Размовы

Гісторыі актыўных беларусак свету

Два гады таму раптоўна аказалася, што нас вельмі шмат, і выявілася, што мы ўмеем кансалідавацца.

Гісторыі актыўных беларусак свету

Sojka пагаварыла з людзьмі, якія з розных прычын з’ехалі з Беларусі некалькі гадоў назад, пра тое, што прымусіла іх уключыцца ў дзейнасць цяпер, як яны бачаць беларусаў і як ставяцца людзі ў краінах, дзе яны цяпер жывуць, да беларускіх праблем.

Гісторыі актыўных беларусак свету Малюнкі Snywonder

«НАМ ПРОСТА ТРЭБА ДАЦЬ РАЗГАРНУЦЦА»

Ганна, Солентуна, Швецыя

Я жыву ў Швецыі чатыры гады, але, як я апошнім часам кажу, мінулыя два гады не ва ўлік, бо, седзячы дома з-за пандэміі і чытаючы навіны з Беларусі, часам забываеш, што за акном насамрэч іншая краіна. Я пераехала ў Швецыю, каб здзейсніць сваю мару — яна мае дачыненне да шоў-бізнэсу, але, на жаль, з-за кавідных абмежаванняў гэтая галіна зараз па ўсім свеце стаіць колам. Але я не губляю спадзеваў.

‍Я ведала пра існаванне «Беларусаў у Швецыі», але станавіцца ўдзельніцай не спяшалася. На той час суполка складалася добра калі з двух дзясяткаў чалавек, а пасля выбараў 2020 года колькасць сябраў арганізацыі літаральна за дзень-два вырасла да некалькіх сотняў. Я актыўна не ўдзельнічаю ў жыцці суполкі, але часам хаджу на сустрэчы, дапамагаю парадамі і актуальнай інфармацыяй тым, хто толькі прыехаў у краіну, бо гэтаксама ў свой час дапамагалі і мне. Я магла б дапамагаць тым, хто быў змушаны пакінуць радзіму і апынуўся ў Швецыі, але да нас сюды мэтанакіравана ніхто не едзе, людзям за шчасце перасячы найбліжэйшую мяжу. А пасля гэтага прасіць прытулку ў Швецыі бессэнсоўна, бо Міграцыйнае ўпраўленне будзе кіравацца Дублінскім пагадненнем*.

*Згодна з Дублінскім пагадненнем, краіна-чалец Еўрасаюза мае права дэпартаваць уцекачоў у першую краіну ўезду ў ЕС, а самі ўцекачы, адпаведна, павінны прасіць прытулак у гэтай першай краіне.

БЫЛО НЕВЫНОСНА ВЫХОДЗІЦЬ З ХАТЫ І БАЧЫЦЬ НАВОКАЛ ШЧАСЛІВЫХ І СПАКОЙНЫХ ЛЮДЗЕЙ

Падзеі ў Беларусі 2020 года закранулі мяне непасрэдна — у палон трапіў блізкі чалавек. Час, пакуль ён быў несвабодны, узгадваецца чорнай безданню, поўнай адчаю і страху. Было невыносна выходзіць з хаты і бачыць навокал шчаслівых і спакойных людзей. Як яны могуць шпацыраваць са сваёй веганскай какавай і ўсміхацца, калі там адбываецца такое! Пасля вяртання майго блізкага на волю, мы разважалі, ці маюць для беларусаў у Беларусі хоць нейкі сэнс нашыя тут стаянні з плакатамі. Аднак выявілася, што калі па іншы бок Балтыйскага мора нехта разгортвае на цэнтральнай плошчы аркуш з тваім імем, гэта надае сілаў і не дае ўпасці духам.

Пасля падзеяў жніўня 2020 года беларуская дыяспара ў Швецыі выкарыстоўвае ўсе магчымыя сродкі, каб прыцягнуць увагу ўладаў краіны да падзеяў у Беларусі. Мы перакладаем артыкулы і інтэрв’ю, даем каментары на радыё і тэлебачанні, складаем і дасылаем петыцыі (так, іх тут чытаюць і прымаюць да ведама), кожную нядзелю, ужо другі год запар, ладзім пікеты, час ад часу маршы і дэманстрацыі. Вядома, я ўдзельнічала ва ўсім пералічаным.

У 2020 ГОДЗЕ ДЛЯ МЯНЕ АСАБІСТА ГАЛОЎНАЙ ЗМЕНАЙ СТАЛА ТОЕ, ШТО МНЕ БОЛЬШ НЕ ТРЭБА ТЛУМАЧЫЦЬ МЯСЦОВЫМ І ПРЫЕЗДЖЫМ, АДКУЛЬ Я

Уразіла, як тут робяцца палітычныя акцыі. Мала таго, што іх можна праводзіць (для гэтага трэба падаць адмысловую заяўку), дык табе за гэта яшчэ і нічога не будзе. Першыя разы было страшна, калі побач з пікетам спынялася паліцэйская машына, рабілася суха ў роце і дранцвела ўсё цела. З майго мінулага досведу з’яўленне такога аўтамабіля можа значыць толькі тое, што калі ты не здолееш бегчы вельмі і вельмі хутка, ночыць дома ты сёння не будзеш. А тут такія кіношна-прыгожыя паліцыянты ветліва вітаюцца, пытаюцца, як жыццё, цікавяцца тэмай пікету, уважліва слухаюць. Дзіўна. Увогуле, у 2020 годзе для мяне асабіста галоўнай зменай стала тое, што мне больш не трэба тлумачыць мясцовым і прыезджым, адкуль я. У вачах суразмоўцаў я бачу цяпер захапленне і павагу.

9 жніўня 2020 года я прыехала да беларускай амбасады і нейкі час стаяла і лыпала вачыма — гэта дакладна беларусы? Ладныя, падцягнутыя, модныя фрызуры, шмотачкі ад скандынаўскіх дызайнераў, татуіроўкі, электракары на паркоўцы… Гэта мы можам быць такімі? Ого.

‍То бок калі беларуса змясціць у спрыяльныя ўмовы, адмыць, апрануць — ён расквітнее, ды так, што дасі сто балаў наперад любому самаму выпешчанаму шведу. Нам проста трэба даць разгарнуцца. У Швецыі гэта магчыма. Хацелася б, каб і дома.

Гісторыі актыўных беларусак свету

«ДЛЯ МЯНЕ БЫЛО АДКРЫЦЦЁМ, НАКОЛЬКІ ЗМАГЛІ АБ’ЯДНАЦЦА БЕЛАРУСЫ ЗАМЕЖЖА»

Даша, Фларэнцыя, Італія

Я жыву ў Італіі ўжо 14 гадоў — пераехала сюды, выйшаўшы замуж за чалавека, з якім за пару гадоў да гэтага пазнаёмілася на мастацкім пленэры ва Украіне. У Беларусі я толькі паспела паступіць ва ўніверсітэт, а ўласна вучылася я ўжо тут, і цяпер працую мастаком-дызайнерам па тканінах.

‍Да 2020 года я не была знаёмая тут ні з кім з беларусаў, і наогул, я думала, што нас у Італіі вельмі мала. Таму пасля выбараў, калі беларусы пачалі арганізоўваць тут сустрэчы і мітынгі, я прыемна ўразілася, што на самой справе тут так шмат актыўных людзей, якім неабыякавы лёс Беларусі — і не толькі ў маім горадзе, але, як аказалася, ва ўсёй Італіі.

Я думаю, як і для многіх беларусаў, гэта быў такі важны, нават пераломны момант — я ўсвядоміла небывалую згуртаванасць. Нягледзячы на тое, што я знаходзілася тут, я адчувала гэтую сілу на радзіме. Але для мяне было адкрыццём, наколькі змаглі аб’яднацца беларусы замежжа. Ну і я асабіста толькі ў 2020 годзе знайшла тут сяброў сярод беларусаў, з якімі мы працягваем зносіны — не толькі як актывісты, але цяпер і як сябры.

Я ДУМАЮ, ЯК І ДЛЯ МНОГІХ БЕЛАРУСАЎ, ГЭТА БЫЎ ТАКІ ВАЖНЫ, НАВАТ ПЕРАЛОМНЫ МОМАНТ — Я ЎСВЯДОМІЛА НЕБЫВАЛУЮ ЗГУРТАВАНАСЦЬ

Наша «Суполка беларусаў у Італіі» была вельмі актыўнай: мы ладзілі акцыі і прыцягвалі італьянскіх палітыкаў, СМІ, я выступала на тэлебачанні. І я заўсёды бачыла цікавасць сярод італьянцаў да таго, што адбываецца, прынамсі, сярод тых, хто мяне акружае. Вядома, не ўсе былі інфармаваныя так, як хацелася б, нягледзячы на тое, што па тэлевізары і ў газетах гаварылі пра беларускія падзеі. І калі я распавядала сябрам-італьянцам, за што садзілі маіх сяброў і як з іх здзекаваліся ў турмах, то для людзей тут гэта было сапраўдным шокам. Я рада, што мяне заўсёды падтрымлівала сям’я і муж — ён разам са мной хадзіў на ўсе акцыі (мы хадзілі разам з дзецьмі). І наогул, з боку ўсіх маіх знаёмых італьянцаў я заўсёды адчувала разуменне.

‍З часам «Суполка беларусаў у Італіі» разгалінавалася — у сэнсе, што мы працягваем працаваць разам на нацыянальным узроўні, але цяпер яшчэ кожны горад стварыў свае падгрупы, і зразумела, мы працуем «на сваёй тэрыторыі», прыцягваем свае мэрыі. Мы таксама стварылі ўласную асацыяцыю, зарэгістраваліся — гэта вельмі важна, таму што зараз у нас больш магчымасцяў.

‍Нядаўна ў нас была сустрэча ў мэрыі, дзе мы прадстаўлялі нашу асацыяцыю і прапаноўвалі розныя праекты для падтрымкі беларусаў. Адзін з іх — гэта правесці выставу беларускага пратэснага мастацтва. Мне як чалавеку, які працуе ў сферы мастацтва, гэта асабліва блізка. Я ведаю шмат мастакоў у Беларусі — гэта мае блізкія сябры, і ў мяне вельмі баліць за іх сэрца, як увогуле і за ўсіх беларусаў — і таму мне б хацелася прасоўваць беларускае мастацтва тут, у Італіі. Так што мы працягваем дзейнічаць у падтрымку Беларусі — робім тое, што ў нашых сілах.

Гісторыі актыўных беларусак свету

«МЫ НЕ АНАНІМНЫЯ СУСЕДЗІ СА СВАІМІ ЎЛАСНЫМІ ТУРБОТАМІ І ПРАБЛЕМАМІ, А МЫ ЎСЕ — АДНА БЕЛАРУСКАЯ СУПОЛЬНАСЦЬ»

Вольга, Салвадор, Бразілія

Я прыехала ў Бразілію ў 2011 годзе на стажыроўку, начытаўшыся Жоржы Амаду — быў такі вядомы бразільскі пісьменнік, а паходзіў ён акурат з тых мясцінаў, дзе я цяпер жыву, — штат Баія, горад Салвадор, пра гэты горад ён шмат пісаў, і я захацела на ўсё гэта паглядзець. І так склалася, што я літаральна ў першыя дні пазнаёмілася з Патэрсанам, які цяпер мой муж, і з таго часу я тут жыву. А яшчэ на пераезд паўплывала тое, што я ўжо ў той час не жыла ў Беларусі, у тым ліку з палітычных прычын — у 2007 годзе мяне адлічылі з другога курсу журфака БДУ з такім каментаром, маўляў, «вы ж мусіце разумець, што нельга вучыцца ў дзяржаўным універсітэце і пры гэтым працаваць у недзяржаўных СМІ». Я гэта ніяк не хацела разумець, таму ў прынцыпе ад мяне і пазбавіліся. Дарэчы, мяне адлічылі на семестр раней за Франака Вячорку з таго самага факультэту — відаць, я была яшчэ больш небяспечная для кіраўніцтва 🙂

Беларускіх суполак у Бразіліі на той момант не было. Я ведала пра ранейшыя хвалі эміграцыі з Беларусі ў абедзве Амерыкі, але так склалася, што ў Бразіліі не стварылася або прынамсі не захавалася да сёння той даўняй дыяспары. Магчыма, таму што гэта быў такі складаны перыяд, калі Беларусь была то пад Расейскай імперыяй, то пад Польшчай, і таму ў нашчадкаў тых людзей проста не было разумення таго, што яны беларусы. Таму нашчадкі беларусаў у Бразіліі ёсць, але яны не заўсёды пра гэта ведаюць. Я дагэтуль сустракаю людзей, якія кажуць: «А, вось цяпер я зразумела, што я беларуска, а то калі мой дзед казаў, што ён «белы расеец», я думала, што ён з Расеі, толькі што не «чырвоны», а «белы» — у сэнсе, што антысавецкі, але чаму ў яго дакументы былі польскія — я не разумела».

НАШЧАДКІ БЕЛАРУСАЎ У БРАЗІЛІІ ЁСЦЬ, АЛЕ ЯНЫ НЕ ЗАЎСЁДЫ ПРА ГЭТА ВЕДАЮЦЬ

Актыўнай суполкі беларусаў тут не было, і мы пачалі гуртавацца якраз у 2020 годзе, напярэдадні выбараў — проста каб трымацца разам, каб кантактаваць з журналістамі, каб дапамагаць Беларусі. Потым, пасля жніўня, гэтае згуртаванне рэарганізавалася ў Народную амбасаду Беларусі ў Бразіліі, якая працуе з канца 2020 года ў межах праекта «Народныя амбасады», які падтрымлівае Офіс Святланы Ціханоўскай і НАУ. І цяпер мы дзейнічаем ад імя Народнай амбасады.

‍Геаграфічна мы знаходзімся далёка адно ад аднаго, і супольнасць у нас невялікая і раскіданая па гарадах, таму мы не маем магчымасці хадзіць на нейкія супольныя мітынгі. Да таго ж падчас пандэміі тут былі забароненыя масавыя мерапрыемствы, таму мы займаліся анлайн-актыўнасцю: чыталі вершы ў знак салідарнасці, пісалі лісты палітвязням. Таксама ўдзельнічаем у розных зборах грошай і пашыраем інфармацыю пра іх для бразільскай аўдыторыі. Асноўны наш фронт дзейнасці — інфармацыйны, мы кантактуем з бразільскімі СМІ, даносім інфармацыю пра палітвязняў, дапамагаем арганізоўваць інтэрв’ю з беларускімі дзеячамі і актывістамі.

МЫ ПЕРАКЛЮЧЫЛІСЯ НА КУЛЬТУРНЫЯ МЕРАПРЫЕМСТВЫ, КАБ ПРАЗ ІХ ЗНАЁМІЦЬ ЛЮДЗЕЙ ЗААДНО І З ПАЛІТЫЧНАЙ СІТУАЦЫЯЙ У БЕЛАРУСІ

Калі Беларусь сышла з першых палосаў газет і вокладак часопісаў, мы пераключыліся ў асноўным на культурныя мерапрыемствы, каб праз іх знаёміць людзей заадно і з палітычнай сітуацыяй у Беларусі. Летась у ліпені мы правялі Міжнародны тыдзень беларускай культуры. Мы з бразільскімі музычнымі калектывамі запісвалі песні — «Купалінку» і кавэр на God’s Tower, з бразільскімі мастакамі рабілі віртуальны пленэр па знакамітых мясцінах Беларусі, чыталі верш Купалы «А хто там ідзе?» па-беларуску і па-партугальску, перакладалі іншыя вершы, а на Ноч нерасстралянай паэзіі зладзілі паэтычны вечар. А ў верасні 2021 года ў Бразіліа адбылася першая выстава пра Беларусь, прысвечаная жаночаму абліччу беларускіх пратэстаў. Часткай гэтага праекта сталі перакладзеныя на партугальскую мову лісты беларускіх палітзняволеных жанчын, і там жа можна было падпісаць ім паштоўку. І пасля гэтай выставы мы працягнулі наш праект з лістамі ў віртуальным фармаце — мы публікуем у сацсетках гісторыі палітвязняў з інструкцыямі, як ім можна напісаць праз анлайн-сэрвісы.

Таксама натхнёныя гэтай выставай і праектам з лістамі, нам прапанавалі сёлета 25 сакавіка адкрыць віртуальны праект з музеем, які завецца Мемарыял супраціву — гэта бразільскі музей, прысвечаны супраціву падчас дыктатуры, якая была ў Бразіліі ў 1960-80-я гады. Нас запрасілі з гэтым праектам пра Беларусь, і там прадстаўленыя фрагменты лістоў палітзняволеных з інструкцыяй, як ім напісаць у турмы, дэманструецца фільм «Сёстры пратэсту» з субтытрамі на партугальскай і аповед журналісткі Крысціны Карпіцкай пра тое, у якіх умовах і за што сядзяць людзі на Акрэсціна.

БУДУЧЫНЯ БЕЛАРУСІ ЗАЛЕЖЫЦЬ АД ТАГО, ЯК СКОНЧЫЦЦА ВАЙНА ВА УКРАІНЕ

Ну а цяпер мы ўсе моцна заангажаваныя ў дапамогу ўкраінцам. Вайна актыўна асвятляецца ў бразільскіх СМІ, і мы таксама ўдзельнічаем у мітынгах і маніфестацыях у падтрымку ўкраінскага народа. Вельмі цешыць, што да гэтага далучаецца беларуская, расейская, грузінская, армянская і іншыя дыяспары ў розных гарадах Бразіліі. Цяпер сюды пачалі прыязджаць украінскія ўцекачы, у тым ліку людзі са сферы мастацтва — напрыклад, дзесяцярых маладых музыкаў запрасілі на стажыроўку, пакуль у іх краіне ідзе вайна. Мы іх сустракаем, дапамагаем з перакладам, дапамагаем журналістам браць інтэрв’ю, збіраем патрэбныя рэчы ў розных гарадах, пашыраем інфармацыю пра зборы грошай ва ўкраінскія фонды і ў фонды падтрымкі ўкраінскага войска. Гэта наш абавязак — дапамагаць суседняму народу, да таго ж, будучыня Беларусі залежыць ад таго, як скончыцца вайна ва Украіне. Таму мы ўсяляк, хоць бы ўскосна, дапамагаем зрабіць хоць нейкі ўнёсак у перамогу Украіны.

Што мы вывучылі ў 2020 годзе і што мы ні ў якім разе не мусім забываць, — гэта тое, што мы адзін народ, мы здольныя на самаарганізацыю і на салідарнасць. І гэтага мы мусім трымацца, гэта такія нацыятворчыя навыкі, якія нам вельмі дапамогуць. Я не магу сказаць, што да 2020 года я спала і нічога не рабіла, аднак вось гэтую беларускую супольнасць мы змаглі арганізаваць акурат тады, і гэта, магчыма, галоўнае, што мы вынеслі з 2020 года: мы не абстрактныя людзі ці ананімныя суседзі са сваімі ўласнымі турботамі і праблемамі, а мы ўсе — адзіная беларуская супольнасць, і мы разам робім агульную справу. Мы ўсе — адзіны беларускі народ, і мы мусім трымацца разам.