Размовы

Правілы для падарожнікаў ад выдаўца 34travel

Правілы для падарожнікаў ад выдаўца 34travel

Малюнак Ave

34travel — беларускі часопіс, цалкам прысвечаны падарожжам і падарожнікам. На ягоную долю выпала ўсё тое, чаго не пажадаеш: спачатку пандэмія спыніла турызм, а следам адбылося і адбываецца тое, што вы і самі ведаеце. Але часопіс выстаяў і распачаў сваё дзявятае лета падарожнага жыцця. Выдавец часопіса Антон Кашлікаў з нагоды дня народзінаў выдання сабраў да кучы ўласныя правілы добрай вандроўкі. Тут не будзе пра трыпэдвайзер і лаўкосты, толькі пра філасофію паездкі і спазнавання ўсяго новага.

***
Мне заўсёды здаваліся доўгія падарожжы добрым спосабам падумаць. Хоць я заўважаю, што для многіх — гэта спосаб паставіць жыццё на паўзу. Не перазагрузка, а рэжым standby. Важна разумець, што пры гэтым адказы на ўсе твае пытанні не з’явяцца, але, магчыма, ты хаця б выразней сфармулюеш самі пытанні.

***
Мне падабаецца трэнд з усвядомленымі вандроўкамі, калі ты не бяздумна едзеш некуды, бо ўхапіў на распродажы танныя квіткі, а выбіраеш месца, якое цябе нечым вабіць, селішся не ў сеткавым гатэлі, а ў прыкольных прыватных апартаментах, купляеш ежу на мясцовых рынках, спрабуеш стравы ў невялікіх сямейных рэстаранчыках. А самае галоўнае — не забываешся стасавацца з локаламі і даведвацца пра горад ці рэгіён, куды прыехаў.

***
Мясцовыя мясцовым розніца. Усе хочуць даследаваць гарады like a local, але трэба разумець, што далёка не ўсе жыхары сапраўды цікавяцца сваім горадам. І часта іх выбар — гэта 1-2 забягалаўкі на раёне і родны футбольны клуб з другой лігі (што, вядома, таксама выдатна).

***
Ёсць добрая рэкамендацыя: калі ты шукаеш класны модны раёнчык у новым для цябе горадзе — паспрабуй нагугліць, дзе знаходзяцца крамы з вінілам, specialty кавярні і вінтажныя крамы. Хутчэй за ўсё, вакол іх і будзе той самы модненькі нэйбархуд, які ты шукаеш.

***
Запытвай парады — і табе адкажуць. Гэтак я знаходзіў найлепшыя месцы з вулічнай ежай, сакрэтныя бары на дахах і вулічныя барахолкі. Проста пытаўся ў людзей.

***
Куды я абавязкова пайду ў новым горадзе? На рынак, у рандомны бар на раёне (там будуць сядзець дзяды, пацягваючы піўко), у парк, дзе можна пакачацца на траве з six-pack, і на футбольчык.

***
Мы заўсёды лічылі вадроўкі не адпачынкам, а часткай самаразвіцця, спосабам лепей спазнаць свет і сябе. Пра гэта мы і робім часопіс. Як выбудоўваюць сваё жыццё людзі ў іншых краінах і гарадах, што цікавага робяць мясцовыя кам’юніці, як працуюць з выклікамі, як вырашаюць праблемы? Які іх досвед ты можаш ужыць для сябе, для свайго раёна, горада?

***
Новыя ідэі лепш за ўсё нараджаюцца ў дарозе. А без новых ідэй і добрай вячэры не згатаваць.

***
Для мяне сола-падарожжы лепшыя, чым трыпы вялікай кампаніяй. Паездкі на аўто лепшыя за вандроўкі самалётам. Вялікая вада захапляе больш, чым горы. Гарады цікавейшыя за сельскую мясцовасць. А мясцовае піўко смачнейшае за віно.

***
Калі ёсць магчымасць паехаць да акіяну, трэба ехаць да акіяну.

***
Я езджу дзеля магіі. Яшчэ раніцай ты снедаў сваёй звыклай аўсянкай ці амлетам у сябе дома, а ўвечары сядзіш бог ведае дзе, вакол гавораць на незнаёмай табе мове, і здаецца, што ты апынуўся ў кіно. Ці гэта не магія?