Гiды

Гайд па беларускіх дызайнерах адзення

Гайд па беларускіх дызайнерах адзення

«Клёвая кепка, красоўкі, штаны» могуць быць не шараговай абгорткай, а уборам, які падкрэслівае самабытнасць. Калі ідзеш па вуліцы, а світшот на грудзях ўсяму свету паведамляе, «хто ты гэткі». Як інакш, калі світшот гэты паводле беларускага праекту змайстравалі беларускія рукі. І нават калі зусім няма настрою і энергіі, Сойка заклікае падымацца, апранацца і, згодна з сусветным трэндам, support your local. То бок, нашых дызайнераў, мадэльераў і іншых касцюмераў. Гэты гайд распачынае цыкл матэрыялаў, прысвечаных беларускай прадукцыі. Першая серыя — пра адзенне. Прыгожае і/або іранічнае, адважнае, нетрывіяльнае. Сойка палётала па шырокіх прасторах інтэрнэту і сабрала суб’ектыўны спіс брэндаў, якім хацела б падзяліцца.

Утульны і іранічны streetwear

LSTR Adzieńnie

Самы постмадэрнісцкі беларускі брэнд, хайлайты ў якога — рэферэнсы да сусветна вядомых брэндаў, але з лакальным пераасэнсаваннем (напрыклад, байкі palessie, стылізаваныя пад ellesse, або Minsk City Est. 1068, якія заігрываюць з эстэтыкай college sweatshirts). Іншыя знакавыя прадукты гуляюць з нечым глыбінна родным, як, Паца-Ваца, Дзед Барадзед або жоўтыя вазы з праспекта. А яшчэ кампаніі ўдалося зрабіць тое, што не змагла дзяржаўная лёгкая прамысловасць — увесці моду на «лідскачы», яны ж лідскія кеды, па якія ў лепшыя часы выстройваліся чэргі ў дзень пачатку продажу «калабарацыйнага» абутку. З апошняга Сойка не можа радасна не паціўкаць ад шкарпэтак «Дзекаць і цекаць». Ну, а што нам яшчэ застаецца ў гэтыя часы. Інстаграм брэнду, вядома, беларускамоўны. Фізічная крама працуе ў ГЦ «Рыга», ёсць шмат варыянтаў дастаўкі па Беларусі і ў іншыя краіны.

ZNWR

Круты мінімалістычны брэнд дызайнерскага адзення «для людзей у гармоніі з сабой і светам вакол», слоган якога «Слухай сваё сэрца». Кампанія слаўная паўсядзённымі рэчамі, як байкі, цішоткі, спартовыя касцюмы, верхняя вопратка. Час ад часу брэнд запускае крутыя тэматычныя лінейкі, напрыклад, ужо недаступную сёння калекцыю «УНОВІС», з выявамі прац і цытатамі звязаных з Беларуссю мастакоў. Сярод іх Сойка асабліва цэніць цішотку з выявай працы народжанага ў Віцебску Лазара Хідэкеля. ZNWR гуляецца са словамі, жартуе і не застаецца ў баку ад усяго, што адбываецца ў краіне і ў свеце. Напрыклад, у 2020 годзе брэнд выпусціў «пухавік неверагоднага чалавека» з надпісам «Я гуляю» і лінейку ў калабарацыі з А100, у якой была цішотка «Make my DVOR great again». Сярод навінак — бейсболкі і цішоткі «People for Peace». Яшчэ больш усяго — у інстаграме брэнда. Ёсць крамы ў Менску, ёсць міжнародная дастаўка.

Podwiga Naroda-Bessmertna

Дызайнерскі праект мастачкі Караліны Паляковай. Стопудова вы недзе бачылі яе цішоткі і ці байкі «Бессмертна» / «Бессмертен» — уласна гэты прынт з зразумелым кожнаму мянчуку і госцю сталіцы рэферэнсам і даў назву брэнду. Дызайнерка выкарыстоўвае да болю знаёмыя фота Менска ў якасці прынтоў на адзенні. Брэнд параўнальна малады, таму Сойка чакае, што ж Караліна прыдумае далей. Інстаграм вядзецца па-беларуску (у ім можна пацікавіцца і пра дастаўку), але там пакуль незаслужана мала падпісчыкаў. Вы ведаеце, што з гэтым рабіць.

ХОЛОD™

«Аўтарскае адзенне, ідэальныя сукенкі, памеры ад xs да xxl, натуральныя тканіны, арыгінальны дызайн» — абяцаюць нам у інстаграме брэнду. Хутчэй за ўсё, вы ўжо сустракалі на вуліцах Менску (і не толькі) сукенкі з вышываным анатамічна дакладным сэрцам, якія зрабіліся візітоўкай брэнду. «Холад» — гэта дакладна не пра ружовых поні: побач са стрыманымі, некрыклівымі сукенкамі, кашулямі, байкамі і інш. жывуць актуальныя (на жаль) цішоткі «Куда пропал серотонин минувшим летом?» і «Обними меня, мне страшно». Здаецца, з аднаго боку, нічога наўпрост беларускага, але з іншага: вось гэты прынт — вельмі нашая тэма. Усведамляючы, што інстаграм могуць заблакаваць, брэнд нядаўна завёў тэлеграм-канал, хоць і адзначыў пры гэтым, што «вядома, ёсць VPN, і якраз беларусы ведаюць гэта як ніхто». Ёсць крама ў Менску, а таксама дастаўка па Беларусі і свеце.

А2ГА

Спартовая вопратка з нацыянальным каларытам. Слоганы брэнду сапраўды смелыя: «адвага. праяўляй» і «праўда ж заўжды адважная». Дызайнеры прапануюць безліч колеравых варыянтаў летніх спартовых касцюмаў і ўтульных зімовых касцюмаў з начосам, аздобленых фірмовымі лампасамі-стужкамі з арнаментам. На сайце ёсць тоўсценькія камізэлькі, сукенкі, цішоткі. А2жныя лукі можна прагледзець у інстаграме. Адзенне дзеліцца на мужчынскае, жаночае і ўнісэкс. Афлайнавая крама працуе ў Менску па адрасе вул. Платонава, 22. Жыхарам сталіцы могуць прывезці адзенне бясплатна з магчымасцю прымеркі, дастаўка па Беларусі таксама бясплатная, за мяжу цана дастаўкі разлічваецца індывідуальна.

TIKOTA UNIQUE

Дызайнерскі брэнд Каці Цікоты, акрамя адзення для ўсіх, прапануе шэраг невідавочных лінеек — напрыклад, адзенне для цяжарных жанчын (TIKOTA MAMA) і для людзей, якія перасоўваюцца на вазках (TIKOTA INCLUSIVE). Сойка не можа асобна не адзначыць лінейку «НА МОВЕ» (мы ж усе разумеем, на якой, праўда ж?), дзе можна знайсці прынты накшталт «Лёс склаЎся так» або з карыснай парадай — «ГАРЫ справай ГАВАРЫ праўдай МАЎЧЫ сярод ідыётаў». Яшчэ на сайце заклікаюць (праўда, пакуль што толькі па-руску): «Нашы майкі яшчэ і гавораць. Ёміста, прыгожа і па справе. Любі сваю мову і гавары на ёй у любой кропцы свету!» Брэнд паступова сам дадае ўсё больш беларускай мовы на сваё адзенне (вось яшчэ адзін заклік: «РАЙ КРАЙ КАРАНІ БАРАНІ»). Спадзяемся, неўзабаве і ў інстаграме брэнда пачуем беларускую мову. Як прайсці ў майстэрню ў Менску, паказваюць у сторыз у інстаграме брэнда; таксама ёсць крутая опцыя сканструяваць сабе цішотку з адным з прынтоў. Пра міжнародную дастаўку можна спытаць у інстаграме.

S T R E E T W E A R

Брэнд існуе ўжо 15 гадоў, і, як можна здагадацца з назвы, прасоўвае сапраўды вулічнае адзенне. Асноўныя якасці гэтых рэчаў (апроч вельмі тэхналагічнага выгляду) — незабойныя тканіны, непрамакальныя пакрыцці, абарона ад ветру, вільгаці, бруду, трываласць і невыношвальнасць, хуткае высыханне на целе, ёмістыя кішэні, анатамічнае прыляганне да цела (тут можна паглядзець на плашч у руху). Мадэлі можна рэгуляваць, падкасваць і спускаць, зашпільваць і расшпільваць, фармуючы той самы варыянт, у якім лёгка і надзейна бегчы па горадзе па любым надвор’і, не спыняючыся і не азіраючыся назад. Беларускае адзенне супергерояў, карацей. З дастаўкай па свеце.

RAWR

Як не цяпер, то калі? Гэта не Сойка заходзіцца роспачным ціўканнем, гэта брэнд RAWR сустракае нас такім слоганам-пытаннем адразу з парогу свайго інстаграма. Брэнд існуе на беларускім рынку з 2015 года, прапануе ўтульнае штодзённае адзенне для мужчынаў і жанчын. Стыль падарожнічае ад зусім спартовага да спартовай элегантнасці — худзі з высокім горлам, трыкатажныя нагавіцы са стрэлкамі. Усё яшчэ папулярныя цёпленькія спартовыя касцюмчыкі (нават калі асноўны спорт у вашым жыцці — гэта ранішняя прабежка да тралейбуса) тут ёсць розных мадэляў і адценняў. Афлайнавая крама працуе ў Дана Моле, дастаўка па Беларусі бясплатная. Пра міжнародную трэба пытацца асобна.

GE|LO

Спартовыя касцюмы колеру малочных карамелек і гарачага шакаладу ды іншы базавы аўтфіт — у інстаграме падкрэсліваюць, што ўся вопратка ўнісэкс (але гэта не тычыцца ўсяго асартыменту). Брэнд ставіць на камфорт і ўтульнасць і прапануе нешта яшчэ бліжэйшае да цела — ад маленечкіх кроп-топаў да аб’ёмных аверсайзавых цішотак і брэндаваных шкарпэтак. Як сцвярджаецца ў інстаграме брэнду, «для халоднага беларускага лета» можна ўзяць мяккую цёплую камізэльку. Дзе ты, наша беларускае лета, калі адорыш дзяцей сваіх цяплом? У Менску можна зазірнуць у краму па адрасе пр. Машэрава 11/2 або замовіць дастаўку з прымеркай. Пра магчымасць дастаўляць па-за Менск пытайцеся ў дырэкце.

LIMI

Мужчынскія і жаночыя калекцыі трыкатажных касцюмаў з аўтарскай вышыўкай і прынтамі. Брэнд стварае ад самых базавых касцюмаў да вось такіх і такіх вясёлых штук. Сойка асабліва адзначае вось такія, з конікам, які адсылае да традыцыйных беларускіх саламяных цацак, але ў новым прачытанні. А яшчэ можна купіць такі парны лук чорна-белай багоўкі. Дастаўка па ўсім свеце.

Бяспечная база і смелы смарт-кэжуал

HONAR

«HONAR — гэта дызайнерскае адзенне ручнога вырабу, аўтарскія аксэсуары, сувеніры і беларуская цеплыня», як сказана на сайце брэнду. Ёсць жаночая і мужчынская лінейкі, а таксама куча рэчаў і аксэсуараў унісэкс. Сярод візітных картак «Гонару» — кашулі-калявышыванкі (у тым сэнсе, што многія з іх даволі далікатна нагадваюць традыцыйны ўбор, у іх можна і ў бар, і ў мір, і на перамовы з інвестарамі), а таксама ўсялякія розныя прадметы гардэробу з вышыванай папараццю і буслом (паасобку: або папараць, або бусел). Сярод навінак — байкі з надпісам «Байка Крапівы». Сойка любіць моўныя гульні, таму ўхваляе. Дарэчы, сайт кампаніі мае беларускую і ангельскую версіі, а інстаграм вядзецца па-беларуску. Абяцаюць як дастаўку па Беларусі, так і за мяжу.

LSD.CLOTHING

«LSD — Lifestyle Simple Design», «паўсядзённае адзенне добрага густу», як сцявярджае сам брэнд, і бачна, што не падманвае: рэчы даволі мінімалістычныя і лаканічныя і пры гэтым выглядаюць дорага ў прыстойным сэнсе гэтага слова. Хайлайты LSD — курткі-касухі з высакаякаснай «экаскуры» (так, гэта веган-фрэндлі брэнд) і плашчы, аднак асартымент нашмат большы (напрыклад, ёсць штаны з перапрацаванай кукурузы). Вядома, у кампаніі ёсць старонка ў інстаграме, дзе можна не толькі паглядзець прыгожае, але і, напрыклад, навучыцца казаць «не». Сойка задаволеная, што брэнд паслядоўны ў сваім падыходзе да філасофіі гардэробу і жыцця ў цэлым іранізуе з маральна састарэлых стэрэатыпаў наконт жанчын. Брэнд заснавала ў Віцебску дызайнерка Дар’я Лебедзева, і прыемна, што дагэтуль мае там сваю студыю; таксама фізічныя крамы ёсць у Менску ў ГЦ Galleria i Dana Mall; даступная і міжнародная дастаўка.

KARDASH

Брэнд Вольгі Кардаш, які цяпер базуецца ў Варшаве. Сойка па прыродзе сваёй вымушана адразу ж паведаміць, што гэта самы птушыны брэнд, візітоўкай якога сталі вышываныя буслы, якія ў розных варыянтах пералятаюць з калекцыі ў калекцыю. Дарэчы, калі пачалася вайна, Вользіны буслы панеслі на сваіх крылах падтрымку Украіне (Кардаш была адной з дызайнерак і дызайнераў, якія арганізавалі акцыю, у межах якой 100% прыбытку адпраўлялі на дапамогу). Вольга расказала Сойцы, чаму з’ехала з радзімы і як працягвае працу ў Варшаве. «Кожны дзень я прачынаюся з верай у светлую будучыню ў Беларусі. Кожны дзень я раблю сваю справу і веру — будучыня будзе», — гаворыць Вольга ў інстаграме брэнда, і Сойка верыць разам з ёй. Вядома, ёсць дастаўка па Еўропе.

TSURAN

Брэнд Наташы Цуран, які развіваецца пад лозунгам «Надзявай пачуцці!» Наташа часта працуе ў тэхніцы пэчворк, так што не дзіва, што сярод апошніх хайлайтаў брэнду — стылізаваная беларуская «калядная зорка», якая ну вельмі геаметрычная і проста просіцца быць часткай пэчворку: на байках, куртках, торбах. Увогуле, дызайнерка робіць розныя прадметы гардэробу, ад сукенак да верхняй вопраткі. З навінак — цішотка «Каханне ўсё пераможа», а з ранейшых цішотак у Сойкі ўлюбёная «СлёЗ%ы бывшего». Апошнім часам у інстаграме стала заўважнай прысутнасць беларускай мовы, і Сойка робіць ухвальнае ціў-ціў. Крамы брэнда ёсць у Горадні і Менску; пра міжнародную дастаўку не сказана, але, магчыма, пытанне вырашальнае.

HILEVICH

Брэнд пра тое, як адчуваць сябе максімальнай абароненай. Гэта не карункі з дэкальтэ, а строгае заігрыванне з класікай ва ўмовах нашага часу. Разумная геаметрыя, прыхаваная моц. Ніякай легкадумнасці, адзенне адаптавана да рэальнага жыцця (ну хіба што парачка абсалютна чароўных выключэнняў — вось ад гэтага цуду Сойка проста самлела). Рэгаліі дызайнеркі Юліі Гілевіч — на старонцы інстаграму, тамсама можна даведацца і пра дастаўку (ёсць нават нумар тэлефона, калі вам пільна трэба).

The Young Clothes

Сямейны брэнд дзвюх сясцёр. Стылёвы, лаканічны базавы гардэроб з характарам — гарнітуры, сукенкі, швэдры, кашулі, на ўсе паравіны году і любое надвор’е. Тут дакладна няма шалёных колераў і дзікіх прынтоў, затое ёсць выдатны крой і якасная тканіна. Ёсць фізічная крама ў Менску, бясплатная дастаўка па Менску і Беларусі; у інстаграме можна спытаць, ці адпрпаўляюць за мяжу.

DOFAMINE

«DOFAMINE — гардэроб мары», — непрэтэнцыёзна заяўлена ў інстаграме. Брэнд робіць базавыя рэчы высокай якасці і добрага крою. Нічога звышшалёнага, увасабленне ўмеранасці і густу. Сярод самых папулярных прадуктаў — вось такія нетрывіяльныя курткі. Пры гэтым для аматараў колеру — яго ў брэнда хапае, так што ў нуднасці яго не абвінаваціш. Ёсць і менш базавыя рэчы — напрыклад, Сойка зацаніла вось такі секас. Карацей, хацелася неяк патроліць фразу пра гардэроб мары, але не выйшла: сапраўды, усё вельмі прыстойна. У Менску ёсць фізічная крама (але могуць і дадому бясплатна прывезці); дастаўка па ўсім свеце.

BE IN TOP

Брэнд паўсядзённай вопраткі — ад жыццёва неабходных цяльняшак, чорна-белых, якім звычайна бывае нармальнае чалавечае жыццё (але могуць быць вось такімі вясёлымі), да баек і «максімальна цёплых пуханоў». Drama queens таксама знойдуць нешта на свой густ: вось такі касцюм жанчыны-леапардзіцы і вось такой — ружовай пантэры. Дастаўка па Менску, СНД і Еўропе.

CITYDZEN

«У нас няма слоганаў ці дэвізаў. Мы проста робім адзенне, якое хочам насіць самі», — прызнаюцца дызайнеркі на сваім сайце. Але ніжэй на ўсялякі выпадак дадаюць: «Мы любім усходнюю філасофію — таму ў нашай назве ёсць адсылкі да дзэн-будызму. Мы шукаем гармонію і дзэн у нашым жыцці, і мэта нашага брэнда — гэта стварэнне крэатыўнага, эстэтычнага, экалагічнага адзення, якое дапамагае жанчынам адчуць камфорт, уласную прыгажосць і ўпэўненасць». Сойка сказала б, што гэта гучыць як слоган ці дэвіз, але акей, не будзем прыдзірацца. Сярод візітовак брэнду — іх пухавікі, якія ўжо не адну халодную зіму сагравалі беларусаў (Сойка асабліва праніклася пухавіком «Ніндзя»). Яшчэ ёсць плашчы, ільняныя касцюмы і сукенкі і ўсялякае іншае. Сойка — птушка вясёлая, таму не змагла не ацаніць рэкламу пухавіка ў інстаграме брэнду: «Адчайныя часы патрабуюць адчайных мер! Раім не хмыкаць і набыць сабе тонкі стылёвы ватнічак для цудоўнага беларускага лета!» Што там з дастаўкай, невядома, але калі вы «дзэн-гёрл», можна напісаць дызайнеркам, і яны вам усё раскажуць.

SABA

Яшчэ адзін бусліны брэнд, але калі ў Кардаш буслы змянялі свой выгляд ад калекцыі да калекцыі, то тут — два віды буслоў: вось такі і такі. Акрамя буслоў, на адзенні ёсць выявы і іншай жыўнасці і не толькі жыўнасці (напрыклад, вось такі прынт «Women power»). Яшчэ ў брэнда ёсць крутыя сукенкі і трошкі мужчынскага адзення. Ёсць крама ў Менску і дастаўка па свеце.

ZIBRA

Адзін з нешматлікіх брэндаў, які спецыялізуецца менавіта на верхняй вопратцы (у тым ліку для мужчын), хоць шые таксама штаны, шорты, касцюмы і ўсякае іншае. Магчыма, вы сустракалі вышыўку далоняў Эгана Шыле на байках або цішотках, — дык вось, гэта Zibra. Верхняя вопратка ў брэнда даволі лаканічная, хапае мадэляў унісэкс. Ёсць шоўрум у Менску і дастаўка па ўсім свеце.

FABROOM

«Лімітаваныя капсулы з дастаўкай па свеце або прымеркі ў шоуруме», — павемдамляюць у інстаграме брэнду (а яшчэ там прыгожыя мадэлі, схадзіце паглядзіце). Апрануцца можна з ног да галавы, або ад піжамаў да паліто, і ад зусім кэжуальных спартовых касцюмаў да класічных (пры тым вельмі не нудных!) сукенак. Для шчасліўцаў ёсць шоўрум у Менску на Румянцава, 13, для астатніх — дастаўка.

TON-IN-TON

Якаснае і стылёвае адзенне з кашэміру і воўны, ад паўсядзённых касцюмаў да сукенак на ўрачыстыя сітуацыі, але збольшага — базавае адзенне на доўгія гады, дзякуючы выдатнай якасці і мінімалістычнаму дызайну. У Менску ёсць буцік брэнда, і ёсць падазрэнні, што міжнародную дастаўку таксама змогуць арганізаваць.

MUA

Брэнд, які найперш хіба спецыялізуецца на сукенках. Ёсць і іншыя прадметы гардэробу (і шмат!), і ўсе яны, выглядае, аб’яднаныя канцэпцыяй бескампраміснай жаноцкасці, якая можа быць і геаметрычна-самаўпэўненай, і мякка-рамантычнай, і вострадраматычнай. Сойка зацаніла, што ёсць калекцыя «Normal» — з памерамі, большымі за XL. У інстаграме брэнду — не толькі адзенне, але і прыгожыя пейзажы і натхняльныя допісы накшталт гэтага. Ёсць крамы ў Менску і міжнародная дастаўка.

KNIAZEVA

Брэнд піжамаў, у якіх «адчуваеш сябе багіняй дома, на вуліцы і вечарыне». Абяцаюць пашыў з улікам вашых мерак. «Гэта піжама як піжама ці як адзенне?» — пытаюць кліенты пра такі вясёлы касцюм са сланамі ў інстраграме брэнду. «Прыемна насіць, цікава разглядаць, можна марыць», — гаворыццца пра вось камплект з прынтом, на якім можна лічыць птушак, жывёл ці дрэвы, пакуль не заснеш. Што ж, будзем марыць. Дастаўка па Беларусі і па свеце.

Класічная класіка

SOROCHINSKAYA

Дызайнерскае адзенне, зробленае ў Менску з італьянскіх тканін. Збольшага — сукенкі, кашулі, гарнітуры, верхняя вопратка. Раней сустракаліся больш рамантычныя і легкадумныя сукенкі, апошнім часам мадэлі зрабіліся больш лаканічнымі і мінімалістычнымі, аднак усё яшчэ ўвасабляюць гардэроб псіхічна ўраўнаважанага чалавека: без страху, без істэрык, без залішняй драмы. У профілі інстаграма брэнд заклікае: «Здзівіся! І ганарыся сваім!» Сойка далучаецца да гэтага закліку. Дастаўку абяцаюць па ўсім свеце.

LATUSHKINA

Дызайнерка Юлія Латушкіна вядомая найперш сваімі ідэальнага крою пінжакамі і сукенкамі. Нічога крэйзі, аматарам класікі — відавочна сюды. Аднак брэнд робіць і зусім паўсядзённыя трыкатажныя касцюмы, топы са спадніцамі і швэдры з порткамі. Ва ўсім адчуваецца лаканічны стыль дызайнеркі і яе любоў да мінімалізму, што добра бачна ў інстаграме брэнду. Шоўрум у Менску, дастаўка па ўсім свеце.

Colors Of Papaya

Брэнд праціўнікаў fast fashion, тут робяць «доўгую моду» для жанчын. У камандзе падкрэсліваюць, што ім не важныя пераменлівыя трэнды — стаўка робіцца на якасць, каб мадэль захоўвала актуальнасць як мага даўжэй, а лепш — заўжды. Матэрыялы падбіраюць з асаблівай дакладнасцю і робяць гэта ў Італіі, мадэлі пераважна класічныя, можна выбраць жакеты, касцюмы, спадніцы, нагавіцы, блузкі і сукенкі як для офісу, гэтак і для ўрачыстасцяў. Дастаўка з прымеркай па Беларусі, пра міжнародную трэба ўдакладняць у асабістых.

Alena Goretskaya

Дызайнерка брэнду вясельнага адзення Papilio, якая ў 2009 годзе заснавала ўласны брэнд. Alena Goretskaya ачольвае дачка Гарэцкай Аляксандра Жабрун, таму тут самы сапраўдны сямейны падрад. Працуе Гарэцкая ў трох напрамках: стварае штодзённае, святочнае і дзелавое адзенне па прынцыпе капсулаў — рэчы Гарэцкай можна спалучаць паміж сабой, кампануючы свой гардэроб толькі і выключна з іх. Праўда, гэта капсулы прэміум-сегмента, таму даступныя далёка не кожнай (але ёсць аўтлет, дзе можна танней набыць мадэлі мінулых калекцыяў). Да кожнага сезона і кожнай калекцыі дызайнерка нарыхтоўвае аўтарскія аксэсуары: торбы, рамяні, упрыгожванні. Дарэчы, Гарэцкая і Papilio — адныя з нешматлікіх марак, якія шыюць дзіцячае адзенне, у школу і на свята. У Беларусі працуюць 9 крамаў брэнду, дакладныя адрасы і мапу можна паглядзець тут. Дастаўка кур’ерамі ажыццяўляецца толькі па Беларусі, у іншыя краіны вырабы высылаюць па пошце.

Натуральная прыгажосць

Jamido

Калі вы аднойчы бачылі вырабы Анастасіі Ямінскай, вы іх дакладна ні з чым не зблытаеце. На сайце гаворыцца: «Мы ствараем найлепшыя льняныя сукенкі ад мора да мора», і з гэтым цяжка паспрачацца. Вельмі запамінальныя прыродныя прынты і ручная праца робіць брэнд па-сапраўднаму ўнікальным. Акрамя сукенак, брэнд вырабляе хусткі, а таксама тэкстыль для дому. Паглядзець на працы мастачкі можна і ў інстаграме яе брэнду. Усё можна купіць у Менску або заказаць дастаўку па Беларусі ці за мяжу.

HISTORIA NATURALIS

Адзенне з шалёнымі прынтамі для тых, хто не баіцца прыцягваць да сябе позіркі. Кампанія трымаецца канцэпцыі ўстойлівага развіцця, выкарыстоўваючы лакальную сыравіну і працу Аршанскага ільнокамбінату, каб ствараць зусім нязвыклыя для наведнікаў секцыі льнянога адзення вытворчасці дзяржаўных фабрык у ГУМе-ЦУМе ўзоры, якія хутчэй можна ўявіць у італьянцаў. Сярод непасрэдных беларускіх рэферэнсаў — сукенка «Пахне чабор», прынты «А што з мяне толку?» і «Праз церні да зорак». Дапытлівая Сойка не магла не заўважыць, што ў апісанні апошняга ў ангельскай версіі гаворыцца: «PER ASPERA AD ASTRA (Lucius Annaeus SENECA), a latin phrase translated to Belarussian language promoting its phonetic beauty in order to save from extinction», у той час як у рускай версіі прапаў кавалак пра «знікненне» — спадзяемся, гэта таму, што яно ўсё ж не бачыцца блізкай перспектывай. У інстраграме брэнду беларускай мовы пакуль няма, затое з яго мы даведваемся, што ёсць дастаўка па ўсім свеце.

LYOS | ЛЁС

Мінскі брэнд, які шые адзенне толькі з натуральных тканін — ільну, воўны і шоўку. Дызайн просты і лаканічны, і за кошт якасці матэрыялу выглядае стылёва і ў прыстойным сэнсе дорага. «Мы хочам прасоўваць LYOS па ўсім свеце. У гэтым мы бачым адлюстраванне традыцый і спадчыны Беларусі. Дарэчы, фотасесію першай калекцыі мы зрабілі ў музеі аўтэнчычнай беларускай вёскі, каб паказаць сувязь нашых вырабаў з культурай краіны», — кажа каманда брэнду. Даведацца больш пра аўтараў і дастаўку можна ў інстаграме ЛЁСу.

Sol’voda

«Салёны пах ветру і далікатныя абдымкі тваёй сукенкі», — гэтак сустракае нас інстаграм брэнду. Тонкія, лёткія тканіны, мяккія лініі, шоўк, — усё гэта сапраўды наводзіць на думкі пра пясок і мора (яно ж соль-вада). Адзенне не для бясконцай беларускай зімы, але спадзяемся, што загляне сонца, і тады Сойка ўжо як закупіцца тут. А пакуль што, у чаканні вясны, можна ўсё памераць у Менску ў шоўруме на Камсамольскай, 16.

lena tsokalenko

Дызайнерка сукенак на любы густ і нагоду, але нязменна стылёвых. (Насамрэч, не толькі сукенак, але ў асноўным іх). Асобнае задавальненне — глядзець інстаграм брэнда, у якім наўпрост адлюстроўваецца філасофія дызайнеркі: там спакой, прыгажосць плаўных ліній прыроды і нейкая схаваная ўнутраная сіла простых, на першы погляд, рэчаў. Дастаўка па ўсім свеце.

Remarque

Сапраўднае адкрыццё для аматарак вінтажу. Настальгічныя сукенкі, як сцвярджаюць вытворцы, «з музычнымі матывамі», адшываюцца ўручную індывідуальна. Гэта гісторыя пра супакаенне, гармонію з прыродай — вось утульная, як коўдра, сукенка, якую падрыхтавалі адмыслова для гэтай восені. Сапраўды, гэтай восенню супакаенне патрэбнае як ніколі (цікава, ці дапаможа, калі схавацца ў сукенку з галавой). Спакойная, ураўнаважаная колеравая гама, у якой выкананыя рэчы брэнду, і дэкарацыі, у якіх створаны інстаграмны лукбук — там хутчэй Брытанія ці Брэтань, а не Беларусь: аблізаныя марской вадой скалы, залатая восень нардычных мястэчак. Дастаўка па ўсім свеце.

Святочны бляск і драматычны шык

PAPILIO

Адзін з нешматлікіх (затое вельмі паспяховых) брэндаў вясельнага і кактэйльнага/вечаровага адзення. Сукенкі тут на любы густ: ад самых традыцыйных (але пры гэтым стылёвых) у падлогу да дзёрзкіх міні, якія бабуля вашага партнёра ці партнёркі мо і не зацэніць, але who cares, калі акурат у гэтай сукенцы вы адчуваеце сябе суперкрута. Ёсць і гарнітуры з порткамі — іх можна на любыя ўрачыстасці, ды і хто вам забароніць выкарыстоўваць такі цуд замест вясельнай сукенкі, Сойка не ведае. Яна б дакладна не забараніла. Яшчэ мільён варыянтаў — у інстаграме брэнду. Дастаўка па ўсім свеце.

L E U S H I N A

Стразы, паеткі, дэкор з пер’я марабу, бахрама і шклярус — гэта ўсё пра стылёвае, святочнае, аўтарскае адзенне дызайнеркі Ганны Леўшынай. Вось якія водгукі пра непаўторныя рэчы брэнда можна знайсці ў сацсетках: «L E U S H I N A — гэта крутыя касухі і паліто, ашаламляльныя сукенкі ды фантастычныя зіхоткія жукі… Гэта цэлы свет…» Экстравагантныя рэчы расшываюцца рукамі, звычка шыць тое, чаго хочацца, у дызайнеркі з юнацтва, калі карцела яскрава апранацца, а набыць сабе адзенне мары не было грошай. Калі плануеце апрануцца ад L E U S H I N A, узбройцеся назвай гэтага стылю, — урбан-куцюр.

Чыстае мастацтва і hot stuff

T A N Y A T U R

Абсалютна бескампрамісны арт. Нездарма на старонцы інстаграму дызайнеркі замест класічнага для большасці герояў гэтага матэрыялу тэга «Clothing (Brand)» у Тані Тур пазначана «Art». І дададзена: «Мастак па касцюме». Так і ёсць; над яе працамі можна заліпаць бясконца, настолькі яны самабытныя і ні з чым не параўнальныя. У іх адсылкі да дываноў і вясковых покрываў на ложкі, традыцыйных фіранак, абрусаў і коўдраў. Сойка аж пішчыць ад вось гэтай ватоўкі «Вёска» з глыбінна беларускім надпісам: «I only want to live in peace and plant potatoes and dream». Пра дастаўку можна спытаць у інстаграме мастачкі.

PINTEL

Брэнд-свята, брэнд-гульня, брэнд-дурдом (у добрым сэнсе). Поп-арт, шасцідзясятыя, сямідзясятыя. Калі б нехта сказаў, што гэты брэнд родам з Японіі ці Паўднёвай Карэі, усе б з лёгкасцю паверылі, бо адкуль яшчэ маглі ўзяцца гэтыя ягадкі, смайлікі і мікімаўсы, ёсць нават асобны фільтр «лялька». Праўда, цэны ў брэнда зусім не лялечныя — у сярэднім 700-800 еўра за касцюм або сукенку. Але, як заяўлена на сайце, «прыгажосць патрабуе ахвяраў». Калі гэтак ахвяраваць вы не гатовыя, хаця б схадзіце на іх сайт ці ў інстаграм, як у музей: вам гарантаваныя незабыўныя ўражанні. У Сойкі ажно закружылася галава, пакуль выбірала, чаго б парэкамендаваць, у выніку спынілася вось на такім мухаморы. А вось захацелася. Ёсць крама ў Менску ў ГЦ «Замак», для іншых — дастаўка.

TARAKANOVA

Дызайнерка Людміла Тараканава вядомая з таго, што апранае пераважна мужчын. У 2017 і 2018 гадах ёй даставаліся ўзнагароды Belarus National Fashion Award як найлепшай аўтарцы мужчынскага адзення эвэр. У арсенале Тараканавай — больш за 50 калекцыяў і паказы ў розных краінах свету, ад Расеі да Нямеччыны. Дызайнерка не баіцца апранаць мужчын у сукенкі і спадніцы — аднак не для эпатажу, а наадварот, рэінкарнуючы элементы традыцыйнага мужчынскага строю мінулых стагоддзяў. Пра акалічнасці пакупкі і дастаўкі лепш пытацца ў дырэкце.

HardBee

Брэнд мужчынскай бялізны — і не толькі звычайнай бялізны, а і ўсякага hot stuff. «Everyday & fetish for men», — заяўлена ў інстаграме, які не так і проста разглядаць без аб’ектывацыі. Сойка знайшла літаральна пару параўнальна цнатлівых мадэляў (а шукала яна доўга; не пытайце, чаму), бо ў асноўным там — менш трывіяльныя рэчы, як, напрыклад, гэтая Эйфелева вежа. Куды высылаюць, Сойка не ведае. У інстаграме пазначана, што па пытаннях дастаўкі трэба пісаць у дырэкт.

Бонус-трэк!

Напрыклад, у вас ужо ёсць шмат рэчаў, і ўсе яны, мякка скажам, неарыгінальныя, раз-пораз у тралейбусе нехта ды мільгане ў «вашых» красоўках, а гэтак хацелася б быць адзіным на Зямлі. Для такіх выпадкаў сарокі прынеслі Сойцы гэтую спасылку. Таямнічы беларус кастамізуе рэчы — то бок, фарбуе іх, піша па іх, перарабляе гэтак, каб ужо ніколі ніхто не зблытаў вашыя красовачкі са сваімі. Падрабязнасці ў дырэкт!