Гiды

Чаму 23 лютага — не свята беларускіх мужчын

Чаму 23 лютага — не свята беларускіх мужчын

Свята шкарпэтак і крэмаў для галення напачатку было прафесійным мілітарным днём. У Савецкім саюзе 23 лютага віншавалі толькі мужчын, датычных да савецкай арміі. З цягам часу свята трансфармавалася «мужчынскі дзень» — у камплект да «жаночага» 8 сакавіка. Сойка пашукала гістарычныя, нацыянальныя, культурныя і проста лагічныя перадумовы да адзначэння гэтага дня ў сённяшняй Беларусі, і… вы будзеце здзіўленыя. Іх няма.

Чаму не?

1. Гэтае «свята» першапачаткова называлася Днём Чырвонай арміі, пасля — Днём Савецкай арміі (і ваенна-марскога флоту — яшчэ пазней). Пра ваенна-марскі флот у Беларусі і так усё ясна, ды і наколькі беларускай была Чырвоная-Савецкая армія — пытанне хутчэй рытарычнае. Гэта войска дзяржавы, якая спыніла існаванне БНР і ўсяляк перашкаджала любым спробам аднаўлення самастойнасці нашай краіны. І гэта Чырвоная армія разбіла ў 1920-м годзе Слуцкі збройны чын, які спрабаваў абараніць незалежнасць Беларусі ад бальшавікоў.

2. Па вялікім рахунку, нават для савецкага войска 23 лютага не дзень народзінаў — дэкрэт аб стварэнні арміі быў падпісаны 15 студзеня 1918 года. 23 ж лютага была падпісаная адозва ад тагачасных ваенных уладаў са словамі: «Усе да зброі. Усе на абарону рэвалюцыі». Нешта пра абарону Беларусі там нічога не відаць. Ну, а датай народзінаў нашых Узброеных Сіл лічыцца 20 сакавіка 1992 года, калі было афіцыйна абвешчана аб стварэнні Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.

3. Ну і хіба асноўная прычына, чаму святкаваць 23 лютага ў нашы дні — гэта, мякка кажучы, маветон: менавіта расейскае войска адчувае сябе галоўным спадкаемцам савецкай традыцыі і сімволікі, і гэта яно, з пахмелля пасля «прафесійнага свята», распачало поўнамаштабную вайну супраць нашых суседзяў-украінцаў. Таму калі раней, да мінулага года, яшчэ можна было зрабіць выгляд, быццам гэтае свята не пра вайну, а пра мужчын, то ў сённяшнім свеце адзначэнне гэтага дня з песнямі, пляскамі і пляшкамі выглядае як мінімум неэтычна, а як максімум — злачынна.

Дык калі святкаваць Дзень вайсковай славы?

У цэлым, мець Дзень вайсковай славы — гэта нармальна. Сойка прапануе некалькі больш і менш папулярных варыянтаў, калі можна віншаваць беларускіх вайскоўцаў (мы, зразумела, не маем на ўвазе тых, хто падтрымлівае Расею ў злачыннай і беспрычыннай вайне супраць Украіны).

8 верасня — угодкі Бітвы пад Оршай і хіба найбольш папулярная альтэрнатыва савецкаму святу. У гэты дзень, у 1514 годзе войска ВКЛ на чале в Канстанцінам Астрожскім разбіла маскоўскае войска і на пэўны час перавяла ход чацвёртай вайны паміж Маскоўскім княствам і ВКЛ (1512-1522) у спакайнейшае, зацяжное рэчышча.

15 ліпеня — угодкі Грунвальдскай бітвы, калі ў 1410 годзе войска таго самага ВКЛ і Рэчы Паспалітай (на чале з Вітаўтам і Ягайлам) разбіла войска Тэўтонскага ордэну. Гучыць відовішчна (кажуць, так і было), але асабіста Сойка аддае перавагу папярэдняй даце — бо занадта мы ўжо наеліся перамогамі над немцамі, час святкаваць перамогу над маскоўцамі.

27 лістапада — угодкі пачатку Слуцкага збройнага чыну (1920). Гэта была спроба ўзброенага паўстання ў абарону Беларусі ад Саветаў, аднак скончылася яна паразай. І з гэтай прычыны варта ушаноўваць хутчэй як дзень памяці, а не дзень вайсковай славы, хоць дата гэтая, бясспрэчна, вельмі значная.

А калі віншаваць мужчын?

Калі хочацца проста святкаваць Мужчынскі дзень — то можна рабіць гэта разам з многімі іншымі краінамі 19 лістапада. Мэтамі стварэння Міжнароднага мужчынскага дня было «прыцягненне ўвагі да гендарнай дыскрымінацыі мужчын і да праблемы няроўнасці палоў. Арганізатары свята робяць упор на захаванне здароўя хлопчыкаў і мужчын любога ўзросту, і падкрэсліваецца пазітыўны ўплыў мужчын на сям’ю і выхаванне дзяцей». Будзем спадзявацца, што ў нармальнай Беларусі калісьці мы зможам чытаць гэтыя словы без ухмылкі.