Гiды

5 беларускіх міфаў пра ЛГБТ-людзей

5 беларускіх міфаў пра ЛГБТ-людзей

Малюнак Ave

Гомасэксуальнасць — генетычная хвароба, якой можна заразіцца на гей-прайдзе. Адчуваеце супярэчнасць? А гэта ж проста экстракт з тыповага гамафобскага выказвання. Чыноўнікі, настаўнікі, ідэолагі шчодра накідваюць на прапелер цемрашальства, пакуль Сойка разважае: ці найбольшы вораг беларускага дабрабыту ды працвітання сапраўды той/тая/тыя, хто ідзе ў агромністай такой грамадзе з вясёлкавым сцягам? Разам з ініцыятывай «Гэта Окей» адказваем на самыя пашыраныя і актуальныя ў Беларусі стыгмы.

Міф 1. ЛГБТ — гэта прапаганда.

Прапаганда — гэта БТ, а лесбійкі, геі, бісэксуальныя, транс і квір — гэта людзі. Усе людзі розныя, кожны_ая па-рознаму прыходзіць да сваёй тоеснасці і яе праяваў. Важна разумець, што большасць асобаў ЛГБТК+ выглядаюць і паводзяць сябе гэтаксама, як усе навакольныя людзі, і далёка не кожная асоба наважваецца на камін-аўт. У атачэнні кожнага з нас ёсць ЛГБТ-асобы.

Тоні Лашдэн, квір-фем актывіст:ка:

«Калі я чую, што чалавек ужывае тэрмін ЛГБТ-прапаганда, для мяне гэта значыць, што ён глыбока ўключаны ў палітычнае і культурнае жыццё Расеі, бо тэрмін пайшоў адтуль. Ён гуляе на страху, што раз прачытаўшы, быццам існуюць лесбійкі, ты робішся лесбійкай. Насамрэч, каб людзі маглі неяк сябе ўсвядоміць, ім трэба нашмат больш часу ў атмасферы бяспекі і падтрымкі».

Міф 2. Яны ўсё выстаўляюць напаказ. Фу.

Фу — гэта сікаць пад гастраномам і атручваць суседскіх коцікаў. Але да гэтага ўсе звыклі, дый дзяржава не мае нічога супраць. Насамрэч права праяўляць пачуцці — гэта прыкмета свабоднага грамадства. Вы ж не злуяцеся на маладых, якія цалуюцца ў вясельных строях у Траецкім прадмесці, ці на маці, якая публічна песціць сваё дзіця.

Вольга Шпарага, кандыдатка філасофскіх навук:

«Спантаннае самавыражэнне сваіх пачуццяў у публічнай прасторы — найважнейшая частка нашага жыцця. Аўтарытарныя і таталітарныя дзяржавы не дазваляюць нам быць спантаннымі і рэгламентуюць нас рознымі практыкамі, якія ператвараюць нас у паслухмяныя целы. У грамадстве, дзе людзі свабодна і салідарна цялесна маніфестуюць сябе, значна зручней працаваць, сябраваць і быць творчымі».

Міф 3. Усе стануць геямі, а хто ж будзе нараджаць?

Пачнем са «стануць». Навука сцвярджае: прынамсі, часткова, схільнасць да гетэраненарматыўнасці мае генетычны і біялагічны падмурак. А таму «стаць» некім, кім ты не ёсць, наўрад ці атрымаецца. Гэтаксама немагчыма выхаваць некага геем — дарэчы, гэта пацвярджаюць даследаванні Амерыканскай псіхалагічнай асацыяцыі і Амерыканскай акадэміі дзіцячай медыцыны: сэксуальная арыентацыя бацькоў — не вызначальны фактар для будучай арыентацыі дзяцей.

Воля Кавальская, сузаснавальніца ініцыятывы «Гэта ОК»:

«Дзіцяці, у першую чаргу, патрэбна любоў і падтрымка сям’і — і у тым ліку прыняцце яго сям’і соцыумам. Да таго ж, часта даследаванні паказваюць, што гомасэксуальныя бацькі больш цярпімыя да разнастайнасці і таму часцей прымаюць дзіця такім, якім яно ёсць, што таксама станоўча ўплывае на яго развіццё і адчуванне сябе».

Міф 4. Яны ходзяць на свае прайды, каб крычаць пра тое, з кім спяць.

Па-першае (тут будзе шмат сумных усмешак беларусаў), хадзіць на маршы — гэта адное з базавых правоў чалавека. На маршах людзі паказваюць сваю нязгоду. Нават калі пратэстоўцы танчаць і смяюцца, такім чынам яны падкрэсліваюць, што хочуць, каб ім далі жыць нароўні з іншымі.

Тоні Лашдэн, квір-фем актывіст:ка:

«Маршы — гэта спроба прыцягнуць грамадскую ўвагу да праблем, з якімі ЛГБТ-людзі змагаюцца штодня. Напрыклад, агучыць патрэбу ў якаснай медыцынскай дапамозе, вольнай ад гамафобіі, у прававой і юрыдычнай абароне ад дыскрымінацыі ў сферы працаўладкавання, у патрэбе называцца сям’ёй са сваім каханым чалавекам і г.д».

Міф 5. Аўтарытарны рэжым крыўдзіць людзей ЛГБТК+ гэтаксама, як і ўсіх астатніх.

У рэпрэсіўных дзяржавах пад ціскам ўсе, а да групаў, якіх не любяць ці не паважаюць за ідэнтычнасць, ёсць яшчэ і дадатковы ціск за яе. У дакладзе Прававой ініцыятывы і Міжнароднага камітэту па расследаванні катаванняў у Беларусі прыводзяцца доказы, што асобаў ЛГБТК+ дадаткова білі, гвалцілі, запалохвалі ды прыніжалі менавіта праз іх арыентацыю.

Ганна, камунікацыйная менеджарка Міжнароднага камітэту па расследаванні катаванняў ў Беларусі:

«Замоўчванне праблемы ў грамадстве прыводзіць да таго, што людзям, якія сутыкнуліся з падвышанымі рэпрэсіямі на глебе сваёй ідэнтычнасці, няма дзе шукаць абароны і падтрымкі. Пры гэтым, іх прыналежнасць да ЛГБТК+ — гэта дадатковая падстава для беспакаранага ціску з боку сілавікоў».

«Гэта Окей» — ініцыятыва, якая накіравана супраць стыгматызацыі ЛГБТК+ супольнасці ў беларускім грамадстве. Актывісткі з «Гэта Окей» правялі даследаванне, каб даведацца, якія стэрэатыпы наконт квір-персон ёсць у гетэрасэксуальных беларусаў. Чытайце даследаванне на сайце rada.fm.