Перахаджу прастуду на нагах — нічога мне не будзе!
Першая рэкамендацыя, якую атрымлівае ад мяне хворы на ВРВІ, — узяць бальнічны і тэрмінова выбраць сабе невялікі серыял для прагляду за тыдзень. Справа ў тым, што вірусы з групы прастудных лёгка перадаюцца паветрана-кропельным шляхам, і калі вы прыходзіце ў офіс, гераічна перамагаючы насмарк, вы падвяргаеце небяспецы сваіх калегаў. Ды й актыўная працоўная дзейнасць у перыяд прастуды зусім не спрыяе ачунянню.
Тэрмінова ў аптэку па процівірусныя!
Набярэмся мужнасці і паглядзім праўдзе ў вочы: час прызнаць, што лекаў ад прастуды не існуе. Лекаў з даказанай эфектыўнасцю, я маю на ўвазе. Існуюць процівірусныя прэпараты, якія праявілі актыўнасць у барацьбе з вірусам грыпу, але грып складае вельмі невялікі адсотак сярод групы ВРВІ. У пераважнай большасці парушальнікам спакою будзе рынавірус, які ўпарта ігнаруе процівірусныя, гамеапатычныя, імунамадулявальныя лекі, а таксама ўсякага роду фітапрэпараты. Вірус будзе непакоіць вас каля 7 дзён, а потым скончыць свой перформанс (а вы да гэтага часу паспееце з’есці блістар чаго-небудзь не надта працоўнага, што вам параілі ў аптэцы, і вырашыце: ну вось, нарэшце дапамагло)
Гастранамічны тэрарызм
Закладае нос? Зараз засунем туды часнык і альяс! Баліць горла? Хутчэй робім гарбату з мёдам і лімонам! І імберцу туды натаркуем!
Тлумачым, што не так: пры віруснай інфекцыі слізістая носа і глоткі пры аглядзе звычайна выглядае пачырванелай, бо яна раздражнёная і запалёная. Ужыць тактыку «клін клінам» і ўздзейнічаць на яе нечым высокаэкстрактыўным — безумоўна, варыянт для адважных, але эфектыўнасць гэтага спосабу сумнеўная. Я звычайна рэкамендую рабіць усё, каб супакоіць слізістую: нос увільгатніць салявым растворам (у аптэцы іх проста мора), а для горла — рассмактаць смактульку, выпіць цёплай (не толькі што закіпелай!) гарбаты ці какавы, а калі хочаце, то маеце поўнае права з’есці марозіва: яно і горла прыемна астудзіць, і можа замяніць прыём ежы, калі апетыт зусім знік.
Народная эксперыментальная медыцына
Такім чынам, да дакучлівых сімптомаў у выглядзе насмарку і болю ў горле далучылася падвышаная тэмпература цела. І генетычная памяць так і шэпча на вуха: шаруемся ўсім, да чаго зможам дацягнуцца.
Чаму варта своечасова спыніцца?
Сапраўды, існуе меркаванне, што няма лепшага сродку для нармалізацыі тэмпературы, чым расціранне няшчаснага хворага гарэлкай / спіртам / воцатам / ледзяной вадой / чым падказвае фантазія. Што не так з гэтым спосабам? Па-першае, такое мерапрыемства проста небяспечнае: наша скура валодае выдатнай уласцівасцю абсорбцыі, гэта значыць усмоктвання рэчываў, і калі мы наносім спірт на вялікую паверхню скуры, то працэс гэты мы каталізуем.
Таксама пры кантакце цела з холадам адбываецца спазм сасудаў, крывацёк запавольваецца, памяншаецца вылучэнне поту і аддача цяпла. А пры падвышэнні тэмпературы неабходна зрабіць усё для таго, каб арганізм меў магчымасць губляць цяпло. Па-другое, у тысячу разоў больш эфектыўна і бяспечна выпіць таблетачку ібупрафену ці парацэтамолу, якія і працуюць спраўна, як гадзіннік, і каштуюць зусім няшмат, і прадаюцца ў любой аптэцы.
Раз прастуда праходзіць сама, звяртацца да лекара не буду
Калі пасля 5-7 дзён захворвання вы адчуваеце сябе значна весялей, тэмпература не падвышаецца і горла амаль не баліць, вашае нежаданне ісці да лекара абсалютна абгрунтавана.
Але давайце дамовімся: ёсць такія станы, якія патрабуюць медычнай кансультацыі. Вось яны:
- Высокая тэмпература больш за 3 дні.
- Ёсць боль, асабліва ў грудзях ці ў жываце.
- За тыдзень зусім не стала лепш ці стала горш.
- Пасля значнага паляпшэння стала дрэнна зноў (так званая «другая хваля»).
Кожная з пералічаных сітуацый — падстава прызначыць спатканне вашаму ўчастковаму тэрапеўту.