Размовы

Беларускія паэты пра восень: 9 вершаў

Беларускія паэты пра восень: 9 вершаў

Малюнак Ania Crook


Алесь Разанаў

***

«А вось яшчэ што!..»
Нанова
ўсчыняе размову
асенні дождж.

***

Лісцё ападае.
Лес
падаецца ў вырай.

***

Прыйшла –
туман на мураву –
звінець,
ах, восень,
ганарыцца…
Сланечнік згубіць галаву,
празрыста ясень загарыцца.

Тацяна Сапач

***

Часам мілосьці,
калі ўжо аціх лістападавы шал,
дайце мне вечар –
сыры, непагодлівы, шэры…
Восень, сястра,
апусьці залатыя заслоны –
нашага смутку
ніхто не павінен пазнаць.
Ах, гэты баль! –
пад аховаю згодных дажджоў
позьнія госьці
патрапяць прыйсьці незаўважна
і да паўночы
у лепшых уборах сваіх
хай прамаўчаць –
абы чулася музыка зьлівы.
Заўтра зіма.
Гэта сон, і спакой, і спагада.
Вам і ня варта
інакшых прытулкаў шукаць.
Дайце мне вечар!..
Я хочу апошняе слова
сёньня сказаць.

***

О, час пераможных шэсьцяў –
крышацца брукі ад маршаў!
Як не вітаць гэту музыку
сусьветнае мітусьні!..
Пара апантанага плёну –
зьбірайцеся і зьбірайце!
Як не вітаць гэту музыку!
– Мне больш даспадобы дождж…
Складзены стрэлы Фэба,
і зьвініць, цяпер беспатрэбная,
павуціны цяціва між дрэў…
няхай не пакіне нас Восень!

Анатоль Сыс

Восень – калі лось скідае рогі,
Калі рэкі суцішаюць бег,
Калі пахнуць верасам дарогі,
Калі сонца коціцца са стрэх.

Міхал Анемпадыстаў

Лалала

У нашым мястэчку восень,
І прыхадні розныя лазяць па хатах,
Тыцкаюць пальцамі ў сала
І наводзяць свае парадкі.
У мяне на душы паскудна,
І словаў бракуе каб выказаць гэта.
І не хапае моцы,
Каб далей гэта моўчкі трываць
Лепей пайду па мястэчку,
Вазьму ў рукі кала
І засьпяваю ўголас,
Каб чулі ўсе ЛАЛАЛАЛА!

Наста Кудасава

…проста верасень гладзiць жалуды па галовах,
зьняўшы душаў капелюшы.
я з усiх чалавечых i рыбiных моваў
помню толькi «люблю» i «пiшы».
быццам дзесьцi пад скурай прарыў цеплатрасы
вострым кiпнем балючага «ты».
быццам восень мая зараз кiнецца з часу,
як на бераг – ад шчасьця – кiты…

***

На беларускіх вуліцах Кастрычнік.
На беларускіх вуснах немата.
Бадзяецца штодня ў маім абліччы
Самота ад сьвітаньня да маста.

Глядзіць у цвіль, схіляецца над багнай
Плюецца вершам, каб завершыць дзень,
І скінуўшы надуманую вагу,
Назад да безнадзейнага брыдзе.

Туды, дзе пачынаюцца сумненьні,
Дзе робіцца зусім слабы мастак,
Каб залячыць разьбітыя калені
Ці назаўсёды адысьці з маста.

Андрэй Хадановіч

сто пудоў адзіноты
I just called to say «I love you».
Stevie Wonder
сто пудоў адзіноты больш чым пацягне ліфт
за акном то зьліва то пролівень то залева
ходзяць думкі налева і ўлева схіляюць шрыфт
і пішу пачынаючы з рыфмаў справа налева
сёньня дзень і ноч пагадзіліся на нічыю
і ніякай нябеснай манны максымум манка
а назаўтра вечар з раніцы зуб даю
гэта восень будзе вільготнай як німфаманка
гэта восень будзе вільготнаю сто пудоў
нібы горла не прасыхацьме да небакраю
але будзь я нават нэграм пахілых гадоў
я вазьму тэлефон і скажу што цябе кахаю

Завосень

плачам, бо возіць ваду на пакрыўджаных восень
возьме ў аблогу Залесьсе і возьме Завосьсе
стужкі дрыжаць на вятрыску спужанаю птушкай
птушкі лятуць у завосень апошняю стужкай
бабіна лета з такім нежаночым абліччам
што павуту ў валасах сівізною не лічым
хворая восень навучыць любіць, як здароўе
тую, што з намі тым больш, чым навокал х***ровей
тую, што некалі зьдзівіць старой навіною
з выраю вернецца восень — і будзе вясною
з ёю паўзуць на сьвятло сутарэньні і лёхі
подых на поўнае неба — здаровы і лёгкі
гэты закон непахісны, як нашы хістаньні:
глянь іншы раз на яе — і растаньне растане
сьнегам калядным у чысты ручай велікодны
неверагодны, як мы — і, як мы, верагодны

Віялета Пачкоўская

Напрадвосені

Не бойся, распранайся, мы ідзем
Выколваць вочы ночы. Жнівень. Твой
Салёны смак і водар палыновы
І я — метафара the best да слова восень
Нам хопіць органаў пачуццяў адшукаць
Чарговы ўсход і філасофскі камень
Нам хопіць перашкодаў, каб забыць
Свае імёны і чужыя хайку
Я расцякуся па тваёй крыві
Ты зацвярдзееш у маіх касцях
Ты быў
Я буду
А цяпер мы ёсць
І немагчыма зашпіліць маланку
На голай праўдзе й патаўсцелай ночы
Я затушу апошніх светлячкоў
Не бойся, распранайся, мой анёле
Не бойся, дай руку
Я твая восень

Рыгор Барадулін

Цixa – aжнo зaклaдвae вyшы.
Дзюбaй зaбiнтaвaнaй – aдбiў зa лeтa –
Гpyкae дзяцeл y aзaлeлы cтвoл.
Coceн пявyчыx нi ўвeчap, нi paнa
He ўчyeш нaўкoл
Ha дoл cыплeццa тoлькi iглiцa,
Быццaм бypaя пoўcць з мядзвeдзя.
Лeдзьвe шэпчyць cacнa з cacнoю
(Яны зaзвiняць вяcнoю!).
Kpaдзeццa зoль нaпpacткi дa paкi,
Бaч ты, пaўзe кaля caмaй!
Лeтaм пoлю звiнeць кaлacaмi!
A пoкyль зaмoўклa ўcё…

Артур Камароўскі

Мне цябе абяцала восень
разам з жоўтым лістом кляновым.
Паміж шчасцем старым і новым
Цёплым ранкам, гадзін у восем.
Белым дымам цябе малявала,
пакідала ў душы адгалоссе…
Мне цябе абяцала восень.
Толькі слова сваё не стрымала.