Гiды

Зубы — люстэрка душы. Коратка пра ўсмешку

Зубы — люстэрка душы. Коратка пра ўсмешку

Малюнак Ave

Зубы — тэма, якая кусае за самыя балючыя кропкі нашага жыцця: адначасова за фобіі і гаманец. Раней сама па сабе наяўнасць зубоў лічылася дастатковым плюсам, а цяпер на «прыстойную ўсмешку» для дзяцей пачынаюць адкладваць ледзь не з калыскі. І калі для вас гэтая тэма балючая, але актуальная, то бярыцеся за крыло Сойкі — разам мы зазірнем у зубы самым ціквым фактам і новым стаматалагічным трэндам.

Адъ улыбки

Ёсць меркаванне, што добрымі і прыгожымі лічацца зубы, пры поглядзе на якія ўзнікаюць думкі пра бляск снегу на горных схілах, перад унутраным позіркам паўстаюць шэрагі беленькіх унітазаў, а на перыферыі свядомасці чамусьці гучыць Аляксандр Саладуха… Між тым, калі такое фаянсавае хараство не пра вас, то памятайце: у Японіі ледзь не да пачатку ХХ стагоддзя дзяўчаты і жанчыны пакрывалі зубы чорнай эмаллю. Галоўная мэта гэтага дзеяння была ў тым, каб захаваць зубы надаўжэй, але паступова традыцыя абрасла сэнсамі і японцы пачалі лічыць, што чорныя зубы — прыкмета добрай жонкі. Дарэчы, у некаторых славянскіх культурах чорныя зубы лічыліся прыкметай дабрабыту — па тым самым прынцыпе, што і лішняя вага ў Індыі: калі можаш дазволіць сабе столькі слодычаў, каб сапсаваць зубы, то, відаць, не з беднай сям’і.

Калі вы думаеце, што пасля чорных зубоў японцы супакоіліся, то дарма. Сёння ў краіне надзвычай папулярны крывыя зубы ў дзяўчат — маўляў, індывідуальнасць і шарм. Нават крывяць часам за вялікія грошы роўныя зубы. І калі гэты трэнд закрануў пераважна Японію, то наступныя зубныя прыгоды падбіраюцца і да нашых роцікаў.

Сітуацыя вінір-вінір

У 30-я гады ХХ стагоддзя стаматолагу Чарльзу Пінкусу прыйшла файная ідэя: што, калі на жывыя, але неідэальня зубы, прыклеіць прыгожанькія «шырмы»? Так у стаматалогіі з’явіліся вініры, а ў поп-культуры — выраз пра «галівудскую ўсмешку». На час здымак акторы і акторкі звярталіся па «зменныя зубы», каб згубіць іх пазней праз нетрываласць матэрыялу, але без шкоды для здароўя.

Сучасныя вініры трымаюцца вельмі доўга і ствараюцца індывідуальна. Плюс гэтай тэхналогіі ў тым, што ўласныя зубы пацыентаў не церпяць, працэдура адносна небалючая і мае няшмат супрацьпаказанняў. Мінусы ж у тым, што вініры могуць быць нетрывалымі, а кошт за адзін зуб вагаецца ад 200 да некалькіх тысячаў рублёў.

Расціце, зубы, вялікія і маленькія

А што, калі мы скажам, што ўжо ў найбліжэйшыя дзесяць год людзі змогуць вырошчваць новыя зубы? Пра такую біятэхналогію даўно мараць лекары і навукоўцы, але менавіта ў апошнія дзесяцігоддзі прагрэс стаў відавочны. Японскія навукоўцы (хіба зубная тэма блізкая для краіны Узыходу Сонца) паспяхова вырасцілі і прыжывілі мышыны зуб. А зусім нядаўна яны здолелі вырасціць чалавечы зуб са спецыяльна падрыхтаваных клетак. Пакуль тэхналогія максімальна неразвітая, але сёння навукоўцы сцвярджаюць, што для яе дапрацоўкі спатрэбіцца не больш за 10 год. У перспектыве вырошчванне зубоў можа стаць самым бяспечным і небалючым варыянтам для пратэзаван

Святое месца пустое не бывае

Хоць сёння мы куды бліжэйшыя да японскіх нарошчаных зубоў, чым да чорных зубоў пад лакам, пытанне з пратэзаваннем застаецца вострым. Штучныя зубы прыкручваюць па адным, насаджваюць шчыльнымі радамі ці прыклейваюць паловамі, але сутнасць не мяняецца: замест зубной пусткі рот мусіць уяўляць зубную поўніцу. Тут навука таксама не стаіць на месцы: імпланты робяць з цыркону (гэты матэрыял прыйшоў з касмічнай сферы), усталёўваюць іх пры дапамозе 3D-тэхналогіяў.

Але ёсць у пратэзаванні і нешта вечнае. Напрыклад, пратэзы з золата. Калі вы думаеце, што залатыя пратэзы — гэта такі спосаб паказаць свой дрэнны густ, а заадно і захаваць н/з на чорны дзень, то навука ўжо спяшаецца да вас. Для пратэзаў не выкарыстоўваюць чыстае золата (гэты матэрыял надта мяккі), штучныя зубы робяць са сплаву. Сплавы з плацінай, срэбрам, меддзю добра прыжываюцца, не падлягаюць карозіі, не ўступаюць у рэакцыю з іншымі металамі, супрацьстаяць развіццю бактэрый і вельмі доўга служаць. А яшчэ многія лічаць, што залатыя зубы прыгожыя.

У вас нешта ў зубах…

Амерыканскія рэперы якраз адносяцца да тых, хто бачыць у золаце зубоў сваю эстэтыку. Каронкі-«грылзы» не маюць ніякай медыцынскай падаплёкі і служаць выключна для таго, каб падкрэсліць дзёрзкі характар іх уладальніка. Грылзы лёгка здымаць і надзяваць, так што стаматолагі талеруюць гэты від зубных упрыгожанняў. У адрозненне ад пірсінгу, інкрустацыі і іншых фішачак, якія траўмуюць зубы. Калі надта хочацца дадаць на зубы нешта незвычайнае, то лекары просяць абмежавацца спецыяльнымі бясшкоднымі фарбамі, адмысловымі налепкамі ці проста добра даглядаць зубы, каб усмешка радавала вока.