Размовы

8 прыкметаў, што вы — фемініст_ка

The future is female?

8 прыкметаў, што вы — фемініст_ка

У светлы дзень 8 сакавіка прапануем нашым чытачам узброіцца чырвонымі памадамі і правесці поўны чэк-ап арганізма на фемінізм. Лавіце нашу святочную анкету і рыхтуйцеся ставіць тлустыя чырвоныя птушачкі. The future is female, а вы — фемініст_ка, калі:

1. Не глядзіце са спачуваннем на бацькоў трох дачок. Не ўздыхаеце: «Дзякуй богу!» — калі чацвёртым нараджаецца хлопчык.

Пол не можа быць моцным, слабым, першым-лепшым ці другім-горшым, якасцямі валодае асоба, а не ейны гендар. А «Другі пол» — гэта увогуле біблія фемінізму, напісаная Сімонай дэ Бавуар у 1949-м.

2. Не лічыце, што «прафесарка», «фатографка» і «мастачка» – гэта назвы рубрык у часопісе «Гаспадыня», а «прафесар», «фатограф» і «мастак» — вось гэта ўжо сапраўдныя прафесіі.

Беларуская мова з фемінітывамі — як Клара Цэткін з Розай Люксембург нашмат больш, чым мова ўсходніх суседзяў, дзе ўсё яшчэ могуць гучна рагатнуць з «міністаркі» ці «аўтаркі». У нас жаночыя назвы прафесій і заняткаў з суфіксам -к- гучаць не прынізліва ці паблажліва, а звычайна. Выходзіць, што і беларуская мова больш феміністычная.

3. Фразы «калі жанчына кажа “не”, гэта значыць “так”» і «сама вінаватая, бо не так глядзела/апраналася/адбівалася» выклікаюць у вас некантраляванае жаданне перапісаць гісторыю і перабудаваць свет у тую яго версію, дзе сказаць падобнае проста немагчыма.

* Калі падобную рэакцыю ў вас таксама выклікаюць фразы кшталту «мужчыны не плачуць», смела далучайцеся да такой перабудовы і нясіце штандар equality шчыльнымі сваімі радамі.

4. Любіце гатаваць, прасаваць і практыкуеце доўгае грудное выкормліванне, або ясце ў горадзе, носіце пакамечанае і пакідаеце немаўля з няняй на час замежных камандзіровак.

Галоўнае, што ваш лад жыцця з’яўляецца вынікам вашага свядомага выбару, а сказ, які пачынаецца з «жанчына павінна» вы аўтаматычна сканчаеце фразай «мець уласную думку».

5. Вы худая/даўгавалосая/голіце падпахі/фарбуеце пазногці/апранаеце спадніцы. Бо гэтак падабаецца вам самой.

Выгляд феміністак — адзін з самых дрымучых і пякельных міфаў, прыдуманых у патрыярхальным свеце. Яго адэпты красамоўна апісваюць феміністычнага «монстра», які прыйшоў, каб адабраць у іхных жанчын жаноцкасць. Насамрэч, феміністкі выглядаюць зусім па-рознаму. І рух гэты не пра стасункі з галільным станком, а пра правы. У тым ліку — права выглядаць як заўгодна.

6. Вы кіруеце аўтамабілем, працуеце, галасуеце і ўспрымаеце як належнае ўсё, што раней жанчыны не мелі права рабіць.

Выбарчае права ў беларускіх жанчын — практычна адналетак нашай першай незалежнай дзяржавы (БНР), на гэтым фоне складана паверыць, што Саўдаўская Аравія дазволіла жанчынам укідваць бюлетэнь на выбарчым участку толькі ў 2011-м. Хаця яшчэ дзіўней выглядае заможная еўрапейская Швейцарыя, дзе жанчыны ў адным з кантонаў не мелі права голаса ажно да 1971-га!

7. Пасміхаецеся, калі нехта кажа «добрая дзяўчынка».

А насамрэч лічыце гэты архетып небяспечным і нават шкодным. «Добрая» — гэта ж не пра характар, выбар і ўнутраную сілу. «Добрая дзяўчынка» ўзорна вучыцца, чысценька апранаецца, з пакорай займаецца балетам, фартэпіяна і французскай мовай, усім падабаецца і нічога не ведае пра свае сапраўдныя жаданні, нораў, аўтаномнасць і сэксуальнасць. Ідэальная ахвяра для «кепскага хлопчыка».

8. Шануеце і разумееце сваё цела.

Цела — гэта абалонка, якая мусіць вытрымліваць магутны дух, які яе напаўняе, а таму пра яго варта дбаць і берагчы яго, у тым ліку ад чужых жаданняў (платанічных і не вельмі). «Маё цела — мая справа!» — папулярны феміністычны лозунг, у якім, зрэшты, няма ніякай загадкі, толькі патрабаванне мець права: кахацца з кім/калі/дзе і як хочаш (або не кахацца), цяжараць і нараджаць калі і як хочаш (або не нараджаць).