Гiды

Беларускія сукенкі для рамантычных пагулянак

Беларускія сукенкі для рамантычных пагулянак

Лета ўсталявалася надоўга, а праблема з шафай дагэтуль не вырашаная: павесіць ужо няма куды, а надзець усё адно няма чаго. Сойка паглядзела, як даюць рады з гэтай праблемай беларускія дызайнеры, і назбірала прыгожых сукенак для летніх шпацыраў і спатканняў.

matosha_clothes

Сукенка з ільну — старога даматканага і сучаснага фабрычнага. Брэнд адметны актуалізацыяй беларускай народнай тэкстыльнай ідэнтычнасці, інтэграцыяй традыцыі і фэшн-трэндаў. Прычым ніводзін кавалачак даматканага льну не прападае — абрэзкі ідуць на брошкі і падушкі.

Адзін памер: 42-48

camber_sands_shop

Сукенка шырокага крою, якая адшываецца ў розных прынтах і натуральных тканінах, прычым індывідуальна можна скарэктаваць даўжыню, дадаць замок для кармлення ці каўнерык — і бегчы на шпацыр.

Памеры: 40-52

bogan.mari

Баваўняная сукенка асіметрычнай формы самага трэндавага летняга колеру. Яна існуе толькі ў адным экзэмпляры. Дызайнерка стварае кожную мадэль не болей чым у трох асобніках. Як вам такая стаўка на эксклюзіў?

Памер: S-M

boitsik

Прыталеная сукенка з новай калекцыі дызайнеркі Ірыны Бойцік. Фальбоны, зборкі па плячах і кашулевая бавоўна — адметнасці гэтай мадэлі.

Памеры: 42-44, любы на замову

lokonkokon

Гэтая мадэль сукенкі носіць чароўную назву «Ізольда». Вясковы каларыт, рэтра-матывы, свабодны крой — асноўная адметнасць сукенак Lokonkokon. Брэнд шые адзенне з ільну ў Беларусі і Грузіі, а дастаўляе па ўсім свеце.

Памеры: 40-54

9.22_store

Нарэшце, прыталеная сукенка з аголенымі плячамі і міні-спадніцай! Яе можна насіць як сукенку, а можна спадніцу і топ паасобку.

Памеры: 42, 44, 46

kimidress

Сукенка незвычайнага для лёну крою — на адно плячо. І даўжыня міні. Але пры гэтым з вернасцю да нашай нацыянальнай сыравіны — лёну.

Памеры: любы на замову

toma_prokofyeva

Кожны прынт мастачкі Томы Пракоф’евай мае сваю гісторыю і крыніцы натхнення ў гісторыі, навуцы, культуры ці мастацтве. Прынт «Мадэрн» адшываецца з бавоўны ў трох мадэлях з птушынымі назвамі: сарафан «Кнігаўка», сукенкі «Чайка» і «Пава».

Памер: любы на замову

tikotaunique

Брэнд вядомы сваімі хвосткімі, сэнсоўнымі прынтамі і сацыяльнымі праектамі, але не ўсе ведаюць, што тут шыюць і рамантычныя сукенкі. Гэты сарафан з доўгім падолам і графічным прынтом будзе цудоўным спадарожнікам на шпацырах уздоўж берагу мора ці возера.

Памеры: 40-52

jamido_by

Брэнд Анастасіі Ямінскай адметны тым, што стварае сукенкі з расліннымі прынтамі, натхняючыся прыгажосцю і разнастайнасцю беларускай прыроды. Свабодны крой, натуральны лён, ручное нанясенне прынта — гэта ўсё пра сукенкі Jamido.

Памеры: 42-56, любы на замову

lenlimon_

Сукенкі гэтага брэнду носяць геаграфічныя назвы: Ліль, Люксембург, Піза, Мадэйра. Але калі б дызайнерка называла іх імёнамі герояў, то гэтая была б Беласнежкай. Ружовы колер, натуральны лён, фальбоны — усё, што трэба, для рамантычнага вобразу.

Памеры: 40-56

lla.by

Сукенка А-сілуэту з леапардавым прынтом пашытая з лёгкай і прахалоднай да цела віскозы. Яна можа быць любой даўжыні — на жаданне замоўцы. Універсальная як для адпачынку, так і для гарадскіх шпацыраў.

Памер: любы на замову

_stroj

Льняная сукенка «Купалінка» — сучасная інтэрпрэтацыя строяў нашых бабуль. Ідэальна дапаўняецца камізэлькай і саламяным капелюшом. Напэўна, самы прыдатны строй для святкавання Купалля і разняволеных летніх шпацыраў.

Памеры: 42-46

zolato.by_vyshivanka

Льняная сукенка з ручной вышыўкай крыжыкам з класічным спалучэннем колераў. Але тут можна замовіць сукенку на свой памер і выбраць колер лёну і вышыўкі на свой густ. Гэта новае прачытанне традыцыйнага строю, якое арганічна глядзіцца на вуліцах сучаснага горада.

Памеры: 42-54