Мікрагрын
І ўзімку, і ўлетку на падваконні можа каласіцца ваш персанальны мікрасадок. Microgreen (або мікразеляніна, мікратравы ці мікрарасліны) — сапраўдны хіт апошніх часоў, які прыйшоў на змену тэндэнцыі прарошчваць зерне і есці маладыя парасткі. Мікрагрын — гэта расліны, якія можна спажываць на раннім этапе іхняга развіцця — паміж прарошчаным зернем і маладой раслінкай. З пункту гледжання карысці і смаку мікразеляніна не саступае прарошчанаму зерню, а вось вырошчваць яе прасцей.
Што садзіць?
Можна любыя зярняты. З правераных — зялёная цыбулька, кроп, базілік, арэгана, тым’ян, рукала, перачная мята, каляндра, меліса, сланечнік, зялёны гарошак, бурак, брокалі, радыска і нават канюшына.
Як садзіць?
Можна ўзяць звычайныя гаршкі для кветак, насыпаць туды ўніверсальную зямлю, укласці ў яе цыбулінкі або папярэдне намочаныя зярняты, злёгку прысыпаць зямлёй і паліць вадой. Гаршкі лепш выставіць на паўднёвыя вокны, але не пад наўпроставыя сонечныя промні, забяспечыць ім дастатковае паліванне (лепш за ўсё спраўджаць, ці не сухая зямля, і апырскваць яе пульверызатарам). Зямля з вашым карысным мікрагрынам не мусіць быць ні сухой, ні тануць у лужыне вады.
Збор лістоў
Збіраць першы высокавітамінны дадатак да ежы можна ўжо калі з’явяцца першыя маладыя лісткі. Проста бярыце нажніцы і зразайце бліжэй да зямлі, а на іх месца засейвайце наступныя.
Мікралісце смачнае на бутэрбродах, у салатах, яго можна дадаваць у гатовыя стравы ці ў кактэйлі. Плюсаў такога садоўніцтва не злічыць: мікрагрын дае нам вітаміны, мінералы і клеткавіну, для яго вырошчвання падыдзе насенне з суседняй крамы, догляд яго нескладаны, а эфекту не трэба чакаць тыднямі.
Агарод на балконе
Не ўсім дадзена лецішча ў «Зялёным», таму зялёным можна зрабіць свой балкон або тэрасу.
Галоўнае правіла агароднічання на дварэ (нават калі гэта ваш 2x2-метровы балкончык) — тэмпература павінна ўрэшце цалкам адарвацца ад нуля. Таму, рыхтуючыся да балконнага земляробства, насенне ці цыбулінкі можна спачатку пасеяць у гаршчок і зрабіць яму «цяплічку», закрыўшы празрыстай плёнкай і праветрываючы раз на два дні (прыбіраць плёнку на 5-10 хвілінаў). Як толькі большасць насення «праклюнецца», плёнку можна прыбраць і дарошчваць далей, рассаджваючы пры неабходнасці. Прыкладна ад сярэдзіны красавіка гадаванцаў можна выносіць на балкон і адразу там жа засаджваць іншыя расліны.
Што садзіць?
Салату і радыску, якія не патрабуюць шмат зямлі, таму ім будзе добра ў неглыбокіх пасудзінах. Памідоркі чэры, рассаду якіх варта садзіць якраз у глыбейшыя гаршкі. Трускаўкі і суніцы — праўда, тут спатрэбіцца цярплівасць: у першы год яны толькі наросцяць зеляніну, а ягадкі дадуць налета. Зялёны гарошак — засаджваючы гарошынкі, каля іх варта ўбіць у глебу метровыя калкі, каб раслінкі мелі за што трымацца, калі пачнуць лезці ўгару.
Вядома ж, на свежым паветры з задавальненнем будуць расці і разнастайныя травы: размарын, базілік, тым’ян, каляндра, мята, кроп, чабор, лаванда. Пасля сезону іх можна забраць і ўсярэдзіну.
Як садзіць?
Калі вы хочаце адразу разбіць цэлы агародзік, спачатку варта распланаваць прастору, каб для ўсяго хапіла месца. Закупіць кампоставую зямлю і высаджваць расліны ў кветкавыя гаршкі ці драўляныя скрынкі.
Асноўныя памылкі
Паспяшацца
Нецярплівае чаканне новага сезону і жаданне прыспешыць абуджэнне прыроды змушае многіх недасведчаных агароднікаў высяваць раслінкі раней за час. Найлепш спраўдзіць тэрміны высявання балконнай агародніны і траваў, каб не марнаваць іх у памяшканні, чакаючы вясну-спазняйку.
Пасадзіць зашмат
Як кожнае новае захапленне, агародніцтва здольнае прыносіць шмат адкрыццяў ды прыемнасцяў. Аднак калі раней вы нічым падобным не займаліся, завядзіце спачатку пару гаршкоў, каб сельскагаспадарчы запал не пагас пад лавінай бясконцай працы і расчаравання.
Загуста пасеяць
Насенне ў пачку выглядае маленечкім, і недасведчанаму агародніку абавязкова закарціць сыпнуць зашмат. Калі пасадзіць расліны загуста, яны не ўзыдуць і не вырастуць як след, ім будзе не хапаць святла і прасторы.
Ігнараваць компас
Не кожны балкон пасуе для раслінаводства. Садаводы не раяць заводзіць расліны на балконе, які глядзіць на поўнач, хіба што вы выбераце віды, якім не трэба шмат святла (напрыклад, мяту, пятрушку, салаты, радыску), пры гэтым найлепшыя агароды атрымаюцца ва ўладальнікаў балконаў, што выходзяць на ўсход і захад. А вось з паўднёвага боку раслінам можа быць загорача і засуха.
Неадпаведныя гаршкі і скрынкі
Каранёвая сістэма розных раслінаў — розная. Адным (напрыклад, салаце) дастаткова 10 см зямлі, іншыя ж патрабуюць больш. Для пачатку найлепш кіравацца стандартам 25-30 см. Гэта самая распаўсюджаная глыбіня для вырошчвання агародніны.
Непатрабавальныя ачышчальнікі
Яшчэ адна карысная катэгорыя для раслінавода-пачаткоўца — дэкаратыўныя расліны, якія ачышчаюць і азануюць паветра, аздабляючы кватэры, робячы з жытла сапраўдны дом. Трымайце наш ТОП-5 самых непатрабавальных і жывучых зялёных насельнікаў.
Заміякулькас — выдатна расце ў неасветленых месцах, напрыклад, у калідоры. Любіць умераную пяшчоту, а вось замоцная любоў яго пагубіць — паліваць расліну трэба зрэдчас і наогул — даваць ёй асабістую прастору.
Сансеверыя цыліндрычная — стылёвы гатунак «цешчынага языка», таксама спакойна трывае ў цені і паўцені.
Каляровыя і мініятурныя гатункі манстэры — не такія вялізарныя як звычайная манстэра, таму лепш пасуюць да невялікіх месцаў, але маюць такое ж ажурнае лісце як надзвычай модная сёння звычайная манстэра.
Фікусы ўсякіх колераў і форм, мода на якія зараз вяртаецца, найхутчэй праз іх устойлівасць і імітацыю «дрэўца» ў кватэры.
Філадэндраны – ліяны, якія маюць лісце розных колераў (ад белых да цёмна-чырвоных), формаў і памераў.