Хто такія кляшчы і адкуль яны ўзяліся?
Пачнем з таго, што кляшчы — членістаногія, сваякі павукоў. Жывуць гэтыя несімпатычныя істоты паўсюдна, ад глебы да вады. Укусы кляшчоў небяспечныя для жывёлаў і чалавека, а некаторыя кляшчы псуюць і карысныя расліны. Сур’ёзныя хваробы клешчавы энцэфаліт і Лайм-барэліёз пераносяць толькі так званыя іксодавыя кляшчы. Яны пашыраныя па ўсім свеце, не баяцца нізкіх і высокіх тэмператураў, хімікатаў, а ў рэжыме гібернацыі (без ежы і актыўнасці) могуць пражыць да сямі год. Што тут скажаш? Хіба «брррр»…
Дык што рабіць з кляшчовай навалай?..
Вакцынацыя
Так, на жаль, кляшча — пераносчыка хваробаў можна падчапіць і ў горадзе, і тым больш на прыродзе. Найлепшы варыянт для абароны ад непрыемнасцяў — загадзя зрабіць прышчэпку ад клешчавога энцэфаліту. Схема наступная: дзве дозы вакцыны — бустар у наступным годзе — рэвакцынацыя кожныя тры гады.
Кошт адной дозы вакцыны вагаецца ў межах 1000 рублёў у залежнасці ад таго, дзе вы яе знайшлі — замовілі ў паліклініцы па месцы жыхарства, звярнуліся ў прыватную клініку ці дзяржаўны цэнтр вакцынацыі. На жаль, вакцыны ад хваробы Лайма ў Беларусі няма.
Не забывайцеся паклапаціцца пра жывёлаў: набывайце абаронныя прэпараты, ашыйнікі і іншыя сродкі.
Прафілактыка
Кляшчы — яшчэ тыя пранырлівыя істоты, але і яны не могуць нічога супрацьпаставіць добрай вопратцы. Апранайце ў лес доўгае светлае адзенне, высокія шкарпэткі. Абараняйце шыю і галаву. Чаму менавіта светлае? Так прасцей заўважыць кляшча.
Правярайце сябе, дзяцей і жывёлаў пасля прагулкі. Памятайце, што кляшчоў значна больш абапал сцежак і лясных дарог. Туды іх вабіць пах людзей і жывёлаў.
Дарэчы, захворванні пераносяцца не толькі праз укусы. Энцэфаліт перадаецца і праз сырое малако, таму не ўжывайце яго і не давайце дзецям.
Калі клешч укусіў
Не панікуйце. А далей разглядаем некалькі варыянтаў:
- Афіцыйная пазіцыя беларускіх медыкаў: адразу ехаць да лекара і даверыцца прафесіяналам, якія і выкарчуюць кляшча, і скарэктуюць належную дапамогу. У першую чаргу, выпішуць антыбіётык ці імунаглабулін, які можа прадухіліць заражэнне. На жаль, апошні прэпарат ёсць не паўсюдна, а ягоная эфектыўнасць моцна залежыць ад часу прымянення.
- Выдаліць кляшча самастойна. Вельмі важна не сціснуць нападніка празмерна і не пакінуць галоўку істоты ў скуры. Для гэтага раяць акуратна выкручваць кляшча пальцамі ці пінцэтам або скарыстацца адмысловымі прыладамі.
Што рабіць з кляшчом
Насуперак пашыранаму меркаванню, кляшча не трэба захоўваць і аддаваць медыкам.
Перадаваць кляшча на аналіз трэба толькі цяжарным жанчынам! Усім астатнім рабіць гэта не абавязкова. Калі вельмі хочацца, то ўлічыце, што клешч павінен быць у добрым стане, а даследваць яго будуць у цэнтры эпідэміялогіі і гігіены за ваш кошт.
Што НЕ рабіць з кляшчом
Не трэба вырываць кляшча, сціскаць яго, мазаць алеем ці прыпальваць. Наўрад ці гэтыя акты гвалту дадуць вам адчуць слодыч помсты, а нашкодзіць могуць запраста.
Чаго чакаць пасля ўкусу
Нават калі вы хутка пазбавіліся ад кляшча і цягам 72 гадзінаў прынялі ўсе належныя прэпараты, варта назіраць за сваім станам. Калі на вашай скуры ў месцы ўкусу з’явяцца чырвоныя плямы, кругі, вы адчуеце слабасць, пачнуць балець цягліцы як пры грыпе, падымецца высокая тэмпература, абавязкова звярніцеся да лекара. Адмыслоўцы раяць узгадваць пра ўкус кляшча ў падобных варунках мінімум паўгода. Але першы месяц трэба быць асабліва ўважлівымі.