Размовы

Замкнёны РДУГ: разлад, што ператварае жыццё ў хаос

Замкнёны РДУГ: разлад, што ператварае жыццё ў хаос

Малюнак Анастасіі Дачко

Аліса ўвесь час губляе рэчы і спазняецца на сустрэчы — калегі лічаць яе няўважлівай і несур’ёзнай. Віцю нецярплівіцца, калі нехта гаворыць, ён перабівае і перапытвае — аднакурснікі мяркуюць, што ён дрэнна выхаваны. Ядвігу бабуля назвала няхлюйкай — рэч у тым, што адзенне ў яе шафе ляжыць адной вялізнай пакамечанай кучай, і абсалютна немагчыма навесці там парадак!

Магчыма, насамрэч гэтыя людзі заслугоўваюць не злосных эпітэтаў, а добрай дыягностыкі. Пагаворым пра РДУГ, або ADHD (attention deficit hyperactivity disorder).

РДУ(Г) — гэта разлад дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці. Літара Г узятая ў дужкі, бо гіперактыўнасці можа і не быць альбо яна можа праяўляцца не праз актыўнасць, а праз немагчымасць вытрымліваць спакой. Напрыклад, 2-3 з 10 чалавек з гэтым захворваннем маюць праблемы з канцэнтрацыяй і ўвагай, але не з гіперактыўнасцю ці імпульсіўнасцю.

Ці падобнае РДУ(Г) у дзяцей і дарослых?

Тое, як безуважлівасць, гіперактыўнасць і імпульсіўнасць уплываюць на дарослых, можа моцна адрознівацца ад таго, як яны ўплываюць на дзяцей. Напрыклад, гіперактыўнасць, як правіла, змяншаецца ў дарослых, у той час як няўважлівасць звычайна наадварот павялічваецца. Сімптомы РДУГ у дарослых таксама, як правіла, значна менш заўважныя, чым у дзяцінстве.

Калі праяўляецца РДУ(Г) упершыню і ад чаго ўзнікае?

РДУ(Г) заўсёды праяўляецца ў дзіцінстве, а яго наяўнасць або адсутнасць абумоўленая не псіхічным, а неўралагічным развіццём, то бок асаблівасцю развіцця нервовай сістэмы. Сярод фактараў РДУ(Г) найперш вылучаюць генетычныя і перынатальныя.

Як я магу зразумець, што у мяне РДУ(Г)?

Ніжэй будуць пералічаныя прыкметы РДУ(Г), але лепш за ўсё звярнуцца да неўролага/ клінічнага псіхолага/псіхолага, у якога ёсць спецыялізацыя ў гэтай галіне, бо РДУ(Г) можна пераблытаць з трывожным разладам. Людзі з трывожнасцю часта прыпісваюць сабе РДУ(Г), каб даць тлумачэнне таму, што з імі адбываецца і гэтак знізіць трывогу.

Сімптомы РДУ(Г) у дарослых:

  • складанасць заўважаць дэталі
  • неахайнасць, пастаянае гублянне рэчаў
  • дрэнныя арганізатарскія навыкі
  • складанасць канцэнтравацца і трымаць увагу
  • няпамятлівасць і рассеянасць
  • перапады настрою
  • неспакойнасць і раздражняльнасць
  • нецярплівасць, складанасць слухаць іншых, не перабіваючы
  • няздольнасць вытрымліваць стрэс
  • рызыкоўнасць у дзейнасці, якая ў тым ліку звязаная з асабістай бяспекай або бяспекай іншых людзей — напрыклад, у кіраванні аўтамабілем
  • немагчымасць выконваць дзве задачы адначасова
  • канвульсіўныя дзеянні (абгрызанне пазногцяў, тупанне нагамі, стуканне пальцамі)
  • няўменне даводзіць справу да канца

Ці вылечваецца РДУ(Г)?

Не, таму што гэта не хвароба. РДУ(Г) карэктуецца ў межах магчымага для кожнага асобна ўзятага чалавека праз медыкаменты, навыкі самарэгуляцыі, працу з эмоцыямі, псіхатэрапію, усвядомленасць (трэніроўка прысутнасці ў цяперашнім моманце з дапамогай медытатыўных тэхнік).