гурткі беларускай мовы на розны ўзрост для дзяцей (з 3 да 6 год і 7+ год) у гульнявым і творчым фармаце, актыўныя і настольныя гульні для дзяцей і дарослых, лекцыі, бібліятэка кніг па-беларуску.

Арганізавала клуб Кася Панкевіч, якая ўжо некалькі месяцаў праводзіць заняткі гуртка беларускай мовы для дзяцей. Са з’яўленнем клуба магчымасць далучыцца да беларускамоўнага асяродку ў Батумі атрымаюць не толькі дзеці, але і дарослыя, якія цяпер маюць выдатную пляцоўку для камунікацыі з землякамі.

 

  • УКРАІНА

Кіеў

Ва Украіне да вайны дзейнічала некалькі ініцыятываў па вывучэнні беларускай мовы — у кіеўскім пабе «Торвальд» правялі курсы «Мова нанова», у трапезнай «Академія» збіраліся аматары беларускай мовы, у Львове адчынілі школу беларускай мовы. У сувязі з вайной усе актыўнасці ў краіне зараз стаяць на паўзе. Слава Украіне!

Як пачаць  размаўляць  па-беларуску

Беларускамоўны YouTube i TikTok

Напэўна, усе чулі парачку гісторый пра тое, як нехта вывучыў замежную мову, гледзячы на ёй відэа. Калі гэта працуе з замежнай, то тым болей спрацуе з тым, каб падцягнуць сваю беларускую (і заадно, магчыма, даведацца нешта цікавае). Сойка выбрала некалькі беларускамоўных каналаў на Youtube і акаўнтаў у TikTok, пішыце нам і дадавайце свае ўлюбёныя.

Youtube

Гэта канал грамадскай кампаніі «Годна», прысвечанай стварэнню і прасоўванню сучаснай нацыянальнай ідэі Беларусі. «Мы імкнемся ўмацоўваць беларускую ідэнтычнасць на глебе агульных і стваральных каштоўнасцяў. Дзеля пабудовы годнай будучыні наша каманда распрацоўвае, падтрымлівае і запускае ідэйныя праекты ў новых фарматах», — гавораць аўтары праекта.

Адзін з апошніх праектаў, што запусціла каманда, — «Сэкс па-беларуску». Але сэксу на канале пакуль няшмат, затое хапае відэа пра падарожжы па Беларусі, беларускую музыку і культуру ў цэлым.

 

Канал пра Беларусь і трошкі пра астатні свет. Кантэнт даволі разнастайны: ад даволі доўгіх відэа ў фармаце лекцый пра беларускіх дзеячоў з розных часоў і сфер да кароткіх ролікаў па розных надзённых праблемах, а таксама перакладзеныя на беларускую і агучаныя выступы замежных экспертаў па абсалютна розных пытаннях ад Prager University (PragerU), накшталт «Як правільна сустракацца з хлопцам?» і «Хто вінаваты ў глабальным пацяпленні?».

 

Канал Валера Руселіка пра надзённыя палітычныя падзеі, грамадскае жыццё Беларусі, пра вайну і бел-чырвона-белы сцяг.

TikTok

  • У акаўнце Лізы Ветравай ёсць як асобныя відэа, прысвечаныя беларускай мове і прыватным момантам, карысным пры яе вывучэнні (як, напрыклад, размежаванне «сабе — сябе»), так і проста гутаркі над адцягненыя тэмы, як ва ўсіх нармальных тыктокераў.
  • Тутэйшы Шляхціч расказвае ў сваіх відэа крыху пра гісторыю, крыху пра надзённую палітычную сітуацыю і дзеліцца парадамі пра тое, як перайсці на беларускую мову. Мае таксама канал на ютубе.
  • У акаўнце Адар’і з Менска відэа трошкі пра фемінізм і пра тое, што табе не даюць пісаць даклад на тэму вайны, раз ты дзяўчынка; трошкі пра беларускую мову і як гэта — быць беларускамоўнай; а яшчэ пра сіндром самазванца, дэпрэсію і іншыя псіхалагічныя (і не толькі) праблемы.
  • Беларускі коцік расказвае пра падарожжы па Беларусі, пра мачанку з блінамі і здымае відэа «Белліт пад піва».
  • Ганна адказвае тым, хто кажа «Беларусь — гэта ўскраіна Расеі», «Што на беларускай мове створана такога каштоўнага?» і «Мне не падабаецца беларуская мова» — і гэтыя відэа набіраюць найбольшую колькасць праглядаў.
  • Алеся Гурская прэзентуе ў сваім акаўнце «легендарныя гісторыі ды ненавуковыя міфы» — напрыклад, хто такі цмок і ці ёсць вегетарыянства беларускай традыцыяй.
  • Галоўны спецыяліст па традыцыйнай беларускай кухні Алесь Белы расказвае пра калдуны і зуброўку і адказвае на важнае жыццёвае пытанне: «Ці павышае зуброўка патэнцыю?»
  • У акаўнце паэта і музыкі Віталя Рыжкова развагі пра самыя важныя беларускія канцэпты, як «дзве душы», пра цярплівасць і крыўдлівасць, мяккасць і рахманасць беларусаў і многае іншае.

Як наладзіць VPN?

Забароны на інтэрнэт для расейскіх акупантаў і іхных саўдзельнікаў у Беларусі могуць зачапіць і вас. Каб увесь цікавы кантэнт працягваў заставацца дасяжным, а інфармацыя паступала з усіх крыніцаў, а не толькі «дазволеных», варта паставіць VPN — бяспечны і просты ў абслугоўванні спосаб вярнуць доступ да заблакаванай інфармацыі. Вось некаторыя варыянты:

бясплатны і папулярны з часоў пратэстаў 2020 года. Адзіны мінус — невысокая хуткасць.

платныя сэрвісы, забяспечваюць вышэйшую хуткасць і дазваляюць абыходзіць у тым ліку забарону на выкарыстанне VPN-трафіка (бывае і такое).

Больш пра тое, як слушна і бяспечна карыстацца інтэрнэтам у сённяшняй Беларусі, чытайце у нашым гайдзе.

Як пачаць  размаўляць  па-беларуску

Фільмы, мультфільмы, кнігі

– кіно, мультфільмы, серыялы ў беларускай агучцы

Аўтары праекта пішуць (і мы не можам з імі не пагадзіцца):

«Кіно па-беларуску дапамагае пазнаёміцца з беларускай лексікай, прызвычаіцца да гучання нашай мовы, а таксама матывуе размаўляць на беларускай мове. Дзеткі натуральна ўспрымаюць беларускую мову і хутка запамінаюць новыя словы, калі глядзяць цікавыя ім мультфільмы па-беларуску. Яшчэ кіно сёння — гэта адна з самых частых тэм для абмеркавання, а лакалізаванае па-беларуску, яно з’яўляецца паўнавартасным сродкам камунікацыі, калі ёсць з кім і пра што пагутарыць) Мы ўпэўненыя, што беларуская мова не толькі арганічна гучыць у сучасным сусветным кіно, але і здольная ўпрыгожыць любыя жанры: ад фэнтэзі і фантастыкі да жахаў і арт-хаўса!»

 

Хіба самы вялікі збор беларускамоўнай літаратуры ў інтэрнэце. Праект заснаваны ў 1996 годзе, і, здаецца, з таго часу яго дызайн не надта змяніўся, што, аднак, не перашкаджае яму быць крутой бібліятэкай, дзе можна знайсць ўсё ад класікі да сучаснасці, а таксама перакладаў замежнай літаратуры на беларускую мову.

 

Яшчэ адзін вялікі збор беларускай літаратуры, у тым ліку перыёдыкі і аўдыякніг, а таксама шмат карысных матэрыялаў у раздзелах «Музыка», «Відэа» і «Радыёперадачы».

Як пачаць  размаўляць  па-беларуску

Дзень роднай мовы

Дзень роднай мовы адзначаецца ў свеце з ініцыятывы ЮНЭСКА з 2000 года. Дата 21 лютага была абраная, бо ў гэты дзень, у 1952 годзе ў Пакістане, усходняя частка якога пасля стала незалежнай дзяржавай Бангладэш, загінулі пяць студэнтаў, якія выйшлі на дэманстрацыю, змагаючыся за наданне іх роднай мове бенгалі статусу дзяржаўнай. Уласна, рух за дзяржаўны статус мовы бенгалі і прывёў да аддзялення Усходняга Пакістану ад Пакістану і і з’яўленню на мапе свету новай незалежнай краіны Бангладэш.

У Беларусі ў гэты дзень традыцыйна адбываецца «Усебеларуская дыктоўка» (яна ж «Нацыянальная дыктоўка»), якую калісьці заснавала Таварыства беларускай мовы — грамадская арганізацыя, што займалася прамоцыяй беларускай мовы і культуры з 1989 года. (Як і многія іншыя НДА, ліквідаваная ўвосень 2021 года). Летась тэкст дыктоўкі чытала Святлана Ціханоўская, сёлета — Павел Латушка.

Беларуская мова — наша каштоўнасць.

Але гэта не крыштальны сасуд, які трэба трымаць у глыбіні буфету, баючыся разбіць, і не запыленая кніга, у якой сабраны непарушны збор правілаў.Мова — гэта маркер, які пазначае сваіх, гэта зброя, моц, але таксама гэта несканчальнае поле для забаваў, эксперыментаў і натхнення. Давайце ж вучыць беларускую мову, «каб не ўмёрлі».Дадавайце свае заўвагі і пажаданні нам на пошту sojka.editors@gmail.com ці ў тэлеграм @sojkaio.

Як пачаць  размаўляць  па-беларуску