Света Бень і Галя Чыкіс
Света Бень і Галя Чыкіс
Калі: 19 траўня
Дзе: Нюрнберг, Нямеччына
Квіткі: 20 еўра за 4 дні
Легенды беларускай сцэны Святлана Бень і Галіна Чыкіс 16 снежня выдалі свой першы (як дуэта) паўнафарматны альбом «Приём!» і з ім паспяхова аб’язджаюць Еўропу. Але канцэрт у Нюрнбергу будзе асаблівым — тут музыкі выступяць у межах чатырохдзённага фестывалю Ost Anders. Фэст гэты існуе з 2005 года, спалучае заходнееўрапейскія праекты з усходнееўрапейскімі, будуе культурныя масты і ўсё ў такім духу. Акцэнт на сучаснае мастацтва, артыстычныя эксперыменты і вынаходніцтвы. Апроч музыкі ды перформансаў Ost Anders падорыць непазбежныя сустрэчы і знаёмствы з суайчыннікамі, што жывуць і твораць за мяжой Беларусі.
Molchat Doma
Molchat Doma
на Primavera a la Ciutat
Калі: 29 траўня – 4 чэрвеня
Дзе: Барселона, Гішпанія
Квіткі: 325 еўра за ўвесь фестываль
Шумны, вялізны гішпанскі фестываль Primavera Sound сёлета распаўзецца не толькі на два месяцы, але і на дзве краіны: Прымавэра (што значыць нішто іншае як «вясна») пройдзе ў каляровай Барселоне, гарачым Мадрыдзе, а потым яшчэ й рамантычным партугальскім Порту. Лайнап стракаты, як мазаікі Гаўдзі: Кендрык Ламар, Pet Show Boys, Blur, Måneskin. У першы дзень «гарадской» часткі фестывалю зайграе, бадай, самы паспяховы беларускі гурт цёмнай хвалі Molchat Doma, які якраз вернецца са свайго вялікага туру па ЗША. Цытата з сайту Прымавэры: «Відэа карыстальніка TikTok ператварыла гэты пост-панк у вайрал летам 2020 года: гэта было гукавое ўвасабленне жалезнай заслоны для пакалення, якое яшчэ й не нарадзілася, калі разваліўся Савецкі Саюз».
SONCAHRAJ
SONCAHRAJ
Фестываль беларускай традыцыі
Калі: 9, 10, 18, 24 чэрвеня
Дзе: Дубічы Царкоўныя, Саколе, Супрасль, Бандары
Падляскае ваяводства Польшчы
Квіткі: –
Другі год запар фонд Tutaka ладзіць цалкам беларускі народны фестываль на землях, дзе гістарычна жыве беларуская нацыянальная меншасць — у Падляскім ваяводстве Польшчы. Тут можна наведаць чатыры розныя вёскі ў чатыры чэрвеньскія дні, наслухацца фальклору, наесціся страваў з «кулінарнай спадчыны продкаў», павучыцца спяваць народныя песні ў мясцовых фальклорных гуртоў Беласточчыны. Лайнап вясковага оўпэн-эйру гучыць родна і экзатычна адначасова: гурты «Каляжанкі», «Беларускі цуд», «Мярэжа», Hajda Banda, Капэла Алены Мялешкі, Капэла «Колішнія», «Зграя». Прыязджайце знаёміцца.
Tutaka
Tutaka
Фестываль абуджаных
Калі: 14-15 ліпеня
Дзе: урочышча Борык
Гарадок (Gródek), Польшча
Квіткі: –
Яшчэ адна беларуская падзея на Падляшшы — трэці па ліку фестываль Tutaka, які ладзяць на месцы легендарнага рок-фестывалю «Басовішча», што выгадаваў пакаленні беларускіх музыкаў і слухачоў у сваім лясным, піўным і гітарным перазвоне. Tutaka пазіцыянуе сябе як працяг фэста-дыназаўра, тут той жа лес, ёсць намётавае мястэчка і фуд-корты, дадаліся майстар-класы і культурныя актыўнасці. Сёлетні лайнап яшчэ не аб’яўлены, але, калі нясцерпна хочацца на оўпэн-эйр з духам свабоды ды тутэйшасці — пакуйце намёты і пазначайце дату ў сваім арганайзары.
Dlina Volny
Dlina Volny
на Pop Messe
Калі: 28-29 ліпеня
Дзе: Брно, Чэхія
Квіткі: 2200 чэскіх крон за 2 дні
Постпанкавае брут-поп трыа з Менску, якое рэпетуе ў віленскай Лукішскай турме (дакладней, у арт-прасторы, якая паўстала на месцы вязніцы) і супрацоўнічае з модным незалежным амерыканскім лэйблам Italians Do It Better. У чэскім Брне гурт арганічна ўліецца ў натоўп сусветных музыкаў (разам з брытанцамі Spiritualized), якія граюць маладую мультыжанравую музыку, «што выходзіць за рамкі ўсеагульнага разумення поп-музыкі». На старонцы фестывалю пра беларусаў пішуць так: «Сінты-поп брутальны як сацыялістычны бетонны мікрараён. У халоднай музыцы Dlina Volny ажывае напамін пра іх родны горад Менск».