Малюнак Ксеніі Лагавой
Калі брудныя і абразлівыя словы параўноўваюць з мухамі на чысценькай кашулі, то як назваць тыя думкі ў нашых галовах, на якія злятаюцца такія мухі-выразы? Сойка за чысціню ў асяродзі і галовах, таму рыхтуйма шуфлікі з мяцёлкамі і наперад — прыбіраць са свядомасці і мовы бруд. Кароткі і канцэнтраваны лікбез ад Сойкі аб тым, як праверыць сябе на дыскрымінацыю і стаць на шлях выпраўлення.
Што такое дыскрымінацыя?
Калі не паглыбляцца ў юрыдычныя аспекты, то дыскрымінацыя — пазбаўленне без аб’ектыўных прычынаў чалавека ці групы людзей правоў, магчымасцяў, дабротаў, да якіх маюць доступ астатнія. Дыскрымінацыя бывае рознага характару і маштабу, але заўжды прыводзіць да благіх вынікаў. Ніжэй мы пералічылі асноўныя формы, каб пазбягаць іх у будучыні.
Блакітная кроў. Расавая і этнічная дыскрымінацыя
Калі вы ўпэўнены, што людзі пэўнай расы, нацыянальнасці, этнасу ці паходжання не могуць нечага ці, наадварот, маюць нейкія дрэнныя рысы, то па вас звініць звон — гэта дыскрымінацыя. Людзі нараджаюцца роўнымі, вучыць нас Сусветная дэкларацыя правоў чалавека. «Характарызуюць чалавека ягоныя паводзіны, а не паходжанне/раса/нацыянальнасць», — дадае Сойка.
Праверце сябе: Узгадайце свае пачуцці, калі нехта кажа, што беларусы — цярпілы.
Пашпарт трэба заслужыць. Ксенафобія
Бачыць у бежанцах, эмігрантах, іншых чужаках пагрозу было актуальным у Сярэднявеччы, але сёння гэта перажытак мінулага. Грамадства імкнецца да мультыкультурнасці, а сам факт таго, што чалавек апынуўся ў іншай краіне, нічога дрэннага пра яго не кажа. Каму, як не беларусам, пра гэта ведаць. Рыторыка пра «дрэнных іншых» выгодная для некаторых палітыкаў, бо навошта шукаць прычыны праблемаў, калі можна звінаваціць мігрантаў/бежанцаў/іншаземцаў.
Праверце сябе: Вам ужо даводзілася саромецца гучна размаўляць на сваёй мове за мяжой?
Каханне па палічках. Дыскрымінацыя ЛГБТ+
Дасюль па ўсім свеце людзі з ЛГБТ+ супольнасці маюць абмежаванне ў правах, як мінімум, і пагрозу здароўю і жыццю, як максімум. Пры гэтым існуе неймаверная колькасць міфаў і стэрэатыпаў пра людзей з ЛГБТ+ супольнасці. На жаль, большасць гэтых спекуляцый далёка не бяскрыўдныя, і пашыраць іх — гуляць на руку тым, хто заўжды мае адказ на пытанне, хто вінаваты ва ўсіх праблемах у свеце.
Праверце сябе: Як вы ставіцеся да таго, што дзіця ў сям’і выхоўваюць два чалавекі аднаго полу? А калі гэта мама і бабуля?
Не жаночая справа. Гендарная дыскрымінацыя
Дагэтуль паўтараеце шкодныя казкі пра «жаночую справу», «мужчыны не плачуць», «захавальніцу хатняга ачагу»? Спыніцеся. Гэта інфармацыя шкодзіць мільярдам людзей па ўсім свеце. Жанчыны асабліва пакутуюць ад гендарнай дыскрымінацыі, якая прымае самыя розныя формы і наносіць шкоду здароўю, кар’еры, самарэалізацыі і жыццю мноства людзей.
Праверце сябе: Ці сутыкаліся вы на сумоўі з пытаннем пра дэкрэт і дзяцей? Калі вы жанчына — хутчэй за ўсё, так, калі мужчына — хутчэй за ўсё, не.
Не ў поўную сілу. Дыскрымінацыя па прыкмеце інваліднасці
Думаць, што людзі з інваліднасцю павінны «не перашкаджаць іншым» ці «жыць у пэўных месцах» — прыкмета неадукаванасці і нецывілізаванасці. У неразвітых краінах нярэдка грамадзяне з той ці іншай формай інваліднасці маюць мноства праблем — ад агульнай нябачнасці да немагчымасці ўладкавацца на працу, завесці сям’ю, распараджацца сваёй маёмасцю і гэтак далей.
Праверце сябе: Азірніцеся навокал — ці ў любое месца ў вашым горадзе, двары можа самастойна трапіць чалавек на вазку? І ці часта вы ўжываеце выраз «ды ён дэбіл», каб надаць апісанню чалавека негатыўную афарбоўку?
Пясок высыпаўся? Дыскрымінацыя па прыкмеце ўзросту
Дай дарогу маладым, старэча, і не мяшайся пад нагамі. На жаль, у сённяшнім свеце такое стаўленне да людзей трэцяга ўзросту не рэдкае і ў развітых краінах. Тое самае, дарэчы, дастасоўваецца і да маладых людзей. Малако не абавязкова павінна абсохнуць на вуснах, каб прызнаваць вартасць і правы чалавека.
Праверце сябе: Лічыце, што людзі залатога веку павінны сядзець па хатах і не займаць усе месцы ў аўтобусе? Тады, спадзяемся, наш антыдыскрымінацыйны лікбез не пройдзе незаўважным.