Гiды

ТОП-5 настольных гульняў па-беларуску

ТОП-5 настольных гульняў па-беларуску

Настольная гульня — ці не найлепшая альтэрнатыва пляшцы і тэлевізару. Ці не самы бяспечны спосаб пазнаёміцца ды пасябраваць з іншымі людзьмі, знайсці сваіх і разам вырушыць у паралельную рэчаіснасць. Таму, калі вас клічуць пагуляць у наступныя гульні, Сойка раіць не чакаць ні хвіліны і вылятаць на прыгоду. Так што, homo ludens, гуляйма!

ТОП-5 настольных гульняў па-беларуску

«Паўстанцы»

«Паўстанцы» — ці не першая настолка на беларускай мове. Па сутнасці, гэта рэінкарнацыя гульні ў «Мафію» (хіба найпрасцейшая і найбольш вядомая ролевая гульня), але на нашых рэаліях. Легенда такая: адбываецца паўстанне 1863-64 гг., і вам дастаецца роля аднаго з паўстанцаў, царскіх урадоўцаў або «простага беларуса» (гэта як «мірныя жыхары» ў «Мафіі»), які таксама можа трапіць пад раздачу. У пэўны момант гульні паўстанцы знаёмяцца адзін з адным, тое ж самае робяць і чыноўнікі. І толькі «простыя беларусы» не ведаюць, хто «наш», а хто — «агент крамля». І менавіта яны мусяць выкрыць, у залежнасці ад раўнду, або адных, або другіх. Паўстанцы і царскія чыноўнікі, у сваю чаргу, павінны ўдаваць з сябе «простых беларусаў», каб не быць выкрытымі і перамагчы. Карацей, вельмі беларуская гульня, у якой чым больш людзей удзельнічае — тым цікавей.

ТОП-5 настольных гульняў па-беларуску

«Мова»

«Мова» — тут назва гаворыць сама за сябе, гэта гульня на пашырэнне слоўнікавага запасу для тых, хто вывучае беларускую мову і/або далучае да яе дзяцей (уласна для дзяцей ёсць адмысловая версія «Мова. Буслік»). Гульня мае некалькі варыянтаў правілаў — можна выбіраць пад сябе і пад свой узровень. Калі перагулялі па ўсіх наяўных правілах — можна прыдумляць свае: напрыклад, хто загадае даўжэйшае слова або пераклад слова на ангельскую мову і г. д. У скрайнім выпадку, з гэтымі ж карткамі можна гуляць у «Кракадзіла». Адзін з апошніх варыянтаў гульні — «Мова. Цудоўная» — даступны ў некаторых інтэрнэт-крамах.

ТОП-5 настольных гульняў па-беларуску

«Flixa Багацце»

«Flixa Багацце» — першая беларуская эканамічная гульня. Асноўная мэта — памножыць свой стартавы капітал (вядома ж, у талерах) і зарабіць больш за іншых гульцоў з дапамогай гандлю на біржы, стварэння бізнэсу або працы на рынку нерухомасці. У гульні простая механіка, аднак канцэптуальна мы займаемся сур’ёзнымі рэчамі: кіруем рызыкамі і дыверсіфікуем актывы, вядзем перамовы, інвестуем у акцыі і аблігацыі. Пры гэтым гульня нават карысная, асабліва для тых, хто разам з Сойкай шкадуе, што ў школе нам нават не заклалі падмурку для фармавання фінансавай культуры: тут мы можам навучыцца (і навучыць дзяцей!), як зразумець узровень інвестыцыйных рызык, што такое крэдыты і дэпазіты і на чым засноўваюцца прынцыпы страхавання. Для тых, каму гэта важна: тут не трэба змагацца з супернікамі і адмыслова іх «валіць», таму прыязная атмасфера дакладна гарантаваная.

ТОП-5 настольных гульняў па-беларуску

«1514»

«1514» — эпічная настольная гульня, як яе называюць стваральнікі, з рэферэнсам да Бітвы пад Оршай, што адбылася 8 верасня 1514 года. Гэта густоўна выкананая гульня-хадзілка з элементамі стратэгіі для двух, чатырох або шасці гульцоў. Вы становіцеся на чале маскоўскай арміі або сілаў Вялікага Княства Літоўскага. Кідаеце кубік, перасоўваеце свае войскі, удзельнічаеце ў баях і выконваеце загады з картак. Ад вашай тактыкі і ўдачы залежыць, ці здабудуць вашыя войскі жаданую перамогу. Паглядзець прома-ролік і купіць гульню з дастаўкай можна на «Прасторы».

ТОП-5 настольных гульняў па-беларуску

«Скарбонка гульняў»

«Скарбонка гульняў» — гэта не адна гульня, а цэлы праект дзіцячых настолак, «якія дапамогуць вывучыць родную мову без нуды і прымусу», як абяцае іх стваральніца. Сярод іх ёсць гульні для навучання чытанню, граматыцы, лексіцы, а таксама «на ўсе выпадкі жыцця» (сярод якіх «Падарожжа па Беларусі», «Літаратурны клуб», «Спадчына» і шмат усяго іншага). Над праектам працуе некалькі мастачак, а ўласна распрацоўкай займаецца дасведчаная настаўніца-практык, таму гульні добра ранжыраваныя па ўзросце (напрыклад, той самы «Літаратурны клуб» мае дзве версіі: 8+ і 12+). Падрабязней пазнаёміцца і замовіць гульні можна на сайце праекту.