Гiды

Make spadnica great again!

Make spadnica great again!

Ходзяць чуткі, што дызайнеры модых дамоў чакалі надыходу сезону вясна-лета 2024-га як канцу света. Што б такога яшчэ нарадзіць, каб апрануць посткавіднае бодыпазітыўнае небінарнае грамадства, змучанае страшнымі навінамі ў чаканні яшчэ страшнейшых? Адказ аказаўся ўніверсальным — на подыўмы вяртаецца яе вялікасць спадніца. Адзежына зусім не такая простая, як падаецца на першы погляд.

Спадніца беларуская

Пачнем з таго, што традыцыйная наша спаднічанька, якой заліхвацкі кружаць «Харошкі» ці нервова цярэбяць удзельніцы народных хораў, стала элементам народнага строю толькі ў XIV стагоддзі. Да гэтага продкі аддавалі перавагу тканым сарочкам і так званаму нясшытаму жаночаму аддзенню — панёве. Па сутнасці, панёва была спадніцай, якая не сшывалася па баках, а мацавалася пры дапамозе пасіка ці завязвалася ззаду. Ды й гэтую протаспадніцу хто і як папала не насіў. Паводле этногрфаў, існавалі адмысловыя абрады ініцыяцыі, уступлення ў дарослаць, калі на дзяўчат у тым ліку надзявалі панёву. Таксама спадніцу належала насіць замужнім жанчынам. Пазней першую спадніцу для дзяўчынак і першыя сподні для хлопчыкаў шылі з бацькавай кашулі — гэта лічылася добрай прыкметай.

 

Сёння сусветны модны вайб цалкам супадае з беларускім нацыянальным — у трэндзе міды-спадніцы, сшытыя з кліноў тканіны. Белыя і чырвоныя (барвовы, вішнёвы таксама вельмі актуальныя) колеры, у сваю чаргу, ідэальна дапасоўваюцца да модных плыняў.

Свет спадніцаў

Вядома, прыдумалі спадніцу не ў Беларусі. Гэтая унісэкс вопратка палюбілася народу яшчэ за часамі Старажытнага Егіпту і Месапатаміі. А ў Грэцыі спадніцам надалі назвычай актуальную сёння форму — даўжынёй да падлогі і па форме цела. Такія рознакаляровыя спаднічкі былі прыкметай высокага статусу, а сёння — добрага густу. Як і мінулым летам, вузкія прыталеныя міды-спадніцы з шоўка можна насіць, але набываць новую не варта — трэнд на «піжамныя» сукенкі і спадніцы сыходзіць.

Агулам сёння дызайнеры прапануюць толькі агульную канву, якая тычыцца спадніцаў. Гэта можа быць міні і нават ультра-міні ці максі амаль любога выгляду. Асабліва крутымі гэтым летам будуць спадніцы для смелых — напаўпразрыстыя ці цалкам празрыстыя. Таксама трэндавымі лічацца спадніцы з бахрамой у стылі 1920-х. У астатнім палёт фантазіі не абмежаваны нічым: лук у стылі ранніх нулявых ці 90-х, натхнёныя вінтажнымі фотаздымкамі спадніы з ніжнімі карункамі, ф’южн і што заўгодна. Усяму гэтаму дызайнеры і модныя крытыкі ў гэтым сезоне кажуць «так».

Vogue

Звон з-пад прыполу

Хоць спадніца ў гісторыі чалавецтва і не была адразу выключна жаночым адзеннем, з цягам часу гэты элемент займеў сакральнае значэнне. Сёння інфацыганкі абяцаюць, што справы пойдуць угару, калі жанчына скіне майткі і надзене спадніцу да падлогі. Гэтыя «свежыя» бізнэс-мадэлі каранямі сыходзяць у пракаветныя вераванні аб тым, быццам геніталіі адпужваюць злых духаў, а спадніца ўвасабляе квінтэсэнцыю жаночай энэргіі.

Не толькі далёкія продкі, але і некаторыя нашыя сучаснікі вераць, што сурочанаму дзіцяці трэба працерці твар прыполам матчынай спадніцы. А калі жонка хоча пазбегнуць дурнога вока, то і самой не лішне панасіць спадніцу швамі навонкі (дарэчы, калі вашая спадніца пры гэтым будзе яшчэ і з джынсу, лук будзе акурат як з подыумаў).

І яшчэ цікавы факт: спадніца ў беларускай ды й хіба не толькі беларускай культуры сімвалізуе жаночае ўлонне, здольнасць нараджаць дзяцей, жаночую моц. Выдатны сімвал, які незаслужана адданы на знявагу людзям, далёкім ад феміністычных ідэалаў. Дык ці не час вярнуць спадніцы ў свой гардэроб? Make spadnica great again!