Мая бабуля з Марса. Аляксандр Міхалковіч
У сваім паўнаметражным дэбюце Аляксандр Міхалковіч раскрывае вострую геапалітычную тэму праз персанальную гісторыю сваёй сям’і. Назва фільма трымае ў сабе сюжэт дакументальнай стужкі: бабуля рэжысёра, украінка з пахождання, пасля выхаду на пенсію пераехала ў Крым, а ён неўзабаве аказаўся акупаваным Расіяй і ператварыўся ў «далёкую планету», накшталт Марса, з непрыязным «асяроддзем» датычна да бабулі Зіны. Рэжысёр паказвае далікатны і жартаўлівы партрэт сваёй бабулі, дзякуючы чаму кіно, якое разважае на сур’ёзныя тэмы, атрымліваецца цёплым і пяшчотным.
Межы. Юля Шатун
Арыгінальнае кінаэсэ, паэтычнае даследаванне бачных і нябачных межаў, пошук сваёй і чужой, асабістай і мастацкай ідэнтычнасці ў зменлівым свеце. У медытатыўным фільме-падарожжы змешваюцца вобразы чатырох гарадоў, а яшчэ — сучаснае і мінулае. Справа ў тым, што ў стужцы выкарыстоўваюцца як кадры, зробленыя рэжысёркай у цяперашні час, так і тыя, што яе бацька здымаў 25 гадоў таму. Калі апісваць настрой фільма праз музыку, то ён прасякнуты вайбам трэкаў беларускага гурта «Молчат дома», хоць яны там і не гучаць.
Крышталь. Дар'я Жук
Фільм, дзякуючы якому некаторыя замежнікі даведаліся пра Беларусь яшчэ да 2020 года. Бо стужка з’яўлялася на экранах найбуйнейшых фестываляў, атрымала шэраг узнагарод і нават упершыню за 20 гадоў вылучалася ад Беларусі на «Оскар». «Крышталь» — рэфлексіўная гісторыя пра «амерыканскую мару» і беларускую рэчаіснасць у 1996 годзе. У цэнтры сюжэту — дыджэйка Веля, якая марыць з’ехаць з Менску ў Чыкага на радзіму ўлюбёнага музычнага стылю. Гэта кіно, якое знойдзе водгук і ў тых, хто жыў у 90-я ў Беларусі, і ў тых, хто гэты перыяд не заспеў, але праз экран зможа адчуць увесь боль постсавецкага бязладдзя.
Сапраўдная амерыканка. Дар'я Жук
Ведаеце ўсе гэтыя вясёлыя, а часам дзіўныя і дзікія гісторыі людзей, якія ездзілі па праграме «Work and Travel» у Амерыку? Адна з іх расказваецца ў гэтым фільме: гісторыя Алі з постсавецкай прасторы, якая прыехала па абмене ў ЗША ў 1994 годзе. Аўтабіяграфічная стужка, якая імкнецца данесці: што б ні адбылося, не абавязкова прымаць правілы гульні, іх можна мяняць пад сябе. У адным з інтэрв’ю Дар’я прызнаецца, што хацела б паглядзець такі фільм у свае 16-18 год да першай паездкі ў Штаты. У выніку, рэжысёрка зняла яго для ўсіх нас.
Паветра ўнутры яе. Дар'я Жук
«Не задавай пытанняў», «не рабі гэта, а то памрэш», — устаноўкі, якія, на жаль, многім з нас унушаюць з самага дзяцінства. Менавіта гэта і чуе шасцігадовая Каця ад бабулі, калі тая заспявае яе за тым, што, на думку дарослай жанчыны, не павінна рабіць маленькая дзяўчынка. Каця не гатова з гэтым мірыцца і вырашае: што б ні здарылася, яна будзе рабіць тое, што жадае. «Паветра ўнутры яе» — адна з першых прац Дар’і Жук у якасці рэжысёркі. Сюжэт стужкі, як і многія іншыя з яе творчасці, прадыктаваны ўласным жыццём і асабістым балючым досведам.
Хапай турыстаў. Дар'я Жук
Кароткаметражная праца з простай завязкай: турыст знаёміцца з мясцовай дзяўчынай, але неўзабаве аказваецца ўцягнуты ў любоўны трохкутнік. У выніку, маем бадзёрае і запамінальнае выкананне гэтай гісторыі з цікавым сюжэтным твістам. Ну і яшчэ яго варта глядзець нават дзеля швейцарскай акторкі Дэлайлы Піяска (вы маглі яе бачыць у міні-серыяле Netflix «За акіян»). Яна паўстае ў кароткім метры Дар’і Жук гэтакай жанчынай-вамп, ад якой проста немагчыма адарваць позірку.
II. Улада Сянькова
«II» — драйвовая ігравая драма пра беларускіх падлеткаў. Яна ўздымае пытанні, якія папраўдзе тычацца многіх людзей: булінг у школе, дыскрымінацыя ЛГБТ+, сэкс і недахоп сэксуальнай адукацыі, стыгматызацыя ВІЧ. Пры гэтым рэжысёрка знаходзіць творчыя сродкі казаць пра ўсё гэта без натацый, яна проста прапануе гледачу гісторыю, якая дынамічна развіваецца пад многімі любімыя трэкі Бакея, Alyona Alyona і ЛСП.
Возера радасці. Аляксей Палуян
«Возера радасці» — беларускамоўная стужка, якая трапіла ў лонг-ліст прэміі «Оскар-2021», знятая паводле аднайменнага рамана Віктара Марціновіча. Апроч рамана, рэжысёр узяў за аснову фільма гісторыю свайго таты, якая вельмі падобная да той жыццёвай сітуацыі, што адбываецца з галоўнай гераіняй Ясяй. Яся — дзевяцігадовая дзяўчынка, якая перажывае смерць маці, у гэты ж час уласны бацька адпраўляе яе ў інтэрнат. Выбар назвы рэжысёр тлумачыць наступным чынам: «Ёсць выраз, калі чалавек шчаслівы ці яму пашанцавала, то ў яго “мора радасці”, а вось у Ясі пакуль толькі “возера”, але яна абавязкова знойдзе сваё мора».
To Ruth. Мікіта Лаўрэцкі
Тое, што ў самым пачатку можа здацца гісторыяй нерашучага закаханага, з кожнай хвілінай фільма становіцца жахлівым візуальным апісаннем сталкерства. Гэтакі серыял «You» на мінімалках — калі б ён быў кароткім метрам і быў зняты ў Беларусі 11 гадоў таму Мікітам Лаўрэцкім. Насамрэч, фільм створаны па матывах рэальнага ананімнага блога сталкера, які пераследваў любімую youtube-блогерку. «To Ruth» — сучаснае нямое чорна-белае кіно, якое ў традыцыях нямога кінематографа гаворыць з гледачом толькі на мове вачэй. Глядацкімі эмоцыямі аўтар таксама кіруе з дапамогай саўндртэку, які павялічвае ўнутранае напружанне падчас прагляду.
Беларускі псіхапат. Мікіта Лаўрэцкі
Тру-крайм, камедыя, трылер — значыцца ў графе «жанр фільма», але наўрад ці вы станеце смяяцца ў голас, аднак паглядзець на сучаснае кіно пад новым вуглом яно сапраўды дапаможа. Фільм ад майстра постіроніі і доўгіх кадраў Мікіты Лаўрэцкага — вольная інтэрпрэтацыя ў беларускіх умовах маніфеста масавага стралка Эліята Роджэра, які стаў натхняльнікам узнікнення субкультуры інцэлаў, прыхільнікі якой лічаць, што ў іх няўдачах на сэксуальнай ніве вінаватыя жанчыны. Самаабвешчаны «відэограф-вундэркінд» з нагоды свайго 22-годдзя арганізуе вечарынку, на якой мае намер пазбавіцца цнатлівасці. Кіруючыся вычварнай логікай, ён запрашае на сваю дачу трох ледзь знаёмых дзяўчат. На працягу часам жахавітага фільма гледачу застаецца назіраць за тым, ці зразумеюць дзяўчаты сапраўдныя намеры «беларускага псіхапата».
Забойства на Алібегава. Мікіта Лаўрэцкі
«Заказное забойства на Алібегава: забілі дваіх і забралі цукеркі», — так апісвалі ў СМІ адно з гучных забойстваў у Мінску ў сярэдзіне 2010-х гадоў. Менавіта яго рэжысёр і ўзяў за аснову постіранічнага TikTok-серыяла. І можа падацца, што акрамя крадзяжу цукерак нічога новага і арыгінальнага для жанру тру-крайм у гэтай гісторыі няма, але трэба толькі даведацца дэталі: двое забітых былі ў поліаморных стасунках з заказчыцай забойства. Цяпер цікава, што прывяло да такога зыходу трыа?