Гiды

З Новым годам, з новым цмокам!

З Новым годам, з новым цмокам!

Малюнак Skat Goodie

Па-за Кітаем, хіба толькі ў нашым рэгіёне людзі ведаюць, у год якой істоты паводле кітайскага календара яны нарадзіліся. Чаму так гістарычна склалася і што нам рабіць з гэтай сакральнай ведай — не Сойчына справа. Сойчына справа — нагадаць, што 10 лютага пачынаецца гэты самы новы год, якім сёлета будзе апекавацца Дракон, ён жа Цмок. Разбіраемся, што яднае цмокаў розных краін і народаў і які ён — наш беларускі Цмок.

Усходні Цмок і Заходні Цмок

Легенды і паданні пра цмокаў ёсць ці не ва ўсіх народаў свету, аднак ва ўсходніх культурах цмок — гэта пераважна добры хлопчык, заступнік прыроды і людзей, у той час як на захадзе — гэта хутчэй злая змеепадобная істота, якая палоніць прынцэс або патрабуе ў ахвяру маладых дзяўчат і з якой змагаецца герой (які ўласна і становіцца Героем пасля перамогі над цмокам). Да гэтага, заходняга, вобразу дадала свае пяць грошыкаў і хрысціянства: святы Юр’я забівае цмока, які ў гэтай традыцыі сімвалізуе д’ябла.

У беларускім фальклоры Пакацігарошак акурат змагаецца з цмокам, Удовін Сын перамагае Цуда-Юда (той жа цмок, толькі ў профіль), у казцы «Хведар Набілкін і сапраўдныя асілкі» героі адольваюць трох шматгаловых цмокаў, і г.д., і г.д. То бок наш злы цмок чарговы раз сцвярджае нам, да якой часткі культурнай цывілізацыі мы належым.

Памятная манета «Пакацігарошак»

Дзе жыве цмок

Цмокі звычайна жывуць у гарах, непраходных лясах, вільготных пячорах ці на дне глыбокіх вадаёмаў ці мора — карацей, у тых месцах, якія лічыліся небяспечнымі для старажытных людзей.

Як гор з пячорамі ў нас няма, то наш цмок часцей за ўсё селіцца ў вадзе — у возеры ці балоце, — што адпавядае яго хтанічнай сутнасці. Самы знакаміты беларускі цмок, як вядома, жыве ў Лепельскім возеры. У 2013 годзе там адкрылі першы помнік беларускаму цмоку (выглядае ён міла, можа, гэта і ёсць тая самая Лепелька), а на наступны год тамсама з’явіўся яшчэ адзін помнік — на замову газавай службы Лепельскага раёна (гэта не жарт, а рэдкі прыклад іроніі з боку дзяржарганізацыі).

Першы помнік цмоку ў Лепелі

Другі помнік цмоку ў Лепелі

Лепельскі цмок — прадстаўнік вадзянога падвіду Цмока Паазерскага. Увогуле не дзіўна, што Паазер’е — асноўны арэал беларускіх цмокаў: тая тэрыторыя сфармавалася ў ледавіковы перыяд, таму там мноства пагоркаў, лясоў, валуноў, азёр — усяго таго, дзе цмок адчувае сябе ў зоне камфорту.

Беларускія дэментары і трохі хтанічнага хорару

Часам цмока надзяляюць рысамі не пачвары, а дэмана, нячысціка. У некаторых мясцінах верылі, што цмок — гэта «змій страшэнны», які высмоктвае душу ў чалавека і жывёлы, і тады чалавек слабее й памірае: гэта цмок душу выпіў.

У Рэчыцкім раёне ёсць павер’е, што цмок — гэта такі «вужака», які прабіраецца ноччу ў хлеў да скаціны і выпівае яе малако, цмокаючы пры гэтым (адсюль і назва). Жыве ля ямін, на сметніках, у гушчары ліхатраўя. Каб пазбавіцца ад цмока, трэба злавіць яго ноччу і пасекчы рыдлёўкай.

Цікавыя факты пра беларускага цмока

  • Цмок больш дагледжаны за іншых нячысцікаў, бо часта мыецца ў лазні.
  • Праз асцярожнасць і прадбачлівасць жыве даўжэй за астатніх дэманаў.
  • Чапляецца да простых вясковых людзей, але людзей сямейных не кранае.
  • Нападае на тых, хто парушае грамадскія абавязкі (што б гэта ні значыла).
  • Калі цмок падступіўся да ахвяры — то абавязкова дамучыць яе, папярэдне ўзважыўшы, ці варта яна ўвагі, парушанага спакою; калі не — цмок пагардліва адварочваецца, пакідаючы яе іншым нячысцікам.

Цмокі ў суседзяў

Найбліжэйшыя сваякі беларускага цмока — польскі smok і ўкраінскі змій (яго ж у заходняй Украіне называюць смок, а ў Закарпацці — шаркань), іх уласцівасці і знешнасць збольшага такія самыя, як і ў беларускага суседа. Украінскі змій, напрыклад, займаецца выкраданнем дзяўчат і нябесных свяцілаў, спакушэннем маці або сястры галоўнага героя на здраду або аховай водных крыніц (у сэнсе, каб не даваць да іх доступу людзям).

Самы вядомы польскі цмок жыве ў Кракаве, пад каралеўскім палацам — Вавелем, таму завуць яго Цмок Вавельскі (вось легенда пра яго). Кожны вечар вакол яго збіраюцца турысты (і трошкі жыхароў горада), каб паглядзець, як ён бухае агнём з пашчы. Дарэчы, нашы суседзі-палякі ўмеюць дбаць пра сваю культурную спадчыну і часам называюць вуліцы імёнымі кніжных і міфічных персанажаў — вось і ў Кракаве ля Вавеля ёсць Цмачыная вуліца (Smocza ulica). У нас такая дакладна магла б быць у Лепелі (а сам Лепель — горадам-пабрацімам Кракава :).

Цмок ва Угары і на іншых гербах

Хоць самы знакаміты геральдычны цмок жыве на сцягу Уэльса, затое ў Польшчы гербаў з цмокам (часцей за ўсё пераможаным) — штук 20, з большых гарадоў, напрыклад, цмачыную выяву мае Бяла-Падляска.

У нашай геральдыцы герб з цмокам мела былое магдэбурскае мястэчка Угар/Угор’е (так, Сойка таксама палюбляе гэтую назву), цяпер гэта частка вёскі Богіна на Браслаўшчыне: сюды ў канцы 18 стагоддзя, праз два гады пасля надання гораду Магдэбурскага права і разам з ім — герба, перасялілі жыхароў мястэчка, а сам Угар спалілі расейскія войскі падчас паўстання Касцюшкі.

Пячатка з гербам Угару

Сышоў у мінулае і яшчэ адзін цмачыны герб — лога баскетбольнай каманды «Цмокі». У 2022 годзе каманда была перайменаваная ў «Мінск», змянілася і яе лога. Мо некалі цмок яшчэ вернецца на яго і ў назву каманды.

Лога баскетбельнай каманды «Цмокі» (2019-2022)

Рэанімацыя цмока

З дзясятак гадоў назад кампанія «Будзьма» распачала цмачыны рэнесанс: ладзіліся экспедыцыі па пошуку беларускага цмока і яго магілы, была распрацаваная мапа рассялення цмокаў у Беларусі, праводзіўся цэлы фэст «У гасцях у Лепельскага цмока». Сёння ад усяго гэтага застаўся сайт «Краіна цмокаў» са спісам з 73 месцаў у Беларусі, дзе можна шукаць цмока. На жаль, няясна, у колькіх з іх яшчэ засталіся цмокі. Прынамсі, спадзяемся, яны туды яшчэ вернуцца.

Кніжны цмок

Пра «Валадара пярсцёнкаў», «Гары Потэра», «Ведзьмара» і «Песню лёду і агню» (як і пра беларускія казкі) вы ведаеце і без Сойкі, таму вось парачка аўтарскіх пазіцый:

  • «Песня пра Чарнакніжніка і пра Цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем» — адно з апавяданняў Яна Баршчэўскага з кнігі «Шляхціц завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (тут можна паслухаць у агучцы Маляваныча).
  • «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Уладзіміра Караткевіча — у рамане аўтар падрабязна апісвае перадусім выгляд цмока: «Выглядам той цмок быў, як звер фока, такі самы льсняны, у складках, толькі без поўсці. І шэры, як фока. Але даўжэй за яго куды. Бо даўжыні ў ім было сем з паловай лагожаскіх сажняў… Тулава мелі тыя цмокі шырокае і трохі пляскатае, і мелі яны плаўнікі — не такія, як у рыбы, а такія таксама, як у фокі, таўстамясыя, шырокія, але не дужа доўгія. Шыю мелі, па тулаву, дык тонкую і надта доўгую. А на шыі сядзела галава, адначасова падобная і на галаву змяі, і на галаву лані».
  • «Сподачак для цмока» Надзеі Ясмінскай — дзіцячая казка пра хлопчыка Юзіка, які пайшоў на пермовы з цмокам (вось яна на «Кніжным возе»).
  • «Цмокі лятуць на нераст» Марыі Мартысевіч — адна з найлепшых беларускіх кніг усіх часоў (куды ўваходзіць несмяротны паэтычны «Інтэрнэт-дзённік Барбары Радзівіл» і славутае эсэ «Мужчыны, якіх мы выбіраем»), гэта «эсэ ў паэзіі і прозе» (кніга даступная для спампоўвання тут). Гэта не кніга пра цмокаў, проста назву ёй даў адзін верш, які напісаны ў пачатку 2000-х, але нібыта сёння.

* * *
А яшчэ — нельга зьвезьці з сабой краіну (азёры, рэкі),
нельга выгадаваць пад пахаю, нібы цмока.
Так габрэі раздорвалі хатнія бібліятэкі,
каб у тых, хто застаўся, расплюшчылася трэцяе вока.

У гэтым цымус жыцьця пад сузор’ем сахі й касы
ты ня пэўны ні ў чым і адно толькі ведаеш пэўна:
нельга зьвезьці з сабой краіну (палі, лясы)
кантрабандай памерам зь яйка чорнага пеўня.

І ты ведаеш: варта напружыць унутраны слых,
як патрэскваньнем шкарлупы запульсуюць скроні.
Цмокі хутка вылупяцца; хутка яны здрадзяць тых,
хто паіў малаком са спраглай кляйнотаў далоні.

І калі пацямнее неба ў тым, што на астралягічных мапах
фігуруе як дом, дзе ўзыходзіць зорка Вэнэра,
гэта значыць — нашыя цмокі лятуць на нераст,
несучы гасьцінцы ў пакрытых лускою лапах.

Ты чакаеш; ты паліш агні; ты начуеш на ходніку,
вызваляеш пад іх пасадку дзьве паласы кальцавой.
Будзь пільны; старайся роўна трымаць паходні,
калі прызямляецца твой.