Трошкі сонечнай хіміі
У сонечнае надвор’е і настрой лепшы — гэта медыцынскі факт. Сонечнае святло дапамагае арганізму выпрацоўваць вітамін D. Гэты про-гармон дапамагае нашай імуннай сістэме, узмацняе косткі і стымулюе цела на іншыя карысныя штукі.
Вітамін D — адзіны вітамін, які арганізм чалавека выпрацоўвае самастойна пры дапамозе ультрафіялетавых промняў. Праблема ў тым, што апраменьвання бывае зашмат, таму наша скура робіцца цёмнай: рэчыва, якое дапамагае ў гэтым (меланін), абараняе арганізм ад залішняга ўздзеяння ультрафіялету.
Таксама сонца дапамагае рэгуляваць выпрацоўванне такога гармону, як мелатанін. Ён дапамагае добра спаць і атрымліваць якасны адпачынак.
Каму нельга загараць
Эвалюцыя кіруе нашымі памкненнямі і прыярэтэтамі, а таму нас так і цягне прабавіць некалькі гарачых гадзінак пад сонцам. Але не дарма за мільёны гадоў мы пракачалі прэфрантальную кару галаўнога мозгу: сёння чалавецтва дакладна ведае, што сонечныя промні могуць быць небяспечнымі для людзей з рознымі захворваннямі і нават справакаваць хваробы.
Такім чынам, доўга нельга загараць людзям з:
- катарактай, фотакан’юктывітам, кератытам
- слабым імунітэтам
- сухотамі
- цукровым дыябетам
- эмфізэмай лёгкіх
- артэрыяльнай гіпертэнзіяй
- захворваннямі шчытападобнай залозы
- анкалагічнымі хваробамі
- праблемамі са скурай
Дарэчы, хутчэй за усё, легенды пра вампіраў узніклі менавіта праз людзей, якія пакутуюць на парфірыю — захворванне, звязанае з негатыўнай рэакцыяй скуры на сонца. Усім астатнім сонца ва ўмеранай колькасці ідзе толькі на карысць.
!Карысны эфект ад сонечных ваннаў захоўваецца і ў выпадках, калі чалавек карыстаецца сродкамі абароны ад сонца!
Залішняе святло. Як абараніцца ад сонечных промняў
Нават калі вы лічыце сябе самай паджарыстай скарыначкай у гэтай хлебапечцы, не забывайце пра простыя правілы — і сонца застанецца вашым сябрам назаўжды.
- Не загарайце з 11 да 16 гадзінаў. У гэты час сонечныя промні падаюць прама і могуць моцна нашкодзіць.
- Карыстайцеся сродкамі ад загару ЗАЎЖДЫ. Калі вы адпачываеце ці працуеце пад сонцам — 50 SPF, калі вы проста перасоўваецеся па вуліцы ўлетку — 30 SPF.
- Прыкрывайце цела і галаву.
- Абараняйце дзяцей ад сонца!
- Не спалучайце загар з антыбіётыкамі, іначай скура будзе моцна аблазіць.
- Не спрабуйце загараць з мокрай скурай — кропкавы эфект лінзы не ідзе на карысць.
- Ніколі не спіце на сонцы і не давайце спаць дзецям.
- Ужывайце больш прадуктаў з бэта-карацінам (морква, апельсінавы сок) і вітамінам Е (алеі). Яны абараняюць скуру ад ультрафіялету і робяць яе больш эластычнай.
- Піце дастаткова вады і сачыце за навільгатнёнасцю скуры.
- Не праводзьце летам касметычных працэдур, якія могуць зрабіць скуру больш уражлівай: пілінг, моцны скраб, лазерныя працэдуры і пад.
- Не карыстайцеся парфумай на адкрытых участках скуры — спірт можа справакаваць апёк.
Калі піражок падгарэў
На жаль, бывае, што і на самых абароненых сонцалюбаў находзіць навала ў выглядзе сонечных апёкаў. Калі апёкі моцна баляць, а вы адчуваеце галавакружэнне, галаўны боль, млоснасць, назіраецца ацёк, ёсць пухіры — звярніцеся да лекара! Лекар можа зрабіць укол прэднізалону ці выпісаць лекаванне, як пры любых апёках другой стадыі (калі ёсць пухір).
У больш мяккіх выпадках:
- перастаньце загараць — як толькі заўважылі, што нешта ідзе не так,
- ужывайце пантэнол згодна з інструкцыяй (гэты сродак прадаецца ў розных формах і без рэцэпту),
- рабіце водныя халодныя кампрэсы, кампрэсы з алоэ вера,
- шмат піце,
- прыкрывайце месца апёкаў натуральнымі тканінамі, якія не муляюць скуры,
- увільгатняйце скуру — карыстайцеся для гэтага сродкамі без араматызатараў.
!Смятана, кефір, алей, спірт не толькі не лекуюць апёкаў, а могуць зрабіць значна горш!
Бонус: Як правільна падрыхтавацца да загару
Калі шыкоўны загар — асноўная задача на лета, то абавязкова трэба выконваць усе перасцярогі, а яшчэ можна дапамагчы сабе наступным чынам:
- Дадайце ў дыету прадукты, якія спрыяюць выпрацоўванню меланіну: папрыка, морква, цытрусавыя, таматы, баклажаны, манга, персікі, аліўкавы алей. Яшчэ карысныя зерневыя, кашы, кісла-малочныя прадукты. У іх і бэта-карацін, і іншыя карысныя рэчывы.
- ЗА ТЫДЗЕНЬ да таго, як плануеце шмат загараць, зрабіце ЛЁГКІ скраб для твару і цела, маску з вітамінамі А і Е.
- Памятайце, што наведванне салярыю часцей за ўсё не мае станоўчага эфекту на трываласць і якасць загару, таму не злоўжывайце гэтай працэдурай.
- Не злоўжывайце кавай і чорнай гарбатай — кафеін не спрыяе загару.