Гiды

Сойка Zamora: ляцім у Турцыю

Сойка Zamora: ляцім у Турцыю

Адна Сойка гэтак доўга выбіралася за мора, што ейныя купальнікі выйшлі з моды, а віза — у тыраж. Іншая Сойка гэтак задзяўблася мемасамі пра несканчальныя зборы, што начысціла пёркі і вырушыла ў шырокі свет.

Мы ўсе розныя. Адныя хацелі б згубіцца ў экзатычным натоўпе, іншым даспадобы чытаць пра небяспечныя прыгоды, захінуўшыся хатнім пледзікам. Для тых і іншых мы прыдумалі рубрыку Zamora, дзе будзем расказваць, што паглядзець і парабіць у розных гарадах і краінах па-за турыстычнымі гайдамі і топ-10 у Tripadviser.

Турцыя — рай для аматараў хайкінгу, а вясна — найлепшая для гэтага пара. Вы не паверыце, але пяцізоркавыя гатэлі з аніматарамі і шалёна гарачае сонца — стэрэатыпныя, але зусім не абавязковыя атрыбуты падарожжа па гэтай гасціннай, прыродна разнастайнай, багатай на антычнасці і смакі краіне. Да таго ж, туды ўсё яшчэ лётаюць самалёты з Беларусі, а да 30 дзён у краіне можна гасцяваць без візы.

Госці, госці, госці

Хоць класік пісаў, што гэта «мы ўсім сваёй гасціннасцю вядомы» — але, відаць, ён не быў у Турцыі. У невялічкай сямейнай рэстарацыі вас хутчэй за ўсё запомняць і пасля будуць махаць вам рукой, калі вы праходзіце міма, дадуць дэсерт з усюдыісным «турэцкім чаем» у якасці кампліменту, а зверху яшчэ і раскажауць вам, што беларусы «вэры бэст піпл». Хаця не ўсе туркі, асабліва старэйшыя, размаўляюць па-ангельску, але яны спрытна карыстаюцца гугл-транслэйтам, і часта найсмачней і найгасцінней акурат там, дзе па-ангельску не гавораць. І ўніверсальны закон: чым меншае паселішча і чым меней там турыстаў — тым болей гасцінныя людзі. А яшчэ, нягледзячы на тое, што эканамічны стан краіны далёка не найлепшы, народ там прыязны і вельмі адкрыты да замежнікаў. А яшчэ яны вельмі любяць сваю краіну — незалежна ад палітычных поглядаў.

Правілы дарожнага руху — для слабакоў

А вось чым мы веееельмі моцна адрозніваемся ад туркаў — гэта стаўленнем да правіл. Як у вядомым жарце, што беларусы — гэта славянскія немцы (у тым ліку ў павазе да ўсякіх-розных правілаў), гэтак туркі — наша супрацьлегласць.

Каб удаваць мясцовых — трэба навучыцца пераходзіць шасціпалосную дарогу абы-як (пры тым, што пераход можа быць зусім побач), ды яшчэ і пхаючы перад сабой вахочак з дзіцем. Спачатку гэтаму здзіўляешся, а праз некалькі дзён і сам так робіш. Таму калі хочацца часова павыціскаць з сябе беларуса (ну а раптам?), то гэта яшчэ адна нагода завітаць у Турцыю. Ну, і дарма казаць, што ў 20-мільённым Стамбуле трэба быць касмічна дасведчаным кіроўцам, каб сесці за стырно і пасля не сесці некуды яшчэ.

Turkish breakfast

Турэцкі сняданак — гэта амаль цэлы брэнд у сусветнай кухні. Гэта з дзясятак невялікіх талерачак з закускамі (такі сабе ол-інклюзіў здаровага чалавека), пачынаючы ад сыру і алівак і заканчваючы ўсялякай садавіной, гароднінай і парай-тройкай відаў сочыва і мёду. І шмат-шмат гарбаты. А яшчэ вельмі часта прапануюць на сняданак суп з сачавіцы. Так, суп. Так, на сняданак. Затое мама будзе радая, што вы ўрэшце супу паелі. Адзіная праблема з такімі сняданкамі — што пасля іх, каб не лопнуць, даводзіцца прапускаць абед і есці ўжо толькі вячэру.

Лікійская сцежка

Пра Стамбул з Анталіяй вы ведаеце і без нас — на іх мы спыняцца не будзем, у нас на павестцы — Турцыя непапсовая. І тут брэнд нумар адзін — Лікійская сцежка. Гэта адзін з самых вядомых у свеце турыстычных пешых маршрутаў, які расцягнуўся на 500 км па Міжземным узбярэжжы старажытнай Лікіі ад Олюдэнізу да ўжо згаданай Анталіі. Калі вы дасведчаны хайкер і ў вас ёсць месяц вольнага часу (беларусам дазволена быць у Турцыі без візы акурат 30 дзён) — можна прайсці маршрут цалкам, але можна не замахвацца адразу на ўсё і прайсці яго кавалак цягам некалькіх дзён. Можна начаваць у гэстхаўзах, можна ставіць намёты — тут ужо хто на які экстрым гатовы — але так ці іначай, усё адно гарантаваныя ўспаміны на ўсё жыццё. Даліна матылькоў, пляж Кабак, Садыба, горад Каш і многія іншыя пункты маршруту — гэта тое, чым вы здабудзеце захапленне, зайздрасць і павагу ўсіх туркаў свету (і не толькі іх).

Эфес — гэта не толькі піва

Калі хадок з вас такі сабе і на некалькідзённы хайкінг вы не гатовыя, але любіце ўсялякія антычнасці, то добрая альтэрнатыва Рыму і Афінам — мястэчка Эфес побач з Ізмірам на захадзе краіны (да Ізміра лёгка і танна можна даляцець на «Пегасе» са Стамбула). Храм Артэміды (той самы, які спаліў Герастрат і які пасля аднавілі, каб зноў разбурыць), Бібліятэка Цэльса, некалькі тэатраў, саркафагі і безліч паасобных скульптур — на гэты вялізны музей пад адкрытым небам (а ёсць частка і пад закрытым) трэба закладаць цэлы дзень, а сустрэць заход сонца можна ў суседнім мястэчку Кушадасы.

 

Зважай — Смірна

Ну, і сам Ізмір (былая грэцкая Смірна) — адзін з самых старажытных гарадоў Міжземнаморскага басейна — таксама не пальцам пханы. Гэта трэці па велічыні горад Турцыі і другі па аб’ёме перавозак порт, самы празаходні і ліберальны горад краіны. Акрамя спеву муэдзінаў у мячэтах, тут наўрад ці нешта нагадае, што ў Турцыі ўвогуле ёсць рэлігійныя людзі. А яшчэ тут ёсць помнік Атацюрку, яго маці і правам жанчын.

Хоць горад і выглядае вельмі сучасным, тут таксама хапае старадаўняй спадчыны, а царква Смірны (як, дарэчы, і Эфеса) фігуруе ў Адкрыцці Яна Багаслова як адна з сямі цэркваў Апакаліпсіса. А яшчэ гэта адзін з прэтэндэнтаў на тое, каб лічыцца радзімай Гамэра. Карацей, гісторыя там сапраўды на кожным кроку.

Падымі мяне па-над зямлёю

Амаль што ў геаграфічным цэнтры Турцыі размясціўся рэгіён Кападокія. Едуць сюды дзеля Нацыянальнага парку Гёрэме — гэта вялізны музей пад адкрытым небам з абсалютна шалёнымі скаламі і пячорамі, у якіх былі самыя сапраўдныя жылыя дамы.

Гусараў з іх жартамі чакае Даліна кахання (ёсць яшчэ альтэрнатыўная назва, адгадайце па фота), а больш узвышаныя спадары і спадарыні шчасліва палятаюць на паветраным шары (ці хаця б проста паглядзець на дзясяткі паветраных шароў, якія ўздымаюцца ў неба на світанку).

Пабрацім Менску

Імя горада Газіянтэп многія пачулі ўпершыню год назад, калі 6 лютага 2023 года там адбыўся моцны землятрус, які забраў многа жыццяў і частку архітэктурнай спадчыны. Горад месціцца блізка да мяжы з Сірыяй, тут жыве значная частка курдскага насельніцтва, а ў музеі захоўваецца самая вялікая калекцыя рымскай мазаікі ў свеце. А яшчэ гэта горад-пабрацім Менску.

Параўнальна недалёка ад Газіянтэпу месціцца знакаміты храмавы комплекс Гёбеклі-Тэпэ, які занесены ў спіс спадчыны ЮНЭСКА. Гэта самае старажытнае мегалітычнае збудаванне, якому недзе 12 тысяч гадочкаў.

У тым самым рэгіёне можна заадно наведаць гару Нэмрут, на вяршыні якой — таксама рэшткі антычнасці, і таксама са спісу ЮНЭСКА, прычым абсалютна касмічныя, як грэцкія, так і персідскія: вось сапраўднае месца, дзе Захад сустракаецца з Усходам.

Самы пік Турцыі і нацыянальны сімвал Арменіі

Калі ўжо і поўдзень вы акучылі, то пара выбірацца ў самую маладаследаваную (і самую недаацэненую) людзьмі з нашага рэгіёну частку Турцыі — на самы ўсход краіны. Блізка ля мяжы з Арменіяй раскінуўся Арарат — гэта горны масіў, які складаецца з двух вулканаў, якія цяпер спяць, Вялікага (5165 м) і Малога Арарата (3896 м). Так, гэта той самы Арарат, на якім, паводле Бібліі, сеў на мель Ноеў каўчэг і які (з гэтым самым каўчэгам) выяўлены на гербе Арменіі. (І так, мы таксама не ведалі, што Арарат гэта не адна гары, а два вулканы, цяпер ведаем.)