Гiды

У лес, або Туды і назад: 8 парадаў па бяспецы

У лес, або Туды і назад: 8 парадаў па бяспецы

Малюнак Ave

Вядома, больш за ўсё хобіт любіў зону камфорту ўласнай нары, але нават ён аднойчы выправіўся ў небяспечнае падарожжа. Недзе ўнутры мы таксама хобіты — і нас, бывае, таксама заносіць у нетры. А каб у такой вандроўцы пад шэрым крывіцкім небам не сутыкнуцца з Голумам (у выглядзе змяі або дзіка) і не вярнуцца з кляшчом замест пярсцёнка, Сойка падрыхтавала некалькі базавых правілаў бяспечнага падарожжа ў лясы.

Паведамляйце дзе вы

Няважна, што вас завяло ў лес — інстынкт збіральніка (грыбоў/ягад/пладоў/кляшчоў) ці падарожніка (пешшу/роварам), — абавязкова паведамляйце некаму са знаёмых, куды вы скіраваліся. Пажадана, са значнай доляй канкрэтыкі. Памятайце, што ў гушчарах, затканых імглою, сувязь ловіць не паўсюль, і хаця б перад уваходам у лес адпраўце даверанай асобе вашу геалакацыю. Калі вы беларускія супергероі Шалёная Грыбніца або Апантаны Ягаднік і можаце прайсці кіламетры ў пошуках здабычы — час ад часу паўтарайце трук з высылкай геалакацыі. А яшчэ варта спампаваць на тэлефон мапу, якая працуе афлайн (maps.me або maps.cz), і ўзяць з сабой паўэрбанк.

Апраніцеся як належыць

Калі ідзяце ў пераважна лісцяны лес, апраніцеся як належыць — і гаворка не пра белы верх, чорны ніз: трэба добра запакавацца, каб не было адкрытых частак цела, а на нагах быў салідны абутак. Панамка а-ля я ў мамы дурачок, запраўленыя ў шкарпэткі штаны, гумовыя боты няновай работы — усё гэта пасуе пад акрэсленне «прыстойная ўніформа для лесу». У іглістыя лясы можна адзецца больш свабодна, там практычна няма кляшчоў.

Ежа, вада и аптэчка

Яшчэ ў пірамідзе Маслоў любога ляснога паходу — сабойка: ежа і вада. З вадой правіла такое: лепей узяць больш, чым менш, бо магчыма, яна прыдасца не толькі для піцця (гл. наступныя пункты). І не забудзьцеся пра найпрасцейшую аптэчку: антысептык, бінт, супрацьалергічны прэпарат і далей па спісе.

Незнаёмыя расліны

Не чапайце незнаёмых раслін, асабліва калі гэта баршчэўнік. Ведаеце, як выглядае гэтая расліна? Калі не, то пагугліце проста зараз жа. Жартаваць на тэму таго, што яна ніяк не звязаная з баршчом, мы не будзем, бо якія тут жарты: калі баршчэўнікам апечана 80% цела, можна нават памерці. Калі ж ёсць падазрэнне, што вы неяк дакрануліся да гэтай расліны, варта прамыць або працерці скуру вадой, змазаць яе супрацьапёкавым прэпаратам. Ну, а калі з’явіліся пухіры, тут жа выходзіць з лесу і ехаць да доктара. Ну і вядома: не ешце на месцы нічога, што знайшлі ў лесе, калі гэта не суніцы/чарніцы/брусніцы/журавіны. Нават з апошнімі трэба быць асцярожнымі: уся гэтая гісторыя пра воўчыя ягады — не страшылка з дзіцячага садочка. Наступствамі ад недаспелых ці няправільных ягад хутчэй за ўсё будзе бягунка (магчыма, у камплекце з ванітамі), аднак памылка з некаторымі раслінамі/травамі можа быць больш фатальнай. Таму пагугліце фотаробат тых, каго не варта мацаць ні пры якіх умовах: воўчае лыка, вароніна вока, дурнап’ян, багаткі (малачай), балігалоў, казялец едкі, клешчавіна, аканіт, беладонна.

Аканіт

Багаткі

Клешчавіна

Дзікія жывёлы

Не лезьце сябраваць з дзікімі жывёламі або фатаграфаваць іх. Звер сам амаль ніколі на чалавека не нападае, а стараецца схавацца. Калі ж раптам яму гэта не ўдалося — праявіце разуменне і павагу да асабістай прасторы звера. Але раптам гэта для вас не вялікая каштоўнасць, то зойдзем з іншага боку: замест лайкаў у інстаграме можна атрымаць слупочак у раённай газеце. Калі вы ўбачылі дзікую жывёлу, не панікуйце і не рабіце рэзкіх рухаў. Не ўцякайце — у жывёлы можа ўключыцца паляўнічы інстынкт, і яна пагоніцца за вамі, таму лепш застыць на месцы. Не глядзіце дзікай жывёле ў вочы, лепш глядзець на шыю або на корпус, толькі не ў вочы. Калі жывёла вас не заўважыла, акуратна адыдзіце далей, а калі заўважыла, але не праяўляе агрэсіі, спыніцеся і без рэзкіх рухаў адыходзьце назад. Не паварочвайцеся да жывёлы спінаю, пакуль не адыдзеце хаця б на 10 метраў (бяспечнай лічыцца адлегласць у 70-80 метраў).

Глядзіце пад ногі

Глядзіце пад ногі — там можна ўбачыць не толькі цікавае, але і небяспечнае, напрыклад, змяю. Змяя ніколі не нападае сама і не пераследуе чалавека, нават калі ў яе выпаў кепскі дзень. Тады яна шыпіць і робіць выпады, нібы «клюе» ў бок пагрозы. Змяя кусае толькі калі чалавек на яе наступіць або схопіць рукой. Таму пры сустрэчы са змяёй застыньце, дайце ёй магчымасць адпаўзці. Калі змяя прыняла пагрозлівую позу, нетаропка адступіце без рэзкіх рухаў, якія могуць яе напалохаць. Не ўцякайце ад сустрэтай змяі — ёсць небяспека наступіць на іншую змяю, якую вы не заўважылі. Не выстаўляйце рукі наперад і не паварочвайцеся да змяі спінаю. Захоўвайце спакой у рашэннях, рухах і жэстах.

Калі ж ўкусіла змяя

Калі ўсё ж змяя ўкусіла, пацярпеламу неабходна забяспечыць поўны спакой, даць выпіць шмат вады і як мага хутчэй выклікаць хуткую дапамогу (або паехаць да найбліжэйшага пункту — глядзечы па абставінах). Не варта прыпякаць або разразаць ранку, высмоктваць яд. Каб прыпыніць распаўсюджанне яду, абмяжуйце рухавасць пацярпелага. На ранку накладзіце стэрыльную павязку і чакайце медычнай дапамогі.

Клешч і іншыя крывасмокі

Папсаваць вам кроў могуць не толькі змеі — яшчэ для гэтага існуюць кляшчы (і іншыя крывасмокі). Найлепшая засцярога ад кляшчоў — закрытае адзенне і выкарыстанне рэпелентаў. Клешч не здольны пракусіць адзенне, але вось калі ён апынаецца непасрэдна на целе, то імкнецца знайсці месца з тонкай скурай і прычапіцца. Укус кляшча практычна не адчуваецца, таму рэкамендуецца адразу ж пасля прагулкі ўважліва агледзець сябе і іншых. Больш парадаў пра тое, як не зліцца з кляшчом у аб’юзіўным саюзе, чытайце тут.