Гiды

Па-даросламу: як падрыхтавацца да падарожжа з бацькамі

Па-даросламу: як падрыхтавацца да падарожжа з бацькамі

Калажы Вікторыі Грабеннікавай

Сеціва (і Сойка ў тым ліку) поўніцца парадамі пра падарожжы з дзецьмі, тым часам усё больш дарослых беларусаў выбіраюцца ў дарогу са сваімі старэйшымі сваякамі. Паездкі па свеце могуць быць адзінай магчымасцю ўбачыцца з роднымі, а таксама эфектыўным спосабам размеркаваць фінансавую ды арганізацыйную адказнасць і ўмацаваць сямейныя сувязі. Як падарожнічаць разам, нягледзячы на розныя погляды, магчымасці, пажаданні і патрэбы? Сойка апытала бывалых дарослых турыстаў, якія выбіраюцца ў свет з бацькамі (а можа, нават з бацькамі бацькоў) і сабрала асноўныя парады.

Безумоўна, у такога міжпакаленчага падарожжа ёсць нямала рызыкаў і патэнцыйных вострых кутоў, але пачнем з безумоўных плюсаў падарожжаў з роднымі:

  1. Розныя даследаванні паказваюць, што падарожжы паляпшаюць наша самаадчуванне і даюць нам пачуццё задавальнення яшчэ на стадыі планавання. Сама думка пра супольны выезд — ужо як лек ад штодзённай нуды і фрустрацыі, гэтак патрэбны і нам, і бацькам.
  2. Мы выраслі і ўсё ўмеем самастойна, тым часам у бацькоў гэтае асэнсаванне можа выклікаць пачуццё ўласнай непатрэбнасці. Запрашэнне ў падарожжа і супольны якасны час могуць вярнуць старэйшым сваякам адчуванне іх важнасці і незаменнасці.
  3. Новыя ўражанні і пастаянная навука — прафілактыка старэння мозгу і дэменцыі. А гэта істотна ва ўсіх узростах.
  4. Супольны выезд — магчымасць размеркаваць фінансавую і іншую адказнасць на некалькі плячэй, а значыць, зняць яе з адных і лепш адпачыць.

Што рабіць, каб супольны выезд не ператварыўся ў шматактавую трагедыю з грэцкім хорам і водарам карвалолу? Вось нашыя парады.

Сплануйце падарожжа разам

Абмяркуйце месцы, у якіх хочаце пабываць, ежу, якую хочаце пакаштаваць, досвед, які хочаце атрымаць. Падчас такога планавання вы абавязкова даведаецеся нешта новае пра планы і погляд на паездку вашых бацькоў. Білеты ў Венскую оперу могуць ператварыцца ў непрыемны сюрпрыз, калі ў валізе бацькоў толькі шорты і крэм з SPF.

Улічвайце абмежаванні

Людзі старэйшага ўзросту хутчэй стамляюцца фізічна і патрабуюць больш часу, каб адпачыць. Не плануйце пешых паходаў па 25 км, узыходжання на горныя хрыбты і нават наведвання трох велізарных музеяў за дзень, калі вашыя бацькі ці бабулі з дзядулямі не з’яўляюцца актыўнымі спартоўцамі і трэнерамі моладзевых зборных па лёгкай атлетыцы. Улічыце, што там, дзе для вас няма праблемы, яна можа знайсціся для бацькоў. Кандыцыянер у спёку ці зручны матрас — падумайце пра вашыя розныя патрэбы.

Асабістая прастора

Як бы моцна вы ні любілі бацькоў, свой уласны час патрэбны і ім, і вам. Паспрабуйце зняць асобнае жытло або прынамсі нумар у гатэлі з асобнымі пакоямі. Прапануйце актыўнасці, якія можна ажыццяўляць паасобку. Бацькі ўстаюць вельмі рана, а вы любіце паспаць даўжэй? Не ўсё неабходна рабіць строга разам, крыху самастойнасці не зашкодзіць і сваякам, якія толькі распачалі сваё знаёмства з замежнымі краінамі.

Сацыялізацыя

Гэта вам можа здавацца, што вашыя неверагодна цікавыя замежныя сябры неверагодна цікавыя і вашым бацькам. На справе можа аказацца і зусім наадварот. Распавядзіце старэйшым пра людзей, з якімі плануеце іх пазнаёміць, можа аказацца, што сустрэча з вядомым блогерам, групай нямецкіх студэнтаў ці нават бацькамі вашых замежных знаёмых акажацца суцэльным стрэсам для вашых бацькоў. Улічыце, наколькі вашыя сваякі гатовыя да раптоўнай сацыялізацыі.

План Б

Не ўсе бацькі — такія спрытныя падарожнікі па замежжы, што ў выпадку раптоўнай неабходнасці самастойна разбяруцца ў тым, як працуе такійскае ці ньюёркскае метро, нават калі вы ўжо карысталіся ім разам. Моўны бар’ер і разгубленасць могуць стаць фатальнымі, калі на тэлефоне ў мамы сядзе батарэйка, у таты скрадуць барсетку, а ў супермаркеце, дзе вы размінуліся, аб’явяць раптоўную эвакуацыю. Заўжды і паўсюль майце празрыстую дамоўленасць — ДЗЕ і КАЛІ вы сустракаецеся ў выпадку адсутнасці сувязі. Уваход у краму, адметная вітрына, помнік, будынак у цэнтры — прагаварыце гэта загадзя.

Падрыхтуйце страхоўку і аптэчку

Няхай там будуць звыклыя лекі з надпісамі кірыліцай, каб не бегаць па ўсім Куала-Лумпуры ў пошуку таго самага цытрамону барысаўскага заводу. Нагадайце бацькам пра лекі, якія яны прымаюць рэгулярна і якія не прадаюцца без рэцэпту.

Плануйце бюджэт

Здорава, калі вы маеце дастаткова сродкаў, каб аплаціць усё супольнае падарожжа. Таксама няблага, калі бацькі дзеляць затраты напалову або ваша мама мае намер поўнасцю пакрыць расходы на жытло. Галоўнае — каб нічога са згаданага ні для каго не было сюрпрызам. Абмяркуйце, колькі збіраецеся патраціць, дзе збіраецеся сяліцца і харчавацца. Сваркі, недагаворкі і нават злавеснае маўчанне з-за грошай — не найлепшы спадарожнік для прыемнага адпачынку. No alarms and no surprises, please.