Малюнак Ксеніі Лагавой
Аня не хоча класціся, бо зноў не засне, а Воля ненавідзіць прачынацца, бо ў люстэрку яе чакае апухлы твар. Алег спустошыў лядоўню і дагэтуль галодны, а Дзіма пастаянна бегае ў прыбіральню, хаця ўжо, здаецца, нічога не п’е. Стомленыя сябры ідуць да Дашы, каб выгаварыцца, але тая іх не слухае, бо галава расколваецца. Ва ўсіх бедах могуць быць вінаватыя незаўважныя воку хімічныя рэчывы, што рэгулююць незлічоную колькасць працэсаў у нашых арганізмах — гармоны. Лекарка Марыя Хвайніцкая прапануе некалькі задачак.
Увага: Матэрыял мае азнаямляльны характар. Калі вы падазраеце ў сябе нешта з пералічанага, звярніцеся па кансультацыю да тэрапеўта ці эндакрынолага.
***
У Ані дзень памяняўся месцамі з ноччу. Яна скардзіцца сяброўкам, што кожны вечар кладзецца спаць каля паўночы, але наступныя гадзіны 2-3 варочаецца ў ложку, гартаючы бясконцыя відэа ў інстаграме, а сон усё не надыходзіць. Стаміўшыся, яна ўсё ж засынае, а прачынаецца зусім разбітая.
Хто можа быць вінаваты?
МЕЛАТАНІН
Што робіць: рэгулюе цыкл сну.
Дзе хаваецца: у шышкападобнай залозе, якая знаходзіцца паміж паўшар’ямі мозгу (старажытнаіндыйскія філосафы называлі гэтае месца «трэцім вокам»).
Якія праблемы можа выклікаць: славуты джэтлаг пасля працяглых пералётаў — ягоных рук справа.
Што зрабіць Ані?
Паколькі выплеск мелатаніну адбываецца ў цемры, за пару гадзін да сну лепш адкласці смартфон з ноўтбукам і зрабіць святло ў пакоі мяккім, прыглушаным.
***
Воля ўвесь час хоча спаць, хутка стамляецца, у яе дрэнны настрой. Тое, што яна бачыць у люстэрку, ёй не падабаецца: валасы сталі сухія і ломкія, некалькі кілаграмаў прыліпла да цела, а раніцай твар здаецца ацёчным, хоць Воля кантралюе колькасць солі ў сваёй ежы і не п’е на ноч шмат вады.
Хто можа быць вінаваты?
ТЫРАКСІН (Т4), ТРЫЁДТЫРАНІН (Т3) І ТЫРЭАТРОПНЫ ГАРМОН (ТТГ)
Што робяць: уплываюць на тлушчавы, бялковы, вугляводны абмен, удзельнічаюць у працы нервовай і сардэчна-сасудзістай сістэм. Ад іх працы залежаць інтэнсіўнасць росту і палавога развіцця дзяцей, іх інтэлект, а таксама эмацыйны фон чалавека.
Дзе хаваюцца: Т3 і Т4 вырабляюцца шчытападобнай залозай, а ТТГ — гіпофізам.
Якія праблемы могуць выклікаць: скачкі вагі, выпадзенне валасоў, сухая скура, пастаяннае адчуванне спякоты або холаду, патлівасць, адчуванне камяка ў горле.
Што зрабіць Волі?
У першую чаргу — звярнуцца да лекара, распавесці пра свае скаргі і прайсці абследаванне. Не раім рабіць паспешных высноў і займацца самалячэннем: так, для сінтэзу Т3 і Т4 неабходны ёд, але як недахоп яго, так і гіперспажыванне дакладна не спадабаюцца шчытападобнай залозе.
***
Алег таксама не высыпаецца, але спаць яму не дае мачавік. Быццам бы ўсё лагічна: Алег увесь час хоча піць, п’е больш за 3 літры вады за дзень, а яшчэ ён амаль заўсёды галодны. Таксама заўважыў, што ранкі на скуры ў апошні час зусім не жадаюць гаіцца.
Хто можа быць вінаваты?
ІНСУЛІН
Што робіць: рэгулюе ўзровень цукру ў крыві.
Дзе хаваецца: у падстраўніцы.
Якія праблемы можа выклікаць: парушэнне сакрэцыі інсуліну прыводзіць да ўзнікнення цукровага дыябету. Дыябет бывае двух тыпаў і можа быць звязаны як з недастатковай выпрацоўкай інсуліну, так і з развіццём інсулінарэзістэнтнасці.
Што зрабіць Алегу?
Пайсці да доктара, які накіруе на аналізы крыві і мачы, па выніках якіх можна будзе падабраць эфектыўнае лячэнне.
***
У Алега ёсць сябар Дзіма. Калі Алег падзяліўся з ім сваёй сумнай гісторыяй, Дзіму ўспала на думку: у яго вось ужо паўгода такія ж самыя праблемы! Смага і частае мочаспусканне настолькі стамілі мужчыну, што ён распачаў кампанію па пошуку лекаў, якія прызначылі ягонаму сябру. Прэпарат здабыць удалося, Дзіма прымае яго вось ужо другі месяц, але сітуацыя не палепшылася.
Хто яшчэ можа быць вінаваты?
ВАЗАПРЭСІН
Што робіць: выклікае звужэнне сасудаў і падвышэнне крывянога ціску, а таксама падтрымлівае на належным узроўні зваротнае ўсмоктванне вады ў нырках, то бок памяншае колькасць мачы.
Дзе хаваецца: у гіпаталама-гіпафізарнай сістэме.
Якія праблемы можа выклікаць: пры парушэнні сакрэцыі вазапрэсіну не адбываецца нармальнай рэабсорбцыі вады ныркамі, і развіваецца рэдкая паталогія, якая называецца нецукровым дыябетам
Што зрабіць Дзіму?
Перш за ўсё, спыніць самалячэнне і паказацца эндакрынолагу.
***
Дашы ўвесь час баліць галава, а цыкл стаў абуральна нерэгулярным. У яе высокі ціск, а на скуры жывата з’явіліся яркія расцяжкі.
Хто можа быць вінаваты?
КАРТЫЗОЛ
Што робіць: рэгулюе абмен рэчываў і ўзровень адаптацыі арганізма да стрэсавых сітуацый.
Дзе хаваецца: у наднырачніках.
Якія праблемы можа выклікаць: сіндром Кушынга — гэта стан арганізму, звязаны з надмернай прадукцыяй картызолу. Што характэрна, развіцца ён можа не толькі з прычыны няслушнай працы наднырачнікаў, але таксама праз праблемы з гіпофізам, які працу гэтых самых наднырачнікаў рэгулюе.
Што зрабіць Дашы?
Не засмучацца і вырашыцца на паўнавартаснае абследаванне пад кіраўніцтвам лекара. У Дашыным выпадку гэта будзе сапраўдная медыцынска-дэтэктыўная праца, якая дапаможа вызначыць, у якім менавіта органе адбылося парушэнне.
***