Гiды

Пэсах для Рыўкі: найважнейшае свята ў годзе

Пэсах для Рыўкі: найважнейшае свята ў годзе

Малюнкі Волі Пранкевіч

Год 1857.

Шалом!

Я – Рыўка. Мне 8 гадоў, разам з мамай, татам і трыма братамі я жыву ў Горадні. Мае старэйшыя браты – Аарон і Янкель – вучацца ў хедэры, гэта габрэйская школа. Мотл – наймалодшы – пакуль гуляецца ў хаце. Я даглядаю яго, калі не занятая іншымі справамі: прыбіраннем, гатаваннем, шыццём, або навукай – настаўнік прыходзіць да мяне дадому сам і вучыць мяне літарам, напрыклад, як пісаць лісты. Наша мама займаецца домам і бізнэсам – яна прадае розныя рэчы і адказвае за ўсе фінансавыя справы ў хаце. Мама пахне цынамонам і любіць нас, як кажа сама, больш за жыццё. Тата, гэтаксама як і браты, увесь час вучыцца. Ён штодня ходзіць у школу, дзе вывучае Тору – галоўную кнігу для ўсіх габрэяў. Тора такая складаная, што яе трэба вучыць усё жыццё.

Шабат

Мы з братамі вельмі любім шабат. Гэта сёмы дзень тыдня, калі мы адпачываем. У нашых беларускіх суседзяў гэта шосты дзень, бо іхні тыдзень распачынаецца з панядзелка, а не з нядзелі, як у нас. На шабат мы ўсёй сям’ёй няспешна прагульваемся ў сінагогу. Мы ідзем па габрэйскіх вуліцах з драўлянымі хацінамі, па Вялікай Траецкай, браты нясуць маміны малітоўнікі, упрыгожаныя срэбнымі засцежкамі, і бацькаў таліт (такая хустка, якой мужчыны пакрываюць галаву, калі моляцца). У самой сінагозе мы з мамай аддзяляемся і падымаемся ў галерэю, а тата з братамі ўваходзяць праз галоўныя дзверы. Жанчыны і мужчыны ў нас моляцца паасобку.

Пэсах – крыху гісторыі ад майго таты

У адрозненне ад суседзяў Стэфы ды Ядзі, з якімі мы часта гуляем на двары, вясной у нас у хаце не фарбуюць яйкі ў чырвоны колер і не пякуць булку (з гэтым усё зусім наадварот, ды пра ўсё па чарзе). Аднак наша найважнейшае свята – Пэсах – таксама адбываецца ўвесну. Тата тлумачыў, што ад даты Пэсаху залежыць, калі хрысціяне будуць святкаваць свой Вялікдзень. Пэсах – гэта Свята Волі, мы адзначаем вызваленне габрэйскага народу з егіпецкага палону тысячагоддзі назад.

Пэсах – робім мацу

Пэсах трывае 7 дзён, але самае важнае адбывецца напачатку. За 10 дзён да свята мы вывучаем пэсахавыя правілы (hilchot pesach), таксама нам давяраюць прыборку. Мы чысцім і мыем усё да бляску. На час свята важна прыбраць з хаты ўвесь хлеб, каб не засталося ніводнай крошачкі. Мама дае нам свечку і мяцёлачку з птушынага пер’я, мы абыходзім дом па некалькі разоў, залазім ва ўсе закуточкі. Хто знойдзе крошачку, атрымае ўзнагароду ад таты. Потым усе гэтыя крошкі мы разам спальваем у печы, бо пад час Пэсаху нельга есці хлеб, спечаны на заквасцы. Калі ж у хаце знойдзецца неблагі яшчэ хлебчык, яго можна прадаць суседзям-негабрэям. У нас жа ў хаце не павінна застацца ні-чо-га.

Затое замест хлеба мы ямо мацу! Гэта такія тоненькія белыя хрумсткія аркушыкі з мукі і вады. Выраб мацы не можа заняць больш за 18 хвілінаў – каб мука з вадой не паспелі забрадзіць.

Сэдэр

Самая важная святочная вячэра – сэдэр – у перакладзе азначае «парадак». Мама накрывае стол найлепшым абрусом і дастае посуд, з якога мы ямо толькі раз на год – на Пэсах. Тату падкладаем падушкі, каб ён мог есці напаўлежачы – як некалі гэта рабілі вольныя рымляне. Гэта нагадвае ўсім, што габрэі сталі вольнымі людзьмі.

Вось што стаіць на нашым стале:

  • Тры мацы, як сімвал хлеба беднасці і хлеба вызвалення, складзеныя адна на адну і накрытыя сурвэткай;
  • Зэроа – барановая нага або курынае крыло, або іншае мяса с косткай, як сімвал пасальнай ахвяры, – яго не ядуць;
  • Горкія травы (Марор і Хазэрэт) – напрыклад, хрэн і пятрушка, якія трэба мачаць у халоднай вадзе, каб нагадаць пра горыч рабства;
  • Бэйца – варанае яйка, пасыпанае попелам, як нагадванне пра святочнае паднашэнне (яйкі есці можна);
  • Харосэт – салатка з цёртага яблыка, міндаля, арэхаў і віна, якая нагадвае пра гліну, з якой працавалі ў рабстве;
  • Салёная вада – напамін пра салёныя слёзы людзей у рабстве.

А ў самым цэнтры – кілішак для прарока Эліяха.

Апроч гэтых важных рэчаў на стале былі: пячонка з цыбуляй, фаршыраваная рыба, розныя селядцы, вельмі шмат страваў з мяса, кугель, цымес, кампот і кісель – але без малака, бо мы не змешваем мясное з малочным!

Пытанні

Падчас вячэры наймалодшы хлопчык (яшчэ летась гэта быў Янкель, але сёлета гэта ўжо зможа зрабіць Мотл) задае чатыры пытанні:

  1. Чаму ў гэтую ноч мы ямо горкія травы?
  2. Чаму ў гэтую ноч мы мачаем горкія травы ў салёную ваду?
  3. Чаму ў гэтую ноч мы ямо мацу?
  4. Чаму ў гэтую ноч мы ямо напаўлежачы?

Згодна з прадпісаннем Торы, бацька адказвае на гэтыя пытанні дакладна, апавядаючы нам усю Гісторыю выхаду з Егіпту. Гэты аповед называецца Хагада – з яго можна даведацца ўсё пра Пэсах: ад гісторыі да дзіцячых забаваў.

Забавы

Пасля ежы мы з братамі шукаем афікоман – гэта частка мацы, якую раней схавалі дарослыя. Таму, хто знойдзе афікоман, дадуць пачастункі або падарункі.

Як і ўсе іншыя габрэйскія святы, Пэсах – радасць для дзяцей. У гэты час з нас здымаюцца розныя забароны і мы можам дурэць ды свавольнічаць. Мы можам бегаць і шумець, грымець калатушкамі ды насіцца з папяровымі сцяжкамі.

Хаг Пэсах Самеах! Шчаслівага Пэсаха!