Малюнак Ксеніі Лагавой
Жыццё — не казка, а часам нават казка наадварот. У кнізе прынцэса звалілася ад уколу верацяна, а ажыла ад пацалунку. У жыцці ж хутчэй звалішся ад пацалунку, дакладней, выкліканых непажаданымі бактэрыямі ці вірусамі хвароб, а ўкол якраз можа ўратаваць ад непрыемных наступстваў. Таму, дрыжыце, антываксеры і іншыя прыхільнікі тэорыі пра квадратнасць зямлі, — Сойка выдае дозу ведаў пра тое, як эфектыўна ўкалоцца і жыць доўга ды шчасліва. На пытанні пра вакцынацыю адказвае лекарка Марыя.
Марыя Хвайніцкая — беларуская ЛОР-лекарка. Скончыла ўніверсітэт у 2015-м, працавала ў дзіцячай паліклініцы і лор-аддзяленні 4 лякарні ў Менску. Стаж 7 гадоў. Валанцёрка-куратарка цэнтра рэабілітацыі ЛАНКА, Украіна.
Што такое вакцынацыя?
Гэта максімальна эфектыўны спосаб абароны ад хвароб яшчэ да таго, як чалавек уступіць у кантакт з іх узбуджальнікамі.
Як гэта працуе?
Як і хваробы, вакцыны трэніруюць імунную сістэму з дапамогай спецыфічных антыцелаў. У складзе сучасных вакцын — забітыя або аслабленыя формы ўзбуджальнікаў той ці іншай хваробы, якія не прыводзяць да захворвання.
Ці дастаткова нам прышчэпак, зробленых у дзяцінстве?
Шкада, але не. Часам я ўжываю такую аналогію: калі працяглы час не займацца спортам, навык губляецца. Такі ж самы механізм працуе і ў выпадку з імуннай сістэмай: даводзіцца абнаўляць «веды» ахоўных сістэм арганізму.
Ад чаго можна і варта прышчапіцца проста цяпер?
Covid-19
Каранавірусная інфекцыя стала сусветнай праблемай у 2020-м, і, на жаль, спыняцца гэты вірус не збіраецца. Ён муціруе і змяняецца, але застаецца небяспечнай праблемай. Чаму варта прышчапіцца? Пасля вакцынацыі колькасць выпадкаў заражэння змяншаецца ў 9 разоў, імавернасць шпіталізацыі ў выпадку захворванння зніжаецца ў 67 разоў, а імавернасць памерці ад COVID-19 — аж у 76!
СААЗ вылучае 3 прыярытэтныя групы для вакцынацыі:
- Група высокай рызыкі.
Хто гэта? Маладыя дарослыя з цяжкімі спадарожнымі захворваннямі; дзеці ва ўзросце ад 6 мес і болей з захворваннямі імунітэту, анкалагічнымі захворваннямі; цяжарныя; медыцынскія працаўнікі.
А калі гэта я? Варта выканаць першасную серыю вакцын, першую бустарную дозу і дадатковыя бустарныя дозы праз 6 ці 12 месяцаў.
- Група сярэдняга прыярытэту.
Хто гэта? Дарослыя людзі без спадарожных захворванняў ва ўзросце да 50-60 гадоў; дзеці і падлеткі з парушэннем тлушчавага абмену ці спадарожнымі захворваннямі.
А калі гэта я? Мой выбар — першасная серыя даступных вакцын і адна бустарная доза.
- Група нізкага прыярытэту.
Хто гэта? Здаровыя дзеці і падлеткі ва ўзросце ад 6 месяцаў да 17 гадоў.
Высновы:
- калі вы за 3 гады не атрымалі ніводнай дозы вакцыны — неабходна выканаць вакцынацыю хаця б першаснай серыяй даступных вакцын на аснове адэнавірусу (да такіх належыць «Гам-КОВИД-Вак»);
- усе людзі з цяжкімі спадарожнымі захворваннямі / імунасупрэсіяй павінны атрымаць, акрамя першаснай серыі вакцын, хаця б 1 бустарную дозу, а ў ідэале — бустарныя дозы раз на год;
- калі вы цяжарная, варта памятаць, што негатыўных эфектаў на ход цяжарнасці і родаў прышчэпка не прадэманстравала, але аднаразовая вакцынацыя эфектыўна абараняе жанчыну і дзіця.
Цяпер у Беларусі можна зрабіць прышчэпку ад каранавіруснай інфекцыі вакцынай «Гам-КОВІД-Вак» («СПУТНИК V», «СПУТНИК Лайт»).
Грып
Давайце адразу дамовімся: грып — гэта не звычайная прастуда, якая праяўляе сябе ў форме невялікага дыскамфорту ў горле і жаданню правесці ў ложку некалькі дзён. Цяжкі грып можа быць небяспечным і нярэдка патрабуе лячэння ў шпіталі.
Як сябе абараніць? Звяртаемся да афіцыйных рэкамендацый: планавая сезонная вакцынацыя супраць грыпу паказана ўсім людзям пачынаючы з 6 месяцаў, якія не маюць супрацьпаказанняў. Хто належыць да груп асаблівай рызыкі? Тут нічога новага: дзеці ад 6 месяцаў да 5 гадоў; асобы, старэйшыя за 50 гадоў; людзі з хранічнымі захворваннямі, з аслабленым імунітэтам, з індэксам масы цела больш за 40 і цяжарныя жанчыны.
У Беларусі цяпер дасяжны наступныя вакцыны: «Вакцына для прафілактыкі грыпу» (Расія), «Ваксігрып Тэтра» (Францыя), «Інфлювак Тэтра» (Швейцарыя).
Таксама скарыстаюся момантам і нагадаю, што калі вам больш за 18 гадоў і вы праявіце свядомасць і запішацеся на прыём да свайго тэрапеўта, ён знойдзе ў вашай медыцынскай карце прышчэпачны пашпарт і раскажа, калі варта абнавіць прышчэпкі ад слупняку і дыфтэрыі. Цяпер нам здаецца, што гэтыя інфекцыі засталіся далёка ў мінулым, але гэта адбылося менавіта дзякуючы шырокаму распаўсюджванню вакцынацыі. Давайце не дазволім гэтым інфекцыям вярнуцца!