Дамы адпачынку і аграсядзібы. Для тых, хто любіць спакойны адпачынак
Часам хочацца проста збегчы з гораду на пару дзён (і пажадана схавацца ад навінаў), каб расслабіцца і трошкі перазагрузіцца. Дом на прыродзе — адзін з даступных і вельмі крутых варыянтаў зноў адчуць асалоду ад спакойнага, мірнага жыцця. Калі вы не аматар актыўна бавіць час на прыродзе, а больш любіце ціхі і спакойны адпачынак, то гэты раздзел для вас.
Засцянак Скрыплеў
Засценак Скрыплева — вёска ў Гародзькаўскім сельсавеце Валожынскага раёна. Словам «засценак» называліся паселішчы, якія ўзніклі ў сярэдзіне шаснаццатага стагоддзя паводле «Уставы на валокі». Ворныя землі маёнткаў дзяліліся на тры часткі, кожная з якіх мела межы — «сценкі». Землі, што заставаліся за гэтымі «сценкамі», арандавалі заможныя сяляне і дробная шляхта. Такія тэрыторыі і называліся засценкамі.

Аграсядзіба Засцянак Скрыплеў знаходзіцца на правым беразе Заходняй Бярэзіны ўсяго за 90 кіламетраў ад Мінска. Тут ёсць дзве даваенныя хаты з рэканструяваным інтэр’ерам трыццатых гадоў, лазня на дровах і нават вігвам. Таксама тут можна паставіць намёт.

Калі ж вырашыце бавіць час больш актыўна, то адсюль можна адправіцца ў сплаў на байдарцы ці каноэ. Працягласць сплаваў — ад трох гадзін да пяці дзён. Можна ўзяць напракат ровар і праехаць па распрацаваным маршруце — такія ёсць на 20, 50 і 70 кіламетраў.

Таксама тут можна пазнаёміцца з Браніславычам — героем кнігі «Не адчайваемся», якую напісаў уладальнік аграсядзібы Васіль Грынь. У кнігу ўвайшлі размовы з Браніславычам, замалёўкі з мясцовага жыцця, успаміны з дзяцінства і дарослае іх усведамленне. Напісана яна жывой і каларытнай гаворкай. Прачытаць вялікае інтэрв’ю з Васілём можна тут, а пазнаёміцца з паслугамі і коштамі аграсядзібы тут ці ў фэйсбуку.
Трохкутны дом-будан для аматараў незвычайных здымкаў у інстаграме
За пяць кіламетраў ад Заслаўя размясціўся незвычайны трохкутны дом-будан. Мясціна стала даволі папулярнай сярод інстаграм-блогераў і ціктокераў. У будынку панарамныя вокны, праз які бачны найбліжэйшы лес.

Будынак разлічаны на двух чалавек — унутры пад столлю стаіць двухспальны ложак. Дом абсталяваны пліткай для гатавання ежы, кандыцыянерам і халадзільнікам. Таксама можна наведаць лазню і акунуцца ў купелі.

Падрабязней пра дом-будан і кошты можна даведацца ў інстаграме.
Футурыстычны дом-бурбалка
Калі вас не здзівіў дом-будан, то гэтае месца дакладна прымусіць абамлець і ачмурэць. Самастойна адшукаць месца наўрад ці ўдасца — дом знаходзіцца на тэрыторыі пад аховай. Стваральнікі дома-бурбалкі трымаюць лакацыю ў сакрэце, каб ніхто не падглядаў за пастаяльцамі празрыстага «нумару».

«Бурбалка» складаецца з дзвюх капсул — з пярэдняга пакойчыка з каркасам і бескаркаснай жылой зоны. Адмысловымі насосамі ў капсулы падаецца паветра, каб яны не здзьмуваліся і не гублялі форму. З гэтай жа прычыны ўваходы мусяць быць заўсёды зачыненыя.
Дом-бурбалка знаходзіцца на лясной палянцы плошчай каля сотні квадратных метраў. Побач цячэ ручай з чыстай вадой, паблізу ёсць прыватнае возера, у якім можна купацца.
Даведацца пра кошты і забраніраваць адпачынак можна ў інстаграме.

На Браслаўскія азёры па барбекю і фермерскія прадукты
Калі вы не аматар экзатычных будынкаў, то вам можа спадабацца эка-гатэль Greenvillage, які размясціўся каля прыгожага возера Укля, якое ўваходзіць у Абстэрнаўскую групу Браслаўскіх азёр.

Ужо толькі возера, дзе арганізаваная платная рыбалка, можа стаць добрай нагодай для паездкі. Тут водзяцца акунь, лешч, шчупак, плотка, краснапёрка, лінь, мянтуз, судак і іншыя віды рыб. А для тых, каму цікавей купацца, ёсць пляж.

Дызайнерскія будынкі пабудаваныя ў стылі шале — так называюцца дамы ў горных раёнах Альпаў. У пазамінулым стагоддзі такія домікі сабе будавалі еўрапейскія арыстакраты і бюргеры. А яшчэ можна адчуць сябе старажытнагрэцкім філосафам Дыягенам, а заадно і папарыцца — лазня тут пабудавана ў выглядзе вялікай бочкі.
Болей інфармацыі на сайце эка-гатэлю ці ў інстаграме.

Пад Вілейку па лазню і жар-птушак. Сядзіба «Беражок»
Яшчэ адзін варыянт для тых, хто выбірае спакойны адпачынак, — сядзіба «Беражок» у Вілейскім раёне. На агароджанай тэрыторыі размясціліся два вялікія сядзібныя дамы, прыватнае возера, лазня з джакузі, альтанкі і месцы пад барбекю. Таксама ёсць гульнявы дом з настольным тэнісам і більярдам.

А калі вы шукаеце месца для шумнага свята ці карпаратыву, то «Беражок» таксама добра пасуе для гэтых мэтаў. Тут ёсць банкетная зала на сотню гасцей, абсталяваная гукавой і светлавой апаратурай.

Ёсць варыянт і для актыўнага адпачынку — па возеры можна паплаваць на чоўне ці катамаране. А яшчэ ёсць вальер з паўлінамі і фазанамі.
Больш інфармацыі ў інстаграме сядзібы ці на сайце.
Для тых, каму не сядзіцца на месцы. Дзе актыўна адпачыць у Беларусі
Калі для вас адпачынак — гэта такое мерапрыемства, пасля якога трэба яшчэ адзін адпачынак, то гэты раздзел для вас. Птушкаванне з сапраўдным арнітолагам, экскурсія па балотах, сплаў на байдарках ці паходы па запаведных лясах — выбірайце на свой густ.
Вучымся разбірацца ў птушках
Шмат чулі пра бёрдвотчынг і вырашылі паспрабаваць? Ці, наадварот, кожныя выходныя выбіраецеся з біноклем на прыроду, каб унесці новыя ўбачаныя віды птушак у свой спіс? Падаецца, што гэты варыянт адпачынку для вас.

Сямён Левы — аўтар арніталагічных курсаў і практыкумаў-экскурсій па бёрдвотчынгу. За яго плячыма больш за 30 навуковых публікацый, ён нават быў суаўтарам кнігі-вызначальніка птушак Беларусі і Літвы.

Перад тым як выходзіць на палявы практыкум, можна прайсці курсы анлайн. Сямён можа навучыць вас адрозніваць да дзвюх соцень відаў беларускіх птушак, ведаць іх галасы, а таксама разбірацца ў мясцовых матылях і стракозах. Але самае цікавае — экскурсіі на прыродзе.

Ёсць некалькі відаў такіх практыкумаў: можна паехаць у Налібоцкую пушчу, а можна на раку Гайну ў Барысаўскі раён, ёсць варыянт з балотам Дулебы, а калі не хочаце выязджаць за межы Мінска – ёсць экскурсія па Чыжоўскім вадасховішчы і Лошыцкім парку. Нават пры такім раскладзе можна пабачыць 50 відаў птушак.
Даведацца пра даты пачатку курсаў і экскурсій, а таксама пра кошты можна на сайце.
Ельня. Самае вялікае верхавое балота Беларусі
Дзе пазнаць беларускі дзэн, калі не на балоце?
Ельня — гэта больш за 25 тысяч гектараў балота, якому болей за 9 тысяч гадоў, а на тэрыторыі балота прыхавалася болей за сотню азёраў.

Тут ёсць самая доўгая і шырокая з Еўропе экасцежка даўжынёй паўтара кіламетра. На маршруце ёсць назіральныя вышкі і месцы для адпачынку.
Калі ж вы збіраецеся напоўніцу атрымаць балотныя прыгоды, то існуюць некалькі пешых маршрутаў працягласцю ад 2,5 да 16 кіламетраў. Для аматараў велападарожжаў таксама ёсць некалькі маршрутаў працягласцю ад 14 да 166 кіламетраў.

Праз турклуб, які супрацоўнічае з заказнікам, можна заказаць экскурсію з гідам, балатаходы і іншы турыстычны інвентар. Можна выбрацца і самастойна. Але ў гэтым выпадку трэба сачыць за прагнозам надвор’я – сустрэць навальніцу на балоце вельмі небяспечна. З сабой добра ўзяць нейкі зручны кій, на які можна абапірацца. Трэба быць гатовым ісці вельмі павольна. Ставіць намёт на вадзе не прыйдзецца – тут хапае сухіх месцаў. А вось узяць з сабой яшчэ пару абутку – добрая ідэя, каб была магчымасць пераабуцца ў сухое. На ўсіх месцах акрамя стаянак давядзецца абысціся без агню – вельмі вялікая рызыка тарфянога пажару.

Ельня — добрае месца для назірання за птушкамі і ўвогуле за жывой прыродай. Таксама тут можна збіраць брусніцы, дурніцы, чарніцы і журавіны, а сярод лесу можна пашукаць грыбы.
Сплаў на байдарках
Лета – самы час для водных падарожжаў. І ў выпадку, калі такі адпачынак вам даспадобы, то існуе некалькі варыянтаў. Можна праехацца на прагулачным катары ці арандаваць водны веласіпед-катамаран, а можна пайсці ў сплаў на байдарках.

У сеціве можна знайсці шмат прапановаў для такога паходу. Мы знайшлі, напрыклад, такі – wilder.by. З прыемных момантаў – можна выбрацца ў паход толькі на адзін дзень, а можна – усяго на вечар і прайсці па Свіслачы ад вадасховішча Дразды да парка «Дрымлэнд» і назад.
Яшчэ адзін варыянт адпачынку на вадзе – катанне на сапбордах. Гэта нешта сярэдняе паміж сёрфінгам і каякінгам. Плаўсродак – гэта дошка для сёрфінгу, але рухаецца яна з дапамогай вясла, а не хваляў. Прапановаў у пошукавіку хапае — напрыклад, тут можна ўзяць спробную паездку на сапбордзе на некалькі гадзін, а можна пайсці ў сур’ёзны сплаў па Прыпяці на два дні. Усё залежыць толькі ад таго, колькі часу і грошай вы гатовы на гэта выдаткаваць, а таксама ад вашага жадання.

У Налібоцкія гушчары, каб пабачыць дзікіх коней
Яшчэ адзін варыянт для аматараў актыўнага адпачынку — паход у Налібоцкую пушчу. Ад’язджаеце ад Мінска на 60 кіламетраў – і вы ў самым вялікім лясным запаведным масіве ў Беларусі.

У Налібоцкай пушчы ёсць дзве экасцежкі. Адна з іх мае працягласць 1,3 кіламетры і праходзіць праз хваёвы бор. Гэтая экасцежка даступная для людзей з інваліднасцю і мае інфармацыйныя стэнды, дапоўненыя шрыфтам Брайля для невідушчых. Другая экасцежка таксама невялікая — яна працягнулся ўсяго на кіламетр. На ёй ёсць драўляная вышка, з якой, калі пашанцуе, можна пабачыць зуброў ці казуль.

Таксама тут можна ўбачыць дзікіх коней, якія нагадваюць вымерлых тарпанаў. Гэта польскія конікі — пароду адмыслова выводзілі максімальна падобнай да дзікіх продкаў.

Для тых, хто захоча затрымацца паболей, тут ёсць база адпачынку, а аматары гістарычнай архітэктуры змогуць наведаць Любчанскі замак, руіны маёнтку Тышкевічаў і гаспадарчы двор Храптовічаў.
Будзьма палескімі рабінзонамі
Для тых, хто гатовы да сапраўдных прыгодаў, пасуе падарожжа на Палессе ў заказнікі «Сярэдняя Прыпяць» і «Прастыр».

«Сярэдняя Прыпяць» – сапраўдная «палеская Амазонія». Тут захавалася прырода ў яе спрадвечным выглядзе. Гэты заказнік – найбуйнейшы ў Еўропе ўчастак рачной поймы, якая захавалася ў натуральным стане.

А заказнік «Прастыр» – гэта буйное нізіннае пойменнае балота ў міжрэччы Прыпяці і Прастыры. На значнай частцы тэрыторыі заказніка пракладзеныя меліяратыўныя каналы, але вялікая частка балотнага масіву захавалася амаль у натуральным стане. Цікава, што ў месцы зліцця Прастыры і Прыпяці зараснікі трыснягу дасягаюць трох метраў.
Сайт заказнікаў прапануе некалькі веламаршрутаў, сплаваў і шпацыр па экасцежцы.

Якія славутасці і архітэктурныя помнікі варта наведаць?
Па экзатычную арабскую альгамбру на поўдзень краіны
Адзін з варыянтаў – паехаць у Жлобінскі раён у вёску Красны Бераг. Не пераблытайце яго з Чырвоным Берагам, які размясціўся недалёка ў Чачэрскім раёне.

У Красным Беразе нас цікавіць палац Козел-Паклеўскіх — будынак канца 19 стагоддзя, пабудаваны ў стылі эклектыкі. Палац можа служыць даведнікам па гісторыі архітэктуры — ён спалучае гатычныя і барочныя элементы, ампір і мадэрн. Больш за тое, гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе можна ўбачыць элементы арабскага стылю альгамбра. Містычнасці будынку дадаюць вадазлівы, выкананыя ў выглядзе хімераў.

Побач з маёнткам захаваўся старажытны парк. Тут ёсць валун з дзвюма адтулінамі, на якім можна загадаць жаданне. Таксама варта звярнуць увагу на гаспадарчыя пабудовы, якія захаваліся з пазамінулага стагоддзя, і на гатычную браму на ўваходзе.

На старажытны Менск!
Шмат хто ведае, што, на думку многіх гісторыкаў, старажытны Менск знаходзіўся не на зліцці Нямігі і Свіслачы, а на рачулцы Менцы побач з вёскай Гарадзішча.

Чаму варта наведаць? Акрамя таго, што гэта верагоднае месца паходжання сучаснай сталіцы, гэта яшчэ і цікавая лакацыя. Тут ёсць прыватны музей, ладзяцца экскурсіі, можна правесці карпаратыў ці зняць пакой для начоўкі. З коштамі і дэталямі можна пазнаёміцца на сайце сядзібы-музея, а тут — паглядзець археалагічныя знаходкі мінулага года.
Едзем у Дукору глядзець на браму і перакулены дом
Накіроўваемся па гомельскай трасе ад Мінска і едзем да аграгарадка Дукора, што стаіць на беразе Свіслачы. Тут нас цікавяць рэшткі палацава-паркавага комплексу Оштарпаў. На жаль, асноўны будынак не перажыў Другой сусветнай, але захаваліся прыгожая ўязная брама, флігель і парк з піхтамі і лістоўніцамі.


Сёння побач размясціўся музейны комплекс «Дукорскі маёнтак». Акрамя музейнай экспазіцыі тут ладзяцца шмат актыўнасцяў – праходзяць этнаграфічныя і гістарычныя фэсты, можна пастраляць з лука ці страйкбольнага аўтамата, прайсці майстар-клас па ткацтве ці ганчарнай справе.

А праверыць свой вестыбулярны апарат можна ў дзіўнай пабудове — перакуленым доме. Даведацца пра іншыя актыўнасці можна на сайце маёнтку.

Велападарожжа ад Мінска да Лагойска
Наступны маршрут прапануем аматарам велашпацыраў. Ад Мінскай кальцавой ён працягнецца на амаль 40 кіламетраў, і калі верыць мапе, то палова шляху пройдзе па веладарожцы.

Чаму ў Лагойск? Па-першае, гэта старажытны горад Полацкага княства, які вядомы ў летапісах з адзінаццатага стагоддзя. Па-другое, каб паглядзець на руіны палаца Тышкевічаў і на месца замчышча. Па-трэцяе, каб атрымаць асалоду ад узгорыстага рэльефу па дарозе.

Куды можна заехаць? У Раўбіцкі музей беларускага народнага мастацтва, каб паглядзець на коўш з «беларускім задыякам» і язычніцкай сімволікай. Вось што распавядае пра яго даследчык Дзмітрый Скварчэўскі:
Таксама можна праехаць праз суседнюю з Лагойскам вёску Малінаўка. Тут знаходзіцца Лагойская астраблема — кратар ад астэроіда, што ўпаў тут больш за 40 мільёнаў гадоў таму. Дыназаўры тады ўжо вымерлі, але па Зямлі хадзілі драпежныя свінні энтэладонты. Кратар уражвае памерамі — ён займае плошчу ў 650 квадратных метраў. Астэроід масай каля 92 тон рухаўся на зямлю з хуткасцю 18 км/с. Калі ён упаў, выбух был параўнальны з 25 мільёнамі бомбаў, скінутых на Хірасіму. Каардынаты цэнтра кратара: 54°12′ п.ш. 27°48′ у.д.

На Пастаўшчыну, каб паглядзець на касцёл-крэпасць
На канец пакідаем падарожжа на 200 кіламетраў з Мінска на Пастаўшчыну ў вёску Камаі, каб паглядзець на касцёл Святога Яна Хрысціцеля. Будынак храму сапраўды ўражвае — ён спалучае элементы барока, готыкі і рэнесансу і ствараўся для абароны. Таўшчыня сцен даходзіць да двух метраў, а вузкія вокны больш нагадваюць байніцы замка.

Пабудавалі касцёл у самым пачатку 17 стагоддзя. Ён перажыў некалькі войнаў. У 1654-1657 гадах быў спалены расейскімі войскамі, а падчас Паўночнай вайны яго абстралялі шведы. Цікава, што касцёл Святога Яна — адзін з нешматлікіх каталіцкіх храмаў, якія ніколі не зачыняліся, толькі на часы аднаўлення і рэстаўрацыі. Храм дзейнічаў нават за савецкім часам.

Побач з касцёлам можна паглядзець на старажытны гранітны крыж, які высеклі ў 15-16 стагоддзях, а ў самім касцёле пабачыць выяву Божай Маці з дзіцём. Гэты абраз быў напісаны ў 1610 годзе ў Кракаве.

Замест эпілогу
Мы прапанавалі вам 15 месцаў, куды можна паехаць летам. Зразумела, што гэтая падборка — толькі малая доля месцаў, якія варта наведаць у Беларусі. Паспяшайцеся не прапусціць час і прыдумаць сабе прыгоды. Бо жнівень праляціць вельмі хутка.
Для тых, каму гэтых парадаў падалося замала, можна накіравацца на 34travel.me — інтэрнет-часопіс для незалежных вандроўнікаў. Ці перайсці на раздзел «Вандруем разам» сайта кампаніі «Будзьма беларусамі», дзе ўжо створаныя адмысловыя гайды па розных рэгіёнах Беларусі. Падказка: шукайце матэрыялы, падпісаныя ініцыяламі ПЖ. Таксама раім наведаць сайт «Планета.Беларусь», які стварыў фатограф Сяргей Плыткевіч. Там ужо больш за 2400 месцаў, якія варта наведаць. Ёсць і тэксты-гайды падобныя да таго, што вы толькі што прачыталі, — напрыклад, 13 маршрутаў па захадзе Беларусі ад holiday.by, ці падборка аграсядзібаў ад bestbelarus.by. А сайт Сitydog.io прапануе яшчэ 16 месцаў, вартых увагі і наведвання. Таксама можна завітаць на сайт tropinki.by, дзе падрыхтаваныя маршруты для падарожжаў па Беларусі.