Гiды

Сойка Zamora: замкі Трансільваніі і іншыя дракулы

Сойка Zamora: замкі Трансільваніі і іншыя дракулы

Ура! — нарэшце сарока на хвасце прынесла нешта добрае: Румынія пачынае выдаваць беларусам візы, бо разам з Балгарыяй увайшла ў Шэнгенскую зону. Вядома, краіне, якая не мяжуе з Беларуссю, няпроста адсачыць, ці ў яе вы паехалі, атрымаўшы запаветную налепку ў пашпарт, — аднак Сойка вельмі раіць не ігнараваць магчымасць пападарожнічаць па гэтай незаслужана малавядомай краіне. Так што лапкі ў крылы — і паляцелі.

Трансільванія: самы прыгожы рэгіён Румыніі

Трансільванія (у перакладзе з лаціны «Залессе») — гэта гістарычная шматнацыянальная вобласць (побач з румынамі жывуць як мінімум венгры, ромы, немцы, русіны), якая пакрывае паўночны захад і цэнтр Румыніі.

Гэта краіна гор і замкаў, радзіма Дракулы і адной з самых прыгожых дарог у свеце — Трансфэгэрэш. А яшчэ там забаўныя дамы з вачыма, якія па-добраму за табой назіраюць (не як вялікі брат!), саляныя капальні, якія нагадваюць гарыпотэраўскія мясціны, і чароўная прырода.

Клуж-Напока, мая сталіца

Клуж — другі памерам горад Румыніі пасля Бухарэста і сталіца Трансільваніі, гэта студэнцкі цэнтр з самым вялікім універсітэтам у краіне і кучай мадэрнісцкай архітэктуры, дзе ў кожны месцы — дзверы, эстэтычна пашарпаныя сцены — чарговы спот для фота.

Абавязковы пункт праграмы — Цэнтральны парк, які трохі нагадвае варшаўскія Лазенкі, праўда са старым казіно і ружовымі катамаранамі-фламінга замест жывых паваў. Ну а грандыёзны храм святога Міхаіла, Неалагічную сінагогу, кафедральную царкву і Нацыянальны тэатр у прынцыпе складана прапусціць, гуляючы па горадзе.

Турда — румынскі Салігорск

Жартуем, насамрэч проста галоўны пункт для наведвання ў Турдзе — крутая капальня солі (адсюль наш танны экспромт). Горад месціцца за 30 км ад Клуж-Напокі, так што грэх не заехаць. Salina Turda фунцыянавала да 1932 года, а апошнія гадоў 25 адкрытая для турыстаў.

Выглядае шахта даволі казачна і нават фэнтэзійна — саляныя ледзяшы на сценах (Сойка лізнула — сапраўды, салёныя), падземнае возера і ваганеткі, як у Грынгатсе. Так і чакаеш, як аднекуль вылеціць дракон.

Нацыянальны парк Cheile Turzii

Зусім блізка ля Турды ёсць нацыянальны парк — па сутнасці, цясніна, па якой пракладзены турыстычны маршрут з вузкімі горнымі сцежкамі, невялікі рэчкай і небяспечнымі драўлянымі масткамі з надпісамі «Мост пашкоджаны! Хадзіць па адным чалавеку!». Праверана: згаладалым па гарах беларусам заходзіць на выдатна (тым больш не парабуецца ніякага досведу хайкінгу). Крута, калі з сабой ёсць дрон — тут ёсць што паздымаць зверху.

 

Замак Корвінаў у Хунедаары

Замак гатычны і велічны — XV стагоддзе ўсё ж такі не прап’еш і пальцам не расціснеш. Паводле легенды, у гэтым замку 7 гадоў трымалі зрынутага Улада Цэпеша (каторы правобраз графа Дракулы).

Fun fact: наша амаль зямлячка Соф’я Кавалеўская, народжаная Корвін-Крукоўская, першая ў Паўночнай Еўропе жанчына-прафесар матэматыкі, па адной з ліній паходзіць з роду гэтых самых Корвінаў (і са старадаўняга беларускага шляхецкага роду таксама).

Сібіў сочыць за табой

Нядаўна Сібіў пачаў трапляць ва ўсялякія забаўныя рэйтынгі гарадоў, а некаторыя блогеры і вандроўнікі паназывалі яго самым прыгожым горадам Румыніі. Галоўная атракцыя — гэта смешныя вочы на дахах (афіцыйна гэта вокны), якія са скепсісам назіраюць за яго жыхарамі і гасцямі. Дзякуючы ім Сібіў дакладна не зблытаеш ні з якім іншым горадам, і прынамсі нейкі ўспамін застанецца нават у перасычаных вандроўкамі турыстаў.

Зноў Дракула: замак Бран

Недалёка ад горада Брашоў, які называюць «румынскім Зальцбургам» (у цэлым, яно і не дзіўна: тая ж Аўстра-Венгрыя, толькі ў профіль), месціцца замак Бран. Як і належыць прыстойнаму сярэднявечнаму замку (гэты быў пабудаваны ў 13 стагоддзі), Бран стаіць на ўзвышшы і як бы вырастае са скалы.

Паводле легенды, тут начаваў той самы Улад Цэпеш, ён жа Дракула, падчас сваіх паходаў, а мясцовасць, якая акаляла замак Бран, была ўлюбёным месцам таварыша Дракулы. Паводле адной з версій, яго катавалі ў падзямеллях замка туркі, і таму замак Бран таксама называюць замкам Дракулы.

Вялікі і маленькі «Пелешы»

На шляху паміж Трансільваніяй і Валахіяй, у жывапісных Карпатах, каля мястэчка Сіная, месцяцца яшчэ два замкі — Пелеш і Пелішар («маленькі Пелеш»). Яны тут самыя маладыя: Пелеш будаваўся паміж 1873 і 1914 гг., а «малодшанькі» — з 1899 па 1903 гг. Яны ўваходзяць у агульны комплекс, але выразна адрозніваюцца знешне.

Неарэнесэнсны Пелеш акаляюць італьянскія тэрасы, ад яго ўражанне, што недзе блізка мусіць пабліскваць нейкае паўднёвашвейцарскае возера і побач шпацыруе які-небудзь мільянер (які зусім не выглядае як мільянер), які толькі што выйшаў са свайго суперкара.

У той жа час, Пелішар, пабудаваны ў стылі ар-нуво, са сваім тыповым фахверкавым фасадам — гэта хутчэй ягоны сціплейшы нямецкі брат. Ну, як сціплейшы — у «малечы», на хвілінку, 99 пакояў. У любым разе, аматарам мадэрнізму спадабаюцца абодва красаўцы.

Трансфэгэрэш, або Дзеля чаго гэта ўсё было

Трансфэгэрашан (яна ж DN7C) — маляўнічая горная дарога, якая злучае Трансільванію з Валахіяй, і гэта 90 км чыстай прыгажосці. Плён страху Чаўшэску перад нападам СССР, дарога пабудаваная там, дзе наўрад ці варта было гэта рабіць: толькі паводле афіцыйнай інфармацыі, пры будаўніцтве загінула не менш за 40 чалавек.

Праз кожныя пару кіламетраў на дарозе збудаваныя невялікія пляцоўкі, дзе можна прыпаркаваць машыну і агледзецца. У сярэдзіне маршруту — горнае ледавіковае возера з вадаспадам Быля, а бліжэй да канца — вадасховішча Відрару з вялізнай дамбай. Ну, і самае галоўнае — горы. Самы высокі пункт шашы — 2042 метры. Але вядома, справа не ў лічбах — тут з цябе проста ліецца пафас і лезуць адны штампы, карацей: у Румынію варта ехаць нават хаця б дзеля адной гэтай дарогі.