Гiды

ДАВАЙ, КАЛІСЯ: куды яшчэ ўкалоць ботакс?

ДАВАЙ, КАЛІСЯ: куды яшчэ ўкалоць ботакс?

Малюнак Ксеніі Лагавой

Неверагодна, але факт: ботакс і гіялуронавая кіслата карысныя не толькі для самаацэнкі, але часам і для здароўя. Пазбавіцца ад болю без алкаголю і забароненых рэчываў? Вельмі нават магчыма: вядомыя прэпараты выцякаюць з шпрыцоў касметолагаў і плывуць на дапамогу! Сойка расказвае, якія працэдуры з ботаксам і гіялуронкай не зробяць удару па вашай рэпутацыі, але павысяць ваш узровень жыцця, прыбраўшы пару лішніх боляў.

Ботакс ад мігрэні

Той, у каго бываюць мігрэні, ведае, што гэта не проста галаўны боль — гэта такі боль, ад якога ажно жыць не хочацца. Такі «лёсік» не зблытае іх ні з чым: вось паплылі вясёлкавыя плямы перад вачыма, мушкі паляцелі, а яшчэ бываюць зігзагі, нямее і расколваецца галава — калі ў вас такога не было, паверце, яно вам і не трэба.

У аснове мігрэні ляжыць падвышаная ўзбуджальнасць нейронаў мозгу, пры гэтым дакладна невядома, чаму яна ўзнікае. Аднак вядома, што батулатаксін здольны падаўляць актыўнасць медыятараў у нервовых сінапсах, што спрыяе расслабленню мускулатуры. Батулатаксін блакуе выпрацоўку медыятараў болю і рэчываў, адказных за яго ўспрыманне.

З улікам гэтага, для прафілактычнага лячэння хранічных мігрэняў навучыліся прымяняць ботакс — уводзяць яго падскурна ў розныя ўчасткі галавы, шыі і надплечча, аднаго ўколу хапае на тэрмін ад 3 да 5 месяцаў, гэта бяспечна і амаль не балюча.

Астэахандроз і іншыя болі — таксама ботакс

Астэахандроз — гэта захворванне хрыбетніка (часам можа праяўляцца толькі ў шыі), для якога характэрныя паражэнні міжхрыбетных дыскаў і тканак саміх хрыбтоў. У выніку, пастаянна баліць шыя і галава, адбываюцца галавакружэнні і сасудзістыя крызы — паколькі пры запаленні шыйных цягліц пераціскаюцца сасуды, што вядуць да галаўнога мозгу. Ад гэтага бываюць кашмары па начах, нямеюць рукі і пальцы.

Уколы ботаксу вырашаюць гэтую праблему па падобным прынцыпе, што і з мігрэнямі: батулатаксін расслабляе цягліцу ў выніку блакавання перадачы нервовых імпульсаў.

З дапамогай гэтага ж лечаць неўрапатыю тваравага нерва, спазмы цягліцаў рук і ног, факальную дыстанію (міжвольнае скарачэнне цягліцаў), міяфасцыяльны болевы сіндром і іншыя захворванні, звязаныя з цягліцамі.

Заклён «ботакс-потакс»

Сойка не стрымалася ад дурацкай гульні слоў, але гэта праўда: ботакс дапамагае ад празмернага вылучэння поту з падпахаў, далоняў і ступняў. Гаворка не пра тое, каб зэканоміць на антыперспіранце сярэднестатыстычнаму чалавеку — ботакс рэкамендуюць пры паталогіі (тут ужо не дурацкая гульня слоў, а чыстая праўда), то бок тады, калі сапраўды ёсць праблема надмернай колькасці поту.

Нейратаксін блакуе перадачу імпульсу на потавыя залозы, памяншаючы потавылучэнне. Пасля ўнутрыскурнай ін’екцый батулатаксіну потавылучэнне спыняецца на другі-трэці дзень. Эфект захоўваецца ад паўгода да года.

І скрыгат зубоўны

А яшчэ ботакс прымяняюць для лячэння бруксізму — скрыгату зубоў. Гіпертонус жавальных цягліц сустракаецца амаль у 30% людзей — ён можа быць выкліканы як анатамічнымі асаблівасцямі (няправільны прыкус, адсутнасць некаторых зубоў, няправільна размешчаныя пломбы), так і псіхалагічнымі (псіхаэмацыйныя праблемы, якія вядуць да падвышанага тонусу як жавальных, так і шкілетных цягліц).

Пры увядзенні батуліну ў трыгерную кропку танізаванай мышцы сківіцы хутка надыходзіць абязбольвальны эфект, а непасрэдная міярэлаксацыя (расслабленне мышцы) наступае на 2-3 дзень і доўжыцца ад 6 да 12 месяцаў.

Гіялуронавая кіслата ад болю ў калене і іншых сушчэпах

Гіялуроновая кіслата — гэта складанае арганічнае рэчыва, якое прысутнічае практычна ва ўсіх біялагічных вадкасцях чалавечага арганізму і выступае каркасам многіх клеткавых і тканкавых структур (скуры і сушчэпаў). Яна падтрымлівае пругкасць, таму яе любяць у якасці кампаненту касметычных сродкаў для догляду скуры і ў касметычный медыцыі — каб зрабіць тыя самыя губы, з якіх паблажліва ўсміхаюцца знаёмыя і незнаёмыя людзі.

А яшчэ гіялуронка прымяняецца ў медыцыне — пры ўвядзенні натуральнага злучэння ў сушчэпы адбываецца паскоранае аднаўленне тканак і зніжаецца інтэнсіўнасць сімптомаў артрозу, артрыту, бурсіту і іншых захворванняў сушчэпаў, паколькі яна падтрымлівае структурную цэласнасць і трываласць храстковай тканкі (уваходзіць у склад хандрацытаў, спецыфічных клетак храстка), паляпшае склад і структуру сінавальнай вадкасці (натуральнай змазкі сушчэпаў) і ўдзельнічае ў працэсах дзялення клетак (адпаведна, спрыяе рэгенерацыі). Пасля поўнага курсу тэрапіі (3-5 уколаў) эфект працягваецца ад паўгода да года.