Гiды

Беларусь на ровары: 7 маршрутаў рознай складанасці

Беларусь на ровары: 7 маршрутаў рознай складанасці

Калаж Дар’і Давыдзенкі

«Лета, яно зжыве мяне са свету», — спяваў вядомы рокер. Гэта можа адбыцца, калі нічога не рабіць і цалкам аддаць сябе спякоце. А калі сесці на ровар, знайсці добрую кампанію і пракласці файны маршрут — з такім летам можна не толькі змагацца, але нават падпарадкаваць яго сабе. Арганізатар вандровак на сайце veloby.net Аляксандр (asdpiton) раіць улюбёныя маршруты — і цяпер Сойка ведае, як даехаць да сядзібы Якуба Коласа і як дабрацца да гіпатэтычнага краю зямлі.

ЛІПІЧАНСКАЯ ПУШЧА

Тып паездкі: сямейны
Адлегласць: 62 км
Працягласць: тур з адным начлегам у намёце
Дарогі: грунтоўка, палявая дарожка, лясная дарожка, бездарожжа
GPS-трэк

Ліпічанка — рэшткі некалі велізарнай Гарадзенскай пушчы. Гэта маршрут, на якім дакладна не захочацца спяшацца: пойменныя дубровы, самы высокі бераг Нёмана, чорная бяроза, трып уздоўж Нёмана і Шчары — такім і павінен быць летні адпачынак. Дадатковы стымул — вы будзеце круціць педалі па самой Шчучыншчыне (прыродны запаведнік таксама размяшчаецца ў Мастоўскім і Дзятлаўскім раёнах). Апроч таго, у вас застанецца час даследаваць разваліны старой дзягцярні і дайсці пешшу да бабровага мегаполіса. Калі ў вас ёсць дзеці-падлеткі з пэўным досведам паездак на ровары, смела бярыце іх з сабой.

ПАЎНОЧНЫЯ ПРЫГОДЫ

Тып паездкі: умерана складаны, прыгодніцкі
Адлегласць: 250 км
Працягласць: тур з трыма начлегамі ў намёце
Дарогі: лясныя дарожкі, грэйдар, асфальт, месцамі пясок
GPS-трэк

Калі ваш кумір — ураджэнец Магілёва Ота Шміт, але вы яшчэ не выспелі да сапраўднай арктычнай экспедыцыі, можаце пачаць з лайтовай поўначы — падарожжа на ровары па паўночнай частцы Віцебскага рэгіёну з заездам у Себежскі Нацыянальны парк на Пскоўшчыне, які знаходзіцца на межах Беларусі, Расеі і Латвіі. Падарожжа па турыстычным комплексе Чырвоны бор, які патанае ў зеляніне сасновых лясоў, наведванне азёраў Зелянец, Волаба, Дрэтунь (усе начлегі таксама будуць каля азёраў), невялікі адпачынак на пляжы «Залатыя пяскі», што ў заказніку Сінша. Быццам бы і на поўначы пабывалі, а ўражанні цёплыя, летнія. Але такі трып можна прапаноўваць толькі падрыхтаваным велатурыстам, якія змогуць пад нагрузкай пераадолець 60-80 км за дзень.

ЗА МАЛІНАЎКАЙ (КАЛЯ МЕНСКУ)

Тып паездкі: для пачаткоўцаў
Адлегласць: 27 км
Працягласць: 3+ гадзіны
Дарогі: лясная дарожка, крыху грэйдару і асфальту
GPS-трэк

Выдатны маршрут, для якога фактычна нічога не трэба — ні вялікага досведу катання на ровары, ні нават чакання выходных. Спатрэбіцца хіба што жаданне падыхаць свежым паветрам і добры летні настрой. Маршрут абавязковы для тых, у каго быў складаны працоўны дзень, бо гэта выдатны шанц для перазагрузкі: шмат змен пакрыцця, вялікая разнастайнасць асяроддзя — будуць і горачкі, і палі, і крапіва, і раўчукі. Найбольшыя ўражанні напаткаюць, калі стартаваць прыкладна за гадзіну да «залатой гадзіны»: да заходу сонца акурат прыедзеце ў палі.

КРАЙ ЗЯМЛІ

Тып паездкі: складаны, прыгодніцкі
Адлегласць: 82 км
Працягласць: дзень
Дарогі: грэйдар/гравейка, грунтоўка, палявая дарожка, лясная дарожка, бездарожжа
GPS-трэкі: туды, назад, назад кароткі

Людзям з добрай падрыхтоўкай і не менш добрай фантазіяй прапануем яшчэ адзін прыгодніцкі тур па Віцебшчыне. Навошта фантазія? У прыродзе ёсць мясціны, якія адпавядаюць уяўленням, як можа выглядаць край зямлі. Вось і за Віцебскам ёсць такія мясціны, у якіх, з пэўнага ракурсу, здаецца, можна пабачыць лапу адной з трох чарапах. Таму збіраем кампанію аднадумцаў, здольных пабачыць тое самае, уключаем праз навушнікі N.R.M. (у велакампаніях не вітаецца знешняя музыка) — і пагналі! На маршруце вас чакае Заходняя Дзвіна, азёры Краснадворскае, Васлепна, Вымна, Танай, Мядзесна, бязмежныя лясы, закінуты торфзавод, помнік партызанам (яшчэ адно прывітанне Вольскаму).

На краі зямлі і свае героі. Напрыклад, у даламітавым кар’еры Гралёва жыве шагаючы экскаватар, які аднойчы выратаваў нават патанулы БЕЛАЗ. Можаце завітаць да яго. Толькі папярэджваем — не ўсе да края зямлі дабяруцца. Тыя, хто там пабываў, раяць пачаткоўцам, няўпэўненым у сваіх сілах раварыстам і прыхільнікам паганяць выключна па шашы застацца дома ці пашукаць іншыя маршруты.

«СТАЎБЦОЎСКІ» НЁМАН І НЯСВІЖ

Тып паездкі: для пачаткоўцаў, аматараў архітэктуры
Адлегласць: 60 км
Працягласць: 8 гадзін
Дарогі: лясныя дарожкі і асфальт, крыху грэйдару
GPS-трэк

Маршрут умоўна дзеліцца на дзве часткі: па стаўбцоўскіх лясах каля Нёмана і па асфальце да Нясвіжа. Навігацыя простая, навыкаў суперраварыста траса ад вас не вымагае, таму ў якасці падрыхтоўкі прапануем перачытаць «Новую зямлю» Якуба Коласа. Адно з месцаў, якое трапіцца на шляху — музей-сядзіба Коласа Альбуць: тое самае Парэчча, узгаданае ў паэме і іншых творах класіка. Будзе магчымасць параўнаць вашае ўспрыманне гэтых мясцін з коласаўскім.

Што датычыцца Нясвіжа, то калі па замку ў вас усе гештальты закрытыя, выдаткуйце час на вывучэнне тэрыторыі палацава-паркавага ансамбля — паркаў (Замкавы, Стары, Японскі, Ангельскі, Новы ці Марысін) і воднай сістэмы (сажалкі Дзікая, Замкавая, Бернандынская). Цудоўны настрой на ўвесь наступны тыдзень гарантаваны.

ЗАПАВЕДНЫЯ ДУБРОВЫ І ТЭРЫКОНЫ

Тып паездкі: для пачаткоўцаў
Адлегласць: 100 км
Працягласць: два дні з начлегам у намёце
Дарогі: грунтоўка, лясная дарожка
GPS-трэкі: пачатковы трэк, трэк на другі дзень

Чарговы тур яднання з беларускай прыродай. Асаблівасць яго ў тым, што трэк не настолькі знаёмы велатурыстам, як іншыя мясціны з гэтага гіда. Таму трэба быць гатовым як да лёгкіх дарожак і вясёлых бродзікаў, так і да тупікоў, складаных участкаў і пераносу ровару на сабе. Але з гэтым цалкам могуць справіцца і раварысты-пачаткоўцы — гэта будзе выдатным досведам для будучых паездак. А гэтым разам складанасці кампенсуюцца прыгожым прыродным маршрутам уздоўж ракі Убарць, наведваннем цар-дуба Палесся, а на другі дзень — любанскімі кар’ерамі і салігорскімі тэрыконамі.

ЛЯСНЫЯ ДАРОЖКІ І ДУБРОЎСКАЕ

Тып паездкі: для пачаткоўцаў, з сябрамі, адзіночны
Адлегласць: 59 км
Працягласць: 6+ гадзін
Дарогі: лясная дарожка
GPS-трэк

Напрыканцы параім яшчэ адзін лайтовы маршрут недалёка ад сталіцы. Яго можна параўнаць з любым вядомым фільмам, які амаль усе бачылі ці нават пераглядалі па шмат разоў. Але фільмы — гэта парада на доўгія зімовыя выходныя, а ўлетку трэба максімальна знаходзіцца на прыродзе. І калі не хапае часу на доўгае падарожжа, перасоўвацейся ў тым ліку вядомымі маршрутамі. Гэты трэк адназначна да такіх адносіцца, бо пад Менскам усё катанае і раз’езджанае. Праехацца ў спякотны дзень па лясным цені, па драўляных мастках, сфоткацца ля невялікага абрыву, выкупацца ў месцы, дзе няшмат людзей, — выдатны план на выходныя, трэба браць.